тэгорыяй-абсалютам, мераю і цаною ўсяго». У дачыненні да Рыбака гаворка ідзе пра самаліквідацыю: герой ратуе сваё жыццё коштам здрады, якая яму самому здаецца невялікай саступкай ворагу дзеля таго, каб пазней, пры зручным выпадку, атрымаць рэванш. Рыбак быў добры партызан, кемлівы, вынаходлівы, смелы. Ён заўсёды спадзяваўся на свой спрыт, урэшце, на ўдачу, «ды вось аказалася, што як чалавек і грамадзянін, безумоўна, недабраў чагосьці». Пазней Быкаў тлумачыў прычыну маральнага падзення свайго героя «у яго душэўнай усяеднасці, яго маральнай несфармаванасці», у тым, што ён «прымітыўны прагматык, які зусім не суадносіць мэты са сродкамі». Такім чынам, пісьменнік пераводзіў апавяданне з сацыяльна-псіхалагічнага плана ў план філасофска-маральны, агульнагуманістычны. Ён дае магчымасць па меры мастацкай неабходнасці выказацца кожнаму герою, спадзеючыся на здольнасць чытача зрабіць належныя высновы. Заўважаецца, аднак, што некаторыя, «апошнія», экзістэнцыяльныя адкрыцці Сотнікава ў сферы чалавечага духу («адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце яго жыццё») блізкія самому аўтару. У поле зроку Сотнікава невыпадкова ўваходзіць Вялікі Час, сама Гісторыя, якая пакідае свае вогненныя пісьмёны-знакі ў Бібліі, у жыцці Ісуса Хрыста, з часоў якога людзі вымушаны ахвяраваць сваім жыццём, каб свет не спаўзаў у прорву бесчалавечнасці: «Суцяшалі хіба духоўныя магчымасці, часам непадуладныя ніякай самай пагрозлівай сіле». Нездарма літаратурная крытыка загаварыла пра «новага Быкава», пра жанр прыпавесці і «прыпавесцевасць» рэалістычнай літаратуры. «Традыцыйная яе асаблівасць, сцвярджаў Алесь Адамовіч, гэта завостранасць маральных вывадаў, імкненне да абсалютных ацэнак, шматзначнасць сітуацый і вобразаў». Аповесці Быкава «Абеліск» (1971), «Дажыць да світання» (1972), «Воўчая зграя» (1974), «Яго батальён» (1975), «Пайсці і не вярнуцца» (1978) кожная па-свойму ставяць і вырашаюць галоўную праблему экзістэнцыялізму, праблему выбару. Яна гучала надзвычай актуальна ў брэжнеўскую эпоху, калі кожны свядомы чалавек стаяў перад маральнай дылемай: з кім быць у сітуацыі духоўнай дэградацыі грамадства, як сябе паводзіць. Якасна новы этап у творчасці Васіля Быкава распачала аповесць «Знак бяды» (1982), якую можна, па-сутнасці, лічыць сапраўдным раманам. Аўтар глыбей, чым да таго, адчувае сувязь часу і пакаленняў, выразней выяўляе залежнасць падзей, якія ў тагачаснай грамадскай свядомасці існавалі паасобку, а менавіта рэвалюцыя, калектывізацыя, вайна з народам і вайна з фашызмам. Буйным планам, як у кінематографе, паказаны хутар Яхімоўшчына, яшчэ адно са шматлікіх разбураных гнёздаў, дзе некалі цеплілася чалавечае жыццё, небагатае на простыя радасці, клопатнае і праблемнае. У творы на першым плане чалавечы маштаб вымярэння падзей, якія шматкроць перавышаюць фізічныя і духоўныя магчымасці звычайнага чалавека і, нягледзячы на яго спробы супраціву, няўхільна вядуць яго й яго блізкіх да катастрофы. Адсюль такая небывалая ў сусветнай літаратуры ўвага да апісання простага, амаль першабытнага, побыту, такая чуласць і спагада да безабаронных перад пагрозамі веку жыхароў маленькага хутара, якога калі што і ратуе пэўны час, дык гэта яго аддаленасць ад бліжэйшага населенага пункта, вёскі, мястэчка, сталіцы, а яшчэ разбураны мост, які павінен быў звязваць хутар з вялікім светам людства. На фоне грандыёзнай, шэкспіраўскага маштабу, драмы, якая разыгралася на хутары Яхімоўшчына, усё, нават самае дробязнае, напаўняецца пад пяром геніяльнага пісьменніка надзвычайным сэнсам. А за некаторымі падрабязнасцямі ціхага, непрыкметнага існавання адкрываецца далячынь біблійнай гісторыі: дубовы крыж на ўзгорку, празваны вяскоўцамі дасціпна і іранічна Галгофай; пагібель сялянскага роду, «гнязда» беларускага этнасу... У звычайнае жыццё Петрака і Сцепаніды Багацькаў, характар і лёс якіх маюць шмат агульнага з характарамі і лёсамі літаратурных папярэднікаў (коласаўскага Міхала, чорнаўскага Леапольда Гушкі і Максіма Астаповіча, мележаўскага Васіля Дзятла), умешваецца выпадак. Гэты выпадак, як само Наканаванне ў старагрэцкіх трагедыях, руйнуе незайздросны сямейны дабрабыт. Шэраг неўраджайных гадоў, змушаны ад’езд «у вялікі свет» дзяцей, Федзькі і Фені, ад якіх ні весткі, ні чуткі, страта недалэнгі-коніка, адзінай апоры ў гаспадарцы, бяда за бядою, як у таго біблійнага Ёва. Ідэалагічная тэмпература пачуццяў і думак герояў Быкава дасягае крытычнай мяжы, і ўрэшце кожная падзея на хутары (пагібель жаўранка, гвалтоўная смерць старога Яхімоўскага, яго пракляцце: «На чужым і дармовым шчасця не бэндзе», уступленне ў калгас, адбудова моста) успрымаецца ў глабальным маштабе супрацьстаяння Дабра і Ліха. У духоўным космасе вёскі нельга закрануць бяздумна ніводнага звяна, каб на гэта не адгукнулася званочкам, які напамінаў бы пра небяспеку жыццю. Філасофскі роздум пра сувязь усяго з усім неадступна вяртае Багацькаў, кожнага па-свойму, да запозненага жадання «перапісаць былое»: «Каб гэта было дадзена чалавеку хоць трошачкі зазірнуць наперад, угледзець наканаванае яму, але схаванае за пластамі часу, тое, што з усёй відавочнасцю адкрываецца ў наплыве наступных дзён! Дык дзе там!» Найменш вінаватыя без віны ў сваіх бедах Пятрок і Сцепаніда Багацькі, бо светам кіруюць іншыя: камуністы, фашысты, бандыты. У спрадвечнай спрэчцы аб тым, што з’яўляецца вырашальным, чалавек ці абставіны, Быкаў стаў на бок хрысціянскіх гуманістаў і французскіх экзістэнцыялістаў (вядомае яго захапленне раманам Альбэра Камю «Чума»), якія спадзяваліся на здольнасць чалавека супрацьстаяць ліху і гвалту. Менавіта здольнасць да духоўнага супраціву ўражвае пісьменніка ў вобразе «мужыка-беларуса», «пана сахі і касы», яскрава намаляваных класікамі, уменне і маўчуна Петрака, і «акцявісткі» Сцепаніды «меркаваць аб вялікім па малым, аб свеце па сваёй вёсцы», прымаць мужнае рашэнне і не губляць чалавечай і нацыянальнай годнасці, бо «подласць справа нягоднікаў», «у каго праўда, таму не патрэбна зброя», «нельга, каб свае сваіх». Пераасэнсаванне мінулага стала лейтматывам творчасці Васіля Быкава 1980-90-х гг. У рамане «Кар’ер» (1985), у аповесцях «У тумане» (1988), «Абпава» (1989), «Сцюжа» (1969, 1991) чытач сутыкаецца з феноменам: «Быкаў супраць Быкава». Празаік, чулы да зменаў у сусветным «паралелаграме сіл», прыкметна ўдакладняе, а тое і радыкальна пераглядае, свае ранейшыя погляды на гісторыю беларусаў. У яго творах паменшала «аскетычнага рыгарызму» часоў ідэалагічнага супрацьстаяння сістэм і прыкметна пабольшала ўвагі да асобы звычайнага чалавека, якому не пашанцавала нарадзіцца ў нялюдскую эпоху і якога нельга судзіць паводле патрабаванняў «маральнага катэгарычнага імператыву». Ахвяры лёсу, выпадку, чужой злой волі, быкаўскія героі вартыя адно разумення і спачування, бо ўласная віна таго ж Хведара Роўбы, героя «Аблавы», і блізка не можа зраўняцца з віною тых, хто захапіў уладу ў краіне і паводзіць сябе як акупант. Чыста беларускае пытанне «За што?», знаёмае чытачу твораў Янкі Купалы і Максіма Гарэцкага, у Васіля Быкава выяўляе не толькі роспач ахвяры, але выклікае шэраг іншых лёсавызначальных пытанняў, звернутых і да сябе, і да іншых, да сучаснікаў і да нашчадкаў. «А можа, гэта яму пакаранне за Бога? За абразы, якія ён маўкліва дазволіў Міколку вынесці з хаты?.. Людцы, завошта вы так?.. Што я зрабіў кепскае вам?.. Ці ж я хацеў каму кепскага? Ці сабе многа ўзяў? Я ж аддаў усё вам бярыце. Толькі завошта ж мяне так люта? Людцы, адумайцеся!..» У апошні перыяд свайго жыцця і творчасці Васіль Быкаў актыўна ўключыўся ў працэс вяртання краіны да дэмакратычных каштоўнасцяў, да ўваходжання ў цывілізаваны еўрапейскі свет. Уласным аўтарытэтам, пяром і вусным словам ён спрыяў руху Беларусі да дзяржаўнай незалежнасці, да свабоды: абараняў спадчыну Марка Шагала, заступаўся за Аляксея Карпюка і Алеся Адамовіча, рашуча стаў на бок створанага пры яго дзейсным удзеле «Мартыралогу Беларусі», стаў сябрам Сойму Беларускага Народнага Фронту (БНФ), першай у краіне легальнай апазіцыйнай арганізацыі пасляваеннага часу. Выступленні, артыкулы, інтэрв’ю пісьменніка змешчаныя ў яго кнігах «На крыжах» (1992), «Крыжовы шлях» (1998), «Быкаў на Свабодзе» (2004). Быкаў плённа выкарыстаў магчымасці, што адкрыліся перад літаратурай у новы час. У цыкле навел «Зенітчыца», «Палкаводзец», «Палітрук Каламіец», «Падоранае жыццё», «Кацюша», «Вочная стаўка», «Доўжык», «Кароткая песня», напісаных у другой палове 1990-х гг., эпізод за эпізодам, падзея за падзеяй узнаўляюцца трагічныя старонкі гісторыі беларусаў на працягу цэлага XX ст. Вобразы герояў, сюжэтныя сітуацыі, ідэі і погляды тут чыста быкаўскія. Адно, што вылучае малюнкі, сцэны, эпізоды, гэта трагічны каларыт, які нагадвае пра абсурднасць вайны. Быкаў успамінае і тыя эпізоды, калі людзі, апынуўшыся ў сітуацыі выбару, выяўлялі высокі ўзровень гуманістычнай культуры. Герой навелы «Падоранае жыццё» (1996), сутыкнуўшыся з цяжка параненым нямецкім афіцэрам, не застрэльвае яго: «Штосьці стрымала мяне ад стрэлу. He адчуванне небяспекі, не натуральная патрэба самазахавання дзесь у глыбіні свядомасці рашучасць мая сама па сабе нейтралізавалася». Шматзначная агаворка апавядальніка, як салдаты варожых армій падаравалі адзін аднаму жыццё: «Я з палёгкай уздыхнуў». 3 палёгкай уздыхнуў і чытач, які стаміўся ад жахлівага відовішча бессэнсоўных смерцяў і марна шукае прыкладаў чалавечага высакародства. Аднак абсурд пераважае ў лёсе быкаўскіх герояў. У гэтай сітуацыі любая спроба чалавека (таго ж Булаўскага, героя навелы «Вочная стаўка», апубл. у 1999) выправіць становішча вядзе непазбежна да адваротнага выніку: «чым грунтоўней была надзея, тым горшая бяда абрыналася на яго пазней»; «ён не распараджаўся сабой... ім распараджаліся іншыя... і так усё жыццё... усё яго праклятае, беспрасветнае жыццё...» Думка пра бессэнсоўнасць чалавечых намаганняў нешта змяніць у навакольным свеце і ва ўласным лёсе гучыць у апавяданні «Глухі час начы» (1999), аповесці «Пакахай мяне, салдацік» (1995). Прэтэнзіі чалавека на разумнае ўладкаванне жыцця выяўляюць сваё бяссілле перад прынцыповай неспасцігальнасцю свету, дзе запанавала ў небывалых маштабах зло. Звычайны чалавек можа ўзняцца над сваім лёсам толькі тады, калі кардынальна перагледзіць свае ўяўленні аб сэнсе жыцця, якое ўжо само па сабе найвялікшая каштоўнасць, ісціна, якую Быкаў не стамляецца паўтараць з твора ў твор. «Мабыць, было б несправядліва, адзначае празаік, калі б гэтае нямногае бясследна завяла, заглухла, забылася і на тым месцы ў душы святкавала ўрачыстасць разгалістая журавіна пажаданага міфа. Міфы прыемна ўражваюць, але наўрад ці наталяюць. Хутчэй спусташаюць. Для насычэння галоднаму чалавеку ўсё-ткі патрэбен чорны жытнёвы хлеб праўды. Прынамсі, так часам здаецца».