Янка Брыль У прозе Янкі Брыля атрымалі сваё развіццё традыцыі беларускай «паэтычнай прозы», якая яднае ў сабе найлепшыя якасці і эпасу, і лірыкі. Пісьменнік сцвярджае творчую асобу як самае каштоўнае ў жыцці і літаратуры. Яго героі, людзі з народных нізоў, увасабляюць самае лепшае ў беларускім характары: прыродную сціпласць, рэдкую працавітасць, цярплівасць і памкненне да вяршыняў чалавечага духу. Сам Брыль, нягледзячы на неспры- яльныя жыццёвыя і гістарычныя варункі, упарта авалодваў ведамі па сусветнай культуры і стаў надзвычай начытаным і эрудыраваным літаратарам. Ён сапраўдны чараўнік мастацкага слова, які аднавіў у другой палове XX ст. падзабытае майстэрства апавядання, мастак-жывапісец і мысляр-мудрэц адначасова. Беларуская проза ў яго творчасці стала больш шчырай, натуральнай, набыла рысы інтэлектуалізму, разняволілася ў жанравых і стылёвых адносінах. У герояў Брыля і ў яго самога як асобы вельмі спецыфічнае, чыста беларускае стаўленне да гумару, не дужа кідкага, але дасціпнага. У лёсе сям’і Брылёў адлюстравалася шмат з перажытага беларусамі на працягу амаль цэлага XX ст. Антон Брыль, бацька шматдзетнай сям’і, пакаштаваў ужо «лёгкага хлеба» на чыгунцы і, не задаволіўшыся працай на зямлі, падаўся ажно ў Адэсу, далей ад вайны, дзе 4 жніўня 1917 г. і нарадзіўся Янка, будучы класік нашай літаратуры. Вярнуліся Брылі на Бацькаўшчыну ў 1922-м, але бацька ўсё чакаў, калі «адкрыецца» мяжа паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю і ён зможа вярнуцца ў Адэсу. У Савецкім Саюзе засталося двое старэйшых братоў пісьменніка. Пра лёс самага старэйшага стала вядома толькі ў пачатку 1990-х гг., калі ў Быкоўні пад Кіевам было адкрытае месца масавага пахавання ахвяраў сталінізму: сярод рэчаў адшукаўся муштук з надпісам, што належаў брату Янкі Брыля. Пра гэта, пра спробу ўзнавіць усё звязанае з памяццю брата-пакутніка і расследаваць яго апошні зямны шлях Янка Брыль распавёў у дакументальнай аповесці «Муштук і папка» (1990): аўтар назваў яе сагай, і гэта сапраўды сага ў яе першасным азначэнні вуснае, простае, без прэтэнзій на мастацкасць, заснаванае на рэальнай аснове апавяданне пра трагедыю аднаго з мільёнаў ахвяр таталітарызму. Янку было чатыры гады, калі ён, нядаўні гараджанін, пабачыў вёску Загора, радзіму бацькоў, што непадалёк ад Міра, па дарозе на Наваградак. Ён лёгка зжыўся з вясковым асяродкам, хутка адчуў сябе самым натуральным беларусам. Першыя, самыя яскравыя ўражанні пазней адлюстраваліся ў аўтабіяграфічных аповесцях «Сірочы хлеб» (1942-56) і «У сям’і» (1943-55), а таксама ў шмат якіх творах «малога жанру». У сям’і існаваў культ «вучонасці», а першай «настаўніцай» стала маці: навучыла чытаць яшчэ да школы па рускім буквары. У Загоры была польская пачатковая школа, дзе выкладалася, «дзеля дэмакратычнага прыліку», беларуская мова тры разы на тыдзень. Кнігі, што былі дома, у школе, у пісьменных вяскоўцаў, чыталіся «запоем». Спачатку рускія класікі Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі, потым у жыццё хлопца ўвайшлі Гогаль, Талстой, Чэхаў, Горкі. Леў Талстой застаўся кумірам назаўжды і як геніяльны мастак, і як выдатны прапаведнік. 3 беларускай літаратурай даводзілася знаёміцца найбольш па чытанках. Найпершае і наймацнейшае ўражанне засталося ад Купалы і Коласа. Запомніліся Багушэвічавы «Воўк і авечка», «Ахвяра», «Калыханка». У юнацтве зачараваў Багдановіч, найбольш сваёй культурай і чалавечай абаяльнасцю, як сімвал інтэлігентнасці і ўсебаковай эрудыраванасці. У сямігодцы, якая знаходзілася ў суседнім Турцы, прыйшлі польскія класікі Міцкевіч, Славацкі, Прус, Сянкевіч, Канапніцкая, Ажэшка. Тут мела значэнне і школьная закаханасць у пані Мар’ю, настаўніцу польскай мовы і літаратуры, якая вучыла малых беларусаў любові да ўсяго ўзвышанага і прыгожага ў паэзіі ўсіх народаў. Лёс яе быў жахлівы у вайну яна загінула ў Калдычэўскім лагеры смерці. Янка Брыль не раз вяртаўся да яе вобраза ў сваіх творах, яскрава ўвасобіўшы яго ў аповесці «Сірочы хлеб». Паэзія, а гэта найперш вершы, прачнулася ў душы 14-гадовага падлетка якраз тады, калі ён упершыню адчуў навакольнае хараство свету, адгукнуўся на чужы боль... Пра гэта больш падрабязна празаік расказаў пазней у аповесці «Золак, убачаны здалёк» (1978). Пісаў Брыль адразу на трох мовах. «Руская мова, адзначаў сам пісьменнік, прыйшла з неабдымна-чароўным светам вялікай паэзіі. Польская, даўшы таксама нямала сапраўднага захаплення, перш за ўсё забяспечыла сякой-такой адукацыяй. Роднае слова гэта былі не толькі паэты, гэта было само жыццё, з яго раллёй і хлебам, з яго задушэўнымі песнямі і невыказным навакольным хараством. I роднае перамагло». Пасля заканчэння сямігодкі Янка Брыль паступіў у Наваградскую гімназію, але не меў за што вучыцца. Працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй, падтрымліваў ідэі заходнебеларускага Народнага фронту, сярод якіх асаблівае месца займала яднанне беларускага народа, адукацыя на роднай мове. У 1938 г. быў змабілізаваны ў польскае войска, служыў у марской пяхоце ў Гдыні. Удзельнічаў у баях з першага дня Другой сусветнай вайны. Трапіў у нямецкі палон. Працаваў на розных баўэраў і, хоць маральна і фізічна нялёгка пераносіў штодзённыя здзекі і прыніжэнне ад прадстаўнікоў «вышэйшай расы», усё ж меў магчымасць пабыць на волі, па-за межамі канцлагера. Потым уцёк на радзіму. Назва рамана «Птушкі і гнёзды», у якім па-мастацку ўвасобленыя гэтыя падзеі, запазычана з прадмовы Францішка Скарыны і выяўляе адвечнае імкненне беларуса да сваёй Радзімы. Неўзабаве, ужо дома, Янка Брыль стаў партызанскім разведчыкам, з сакавіка 1944 года ўдзельнічаў у баях, супрацоўнічаў у падпольнай газеце «Сцяг свабоды», пры якой наладзіў выданне сатырычнага лістка «Партызанскае жыгала». Тут друкаваліся ягоныя вершаваныя фельетоны і нарысы. Пасля вызвалення Наваградчыны Брыль працаваў рэдактарам раённай газеты, потым пераехаў у Мінск, дзе працаваў у розных выданнях, а таксама сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі. Усе пасляваенныя гады ён шмат ездзіў па свеце, выкарыстоўваючы любую магчымасць, каб наталіць вечную прагу бачыць як мага больш. У першай палове 1970-х гг. разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам, сябрамілітаратарамі і былымі партызанамі, Янка Брыль аб’ехаў усю Беларусь, запісваючы на магнітафонную стужку вусныя апавяданні беларусаў з «вогненных вёсак» пра карныя акцыі фашыстаў. Брыль быў сябрам шмат якіх грамадскіх арганізацый і творчых саюзаў, меў шмат урадавых узнагарод і ганаровых званняў, быў уганараваны ордэнамі і медалямі замежных краін. У 1981 г. атрымаў годнасць народнага пісьменніка Беларусі. Жыццёвы шлях Янкі Брыля скончыўся 25 ліпеня 2006 г. Пахаванне выдатнага творцы адбылося без якога-кольвечы ўдзелу афіцыйных беларускіх уладаў. Пачаткам літаратурнай творчасці Янка Брыль лічыць апавяданне «Марыля», якое пісалася часткамі з 1937 па 1943 гг. Першая ж публікацыя гэта былі вершы адносіцца да 1938 г. Яшчэ падлеткам Янка рыхтаваўся да сталай творчай працы: запісваў трапныя словы, выразы, прыказкі, прымаўкі, цэлыя сцэнкі, падслуханыя гісторыі і падгледжаныя праявы вясковага жыцця. Літаратурную вучобу дапаўнялі беларускія кнігі, хоць іх і было мала. Да літаратурнага жыцця далучаўся, выпісваючы віленскія выданні «Калосьсе», «Беларускі летапіс», «Нашу волю», куды дасылаў і ўласныя творы. 3 пісьменнікаў добра ведаў паэта Міхася Васілька: лёс пазней звёў іх у нямецкім канцлагеры, пра што зноў жа згадвалася ў paMane «Птушкі і гнёзды». Апавяданне «Марыля» было пачатае паруску. «Потым, успамінаў Брыль, адчуўшы па-сапраўднаму, што “кожная бочка павінна стаяць на ўласным дне”, перапісаў на мову родную». Менавіта гэты твор выразна выявіў творчыя арыентацыі і дакладныя прыкметы брылёўскага стылю. 3 першых радкоў гучыць народнае маўленне, выразнае, трапнае народнае слова. У творы гнуткі, жывы сінтаксіс. За ўсім відаць постаць чалавека з народа, які ацэньвае падзеі і людзей з пункту погляду традыцыйнай сялянскай маралі, праверанай на практыцы дзясяткамі пакаленняў. Аўтар менш за ўсё збіраўся выкрываць уласніцтва, як пісала крытыка, бо яго хвалявала іншае: як у задушлівай атмасферы сквапнасці, цемрашальства задыхаюцца і гінуць без пары жывыя чалавечыя памкненні, скажаюцца лёсы цудоўных, вонкава і ўнутрана прыгожых людзей. Малады празаік спадзяецца на паступовае маральнае ўдасканаленне свету, хоць яго спадзяванні і былі марнымі: свет знаходзіўся ў прамежку двух страшных сусветных войнаў. Першы зборнік Янкі Брыля «АпавяЬанні» выйшаў у свет у 1946 г. Пасля яго з’явіліся іншыя кнігі, у т. л. для дзяцей. Пераважала ў творах гэтага часу лірычная танальнасць, часам расчуленасць: аўтар апявае жыццё людзей, якія захапляюць яго сваёй душэўнай прыгажосцю. Тым не менш, у цыкле апавяданняў «Ты мой лепшы друг», акрамя паэтычнай усхваляванасці, ёсць яшчэ і напружаны драматызм, уласцівы самой эпосе супрацьстаяння гвалту ў яго таталітарнай форме гітлерызму і сталінізму. У апавяданні «Адзін дзень» (1948-52) ставіцца праблема выбару, якая пазней будзе прысутнічаць у ваеннай прозе іншых пісьменнікаў. Партызаны, ратуючыся ад блакады, апынаюцца ў сітуацыі, калі павінны зрабіць свой маральны выбар: разам з імі маладая жанчына-маці з малым на руках, жонка іх сябра, які загінуў. Менавіта ў стаўленні да яе і яе дзіцяці выяўляецца ўзровень маральнасці кожнага. Рашучае слова кажа малодшы, Жэня Саковіч: ён не прызнае выратавання коштам чалавечага жыцця, пагатоў жыцця жанчыны і дзіцяці. У яго ўяўленні гэта тое ж, што ахвяраваць самой будучыняй. Янку Брыля заўсёды цікавіў тып чалавека, чулага да хараства, духоўна багатага. Гэты чалавек імкнецца да поўнай самарэалізацыі ў працы, творчасці, каханні. Жорсткі лёс вельмі часта здзекуецца з прывабнай жанчыны, якой не чужыя высокія душэўныя памкненні. Менавіта пра гэта думаў Янка Брыль, калі пісаў апавяданне «Галя» (1953). Аўтарскі лірызм выяўляецца праз спачувальную інтанацыю, з якой вядзецца апавяданне пра лёс прыгожай жанчыны, што сваімі рукамі знішчыла ўласнае шчасце. У яе таксама была магчымасць выбару паміж прыгожым і брыдкім, высокім і нізкім, добрым і кепскім, але яна вырашыла, што каханне занадта няпэўнае пачуццё, якое з гадамі блякне, знікае, пакідаючы па сабе толькі ўспаміны. У тым, што Галя так разважала і такі выбар зрабіла, вінаватае не толькі яе жаночае хараство, на якое квапіліся стараватыя кавалеры-багацеі, не толькі яе сірочае дзяцінства, бес-