• Газеты, часопісы і г.д.
  • Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя

    Словы ў часе і прасторы

    Літаратура апошняга стагоддзя

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 394с.
    Мінск 2015
    118.23 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    У «Ферме» паказваецца, як свойскія жывёлы на ферме, адчуўшы сваю сілу, вызваліліся з-пад улады чалавека, у якім убачылі «адзінага сапраўднага ворага» і «карэнную прычыну голаду і рабскае працы». У выніку зразумелага парыву да волі ажылі нізкія «жывёльныя» інстынкты голаду, страху, агрэсіі і прага ўлады. Ужо назаўтра жывёлы адчулі сваю залежнасць ад маладога кныра Напалеона («Напалеон быў вялікі, люты на погляд кныр бэркшырскай
    пароды, адзіны з гэтай пароды на ўсёй ферме, не надта гаваркі, але вядомы сваёй упартасцю і ўменнем дамагацца свайго» тут і далей пераклад Сяргея Шупы) і яго чатырохногіх памагатых кныра Сняжка («Сняжок быў жвавейшы за Напалеона, спрытнейшы на язык і больш кемлівы, але лічылася, што характар у яго недастаткова цвёрды») і падсвінка Віскуна («Ён быў цудоўным прамоўцам... Пра Віскуна казалі, што ён умее з чорнага зрабіць белае»). Мадэль дыктатуры, якая сцвердзіла сябе ва ўмовах СССР і гітлераўскай Нямеччыны, паўтарылася на ферме. Усеагульны энтузіязм, спадзяванне на змены хутка змяніліся ўсеагульным расчараваннем і адчаем. На вачах у агаломшаных жывёлін ішла непрыхаваная барацьба за ўладу, злёгку ўпрыгожаная лозунгамі пра роўнасць, справядлівасць, братэрства, якія хутка ператвараліся ў пародыю на сябе, бо мацнеў карны апарат, пачаўся палітычны тэрор... Усё гэта пададзена аўтарам з выдатным веданнем прадмета сатырычнага («свіфтаўскага») паказу і досціпам.
    У адрозненне ад сваіх знакамітых сучаснікаў, пісьменнікаўінтэлектуалаў Олдаса Хакслі, Іўліна Во, Герберта Уэлса, якія лічылі таталітарызм «часовым зацямненнем свядомасці», Джордж Оруэл не мог не заўважаць сфальшаваных судовых працэсаў, канцлагераў, тысячаў і тысячаў ахвяраў абсалютнага самавольства карных органаў і не ўсведамляць маштабаў трагедыі. У рамане «1984», напісаным пасля вайны з фашызмам, у 1948 г. (назва ўзнікла з перавернутых апошніх двух лічбаў), і апублікаваным у 1949-м (у СССР толькі ў пачатку 1990-х гг.)> уражліва і надзіва дакладна паказана, як таталітарная ідэалогія выяўляе сябе ў побыце людзей, у іх псіхалогіі і светапоглядзе, як адбываецца ператварэнне чалавека ў раба і топчацца яго натуральнае імкненне да свабоды. «Апошнім чалавекам у Еўропе» называюць у рамане яго галоўнага героя Уінстана Сміта, супрацоўніка Міністэрства Праўды. Ён мае справу з гістарычнымі дакументамі, хоць і моцна сфальшаванымі, і, чалавек разумны, сумленны, дапытлівы, міжволі задумваецца над тым, чым ёсць існаванне ва ўмовах «казарменнага камунізму». Так пачынаецца ў яго душы складаны і небяспечны працэс пераацэнкі каштоўнасцяў. Раман Оруэла, як і раман Яўгена Замяціна «Мы»
    (пра які англійскі празаік з ухваленнем адгукаўся і нават напісаў рэцэнзію), апавядае пра бунт асобы супраць абездухоўленага, рацыянальнага і механізаванага рэжымам свету, дзе нават зоркі разглядаюцца як «усяго толькі часцінкі агню за некалькі вёрст ад нас», якія лёгка пры жаданні патушыць...
    Алесь Адамовіч. Выдатны беларускі празаік, крытык, літаратуразнаўца, кінадраматург, публіцыст, грамадскі дзеяч, увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як аўтар твораў пра вайну з фашызмам і сталінізмам, як змагар з пагрозай новай сусветнай вайны. Ён належыць да пакалення шасцідзясятнікаў, якое марыла пра сацыялізм «з чалавечым абліччам», і шмат зрабіў для таго, каб ідэалы гэтага пакалення ўвасобіліся ў жыццё.
    Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 жніўня 1926 г. у вёсцы Канюхі Капыльскага раёна. Карані ягонага радаводу на Любаншчыне, у вёсках Рачэнь і Забалаць. Дзяцінства прайшло ў пасёлку Глуша на Бабруйшчыне. У вайну ён быў падполыпчыкам, а зімой 1943 г. стаў партызанам. Ідучы ў лес, замест бохана хлеба, пакладзенага ў торбу маці, узяў «сіненькі томік» Пушкіна, гэтак пазначыўшы свой жыццёвы выбар на карысць «хлеба духоўнага». Пасля вайны Адамовіч скончыў філалагічны факультэт і аспірантуру БДУ Пісаў дысертацыю пра мастацкі стыль Кузьмы Чорнага і адначасова прозу. Пэўны час выкладаў літаратуру ў БДУ, потым працаваў (з перапынкам на вучобу на кінасцэнарных курсах у Маскве) у акадэмічным Інстытуце літаратуры. Любіў вандроўкі. Аб’ехаў і абышоў усю Беларусь, бываў за Палярным кругам і на Далёкім Усходзе Расіі, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі, падарожнічаў па ўсіх кантынентах, спалучаючы адпачынак і напружаную працу літаратара, вучонага, палітыка. 3 восені 1987 г. ён жыў і працаваў у Маскве. Памёр 26 студзеня 1994 г. Пахаваны ў роднай Глушы.
    Пяру Алеся Адамовіча належаць раманы «Вайна пад стрэхамі» (1960), «Сыны ідуць у бой» (1963), «Карнікі» (1980-1988), аповесці «Апошні адпачынак» (1969), «Хатынская аповесць» (1972), «Апошняя пастараль» (1986), «Нямко», «Венера, абоЯкябыў прыгоннікам», «Бывай, хунта!», «Vixi» («Пражыта»), «Падарожжа з Мінска ў Ma­cKey і назад» (усе 1988-93), апавяданні і кінасцэнарыі. Асобнае месца ў творчай спадчыне Адамовіча займаюць калектыўныя кнігідакументы «Я з вогненнай вёскі...» (з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам, 1975) і «Блакадная кніга» (з Даніілам Граніным, 1981).
    Кнігі Алеся Адамовіча гэта кнігі-роздумы, кнігі-змаганне, аўтар якіх знаходзіўся ў эпіцэнтры грамадскіх і творчых дыскусій свайго часу. Ён не толькі назіральнік і апісальнік падзей, але і шукальнік ісціны: ён сам адказаў на пытанні-назвы публіцыстычных артыкулаў: «А што там, далей?», «Ці адэкватная рэакцыя?», «Як быць геніяльным?», «Калі не мы, дык хто ж?» I адказаў, на першы погляд, парадаксальным чынам: «Ну дык рабіце звышлітаратуру!» Гэты тэзіс выклікаў у шмат каго з літаратараў неразуменне і рэзкае непрыманне. Аднак звышлітаратура, да якой заклікаў Адамовіч, мела на ўвазе радыкальнае ўзмацненне ўздзеяння вобразнага слова на чытача ва ўмовах, калі культура перастала быць літаратурацэнтрычнай і пісьменнік саступаў сваё традыцыйнае месца «ўладара думак» іншым творцам «інфармацыйнай прасторы». Без новага мыслення і новай пачуццёвасці, лічыў Адамовіч, чалавек, магчыма, і вытрывае ў сітуацыі, калі фізічныя і маральныя нагрузкі на яго значна павялічыліся, але наўрад ці пераможа. Звышлітаратура,уразуменні Адамовіча, гэта неабходнасць пісьменніка вастрэй адчуваць сваю адказнасць за жыццё на Зямлі і імкненне браць на сябе ношу як мага цяжэйшую. Над гэтым пытаннем пісьменнік і навуковец разважаў у грунтоўна аналітычных і публіцыстычна завостраных кнігах «Пра сучасную ваенную прозу» (1981), «Вайна і вёскаў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важнейшага» (1985), «Дадумваць да канца» (1988), «Адваяваліся!» (1990), «Мы шасцідзясятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992).
    За ўсім, што рабіў Алесь Адамовіч у 1980-90-я гг., адчуваўся подых гераічнай і трагічнай беларускай гісторыі. Гісторыя і тэорыя
    літаратуры з яго дапамогай імкнуліся не адставаць у сваім руху ад мастацкай практыкі, якая ў творчасці самога Адамовіча здзейсніла рашучы рывок наперад і выйшла на сусветную прастору. Нездарма пісьменнік у апошнія гады жыцця так часта нагадваў сабе і іншым калегам па пяру пра сусветную класіку: «Талстоўскі крок», «Думку вырашыць», «Выбух на вяршыні літаратуры». У артыкуле «Логіка ядзернай эры і пітаратура» (1985), які пазначыў мяжу паміж двума грамадскімі і літаратурнымі перыядамі, пісьменнік-публіцыст сказаў пра неабходнасць «новага мыслення», якое павінна грунтавацца на «простых законах чалавечай маралі», шчырых і даверлівых дачыненнях паміж людзьмі і цэлымі грамадскімі сістэмамі. Неабходна перагледзець шмат якія звыклыя паняцці і ўяўленні, што ўжо не адпавядаюць «логіцы ядзернай эры»: сучасны чалавек павінен авалодаць «новым мысленнем», калі ён хоча выжыць у свеце глабальных праблем.
    У гады «галоснасці» Адамовіч прыкметна актывізаваў сваю грамадскую дзейнасць. У яго мастацкіх творах узрасла доля публіцыстычнасці. Асабліва выразна гэта рыса праявілася ў кінафільме «Ідзі і глядзі» (1985), знятым рэжысёрам Элемам Клімавым паводле сцэнарыя празаіка і заснаваным на матэрыяле яго ваенных твораў. Фільм трыумфальна абышоў экраны свету. Алесь Адамовіч у гэты час шмат ездзіў за мяжу, выступаў на шматлікіх міжнародных антываенных канферэнцыях, ахвотна раздаваў інтэрв’ю журналістам на самыя розныя тэмы. Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС ён першым стаў шукаць магчымасць разбурыць сцяну сакрэтнасці, стаў арганізатарам шматлікіх акцый у дапамогу пацярпелым ад катастрофы людзям, пераадольваў супраціўленне мясцовага кіраўніцтва, якое не ўспрымала належным чынам смяротную пагрозу. «У ядзернай вайне, пісаў ён, могуць быць толькі тыя, хто прайграў. Узняцца над рознагалоссямі, над нацыянальным эгаізмам, разлікамі на часовы выйгрыш, над спрэчкамі і звадамі, значэнне якіх сапраўды нікчэмнае, калі стаўкай служыць само жыццё на Зямлі, гэтага вымагае і здаровы сэнс, і вышэйшыя інтарэсы людзей, і ўсе, якія ёсць, простыя ісціны, само маральнае пачуццё».
    У вышэйзгаданай антыўтопіі Адамовіча «Апошняя пастараль» створана ўражлівая карціна магчымага Апакаліпсісу, які людзі рыхтуюць міжволі сваім бяздзеяннем. У творы навідавоку свядомае супрацьстаўленне сучаснасці мінуламу, калі ўзнік жанр ідыліі, пастаралі, утопіі (Апулей, Луіджы Лонг, Тамаза Кампанела, Томас Мор і інш.), дзе героі жывуць у поўнай гармоніі з прыродай і іншымі людзьмі. Людзі Зямлі не змаглі дамовіцца паміж сабой, палітыкі і ваенныя паставілі ўласныя амбіцыі і ідэалогію вышэй за думку пра жыццё і развязалі трэцюю сусветную вайну.
    Аповесць пачынаецца з шматзначных эпіграфаў у адным выпадку са слоў прафесара Бейнбрыджа, сказаных у момант выпрабавання першай атамнай бомбы: «Усе мы цяпер сукіны дзеці!», у другім з радкоў Максіма Багдановіча, узятых з яго «Трыялета»: «Калісь глядзеў на сонца я, II Мне сонца асляпіла вочы». Далей падаецца стэнаграма вайсковых камандаў пасля аб’яўлення баявой трывогі, якая бясстрасна фіксуе апошнія імгненні жыцця на планеце. З’яўляецца вобраз канарэйкі, якая «мёртва ляжыць у коса абвіслай клетцы». Канарэйка асабліва чулая да атрутных газаў, і менавіта яе бяруць з сабою ў шахту, каб папярэдзіць аб небяспецы. Амерыканскі празаік Курт Вонэгут параўноўваў з ёю мастака, патрэбнага грамадству, бо ён надзелены асаблівай чуласцю да магчымай бяды. Апошняе, што бачыць перад сабою камандзір атамнай падлодкі, які аддаў загад аб ракетнай атацы, гэта твар жанчыны: «Знаёма схіліўшы набок дзіцячую галоўку, каб саўладаць на ветры з мядовым цяжарам валасоў, яна глядзіць з ранішняй марской свежасці спакойна і ціхамірна, згодная толькі на шчасце і асалоду ва ўсім і ўсюды, на пяшчотную ласку і вечнае хараство свету, які сустракае яе нараджэнне...» Вобраз жанчыны ў творах Адамовіча сімвалізуе ідэю жыццесцвярджэння, якая асабліва афарыстычна выказаная ў яго славутым параўнанні: «У вайны не жаночы твар...»