• Газеты, часопісы і г.д.
  • Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя

    Словы ў часе і прасторы

    Літаратура апошняга стагоддзя

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 394с.
    Мінск 2015
    118.23 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Захапленне маляваннем, якое заявіла аб сабе яшчэ ў дзяцін-
    стве, не мінулася з часам: Быкаў рабіў замалёўкі і на вайне («Як прарываліся ў Венгрыі, згарэлі і малюнкі ў альбоме. Маляваў жа...»), і пасля вайны «для сябе». Яго малюнкі чорна-белая графіка, выразныя, лапідарныя лініі, абагульнена-сімвалічны відарыс эпізоду, сцэны, здарэння, усмешлівая іронія змешчаныя ў кнізе Рыгора Барадуліна «Лісты ў Хельсінкі». Яны добра ілюструюць яго манеру пісьма.
    На вайне было не да літаратуры: «На фронце, бывала, не ведаеш, ці дажывеш да вечара, і ўжо тым болып да перамогі... Наогул, на вайне і нават нейкі час пасля яе не толькі пісаць, але і чытаць аб ёй не хацелася». Спрацоўваў таксама псіхалагічны феномен, адзначаны філосафам Арнольдам Тойнбі: «Пасля Асвенціма літаратура бяссільная». Грамадства вымагала ад пісьменнікаў паказу подзвігу, а праўда ў эпоху Вялікай Хлусні была не толькі незапатрабаванай, але і смяротна небяспечнай. Знаходзячыся на вайсковай службе на Курыльскіх выспах, Быкаў напісаў некалькі апавяданняў на беларускай мове і паслаў Міхасю Лынькову, прозу якога любіў з дзяцінства. У адказ атрымаў «падрабязны разбор на некалькіх старонках». Зразумеў, што апавяданні слабыя, «і болей не пісаў». Вярнуўся да пісання апавяданняў толькі ў Гродне. Школа «чыстага» журналізму замалёўкі, нарысы, фельетоны, уключаныя ў «вожыкаўскую» кніжачку «Ход канём» (1960), была непрацяглай.
    Пачаткам літаратурнай творчасці сам Быкаў лічыў 1951 г., калі напісаў апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік» (надрукаваныя толькі ў 1957 г.). Ужо тут выявіўся ўласна быкаўскі погляд на вайну і на чалавека на вайне, яго экзістэнцыяльны досвед існавання ў «памежнай сітуацыі». Экзістэнцыялістам яго зрабіла само жыццё, насычанае драматызмам змагання за выжыванне, напружаны роздум над глыбіннымі прычынамі гістарычных падзей. У яго ранніх апавяданнях ужо дзейнічалі, як адзначыў расійскі крытык Ігар Дзядкоў, «сляпая ўлада выпадку», «страх невядомасці», «адчай асуджанага чалавека», «крыўда на несправядлівасць лёсу», «гераічнае рашэнне». У іншых апавяданнях Быкава («Дваццаты», «Фрузына», «Страта», «Паядынак», «Чацвёртая няўдача») выявіліся «маральны максімалізм» пісьменніка, яго высокая этычная патрабавальнасць
    да сябе і да сваіх герояў, якіх ён выпрабоўвае ў «сітуацыі выбару». Ужо тут складваўся індывідуальны пісьменніцкі стыль, эканомная, сухавата-стрыманая, лаканічная, аскетычная манера пісьма, тонкае пачуццё меры.
    Аднак канчатковы выбар свайго шляху ў літаратуры зроблены Быкавым у аповесці «Жураўліны крык» (1959). Менавіта з гэтага часу ён будзе «мысліць аповесцямі», якія пачнуць з’яўляцца ў беларускім, усесаюзным і замежным друку адна за адной з дакладнасцю астранамічнага гадзінніка, каб звяраць гістарычны час. Эталонам праўдзівасці для празаіка служылі творы класікаў, сярод якіх Леў Талстой і Фёдар Дастаеўскі, Эрых Марыя Рэмарк і Эрнэст Хемінгуэй, Кузьма Чорны і Максім Гарэцкі. «Сумленны, незакаламучаны чалавечы погляд на вайну» бачыў ён у аповесці расійскага празаіка Віктара Някрасава «У акопах Сталінграда». Прачытаўшы аповесці сваіх аднагодкаў-франтавікоў «Батальёны просяць агню» Юрыя Бондарава і «Пядзя зямлі» Рыгора Бакланава, зразумеў, «як трэба пісаць пра вайну».
    У аповесці «Жураўліны крык» на першым плане імкненне «пакончыць з сачыніцельскай прыгажосцю, эфектнасцю, бесканфліктнасцю». Абрысы быкаўскай «мадэлі» вайны выявіліся ў цікавасці да вобраза «радавога вялікай вайны», яе «пралетарыя», і ў сканцэнтраванасці на паказе аднаго эпізоду. «Сталінград для краіны, пісаў Быкаў, быў аднойчы ў вайну, а для салдата на пярэднім краі ён здараўся куды як часта. I ўсё ж трэба было намагчыся, каб выжыць і галоўнае перамагчы, бо пагібель часам была як здрада жывым». Шасцёра персанажаў у аповесці змагаюцца за сябе, за сваё жыццё, за галоўнае ў сабе, без чаго няма чалавечай годнасці. Найбліжэй аўтару вобраз Васіля Глечыка, у якім нямала аўтабіяграфічнага. «Няўдака», «салага», «зусім дзіця зялёнае», «як трэба не абстраляны», аднак менавіта ён паказвае моц характару, сілу волі, вытрымку і цярпенне ў адказны момант смяротнага бою. Ён ведае, што вайна «самае праклятае з усіх ліхаў, заведзеных жыццём на зямлі». Жураўліны крык у небе апошняе, што чуе гэты васямнаццацігадовы юнак, як рэха яго развітання з жыццём, з маці, перад якою ён вінаваціцца, з Беларуссю, адкуль родам.
    Духоўныя вытокі мужнасці і чалавечнасці герояў у іх мінулым, сцвярджае аўтар аповесцяў «Здрада» (1960), «Трэцяяракета» (1961), «Пастка» (1962), «Альпійская балада» (1963), «Мёртвым не баліць» (1965).
    Аповесці Быкава не толькі пра мінулае: гістарычнае і сучаснае, успамінальнае і актуальнае ў іх заўсёды побач. Акрамя дакладнага паказу «франтавога побыту», знаёмага чытачу па творах пісьменнікаў «згубленага пакалення», і «акопнай праўды», супрацьпастаўленай непрыхаванай хлусні «генеральскіх мемуараў», тут заўсёды прысутнічае глыбокі філасофскі роздум над балючымі праблемамі, народжанымі небывала багатым на трагедыі XX ст. У «Альпійскай баладзе», напрыклад, акрамя высакагорнай рамантыкі і лірыкі кахання, у размовах Івана і Джуліі пра калгасы, рэпрэсіі раз-пораз узнікае драматычны антураж таталітарнай эпохі. У «маленькай гісторыі» звычайных людзей, тлумачыў аўтар, яму «бачылася большае вартая ўвагі старонка мінулага, а быць можа, і штосьці з будучага існавання чалавецтва».
    Катэгорыя будучыні займае асаблівае месца ў аповесці «Мёртвым не баліць», павернутай Быкавым да таго комплексу грамадскіх адносін, якія моцна ўплываюць на жыццё наступных пакаленняў. У творы зададзены такі ўзровень мастацкай праўды, да якога тагачаснае грамадства проста не дарасло. «Гаварыць няпраўду аб вайне, сцвярджаў празаік, не толькі амаральна, але і злачынна». Аўтара дакаралі ў друку ў знарочыстым згушчэнні фарбаў, у нагнятанні драматызму, у прыземленасці паказу, у дэгераізацыі і г. д. Аднак сам аўтар ведаў, што фізічны боль і пакуты сумлення не маюць меры адсюль назва аповесці, якая змяшчае ў падтэксце працяг: «баліць жывым» («Пакуты робяцца звыш маіх сіл. Я нават не ведаю, дзе і што мне баліць. Боль самаўпраўна гаспадарыць ва ўсім целе, невядома чаго дамагаючыся. Я вельмі зайздрошчу Юрку. Яму не баліць. Ён пераступіў свой апошні рубеж»), Пункт погляду асобнага чалавека на трагедыю акружэння і, па сутнасці, знішчэння, яго чалавечае вымярэнне падзеі, на думку празаіка, самае праўдзівае. Тым больш што ў гэтым творы ён нічога не выдумляў: «“Мёртвым не баліць” стваралася як успамін, там найменш выдумкі, там
    амаль усё, што тычыцца сюжэта і абставін, дакументальна». Брэжнеўска-суслаўскае кіраўніцтва адчула небяспеку ў паказе той ролі, якую ігралі ва ўсе сталінскія часы і асабліва ў вайну карныя органы. У вобразах «смершаўца» Сахно і гэбіста Гарбацюка бачыць аўтар галоўных вінаватых у тым, што вайна была такой цяжкою. Маральнае перараджэнне савецкай пароды «новых людзей» ацэньваецца такімі хвосткімі характарыстыкамі, як «мярцвяк», «нябожчык», «пракляты рудымент», «змарнелы без людской крыві клоп».
    Менавіта ў гэты перыяд творчасці Быкаў адчуў патрэбу ў публіцыстычным слове. У артыкулах, успамінах, інтэрв’ю, эсэ ён цярпліва тлумачыў свае задумы, а ў выступленні на V з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі (чэрвень 1966 г.), дзе апалагеты «партыйнай літаратуры» планавалі даць бой абаронцам дэмакратыі і гуманізму, адкрыта і страсна выявіў сваю пазіцыю: «нашая літаратура перажывае крызіс», «ёю закіравалі, яе заняньчылі», «усе беды тут ад непісьменнасці, нізкай эстэтычнай культуры, a то і дыпламаванага абскурантызму тых, хто прыстаўлены кіраваць літаратурай», «дзіўны і незразумелы гэты ўзаконены недавер да таленту, недавер, які абразлівы сам па сабе для кожнага літаратара і прыніжае літаратуру». Ва ўсім, што мае дачыненне да праўды, пісьменнік няўмольны як само наканаванне: «...Выбар у нас невялікі: альбо літаратура, альбо нелітаратура. Сярэдзіны няма». Рэакцыя «ідэолагаў на пасадзе», «дыпламаваных абскурантаў» была хуткай: у газеце «Правда», галоўным ідэалагічным органе кампартыі, з’явіўся інспіраваны ўладаю рэдакцыйны артыкул «Калі адстаюць ад часу». У ім безапеляцыйна і бяздоказна сцвярджалася, што кампанія змагання з «культам асобы» завершаная, партыя сказала ўсю праўду пра сталінскае мінулае, надышла пара канструктыўнай пабудовы «рэальнага сацыялізму» і што пісьменнікі Аляксандр Салжаніцын, Васіль Быкаў, Барыс Мажаеў і іншыя «адстаюць ад часу» ў сваім імкненні выкрываць сталінізм ва ўсіх яго праявах, шукаць прычыны трагедыі народа і паказваць яе небяспечныя наступствы.
    У эпоху «застою» падобная крытыка ў афіцыйным друку мела для пісьменніка свае наступствы, аб чым сведчыць тая вакханалія, што
    ўзнялася ў савецкім друку вакол імя Васіля Быкава. Пасля выхаду ў свет аповесцяў «Круглянскі мост» (1965) і «Праклятая вышыня» (1968), у перакладзе на рускую мову апублікаваных у апазіцыйналіберальным часопісе «Новый ммр», якім кіраваў паэт Аляксандр Твардоўскі, цэлыя газетны палосы запаўняліся арганізаванымі «пісьмамі працоўных», «калектыўкамі» ветэранаў вайны і працы, генералаў у адстаўцы і г. д. Самога Быкава выклікалі на допыт у КД Б, яго сыноў-школьнікаў пераследавалі як дзяцей «ворага народа», білі вокны ў кватэры... У ліхі час пісьменніка падтрымаў Твардоўскі, даслаўшы тэлеграму: «Усё мінецца адна праўда застанецца». У абарону Васіля Быкава выступілі беларускія пісьменнікі, сярод іх Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Пімен Панчанка і інш. У тагачасным «саюзным» друку з’явіліся літаратурныя артыкулы Алеся Адамовіча, Лазара Лазарава, Ігара Дзядкова, у мясцовым, беларускім друку такія ж артыкулы апублікавалі Віктар Каваленка, Дзмітрый Бугаёў, Васіль Буран, якія высока ацанілі творы празаіка.
    Хваля публічнага асуджэння і астракізму пісьменніка аціхла пасля публікацыі аповесці «Сотнікаў» (1970). Тут Быкава асабліва цікавіць унутраны свет чалавека, магчымасці яго духу: «Што такое чалавек перад знішчальнаю сілай бесчалавечных абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаныя ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма?» Гэтая заяўка гучыць катэгарычна як маральны імператыў шэкспіраўскага Гамлета: быць альбо не быць? Іншага не дадзена! Першапачатковая назва аповесці «Ліквідацыя» больш дакладна і глыбока выяўляе задуму аўтара (назва «Сотнікаў» узнікла як кампрамісная, каб адвесці цэнзурныя патрабаванні «паказваць пазітыўнае ў жыцці» і «ствараць станоўчыя вобразы»). Тэрмінам «ліквідацыя» шырока карысталася нацысцкая ідэалогія, якая імкнулася гэтак закамуфляваць сапраўдныя планы фашыстаў: генацыд і этнацыд. Але размова ў быкаўскім творы пра іншае. Фізічная ліквідацыя Сотнікава толькі падкрэслівала яго маральную перамогу і духоўную перавагу над ворагам. Герой у апошнім памкненні душы пераадольвае свой страх смерці, інстынкт самазахавання і робіць рашучы крок насустрач будучыні, дзе, як ён спадзяецца, жыццё чалавечай асобы «стане Ka-