Юныя героі Пятро Шапятовіч і Саша Траянава адкрываюць шэраг шамякінскіх вобразаў, што захапляюць сваёй чалавечнасцю. Яны належаць да пакалення, якому выпала «трывожнае шчасце» кахаць, ствараць сям’ю, гадаваць дзяцей у векапомныя дні змагання з акупантамі, адстойваць сваю чалавечую годнасць у гады сталіншчыны. У аповесці «Непаўторная вясна», што адкрывае пенталогію, пануе паэтычная стыхія, натуральная ў аповедзе пра першае каханне, якая падмацоўваецца аўтарскім гумарам і іроніяй, пранікненнем у свет юнацтва і разуменнем узроставага максімалізму. У памяці чытача ўзнікаюць паралелі з падобнымі творамі пра першае каханне ў сусветнай літаратуры, такімі як «Дафніс і Хлоя» Лонга, «Рамэа і Джульета» Шэкспіра, «Пакуты маладога Вертэра» Іетэ, «Першае каханне» Тургенева, «Міцева каханне» Буніна, «У палескай глушы» Якуба Коласа і інш. I пазней у кожным новым творы пісьменнік уздымаў надзённыя праблемы, якімі жыла супольнасць. Часам апярэджваўхаду падзей, часам адставаў са сваімі ацэнкамі. Звычайна адно і другое стваралі сімбіёз мастацкасці і ілюстрацыйнасці, праўдзівасці і паўпраўды, адвагі і абачлівасці. У раманах «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1979) адлюстроўваюцца розныя этапы змагання розных поглядаў на ход гісторыі, кантрастна супрацыіастаўленых грамадскіх сіл і тэндэнцый. Гэтае супрацьстаянне ў сваёй аснове жыццёвае і рэальнае, яно ўзнаўляе драматызм падзей, прымушае думаць і шукаць рашэнне, не быць абыякавым. Рэальная супярэчлівасць і шматфарбнасць свету, здараецца, уступае ў канфлікт з павярхоўным вырашэннем заблытаных праблем, імкненнем да happy end. У пошуках выхаду з духоўнага застою і гістарычнага тупіка празаік звяртаецца да «ленінскага этапу» савецкай гісторыі. Так з’явілася яго «ленініяна» ў складзе аповесцяў «Лёс майго земляка», «Браняпоезд «Таварыш Ленін» (абедзве 1970), рамана «Петраград-Брэст» (1981-83). Гісторыя, зрэшты, вельмі хутка абвергла спробу шукаць адказы ў гэтым напрамку. У канцы 1970-х і ў 1980-х гг. празаік вяртаецца да падзей вайны ў аповесцях «Шлюбная ноч» (1975), «Гандлярка і паэт» (1976) і ў рамане «Зеніт» (1987). Яго цікавіць праблема народнай самасвядомасці, што абудзілася ў гады вайны, глыбінная сутнасць чалавека. Да гэтага цыкла твораў належыць і аповесць «Ахвяры» (1989), дзе па-новаму асэнсоўваюцца драматычныя калізіі Беларускага Супраціўлення, адбываецца палітычная і маральная рэабілітацыя змагароў з ворагам, людзей са складанымі характарамі і часам з заблытанымі лёсамі, выкрываецца правакацыйная дзейнасць так званых «спецатрадаў», засланых у партызанскі тыл шэфам савецкіх спецслужбаў Лаўрэнціем Берыя, каб кантраляваць патрыётаў, якім Сталін не давяраў і на якіх збіраў «дасье» пад будучыя рэпрэсіі. Менавіта так і расла і без таго празмерная колькасць людскіх ахвяраў адсюль назва аповесці. Імкненне Шамякіна адгукнуцца на падзеі, што непасрэдна закранулі яго землякоўпалешукоў, натуральнае і зразумелае. Зонай бяды стала амаль усё Усходняе Палессе, і ў рамане «Злая Зорка» (1991) мы бачым спробу пісьменніка апісаць і асэнсаваць душэўны стан жыхароў гэтага рэгіёна, вымушаных у адначассе рэзка перайначваць свой штодзённы лад жыцця, пакідаць абжытыя мясціны, абрываць чалавечыя сувязі паміж сем’ямі, вырашаць мноства заблытаных праблем... Большасць раманаў Івана Шамякіна будуецца па сюжэтнай схеме, заснаванай на разгортванні і распрацоўцы дзвюх драматычных ліній, якія ўвесь час ідуць паралельна, але час ад часу перасякаюцца, а ў выніку ствараецца канкрэтны малюнак падзей. Акрамя сямейна-побытавых і любоўна-сяброўскіх узаемадачыненняў паміж сямейнікамі, у творы адлюстраваныя вобразы партыйцаў, шараговых «сумленных» членаў КПСС і партакратаў з «вышэйшага звяна», з «наменклатуры», якія даўно адарваліся ад жыцця народа і арыентуюцца на сваё начальства. 3 аднаго боку, прыкметны ўхіл аўтара да ідэалізацыі «простага партыйца», а з другога ляцяць стрэлы абурэння ў бок партыйных кіраўнікоў, вінаватых у бедах простага люду. Асабліва карыкатурным выглядае ў гэтым сэнсе постаць Дырэктара, як дагодліва-запабегліва імянуюць кіраўніка рэспубліканскай партыйнай арганізацыі лёкаі з яго «блізкага кола». Аўтар прытрымліваецца дазволенай у савецкія часы схемы, паводле якой можна крытыкаваць асобы і нельга чапаць савецкую і партыйную сістэму. Прычыны трагедыі, якая закранула мільёны беларусаў, не зводзяцца да абыякавасці, баязлівасці, кар’ерызму і некампетэнтнасці вышэйшага кіраўніцтва. Яны караняцца ў самой Сістэме, якая пафасна абвяшчала лозунг «Усё для чалавека, усё ў імя чалавека!» і ў той жа час пазбаўляла чалавека свабоды выбару. Аўтару больш як тузіна аповесцяў на сучасную праблематыку, такіх, як «Падзенне» (1994), «Адна на падмостках» (1996), «Слаўся, Марыя» (1999) і інш., па-свойму бачыліся негатыўныя наступствы імкнення людзей да свабоды, жадання вярнуцца ва ўлонне еўрапейскай цывілізацыі. Аўтар і яго «станоўчыя» героі не прымаюць зменаў і навацый, а новай сітуацыяй чамусьці добра карыстаюцца адны несумленныя людзі, махляры, прайдзісветы, аферысты. Нармальныя людзі не здольныя пераступіць мяжу, за якой пачынаецца здрада ўласнаму сумленню. Пісьменнік пры гэтым не адступаецца ад веры ў тое, што сацыялізм самы лепшы лад, які, аднак, не здолеў да канца спраўдзіцца праз кепскія якасці некаторых яго будаўнікоў. У кожным выпадку, сёння Івана Шамякіна, без усялякіх сумневаў, можна назваць апошнім класікам сацрэалізму. Творчы пошук беларускіх паэтаў пасляваеннага пакалення Пасляваеннае пакаленне беларускіх паэтаў не толькі працягвала традыцыі, запачаткаваныя Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам альбо Максімам Танкам. У апошняй трэці XX пачатку XXI ст. з’явіліся і стваральнікі новых беларускіх паэтычных традыцый. Рыгор Барадулін У творчасці гэтага выдатнага паэта, перакладчыка, эсэіста найболып яскрава выявіла сябе «філалагічнае пакаленне» ў беларускай літаратуры, да якога звычайна прылічваюць шэраг самых вядомых беларускіх творцаў, што прыйшлі ў літаратуру ў другой палове 1950-х першай палове 1960-х гг. Менавіта гэтае пакаленне звярнула ўсеагульную ўвагу на такую самавідавочную, але паўзабытую ў XX ст. першасную асаблівасць літаратуры, як мастацтва слова: яно ўголас загаварыла пра культуру творчасці, узбагаціла часта ўжо зведзеную да абсалютнага прымітыву беларускую моўную практыку за кошт багацця народных гаворак, арганічнай моватворчасці і г. д. З’яўляючыся «вялікімі прыгоннымі» роднай мовы і не зважаючы на ўзрост, хваробы, настроі, паэты варочаюць «слоўныя глыбы», адчуваючы, як за імі «дыхае глыбіня». Рыгор Барадулін займае ў шэрагу названых творцаў-«філолагаў» выключнае месца: Я, напэўна, апошні, Хто моліцца слову, Як ссівелы паганец Жывому агню. 3 ветру звітыя Весніцы я зачыню, Каб спрыялася поціху Цёмнаму лову. Каб святлеліся ўдачы У сквапнай начы, Дзе агонь пераемнасці He затухае. А душа чуе ўсё, Як і ноч неглухая. I палаюць смаліста сузор’яў карчы. («Напэўна», 2005) У паэзіі Рыгора Барадуліна яскрава выявіліся багатыя метафарычныя магчымасці беларускай прасодыі. Звяртаючы агульную ўвагу на некранутыя багацці нашае мовы, гісторыі, характару, паэт узбагачае духоўны свет чалавека, пашырае творчыя магчымасці беларускай літаратуры. Яго талент здзіўляе сваёй невычэрпнасцю і вынаходлівасцю, дасціпнасцю і мудрасцю. Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 г. на хутары Верасоўка, што на Ушаччыне, у сялянскай сям’і. Бацька яго загінуў у час блакады ў вайну. Хлопец закончыў Ушацкую дзесяцігодку, паступіў на філфак БДУ Удзельнічаў у асваенні цаліны ў Казахстане. Працаваў у розных рэдакцыях беларускіх газет, часопісаў, выдавецтваў. Аўтар вялікай колькасці паэтычных кніг, у т. л. перакладных, кніг дасціпнай прозы і ўспамінаў, унікальнага «Вушацкага словазбору» (2013)... Памёр Рыгор Барадулін 2 сакавіка 2014 г., пахаваны на Ушацкіх могілках. Ужо самы першы зборнік паэзіі Барадуліна, «Маладзік над стэпам» (1959), стаўся адкрыццём у новай беларускай паэзіі. Чытачоў уразіла незвычайная вобразнасць вершаў маладога паэта, заснаваная на выдатным адчуванні натуральнай беларускай моўнай стыхіі: А вецер вуліцы расчысціў. Бухматы, пухкі снег пасыпаў, I кулачкі засохлых лісцяў Сціскаюць маладыя ліпы. Мароз здароўкаецца палка Зіма ўжо тупае старая. На Свіслачы праныры-галкі Трываласць лёду правяраюць... («Зазімак», 1957) Ідэйным стрыжнем лірыкі напачатку сталіся ўспаміны паэта пра вайну. «Успаміны неўзарваныя міны», афарыстычна вызначыў ён сэнс гэтай падзеі ў жыцці свайго пакалення. Перажытае «выбухае» ў яго шпаркіх і напружаных паэтычных радках. Слова ў яго вершах то плыве спакойна, то ўскіпае неўтаймоўнасцю пачуццяў. У Барадуліна рэдкае паводле сілы метафарычнае мысленне, уяўленне, перапоўненае раптоўнымі асацыяцыямі і алюзіямі, якія дзеляцца сэнсам, гучаннем, слоўнымі пошукамі. Аўтар, здаецца, гуляе са словам, забаўляючыся сваёй сілай і захапляючыся яго магчымасцямі. Ужо ў згаданай першай кніжцы вершаў гэтыя якасці выявіліся напоўніцу: «палатка, бы шацёр былінны», «Стэпавы учотчык перакаці-поле». У наступных зборніках лірыкі («Рунець, красаваць, налівацца», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Вяртанне ў першы снег», 1972; «Рум», 1974; «Вечалле», 1980, і інш.) прадметна-пачуццёвая канкрэтнасць, непаўторная метафарычнасць знаходзяць сваё новае яскравае ўвасабленне. Скразны вобраз гэтых кніг мама лірычнага героя, якая жыве пад знакам Вечнасці: Перунамі жагнаныя абразы Перастылі вазёры прадонна. Выспу смутку майго Ледзяняць маразы: Маме ў зямлі сцюдзёна... («Перунамі жагнаныя абразы...», 1975) У сваёй лірыцы Рыгор Барадулін, як і любы неардынарны паэт, творыць свой Свет, характарыстыку якому ў літаратуразнаўчых тэрмінах даць няпроста. Новая іпастась Рыгора Барадуліна выявілася ў апошнія няпоўныя дваццаць гадоў яго творчага шляху. Паэт адчувае сваё Боскае пакліканне прамаўляць вуснамі нацыі, якая ўсё ніяк не можа стаць на ногі, якая пакутліва ўзбіваецца на свой гістарычны шлях, намагаючыся не страціць свой найкаштоўнейшы скарб выпешчаную стагоддзямі мову, якая імкнецца вярнуцца да сваіх язычніцкіх першавытокаў і свае хрысціянскае культурнае традыцыі. Рыгор Барадулін хваравіта чулы да таго, што адбываецца не толькі з моваю ў цэлым, але і з кожным словам паасобку. Менавіта ў мове, на яго думку, чалавек робіцца чалавекам. У мове знаходзіцца мажлівасць здзейсніць сваё найвышэйшае прызначэнне. У слове выяўляецца боская сутнасць чалавека: