вайны. У гэтым і іншых апавяданнях ваеннай тэматыкі Іван Навуменка паказвае сябе добрым знаўцам юначай псіхалогіі, тых вонкавых і ўнутраных канфліктаў, з якіх паўстаюць, паступова выспяваючы, чалавечыя драмы. Іван Чыгрынаў (1934-1996; нарадзіўся ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці) быў адным з прадстаўнкоў пакалення «дзяцей вайны», якое бачыла і запомніла трагедыю беларусаў інакш, чым іх папярэднікі, У сям’і старшыні сельсавета Гаўрылы Чыгрынава (загінуў падчас вайны), акрамя Івана, было сямёра дзяцей, якіх давялося гадаваць маці. Будучы пісьменнік яшчэ ў дзяцінстве быў знаёмы з Аркадзем Куляшовым, у 1957 г. закончыў факультэт журналістыкі БДУ. Студэнтам пачаў друкавацца і актыўна рыхтаваў сябе да пісьменніцкай працы: падарожнічаў па родных мясцінах, збіраў падчас гэтых вандровак матэрыял для будучых мастацкіх твораў у жанры прозы, запісваў гістарычныя паданні, успаміны сведкаў вялікіх падзей. Працаваў у выдавецтвах і часопісах, быў сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшынём праўлення Беларускага фонду культуры. У 1989 г. быў прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына». Адзін з аўтараў прынятага ў 1990 г. «Закона аб мовах». У 1994-м, за год перад смерцю, атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі. У прозе Іван Чыгрынаў пачынаў з апавяданняў, якія склалі змест кніг «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973). Аўтар раманаў «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужыя» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996), прысвечаных апісанню падзей Друтой сусветнай вайны ў Беларусі, якія склалі пенталогію Чыгрынава. У 1980-я гг. ён актыўна працаваў у драматургіі. Ягоныя п’есы апублікаваныя ў кнізе «Звон не малітва» (1993). Найлепшыя апавяданні Чыгрынава ўвайшлі ў скарбонку беларускай малой прозы. Класічна выбудаванай структурай, адметнымі характарамі вызначаецца апавяданне «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1961). Вобраз старога лесніка Дземідзёнка абмаляваны псіхалагічна выверана, пры гэтым сутнасць гэтай асобы так і застаецца загадкай для чытача. Вонкава гэты герой зусім героем не выглядае, але праз яго лёс узнаўляецца горкі досвед беларусаў у апошняй вайне. Дземідзёнак быў тады звязаны з партызанамі, наведваўся да іх у лагер, даваў ім прытулак у сваёй старожцы. Арыштаваны гітлераўцамі, ён не выдаў месцазнаходжання партызанскага лагера, але страціў сваю «гарадскую» ўнучку Аленку: вярнуўшыся з арышту ён, замест яе, у леснічоўцы знайшоў толькі мёртвую скалелую сінічку... Гэта так моцна ўразіла Дземідзёнка, што пасля вайны ён не мог трываць, калі бачыў пакуты птушак. Хадзіў на рынак і за сваю пенсію купляў розных птушак, каб адразу іх выпусціць на волю. I гэта прыносіць старому чалавеку душэўнае заспакаенне. Апавядальнік расказвае: «Я загледзеўся на гэтае ціхае хараство прыроды і не заўважыў, як неспадзявана перамяніўся Дземідзёнак. Стары раптам выпрастаўся, памаладзеў і ўжо ад таго ранейшага Дземідзёнка нічога не засталося. Ён з нейкім не па гадах дзіцячым захапленнем пазіраў услед сваім птушкам, якія, трапечучы крыламі, пырхалі з келеткі, і твар яго ўвесь свяціўся. Нарэшце я ўбачыў чалавека, які перажываў вялікую радасць...» У апавяданні«Уц/хшлнумйне»(1963)Чыгрынаўугуманістычным ракурсе раскрывае трагедыю старой маці колішняга карнікапаліцая Якава Рэйды, якая, праз шмат гадоў знайшоўшы закінутую і занядбаную магілу свайго сына, аплаквае сваё роднае дзіця, не хаваючы мацярынскіх пачуццяў... Асноўная думка-жарсць вышэйзгаданай чыгрынаўскай пенталогіі палягае ў наступным: беларусы ў час вайны з фашызмам адчулі і ўсвядомілі сябе як нацыю, якая ішла ў першых шэрагах змагароў з «карычневай чумой». Вайна паказаная ў раманах як з’ява ўсеахопная і ўсепранікальная, яна закранула лёс народаў, жыццё кожнага чалавека, паўплывала на хаду і напрамак руху сусветнай гісторыі. Празаік быў перакананы: кожнае пакаленне «будзе дада- ваць у паказ вайны нешта сваё, аднаўляючы агульную яе карціну», «пра мінулую вайну яшчэ не ўсё сказана». У гэтым перакананні ён абапіраўся на ўчэпістую дзіцячую памяць: «У вёсцы расказвалася ўсё, што было ў вайну. He забывалася нічога з тагачаснага жыцця, побыту, барацьбы. Людскія споведзі і згадкі замацоўваліся ў памяці». Празаіка заўсёды цікавіла падаснова сучаснасці, непасрэдна звязаная з лёсавызначальнымі падзеямі мінулай вайны, у якіх беларусы прынялі самы чынны ўдзел, здзейснілі гераічны подзвіг у імя будучыні і панеслі вялікія страты. Увага Івана Чыгрынава ў рамане «Не ўсе мы згінем» (апубл. у 1995), заключным творы пенталогіі, пераключаецца на вобраз Масея Зазыбы, яго лёс і яго драму. Тое, што было немагчымым у савецкія часы, калі пра самае галоўнае даводзілася гаварыць намёкамі, у часы перабудовы стала на парадку дня. Беларуская ідэя, думка пра нацыянальнае культурнае адраджэнне, якая заўсёды хвалявала празаіка, але гучала прыглушана ў яго папярэдняй творчасці, прадэманстравала сваю жыццёвасць і актуальнасць. Ідэйным носьбітам і выразнікам беларускасці ў рэальнай гісторыі была нацыянальная інтэлігенцыя, да якое мае прамое дачыненне Масей, настаўнік, паэт, вязень сталінскіх і гітлераўскіх турмаў... Думка пра сучаснасць, пра нявырашанасць беларускіх праблем лунае над старонкамі рамана, які стаў «лебядзінай песняй» Івана Чыгрынава. У творы шмат пастаўлена цяжкіх, балючых пытанняў, на якія няма адказаў. Аднак пісьменнік ведае, што ўсякая ісціна, у тым ліку і гістарычная, нараджаецца ў пошуку, а працэс пошуку бясконцы, і ў ім удзельнічаюць усе пакаленні. Драматургія Андрэя Макаёнка. У драматургіі, абмежаванай законамі жанру, цяжка стварыць ілюзію «акопнай праўды». У паказе вайны пісьменнікі адмаўляліся ад павярхоўнасці і імкнуліся дасягнуць глыбіні і шматмернасці. Адным з этапных твораў на гэтым шляху была трагікамедыя Андрэя Макаёнка (1920-1982; нарадзіўся ў вёсцы Борхаў на Рагачоўшчыне) «Трыбунал» (1970). На момант стварэння гэтай п’есы яе аўтар ужо меў не толькі бе- ларускую, а і шырэйшую вядомасць: яго камедыі «Каб людзі не журыліся» (1957), «Лявоніха на арбіце» (1961), «Зацюканы апостал» (1969) не сыходзілі з падмосткаў мноства тэатраў Савецкага Саюза. Макаёнак вызначыў жанр «Трыбунала» як «трагікамедыю» або «народны лубок». «Трыбунал» набліжаецца да паэтыкі батлейкі з яе камічнымі тыпажамі. Паказаны ў п’есе нямецкі камендант нагадвае тых карыкатурных «фрыцаў», што выступалі ў якасці антыгерояў на сатырычных плакатах ваеннага часу. Галоўны перса- наж твора, Цярэшка Калабок, мае выразны, псіхалагічна напоўнены характар. Ён з’яўляецца носьбітам традыцыйных рысаў беларускай ментальнасці, але сваімі паводзінамі гэты тыпаж і разбурае. Задыханы, ён прыбягае дахаты і паведамляе родным, што нямецкія ўлады прызначылі яго старастам. Якая, здавалася б, радасць для яго, былога калгаснага пастуха, што не наважваўся камандаваць нават жонкай, гэтая нечаканая ўлада над людзьмі! Ён не хавае, а наадварот, усяляк паказвае гэтую радасць: «Кандзібоберам хадзіць буду!» На прыкладзе Калабка можна дэманстраваць славутую беларускую памяркоўнасць, даведзеную да скрайнасці. «Ты есць дзікі чалавек. Ты есць джунглі чалавек», чуе Цярэшка ад немца. I дабрадушна адказвае: «Абы чалавек, а ета ўсё... хай сабе і дзікі». Хітры Калабок па-майстэрску вядзе сваю падвойную гульню і падманвае не толькі немца і паліцая, але і сваіх родных, нават праніклівую жонку Паліну. На працягу ўсяго дзеяння глядач жыве прадчуваннем, што не ўсё так проста з гэтым мужычком, і яно спраўджваецца, калі высвятляецца сапраўдная мэта дзеянняў Калабка... Такія творы, як «Трыбунал», дапамагаюць глыбей зразумець тыя якасці беларускага характару, што выяўляюцца падчас пагрозы, якая вісіць над лёсам чалавека, яго сям’і і ўсёй нацыі. Незвычайныя паводзіны Калабка, ягоныя дыпламатыя і гнуткасць, здольнасць удаваць з сябе прастадушнага, дурнаватага дапамагаюць зразумець нязломнасць беларусаў падчас Другой сусветнай вайны. I не толькі тады бо, паводле свайго геапалітычнага становішча, народ увесь час вымушаны быў змагацца з рознымі захопнікамі. Традыцыйныя якасці беларускага смеху перадаліся беларускай камедыяграфіі нашага часу. Яны абумовілі незвычайны, нават фенаменальны ўзлёт творчасці драматурга Андрэя Макаёнка. Гэты драматург умеў будаваць твор з «хітрынкай», з «сакрэтам», як быццам прадчуваючы, што закранутыя ім праблемы ў будучыні могуць абярнуцца іншымі гранямі і паўстаць больш востра. Ён умеў заўважаць заганы там, дзе яны былі, дабіраўся да іх карэнёў з дапамогай сатыры, а сатыра зброя вострая, з глыбокай ступенню пранікнення ў з’явы. Бывае, што сатырычны твор аказваецца шырэйшым сваім зместам за намеры яго аўтара. Праблемы, якія Макаёнак-драматург даследаваў у творах на «калгасную» тэму, актуальныя і сёння, калі неабходныя канструктыўныя змены ва ўсёй сістэме гаспадарання. Сваё месца ў творчасці Андрэя Макаёнка займае вышэйзгаданая п’еса «Зацюканы апостал». У творы, жанр якога можна вызначыць як камедыя-прыпавесць, высвечваецца цэлы комплекс жыццёвых праблем. Дзеянне адбываецца ў заходняй краіне, але чытачу зразумела, што гэта гісторыя можа мець месца ўсюды. Бо праблема сям’і, разладу і непаразумення ў ёй, канфлікту пакаленняў універсальная і адвечная. I калі мы бачым, як тата хлусіць маме, мама тату, яны абодва дзецям, узнікае пытанне: ці ж такое бывае толькі на Захадзе? Бунт Малыша, персанажа-вундэркінда, адмысловы. Надзвычай рана ён навучыўся не толькі выкрываць хлусню дарослых людзей, але і карыстацца ёю. Ён ставіць эксперымент ва ўласнай сям’і і пераконваецца, як лёгка прымусіць людзей скарацца. Цяпер запаветная мара Малыша зрабіць палітычную кар’еру... За душу гэтага юнага цыніка змагаюцца кнігі і тэлевізар. Кнігі вучаць яго «разумнаму, добраму, вечнаму». Тэлекаментатар, які штовечар «прымае роды ў гісторыі», навучае хлусні, цынізму і майстэрству абалваньваць масы. «Неакрэплая псіхіка» Малыша не вытрымлівае: вундэркінд становіцца ідыётам... Палемізм і сацыяльная вастрыня з’яўляюцца атрыбутамі апошніх п’ес Андрэя Макаёнка. 3 гэтай прычыны дзесяць год не бачыла сцэны, знаходзілася «ў шуфлядзе» камедыя «Пагарэльцы» (1980). Драматург, выкарыстоўваючы эўфемізмы і іншаказ, паказаў тое, як вялікая ўлада, для якой не існуе абмежаванняў, разбэшчвае людзей нават на высокіх пасадах, робіць іх небяспечнымі для іншых...