Асаблівае месца ў творчай спадчыне Янкі Купалы займае напісаная ў 1922 годзе трагікамедыя «Тутэйшыя», якая доўгі час была фактычна забароненая да друку і тэатральных пастановак у савецкай Беларусі. У творы зусім канкрэтна пазначаны час дзеяння: першая дзея разгортваеццаўлютым 1918 года, другая у снежні 1918-га, трэцяя у ліпені 1919-га, чацвёртая у чэрвені 1920-га. Згадваюцца падзеі непрыхарошанай, неадрэтушаванай гісторыі разгон Першага Усебеларускага з’езда, утварэнне БНР, нямецкая і польская акупацыі, прыход бальшавікоў... Гісторыя паўстае і ў трапных побытавых замалёўках: гандаль царскімі, савецкімі, нямецкімі, польскімі грашыма на Брахалцы, рабаванне крамаў, спекуляцыя гарэлкай і зброяй... Гістарычныя падзеі быццам бы рэальныя, але ў той знарокавай манатоннасці, з якой чаргуюцца «палітычныя сітуацыі», з якой малююцца наступы і адступленні акупантаў, праглядаецца нейкая злавесная бясконцасць, на якую нібыта заведзены гадзіннік гісторыі. У гэтым коле паўтораў і вяртанняў персанажы згубілі нітку ўласнага існавання, заблукалі ў ім. Прычына гэтага у непераадоленым комплексе «тутэйшасці», уласцівым вялікай масе беларусаў. У п’есе Купалы «тутэйшасць» выглядае дэфармацыяй, у выніку якой талерантнасць абарочваецца рабскай пакораю і маўчаннем, адметнасць пераходзіць у правінцыйнасць, дрымучасць мыслення, няўрымслівасць духу у бязмэтавае слізганне па паверхні гістарычнага быцця, у тое, пра што быў напісаны знакаміты верш «Паязджане». Цэнтральны персанаж твора Мікіта Зносак яблычак, што адарваўся ад роднай галінкі, закаціўся «не туды» заблукаў у гісторыі. Ён вызначаецца сваёй беспрынцыповасцю: «Хто мне лепей плаціць, таму і служу і кіхаць хачу на ўсякія ідэі». Паслухаць Мікіту і падасца, што перад намі завершаны тып прыстасаванца. Але ж гэта не так: яго спробы быць добрым і прыдатным для ўсіх выглядаюць як бязладная мітусня. I межы яго выбару знаходзяцца паміж тым, што прапаведуюць Заходні і Усходні вучоны. Віна і бяда Мікіты Зносака і іншых «тутэйшых» зусім не ў тым, што яны «кепскія» ці «баязлівыя». Праблема ў тым, што «тутэйшыя» дэзарыентаваныя ў гістарычным часе, заблукалі ў ім: гэтаксама, як «паязджане», тузаюцца ў часе і прасторы. «Паязджане» страцілі адчуванне роднай зямлі, адарваліся ад карэння, што звязвала іх з бацькаўшчынай. Гэта ў купалаўскай п’есе датычыцца ўсіх без вынятку, «станоўчых» і «адмоўных», «характэрных» і «батлеечных» персанажаў, бо ўсе яны тутэйшыя (нават Немец, які размаўляе з моцным беларускім акцэнтам). Энергія ж тых, хто спрабуе пераадолець «тутэйшасць» у сабе (Янка Здольнік) папраўдзе не знаходзіць ужытку ў віхуры палітычных жарсцяў. Фінал трагікамедыі, дзе Мікіту Зносака выводзяць з кватэры пад гукі зухаватай матроскай песенькі, напоўнены ўдаванай, нялюдскай «весялосцю». «Яблычак», што адарваўся ад роднага дрэва і трапіў на чужы палетак, мусіць прапасці: цёмныя сілы чарговы раз ладзяць баль дзеля сваёй перамогі. Якуб Колас увасабляў у сваёй творчасці класічную меру, гармонію, раўнавагу, «залатую сярэдзіну», здаровы розум сялянскага тыпу. У гады юнацтва ён атрымаў досыць сістэматычную адукацыю ў настаўніцкай семінарыі і пашыраў свой кругагляд у працэсе самаадукацыі да апошніх дзён свайго жыцця. Энцыклапедыст, эрудыт, кніжнік, ён злучыў у сваёй мастацкай і педагагічнай дзейнасці рознаскіраваныя тэндэнцыі, што выяўлялі сябе ў пачатку XX ст. у еўрапейскай культуры: абапіранне на традыцыі і памкненне ў будучыню; веру ў розум і асвету і даследаванне глыбіняў чалавечай натуры; увагу да таго, што адбываецца ў падсвядомасці. Якуб Колас лічыў, што абавязковай умовай засваення свету з’яўляецца яго разуменне і што працэс гэтага разумення бясконцы. Захапленне жыццём («а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар»), духоўным хараством чалавека («ніколі не страціць для нас цікавасці чалавек, бо праяўленне яго розуму бязмежна, 6о дарогі яго не вызначаны, бо формы яго жыцця і яго адносін да другіх людзей бясконца разнастайныя, канчаткова не выяўлены і ніколі не могуць стаць канчатковымі») ляжыць у аснове коласаўскай «карціны свету». Філасофскі падыход да ўсяго на свеце прыводзіць Коласа-мастака і Коласа-настаўніка да рашэння «выклікаць да дзеяння крытычны розум», да кожнай з’явы і факта падыходзіць «з пытаннямі як выніклі? у чым іх прычыны?», і наогул, да ўсяго падыходзіць свядома: «Бо калі чалавек пачне разважаць, дашуквацца прычын таго стану, у якім ён знаходзіцца, ён напэўна не пагодзіцца са сваёю доляй і будзе старацца адваяваць сабе лепшае месца на свеце. I калі ў чалавека раскрыюцца вочы, ён сам сабе выбера дарогу і сам за сябе будзе несці адказ». Вобраз Беларусі набывае свой сапраўдны маштаб у паэтычным эпасе Коласа. У паняцце Бацькаўшчыны ўключаецца ўсё больш і больш сэнсавых адценняў і фарбаў. Агульны відарыс родных ландшафтаў паглыбляецца за кошт гістарычных успамінаў, якія навяваюць вячыстыя дубровы, курганы, руіны замкаў. Купка дрэў воддаль, і тая ўспрымаецца ў паэтычным уяўленні героя-фантазёра, героя-філосафа ў выглядзе велічнага замка. Прырода ў творах Коласа апісваецца як грандыёзная дэкарацыя, на фоне якой разгортваецца містэрыя народнага жыцця. Такой колькасці страсна апаэтызаваных пейзажаў, як у Якуба Коласа, сусветная літаратура ад Гамера да Лангфэла не ведала. Паводле свайго светапогляду, пісьменнік з’яўляецца пантэістам, інакш кажучы прыхільнікам вучэння аб блізкасці паняццяў прыроды і Бога, які раствараецца ва ўсім навакольным. Да думкі аб таямніцах прыроды Колас дадае ідэю духоўнага спасціжэння жыцця. У паэме «Сымон-музыка» (1-я рэд., 1918; фінальная рэд., 1925) сказана, што яе героем з’яўляецца «іншы геній творчы дух». Уся гісторыя духоўнага сталення таленавітага хлопчыка выказвае страсную думку паэта аб імкненні беларусаў да вяршыняў сусветнай культуры. Максім Гарэцкі ў сваім роздуме пра гістарычны лёс беларусаў шмат у чым перагукаўся з Купалам і Коласам. Вынікі сваіх інтэлектуальных пошукаў ён выклаў не толькі ў мастацкіх творах, але і ў літаратурна-крытычных артыкулах, у «Гісторыі беларускае літаратуры», у публіцыстыцы. Артыкулы «Наш тэатр» і «Развагі і думкі» (абодва 1914) у гэтым сэнсе можна назваць творчым маніфестам празаіка. Ідэалагічнай асновай літаратурнай праграмы Гарэцкага стала філасофія Беларускага Адраджэння. Перад «парнасцамі» Купалам і Коласам, перад маладзейшымі «нашаніўцамі», на яго думку, стаіць задача адказаць сваімі творамі на выклік эпохі і паказаць беларусу, «хто ён, чым ён быў, што ён цяпер, чым бы ён мог стаць». Набыўшы пачуццё чалавечай і нацыянальнай годнасці, пераканаўшыся ў сваіх вялікіх творчых магчымасцях, «гаротнік беларус» здолее «парваць ланцугі рабства, патрапіць крыкнуць: «Жыве Беларусь!» так дужа, што аж векавыя муры няволі, як тыя сцены ерыхонскія, пасыплюцца ў прах». Беларусы павінны паказаць «другім народам зямным, што за народ такі ёсць беларусы, што маюць яны не толькі «очень смешные анекдоты м весьма странные суеверня», а і нешта гэткае, перад чым прыемна адчыніцца агульналюдская скарбніца векавечных здабыткаў культуры і цывілізацыі...» У Храме Нашага Адраджэння, дзе знойдуць сваё месца беларуская паэзія і проза, беларускі тэатр («дамаская сталь, вострая з абодвух бакоў»), павінен панаваць Дух Чысціні і Праўды. Беларуская літаратура і мастацтва мусяць задавальняць шматстайныя мастацка-духоўныя запатрабаванні беларуса дзеля вялікай мэты «падняць беларуса да ідэальнага чалавека!» У лік асноўных запатрабаванняў уваходзяць наступныя: 1) «ачысціць, абяліць мову і паказаць прад вочы людзей яе гучнасць і гібкасць», «абгледзець, як дарагі камень, кожнае слоўца, зважыць, абсмакаваць і ўцяміць сілу яго»; 2) «трэба, каб палілася беларуская песня, каб ад яе павеяла на людзей араматным пахам беларускай народнай паэзіі»; 3) «тыя з нашых пісьменнікаў, што сыплюць вершык за вершыкам», павінны «працаваць пяром так, каб творы іх красаваліся на пачэсным месцы ў багатай кватэры інтэлігента-беларуса і знаходзілі б шчырае спатканне пад самай беднаю стрэшкаю ма- ламожнага селяніна». Інакш кажучы, прыярытэтнымі задачамі беларускіх пісьменнікаў маюць быць задачы фарміравання беларускай літаратурнай мовы, творчага засваення скарбаў беларускага фальклору і міфалогіі, стварэння мастацкіх шэдэўраў. Максім Гарэцкі не проста паўтараў і паглыбляў філасофію і ідэалогію «беларускага шляху», распрацаваную яго вялікімі папярэднікамі, але і ўлічваў узровень культурнага развіцця сусветнага мастацтва, на які павінны арыентавацца беларусы, каб стаць самімі сабою і натуральна ўпісацца ў кола цывілізаваных нацый. Творцу цікавіла пытанне, наколькі шчырыя і натуральныя беларусы ў гэтым сваім памкненні да сусветнай культуры, ці дастаткова ўсвядомлена ацэньваюць яны сваё рэальнае становішча сярод народаў-суседзяў, што дае падставы ім спадзявацца на поспех. Ён разумеў, што беларускі адраджэнскі рух узнік на глебе нацыянальнай гісторыі, культуры, мовы («нахіл свайго сэрца да нечага, здаецца-то і праўда, новага і прыемнага ў разуменні слова “нацыя”, “народ”»). У той жа час гэты рух адчуваў уплыў сусветных зменаў у жыцці на мяжы стагоддзяў («гудзенне самакатаў», «блісканне радыю», «павевы касмапалітызму»), У гэтай сітуацыі «на ростанях», калі трэба рабіць свой гістарычны выбар, беларусы па-новаму адчулі дваістасць свайго становішча, што выявілася ў з’яве, якую празаік апісаў, вывучыў і ацаніў у аповесці «Дзве душы» (1919). «Душа дваілася. Адна палова несказанна плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі. I калі ён троху выстагнаўся, казала: «Уцячы, уцячы...». Што балела галоўнаму герою «Дзвюх душ» Ігнату Абдзіраловічу? Чаму дваілася яго душа? На пачатку твора ён, прапаршчык расійскай арміі, знаходзіцца ў далёкім і спякотным Пяцігорску і хоча нарэшце ўцячы ў родную Беларусь. Але хто можа ўцячы ад самога сябе? Ад гэтай няшчаснай звычкі пакутаваць «праклятымі», «вечнымі» пытаннямі, ад гнятлівай патрэбы «ў яснасці і добрай цямнасці ўва ўсім, што ёсць навакол і таксама ў сваім жыцці...». Былы паніч, спадчыннік заможнага кубла Абдзіраловіч, пасля «апрашчонік і народалюбец», студэнт, якога выкінулі з універсітэта за крамольныя думкі, пасля вайсковец царскай арміі й сціплы службовец у савецкай установе ён заўсёды інтэлігент, яшчэ адзін Андрэй Лабановіч, схільны да роздуму, да крытычнай ацэнкі навакольнага свету. Ён увесь час на раздарожжы: эмацыйна яму хочацца верыць то бальшавікам-«вызваліцелям працоўнага народа», то шчырым беларускім адраджэнцам, але тая самая схільнасць да роздуму, рэфлексіі таймуе яго, заклікае лёгка не даваць веры словам і лозунгам. Пазіцыя Ігната Абдзіраловіча выказана ў словах: «Калі адзін голас кажа: “Ідзі ў партыю!” другі голас насмяхаецца над сваёю ж палавінкаю і быццам з нейкай нядобрай уцехаю шэпча: “Няма табе партыі! Няма табе партыі!” ..» Спагадлівы і сумленны інтэлігент, Абдзіраловіч свой сярод чужых і чужы сярод сваіх. Але яму ўсё-такі даводзіцца рабіць выбар. Назіраючы за спробамі беларускіх патрыётаў абудзіць народ, ён пакрысе становіцца на іх бок, а ў фінале твора дапамагае арыштаваным Канцавому і Сакавічанцы выбрацца на волю. Герой перастае быць толькі «пабочным глядзеннікам і ціхім думаннікам», пакідае шэрагі «нядбайных» паводле тэрміналогіі адраджэнцаў, паступова выходзіць са стану «дваістасці» душы і яе праяў... Феномен раздваення душы беларуса Максім Гарэцкі разглядаў з розных бакоў. 3 пункту погляду псіхалагічнага «мнагалікі тып дабрадушнага, рахманага, трошку тужлівага беларуса-гумарыста, што калі і выяўляе сябе, дык дзеля таго, каб спрадвечную жыццёвую нуду захаваць ад прыкра-сцюдзёнага погляду чужынца па думках». 3 пункту погляду маральнага «чалавек сумысля і ў угоду свайму злому боку не слухаецца голасу дабра і забівае ў сабе добрае карэнне». 3 пункту погляду нацыянальнага «ён... не пэвен сам у сабе, ён заўсёды сварыцца з голасам дэмакратычнага беларускага карэння, мучаецца праз тое... а пайсці ў другі бок, па «обшчэ»-расійскаму ці польскаму шляху, ой, роднае карэнне не дазваляе...» У сітуацыі выбару павінна сваё важкае слова сказаць нацыянальная інтэлігенцыя, аднак «руху сярод нашай праўдзівай інтэлігенцыі найболей і шкодзіць недахват волі і гэта рэфлексія, гэта самакрытыка, гэты самааналіз...» Відавочна, што Гарэцкі супастаўляе рацыянальны і эмацыйны пачатак у беларускім характары і робіць выснову аб неабходнасці цэласнага погляду на жыццё.