• Газеты, часопісы і г.д.
  • Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя

    Словы ў часе і прасторы

    Літаратура апошняга стагоддзя

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 394с.
    Мінск 2015
    118.23 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Асобныя творы Кундэры апавяданні й эсэ перакладзеныя на беларускую мову Аленай Вострыкавай, Сяргеем Сматрычэнкам, Змітрам Дзмітруком, Аляксеем Знаткевічам.
    Раманы, эсэістыка і паэзія Юрыя Андруховіча. Гэты шырока вядомы сёння на радзіме і за яе межамі творца (нарадзіўся ў 1960 г. у Івана-Франкоўску) працуе ў самых розных жанрах (паэтычныя зборнікі «Неба і плошчы», 1985; «Серадмесці», 1989; «Экзатычныя птахі і расліны», 1991; «Песні для Мёртвага Пеўня», 2004; раманы «Рэкрэацыі», 1992; «Маскавіяда», 1993; «Перверсія», 1996; «Дванаццаць абручоў», 2003; кнігі эсэ «Дэзарыентацыя на мясцовасці», 1999; «Д’ябал
    хаваецца ў сыры», 2006; «Тут пахаваны Фантамас», 2015; зборнік твораў розных жанраў «Лексікон інтымных месцаў», 2011, і інш.). Галоўным героем або антыгероем яго раманаў выступае багемны паэт, які трапляе ў эпіцэнтр фатальных ператварэнняў фізікі ў метафізіку і наадварот. Час дзеяння ў гэтых творах моцна абмежаваны, нават скандэнсаваны: у «Рэкрэацыях» гэта адна ноч, у «Маскавіядзе» адзін дзень, у «Перверсіі» пяць дзён і начэй. Для раманаў Андруховіча характэрнае неабарочнае змешванне стыляў і жанраў; тут можна бачыць элементы фантастыкі, гатычнай прозы, трэлера, сатыры, лірычнай споведзі...
    Дзеянне «Маскавіяды», «рамана-жахаў», напісанага ад першай асобы, адбываецца ў траўні 1991 года. Герой твора, нацыянальна-свядомы ўкраінскі паэт Ота фон Ф. вучыцца ў Літаратурным інстытуце і жыве ў інтэрнаце. Уранні ён выходзіць з яго і ідзе не раўнуючы, як герой джойсаўскага «Уліса» складаным і заблытаным маршрутам па сталічным горадзе. Па дарозе з ім адбываюцца самыя неверагодныя падзеі і ператварэнні. Урэшце, ён апынаецца ў патаемных сутарэннях: спачатку трапляе на з’езд праваслаўных расійскіх нацыяналістаў, а іютым на пасяджэнне нейкага таемнага камітэта, які кіруе краінай і ўсяляк імкнецца захаваць вялікую імперыю. Ота фон Ф. расстрэльвае камітэтчыкаў і забівае сябе, толькі гэткім чынам ён можа вызваліцца ад імперыі, ад Масквы...
    Далейшыя падзеі набываюць абсалютна фантастычную афарбоўку. Ці то ўваскрослы галоўны герой, ці то яго душа едзе на кіеўскі вакзал і ад’язджае ва Украіну. Аўтар пакідае свайго героя на верхняй паліцы цягніка, што ідзе ў Кіеў...
    У паэтычным цыкле «Індыя» (1994) Андруховіч спрабуе намацаць «духоўную вертыкаль быцця» праз спалучэнне фантасмагарычнага з рэальным і заніжаным, смешнага з жудасным.
    Эсэістычныя творы Андруховіча, як правіла, узніклі ўвыніку яго падарожжаў: аўтар з пэўнай доляй іроніяй і гратэску разважае над асаблівасцямі цяперашняга еўрапейскага культурна-гістарычнага ландшафту.
    Шэраг твораў Юрыя Андруховіча перакладзены на беларускую мову Андрэем Хадановічам і Марынай Шодай (зборнік «Уводзіны ў геаграфію», 2006).
    Беларуская эсэістыка сёння
    Эсэізацыя розных жанраў літаратуры ў XX ст. асабліва выявіла сябе ў «маладых» літаратурах Еўропы й іншых кантынентаў. Беларуская эсэістычная традыцыя, пачатак якой можна ўбачыць у Максіма Багдановіча («Хто мы такія?»), Янкі Купалы («3 Фінляндыі»), Якуба Коласа («Думкі ў дарозе»), Ігната Абдзіраловіча («Адвечным шляхам»), а годны працяг ва Уладзіміра Караткевіча («Зямля пад белымі крыламі»), Янкі Брыля («Мой Чэхаў») або ў Міхася Стральцова («Загадка Багдановіча»)...
    Валянцін Акудовіч (нар. у 1951 г.) рэпрэзентуе менш «белетрызаваную», збліжаную, хутчэй, з філасофскім дыскурсам плынь у беларускай эсэістыцы. У першай сваёй кнізе «Мяне няма: Роздумы на руінах чалавека» (1998) аўтар спрабуе даць свае вызначэнні такім, здаецца, даўно дэфініяваным паняццям такім, як «гуманізм», «чалавек», «тэкст», «дыскурс». У кожным выпадку так ці інакш выяўляе сябе беларускі погляд на быццам бы звышуніверсальныя рэчы. Кніга «Разбурыць Парыж» (2004) складаецца з назіранняў над асаблівасцямі творчасці адметных удзельнікаў беларускага літаратурнага працэсу (Уладзімір Арлоў, Славамір Адамовіч,
    Алесь Аркуш, Валянціна Аксак, «бумбамлітаўцы»), з развагаў на тэмы «Віртуальная Беларусь», «Свабода як форма выяўлення волі да ўлады», «Росквіт і заняпад метафізікі», «Фрагменты страчанага гіпертэксту» і г. д. Кніга «Дыялогі з Богам» (2006) чарговая спроба надаць «беларускую рэчыўнасць» даўно вядомым паняццям. Шэраг эсэ Акудовіча сёння выдадзены ў перакладах на польскую і нямецкую мовы.
    Адным з ідэолагаў беларускага нацыянальнага абуджэння напрыканцы 1980-х гг. стаў Сяргей Дубавец (нар. у 1959 г.). Свой творчы шлях ён пачаў з малой прозы. У мініяцюры «Сізіф» (1984) ён па-іншаму павярнуў сюжэт вядомага міфа, інтэрпрэтаванага ў эсэ Альбэра Камю. Ужо ў першай яго кнізе «Практыкаванні» (1992) знайшлі сваё месца такія адметныя творы гэтага жанру, як «Мова», «Фрыдрых Ніцшэ гіпсавы вясляр», «Тут». Пры гэтым і такія яго «літаратурна-крытычныя артыкулы», як «Ружовы туман», «СП і я», «Новая Культурная Сітуацыя» таксама стаяць вельмі блізка да жанру эсэ. Але найбольш яскрава Дубавец-эсэіст выявіў сябе ў вялікім цыкле «Вострая Брама» (1997-2005) своеасаблівай аўтарскай, вельмі суб’ектыўнай энцыклапедыі беларускасці. У падтэксце эсэ Сяргея Дубаўца нязменна прысутная Вільня горад, у якім пісьменнік пражыў больш як 20 гадоў і які стаў своеасаблівым прытулкам яго душы...
    Сваё адметнае слова ў беларускай эсэістыцы нашага часу здолелі прамовіць народжаныя на Беласточчыне Сакрат Яновіч (гаворка пра якога пойдзе ніжэй) і Ян Максімюк (нар. у 1958 г.), мінчане Ігар Бабкоў (нар. у 1964 г.), Юрась Барысевіч (нар. у 1966 г.), Сяргей Харэўскі (нар. у 1967 г.), а таксама Алесь Анціпенка (нар. у 1953 г. у Слаўгарадзе), Пётра Рудкоўскі (нар. у 1978 г. у Канвалішках на Гарадзеншчыне) і інш.
    Уладзімір Арлоў. Сапраўднае месца Уладзіміра Арлова (нарадзіўся ў 1953 г. у Полацку) у беларускай літаратуры «перабудовачнага часу» і эпохі незалежнасці, вядома ж, вызначыць час. Бязмежная вера ў сапраўды беларускую Беларусь зрабіла яго адной з галоўных асоб, што стваралі інтэлектуальнае апірышча новай
    беларускай незалежнасці. Родны горад Арлова Полацк стаў своеасаблівай Ёкнапатафай яго празаічна-паэтычна-эсэістычнай эпапеі. Яшчэ ў студэнцкія гады Арлоў спрычыніўся да выдання нелегальных часопісаў «Блакітны ліхтар» і «Мілавіца», праз што адразу трапіў на заметку савецкіх спецслужбаў. Працуючы намеснікам рэдактара наваполацкай гарадской газеты «Хмммк», Уладзімір Арлоў
    на пачатку 1980-х гг. узначаліў гарадское літаратурнае аб’яднанне «Крыніцы», якое паступова зрабілася асяродкам незалежнай беларускай думкі. 3 сярэдіны 1980-х гг. наваполацкія інтэлектуалы з «Крыніцаў» актыўна далучыліся да перабудовачных дыскусій і канкрэтнай грамадска-палітычнай працы. Пасля пераезду на сталае жыхарства ў Мінск, дзе Арлоў атрымаў пасаду рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура» (у 1997 г. звольнены адтуль з палітычных прычын), ён нязменна ў шэрагу тых, хто адстойвае ідэалы незалежнай і дэмакратычнай Беларусі.
    Уладзімір Арлоў-пісьменнік амаль аднолькава таленавіты ў самых розных жанрах ад падарожнай нататкі да вострасюжэтнай навелы, ад улёткі, якая сапраўды «лётае» па свеце (эсэ «Незалежнасць» гэта...» перакладзенае больш як на 20 моваў), да навукова-папулярнай гісторыі, ад «вершаў у прозе» да дэтэктыўных росшукаў у лабірынтах беларускай мінуўшчыны. Шырокую вядомасць Уладзіміру Арлову прынеслі перадусім творы нацыянальнагістарычнай праблематыкі: напісаныя ў другой палове 1980-х сярэдзіне 1990-хгг. аповесці «Дзень, каліўпала страла», «Час чумы», «Сны імператара», «Краявід з ментолавым пахам», апавяданні «Каля Дзікага Поля», «Місія папскага нунцыя», «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Пішу вам у Масковію», «Рандэву на манеўрах» і інш. Гэтыя творы Уладзіміра Арлова вядома, на фоне папярэдняй традыцыі гістарычнай прозы стрымана-лапідарныя, лаканічныя,
    графічна-строгія паводле сюжэта, інтанацыі, пафасу. Нават жанр аповесці ў яго больш нагадвае разгорнутую навелу з займальнай фабулай і нечаканай развязкай. Арлоў не імкнецца да маштабнага ўзнаўлення гістарычнай панарамы, пэўных эпахальных падзей. У большай ступені яго цікавіць гісторыя людзей. Гэткая гісторыя, населеная рэальнымі і прыдуманымі гістарычнымі персанажамі, падаецца нам бліжэйшаю за абязлюдзелую прастору мінулага. Вельмі часта аб’ектам гістарычнага даследавання ў прозе Уладзіміра Арлова робіцца тое, што адбываецца пасля падзеі, калі больш выразна выяўляюцца вынікі, усё тое, што намі будзе ўспрымацца як магістральная лінія нацыянальнага развіцця, як скразная плынь гісторыі. Эпіцэнтр гістарычных падзей, на якім гэтулькі часу былі засяроджаныя позіркі аналітыкаў, у яго творах прыкметна змяшчаецца на перыферыю, і вось выяўляецца: тое, што знаходзілася на ўскрайку гістарычнае свядомасці, і ёсць сапраўдным эпіцэнтрам, бо не меч вырашае лёс цывілізацыі, а дух, праўда старая, відавочная, якая тым не менш патрабуе пастаяннага напамінку пра сябе...
    Гэткім чынам, ужо ранняй творчасці Уладзіміра Арлова ўласцівы моцны эсэістычны пачатак. Па-сапраўднаму ж большая вага Арлова-эсэіста стала адчувацца, нават у параўнанні з вагою Арлова-навеліста, пасля выхаду асобнай кнігай вялікага эсэ на гістарычную тэматыку «Таямніцы полацкай гісторыі» (1994). Гісторыя ў гэтай кнізе гэта гісторыя і падзей, і людзей, а зрэшты і ідэй, якія паступова авалодваюць думкамі нашых сучаснікаў. Гісторыя сучаснасці ў тых эсэ, што ўвайшлі ў зборнікі «Мой радавод да пятага калена» (1992), «Божая кароўка з Пятай авэню» (1998), «Адкусі галаву вароне» (2003), кнігу выбранай эсэістыкі «Сланы Ганібала» (2005), паказаная як дасціпна апрацаваная, часам падрабязна, дэталёва прапісаная панарама цяперашняга жыцця, у цэнтры якога заўсёды аўтарскае «я» з яго выразнай пазіцыяй, гуманістычна-іранічным стаўленнем да бачанага, скрухай, лірыкай, роздумам, непаўторным арлоўскім горкім сарказмам у дачыненні да гэткай недасканалай чалавечай прыроды, што ніяк не можа ўзвысіцца над хадою часу і над сабою. Асаблівы і непаўторны кшталт у гэтых творах Арлова мае іронія. Яна як бы сведчанне
    інтэлектуальнай цвярозасці пісьменніка, які, відавочна, арыентуецца на ўзоры еўрапейскага мыслення. Занадта шмат маецца ў гэтым свеце сур’ёзнасці, што не дае людзям напоўніцу адчуць прывабнасць зямнога існавання.
    Вершы ў прозе Уладзіміра Арлова (зборнікі «Там, за дзвярыма», 1991; «Фаўна сноў», 1995; «Паром праз Ля-Манш», 2006; «Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся», 2009; «Свецяцца вокны, ды нікога за імі», 2012) гэта таксама своеасаблівыя лірычныя эсэ, напісаныя як бы толькі «для сябе» ўрыўкі інтымнага дзённіка. Тут можна сустрэць згадкі пра першае каханне, калі лірычны герой зрабіўся відушчым і ў той жа час не пазбавіўся слепаты, авалодаў сутнасцю слоў, ды яны выйшлі з-пад яго ўлады, прагне сустрэчы з самім сабою: