• Газеты, часопісы і г.д.
  • Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя

    Словы ў часе і прасторы

    Літаратура апошняга стагоддзя

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 394с.
    Мінск 2015
    118.23 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Кірай, якая папракала Сцяпана тым, што ён прышчапляў ёй пачуццё гонару, змушаў яе да духоўнага ўзвышэння тады, калі яна таго і не хацела. У аповесці «Сцяна» ёсць некалькі сцэн, што нагадваюць пра класічны спосаб вырашэння падобных калізій паміж чалавекам і ўладаю. Гэта дыялогі-дыскусіі галоўнага героя з Пракурорам, а пасля і з самім Чортам. Натуральна, аўтару добра вядома, якім чынам гэтую сітуацыю інтэрпрэтуе літаратурная класіка ад Дастаеўскага да Чорнага, ад Гётэ да Томаса Мана. Але ён памятае і пра тое, што гістарычныя ўзоры зазвычай няшмат дапамагаюць у рэальным жыцці, бо кожны новы ўдзельнік гісторыі павінен сам, на сваім уласным горкім досведзе пераканацца ў справядлівасці такіх адвечных праўдаў, як жыць паводле сумлення, не ў хлусні. На жаль, гісторыя зноў і зноў вымушае чалавека развязваць гэтую маральную дылему, ператвараючы жыццё ў няспыннае змаганне за ідэю чалавечнасці.
    Экалітаратура і Чарнобыль. Чарнобыльская катастрофа стала пунктам адліку найноўшай гісторыі беларусаў. Яна моцна стымулявала роздум пісьменнікаў над тым, што адбывалася на працягу ўсяго XX ст., абудзіла цікавасць да прыхавана глыбіннага і самага істотнага ў беларускай рэчаіснасці, у нацыянальным характары, прымусіла шукаць прычыны нашых бедаў і няшчасцяў. Беларуская трагедыя, адлюстраваная ў сімволіцы назваў «Курапаты», «Хатынь», «Чарнобыль», злучыла ў адзін гістарычны ланцуг падзеі мінулага і сучаснасці, актывізавала ўвагу да тэндэнцый нашага руху ў будучыню, да перспектыў развіцця і прагнозаў.
    Асаблівую ролю ў асэнсаванні паслячарнобыльскай рэчаіснасці і папярэджанні магчымых наступстваў адыграла пісьменніцкая публіцыстыка. Адным з першых магчымыя вынікі агульнай бяды адчуў Алесь Адамовіч, які ў сваёй мастацкай і навукова-крытычнай творчасці шмат увагі аддаваў падзеям нацыянальнага маштабу і быў творча і маральна найбольш падрыхтаваным, каб аператыўна ацаніць сур’ёзнасць сітуацыі. У публіцыстычных артыкулах, сабраных у кнігах «Дадумваць да канца», «Адваяваліся!», «Апакаліпсіс па графіку», «Імя злой зоркі Чарнобыль» (1987-92), пісьменнік раз-
    важае над тым, што неабходна тэрмінова перагледзець шмат якія звыклыя паняцці і ўяўленні, якія ўжо не адпавядаюць «логіцы ядзернай эры», і робіць выснову аб тым, што сучасны чалавек павінен авалодаць «новым мысленнем», калі ён хоча выжыць у свеце глабальных праблем.
    У беларускай паэзіі і прозе ўсё больш нарастала імкненне асвойваць паслячарнобыльскую рэчаіснасць сапраўды па-мастацку і пазбягаць голай публіцыстычнасці. 3 аднаго боку, гэтае імкненне выявілася ў шматлікіх спробах выявіць на ўсю магчымую псіхалагічную глыбіню людскі боль і трывогу, а з другога памастацку паказаць і па-філасофску абагульніць сапраўдныя маштабы падзей. Як можна бачыць, прыкладам, з паэтычнага зборніка «Зорка Палын» (1993), у Беларусі практычна няма паэта, які так ці інакш не адгукнуўся б на гэтую падзею, не паспрабаваў бы адшукаць у сваім творчым арсенале адпаведныя яе значэнню словы. Сярод іх старэйшыя пісьменнікі, класікі нацыянальнай літаратуры (Максім Танк, Наталля Арсеннева, Пімен Панчанка, Аляксей Русецкі, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Васіль Зуёнак, Алег Лойка, Данута Бічэль, Генадзь Бураўкін, Янка Сіпакоў, Мікола Купрэеў), і маладзейшыя, таксама таленавітыя паэты (Уладзімір Някляеў, Сяргей Законнікаў, Людміла Рублеўская, Анатоль Сыс, Віктар Ярац). Мастацкая проза з натуральнай для яе грунтоўнасцю вобразнага даследавання жыцця сказала сваё важкае слова пра Чарнобыль крыху пазней, але і ў ёй былі свае піянеры-першапраходцы, а менавіта Іван Шамякін (раман «Злая зорка»), Іван Пташнікаў (апавяданне «Львы»), Барыс Сачанка (аповесць «Родны кут»), Віктар Казько («Выратуй і памілуй нас, чорны бусел»), Аляксей Дудараў (драма «Адцуранне»), у творах якіх сказана мастацкая праўда пра пераломную падзею ў гісторыі нацыі.
    У аповесці Віктара Карамазава (нар. у 1934 г. у Чэрыкаве) «Краем Белага Шляху» (1994) згадваецца мноства эпізодаў, постацяў, падрабязнасцяў, якія выразна характарызуюць паслячарнобыльскую рэчаіснасць у забруджаных радыяцыяй раёнах і якія не прыдумае аніякая фантазія. Большасць гэтых аўтарскіх знаходак, прывезеных з частых вандровак па родных мясцінах, нясуць у сабе
    велізарную эмацыянальную і інтэлектуальную інфармацыю, якая ўражвае ўжо сама па сабе. Ляснік Лаўрэн, напрыклад, ужо змірыўся з думкай, што радыяцыя аб’ектыўная з’ява, непадуладная волі людзей, а таму жартуе-блазнуе, расстаўляючы паводле ўласнай прыхамаці шчыты з надпісамі-папярэджаннямі: «Цэзій-137», «Зона», «Ягады і грыбы не браць! Радыяцыя!», «Рыбулавіць забаронена!» Гэтак ён здзекуецца з гора-вучоных, што тлумяць людзям галовы пра «норму», хоць самі часта ўсяго толькі выконваюць загады начальства. Кавалькада іншамарак з «высокім начальствам», якое завітала ў забароненую зону на пару гадзін разам з замежнымі інспектарамі, імчыць міма гэтых шчытоў з неверагоднай хуткасцю, з жахам паглядае на пачастункі, якія шчодра і гасцінна выстаўляюць перад ім «чарнобыльцы», і спяшаецца хутчэй пакінуць «зону». Між тым мясцовы люд усё гэта востра заўважае і горка смяецца з убачанага: «Зона? А дзе яе няма? Я ўсё жыццё ў зоне. Уся краіна зона».
    Святлана Алексіевіч (нар. у 1948 г. ва ўкраінскім ІванаФранкоўску), рускамоўная беларуская пісьменніца, вядомая далёка па-за межамі Беларусі аўтарка дакументальнай прозы або, як цяпер модна казаць, нон-фікшн (сярод іншага, «У вайны не жаночы твар...», 1985; «Цынкавыя хлопчыкі», 1989; «Зачараваныя смерцю», 1993; «Апошнія сведкі», 2004; «Час сэканд-хэнд», 2013), у 1997 г. апублікавала ўражвальную кнігу «Чарнобыльская малітва». Чытача не могуць пакінуць абыякавым шчырыя, поўныя непадробнага пачуцця сведчанні ўдавы чарнобыльскага пажарніка Людмілы Ігнаценкі, «самасёлаў» Зінаіды Каваленкі, Ганны Бадаевай, ліквідатараў Аркадзя Філіна і Аляксея Кудрагіна, вясковага фельчара Аркадзя Багданкевіча, інжынера-хіміка Івана Жмыхава, сельскай настаўніцы Людмілы Паленскай, партыйнага раённага кіраўніка Уладзіміра Іванова, вучонага-радыяфізіка Васіля Несцярэнкі, іншых, часта безыменных, у тым ліку малалетніх, сведкаў...
    Публіцыстычнасць як адна з прыкмет палітызацыі жыцця і самой мастацкай літаратуры выявілася ў творчасці шмат каго з беларускіх паэтаў, празаікаў, драматургаў. Спробы ўзняцца над трагедыяй, імкненне не толькі апісаць чарнобыльскія падзеі, але
    і выявіць іх ва ўражлівых вобразах назіраюцца ва ўсіх літаратурных родах, відах і жанрах. Ствараўся канкрэтна-прадметны і ў той жа час абагульнена-сімвалічны вобраз Чарнобыльскай катастрофы, якая выбухнула з саміх глыбіняў найноўшай гісторыі і выявіла ў ёй тое, што працяглы час знаходзілася ў цяні.
    У пошуках новай тоеснасці. У выніку кардынальных зменаў, што адбыліся ў грамадскай атмасферы ў сярэдзіне 1980-х гг., узнік велізарны попыт на новыя этычныя і эстэтычныя каштоўнасці. Тэорыя і практыка сацрэалізму, які мог камфортна адчуваць сябе толькі ва ўмовах марксісцкай монаідэалогіі і калектывісцкага светапогляду, была амаль адзінадушна адкінутая. Менавіта асобасна-арыентаваныя каштоўнасці, страчаныя ў папярэднія перыяды, набываюць надзвычайную вагу і цану. Са звыклага паняцця «беларуская савецкая літаратура» выпаў чужародны яму элемент «савецкая» як прыкмета ідэалагічнай добранадзейнасці і класава-партыйнай ангажаванасці. Мастацкая літаратура станавілася мастацтвам пісьмовага слова, якое нясе ў сабе думку пра хараство, праўду і дабро. У яе вяртаўся нацыянальны дух. Працэс абнаўлення асабліва яскрава і эмацыйна выявіўся ў мастацкай творчасці прадстаўнікоў розных літаратурных пакаленняў. Патрэба ў пераглядзе шмат якіх ідэй і падыходаў да пісьменніцкай справы, у пераасэнсаванні літаратурных традыцый з пункту погляду іх адпаведнасці новым патрабаванням часу і самой прыродзе мастацкай дзейнасці адлюстравала агульную тэндэнцыю да самапазнання, да адраджэння нацыянальнай самасвядомасці. Пільнае ўзіранне ў глыбіні ўласнай душы натуральна вяло паэтаў да адкрыцця гістарычнай рэчаіснасці ва ўсёй яе паўнаце і шматаблічнасці, да вобразнага асэнсавання сучаснасці, калі наглядна заявіла аб сабе складанасць сувязяў асобнага чалавека з вялікім светам уласнага народа і ўсяго чалавецтва.
    Рэалістычная літаратура, жыццепадобная, апісальная, павучальная, якая ўзнаўляе «тыповыя характары ўтыповых абставінах», аддае перавагу «думцы народнай» перад «думкай агульначалавечай», публіцыстычнаму слову перад словам вобразна-выяўленчым, застаецца па-ранейшаму прывабнай і актуальнай. Аб гэтым вы-
    разна сведчыць вяртанне ў літаратуру забароненых твораў Купалы, Коласа, Гаруна, Гарэцкага, Чорнага, Зарэцкага, Мрыя, Калюгі, Дубоўкі, Пушчы, Аляхновіча, Ластоўскага, Антона Луцкевіча, Сваяка, Мікуліча, Геніюш, твораў таленавітых прадстаўнікоў беларускага замежжа, традыцыйных паводле формы, але гуманістычных у сваім змесце.
    Аб гэтым жа сведчыць абвостраная цікавасць да твораў, якія выкрываюць злачынствы і антыгуманнасць таталітарнай сістэмы, напісаных пераважна ў жанры мастацкай аўтабіяграфіі і мемуарнай белетрыстыкі: Васіля Быкава («На крыжах», «Крыжовы шлях», «Доўгая дарога дадому»), Алеся Адамовіча («Vixi», «Падарожжы з Мінска ў Маскву і назад»), Уладзіміра Калесніка («Доўг памяці»), Валянціна Тараса («На выспе ўспамінаў»), Рыгора Барадуліна («Аратай, які пасвіць аблокі») і інш. Працэс вобразнага асэнсавання мінулага закрануў амаль усе вызначальныя эпізоды. Створаная таленавітымі папярэднікамі гістарычная панарама XX ст. удакладняецца за кошт раней невядомых старонак, паўзабытых эпізодаў, якія з тых ці іншых прычын яшчэ не траплялі ў поле зроку мастацкай літаратуры.
    Перыяд ажыўлення ў канцы стагоддзя перажывала і «ваенная проза», у якой памацнела імкненне сказаць поўную праўду пра вайну і такім чынам прадоўжыць працэс эстэтычнага паглыблення ў сутнасць падзей, распачаты яшчэ ў 1950-я гг. Акцэнт зроблены на паказе трагічнага боку вайны з фашызмам як з’явы «супраціўнай чалавечай прыродзе» (Леў Талстой). Аповесці Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, раманы Вячаслава Адамчыка Івана Чыгрынава, Віктара Карамазава, Уладзіміра Дамашэвіча, Івана Шамякіна найбольш прыкметныя мастацкія з’явы ў «ваеннай прозе» канца 80-х пачатку 90-х гг. У гэтых творах увага аўтараў засяроджваецца на малавядомых старонках ваеннай эпапеі, выяўляецца спроба адказаць больш выразна і аргументавана на пытанне, чым была гэтая апошняя вайна для беларусаў як нацыі, якое ў свой час уздымаў яшчэ Кузьмы Чорны, адзін з найбольш псіхалагічна праніклівых і філасафічных «ваенных празаікаў». Прыкметнае месца ў абноўленай пісьменніцкай канцэпцыі свету займае рэлігійны