• Газеты, часопісы і г.д.
  • Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя

    Словы ў часе і прасторы

    Літаратура апошняга стагоддзя

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 394с.
    Мінск 2015
    118.23 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    пачатак. Пытанні веравызнання да апошняга часу, калі і выяўлялі сябе, то часцей за ўсё ў завуаляванай форме, найперш у аповесцях Васіля Быкава.
    ГУЛАГ у Беларусі пачаўся задоўга да масавых судзілішчаў 1930-х гг.: тады, калі было падаўленае Слуцкае паўстанне, наладжаны суд над Юркам Лістападам, выключаны з партыі «за нацыянальна-дэмакратычныя ўхілы» Міхась Зарэцкі, калі за межы Беларусі былі высланыя «за ўдзел у «Саюзе вызвалення Беларусі» больш за сотню беларускіх літаратараў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. У дакументальнай кнізе «Архіпелаг ГУЛАГ», у раздзеле, прысвечаным падзеям 1929-30 гг., Аляксандр Салжаніцын адзначаў, што менш за ўсё засталося пісьмовых сведчанняў і вусных успамінаў менавіта пра гэтыя падзеі, хоць сярод пацярпелых мільёны людзей. Адной з прычын такога становішча можна назваць адсутнасць сярод рэпрэсаваных і высланых людзей, у пераважнай большасці сялян, простых працаўнікоў, здольных у яскравай форме, таленавіта расказаць пра перажытае. Аднак асноўнай прычынай быў амаль генетычны страх перад пераследамі, рэпрэсіямі і трагічнымі наступствамі. Менавіта таму з такой увагай былі сустрэтыя нават дастаткова сціплыя паводле мастацкага ўзроўню аповесці-ўспаміны Сяргея Грахоўскага «Такія сінія снягі» (1988), «Зона маўчання» (1990) і «3 воўчым білетам» (1991); Паўла Пруднікава «За калючым дротам» (1993); белетрызаваныя творы-дакументы Васіля Хомчанкі, сабраныя ў кнізе «Цар-зэк Сямён Івашкін» (1992); аўтабіяграфічныя апавяданні Яна Скрыгана... Уражваюць сваёй звычайнасцю шматлікія жахлівыя падрабязнасці, рассыпаныя шчодрай рукой таленавітых літаратараў на старонках гэтых твораў. Такія падрабязнасці (апісанне «тэхналогіі» арышту, допытаў, пакутаў вязняў) не здольная намаляваць нават самая смелая пісьменніцкая фантазія, а ў жыцці народа яны былі штодзёншчынай.
    Век таталітарызму сваёю цяжкаю ступою раструшчыў шмат што з набытага папярэднімі пакаленнямі. Небывалая жорсткасць, абыякавасць, апатыя, зайздрасць, рэфлексіўнае жаданне «хапаць усё, што дрэнна ляжыць», выцеснілі здольнасць любіць другога, як самога сябе. Дэфіцыт любові, спагады, літасці пра гэта Алесь
    Жук (нар. у 1948 г. у Клешаве, што на Случчыне) з болем у душы апавядае ў аповесці «Праклятая любоў» (1991). У падмурку сюжэта ляжыць калізія паміж людзьмі, якія ўвасабляюць паняцце «соль зямлі», і тымі, пра каго кажуць: «Як такога зямля носіць!» 3 аднаго боку, камбайнер Кулеш, вечны працаўнік, ваяр за нармальныя дачыненні паміж людзьмі, які любіць родны кут і верны ў каханні да жанчыны. 3 другога люмпен-гарлапан Кіршчэня, здрадлівы і подлы даносчык, які не дае спакойна жыць і працаваць Кулешу, умешваецца ў яго асабістае жыццё, апаганьвае яго святое пачуццё да каханай. Сам Кіршчэня гіне нялюдскай смерцю, пішучы штоночы даносы адразу на ўсіх і ў той жа час разумеючы, што яго зорная часіна мінулася. Тым не менш ён паспявае сапсаваць нармальным людзям жыццё.
    Пакаленне пісьменнікаў, што прыйшло ў літаратуру ў 1980-я гады, пачало з радыкальнага перагляду папярэдніх традыцый, адмаўлення ад усяго таго, што здавалася яго прадстаўнікам спадчынай савецкага мінулага. Адначасова адбывалася засваенне паўзабытых творчых набыткаў класічнага перыяду. Сцвярджаліся таксама новыя, часта вонкава перанятыя ў заходнееўрапейскіх літаратараў, творчыя падыходы да рэчаіснасці. ІІафас духоўнага абнаўлення жыцця, атмасфера авангардных пошукаў адэкватных супярэчліваму свету мастацкіх спосабаў і прыёмаў вызначалі творчае аблічча васьмідзясятнікаў.
    Проза Вінцэся Мудрова (нар. у 1953 г. у Полацку) яшчэ адно выяўленне «полацкага феномену», пра які ішла гаворка ў раздзеле пра творчасць Уладзіміра Арлова. Жыццёвыя дарогі абодвух згаданых таленавітых літаратараў, дарэчы, не раз крыжаваліся: яны разам вучыліся ў школе, разам удзельнічалі ў падрыхтоўцы нумароў самвыдавецкага «Блакітнага ліхтара», разам чыталі сваю прозу на пасяджэннях наваполацкага літаратурнага аб’яднання «Крыніцы»... Абодва гэтыя творцы выдатныя іраністы, хоць мудроўскі сарказм больш прыхаваны, чым сарказм Арлова. Іронія ў Мудрова спосаб пошуку адэкватнасці. Адэкватнасці той рэчы, якую зазвычай называюць «іроніяй лёсу», якая, зрэшты, не ёсць банальнай ідыёмай, а ўстойлівай, метафізічнай якасцю экзістэнцыі.
    Іронія самога жыцця ў мудроўскіх творах выбіваецца на першы план. Ідэйна загартаваны камісар студэнцкага будаўнічага атраду Галабурда («Палонны Чорнага Стэпу», 1993) раптам адстае ад свайго камсамольскага цягніка і робіцца нявольнікам чорнага калмыцкага стэпу. Пасярод бязмежнага абшару, з марксісцка-ленінскімі догмамі ў галаве, з агромністым кавуном у руках ён безабаронны перад касмічнымі вятрыскамі быцця... Мудроў не прыдумляе гумарыстычных тыпаў, а насяляе прастору сваіх навелаў «полацкімі мальцамі» Адамам Марштрупам, Жэрарам, Галабурдам ды іншымі. Ён не рэстаўруе эпохі Брэжнева і «сталага сацыялізму», а спрабуе разблытваць карункі вартага іроніі жыцця... Творчасць Вінцэся Мудрова гадоў незалежнай Беларусі пакліканая сведчыць: фармальная змена грамадскага ладу, што адбылася ў Беларусі на пачатку 1990-х, не нанесла вялікай і вырашальнай шкоды феномену homo sovieticus’a. Апавяданне «Іду на таран!» (1994) бліскучая сатыра на парадкі і стасункі, што запанавалі ў беларускім войску, створаным напачатку 1990-х гг. «у савецкім шынялі». Палкоўнік Бурзачыла ўвасабляе тыповыя рысы выхаванага царска-савецкай традыцыяй вайсковага камандзіра, у галаве ў якога гарэлка, жанчыны, імкненне ўмела адрапартаваць пра ўсё, што заўгодна... Героі апавяданняў Вінцэся Мудрова, уключаных у кнігі «Зімовыя сны» (1999), «Багун» (2013), гэта, па сутнасці, усё тыя самыя колішнія ванькі бяньковы, адамы марштрупы, галабурды... Напэўна, нямала часу мусіць яшчэ сплысці, пакуль прыйдуць новыя тыпажы, і яны, вядома ж, таксама не будуць беззаганнымі... Вінцэсь Мудроў спрабуе сябе і ў эсэістычным жанры (кніга «Ператвораныя ў попел», 2005), і тут таксама выяўляе сваю назіральнасць, дэманструе свой, мудроўскі, адметны стыль.
    Апавяданні і аповесці Андрэя Федарэнкі (нар. у 1964 г. у Бярозаўцы, на Мазыршчыне) цікавыя сваімі сацыялагічнапсіхалагічнымі «замерамі» грамадскіх настрояў у дачыненні да такіх вострых праблем беларусаў, як лёс роднай мовы, жыццё вёскі, духоўны стан нацыі ды інш. Тым самым празаік далучаецца да адвечнай праблематыкі, якая заняла цэнтральнае месца яшчэ ў творчасці беларускіх класікаў, нашаніўцаў, узвышаўцаў,
    шасцідзясятнікаў. Сярод самых лепшых твораў Федарэнкі варта прыгадаць аповесці «Гісторыя хваробы» (1989), «Смута» (1994), «Вёска» (1995), «Нічые» (1998-2000), «Мяжа» (2011), «Ціша» і «Дзядзька Адольф» (абедзве 2013), апавяданні «Пеля», «Бляха» (абодва 1994) і інш. Ужо ў першай сваёй аповесці, «Гісторыя хваробы», Андрэй Федарэнка паказаў героя, які пра свой духоўны стан «на раздарожжы» казаў так: «Я быццам трапіў у дрыгву, якая марудна мяне цягне ўніз. Я вырываюся, кідаюся з боку ў бок, хапаюся то за літаратуру, то за каханне, то за ўрокі, але Нешта дае мне забыцца толькі на кароценькі час. I я зноў успамінаю дрыгва, будучыні няма! I ўсмоктваюся яшчэ глыбей». Студэнт Вяргейчык, які шмат у чым падобны да Лявона Задумы, героя аповесці Максіма Гарэцкага «Меланхолія», у тым узросце, калі на маладога чалавека нечакана навальваюцца ўсім цяжарам «дарослыя праблемы» і перад яго ўтрапёным позіркам адкрываецца прорва. Гэта не толькі нацыянальныя праблемы адраджэння мовы, культуры, але і метафізічныя праблемы існавання, над якім біліся шматлікія пакаленні разумных людзей. Герой аповесці «Гісторыя хваробы» прыходзіць да высновы: «Свет гэта чорны ўзрушаны вір, а я ў ім нябачны, маленькі вандроўнік».
    Аповесць «Нічые» прысвечана няпростаму моманту нашай гісторыі спробе слуцкіх паўстанцаў у 1920 годзе адстаяць у няроўным змаганні права на самастойнасць Беларускай Народнай Рэспублікі знайсці выйсце з напраўду бязвыхаднай сітуацыі. Аўтар зусім не ідэалізуе сваіх герояў, спрабуючы дакапацца да ісціны: чаму ж нам, беларусам, гэтак шмат чаго не ўдаецца ў нашых гістарычных памкненнях. Паводле англійскага даследчыка Арнольда Макміліна, «Нічые» гэта прыклад арыгінальнай і незалежнай гістарычнай прозы, багатай на характары, падзеі і дэталі... Відавочна, што для аўтара Слуцкае паўстанне было не проста выступам супраць бальшавікоў, a што куды больш важна змаганнем за новую незалежную Беларусь...»
    Існуюць падставы далучаць імя Андрэя Федарэнкі да апошніх класікаў нашай нацыянальнай «вясковай» прозы, выразнаўсведамляючы, што цяпер вясковая цывілізацыя, знікненне якой этап за
    этапам паказалі беларускія класікі, ад Янкі Купалы і Якуба Коласа да Івана Мележа і Вячаслава Адамчыка, усё болып паскоранымі тэмпамі саступае месца гарадской культуры. Болыпасць беларусаў, паводле статыстыкі, жыве ў вялікіх гарадах і малых мястэчках. Сам склад пісьменніцкай арганізацыі, у аснове якой традыцыйна пераважалі выхадцы з вёскі, мяняецца. Шмат якія маладыя літаратары паводле месца нараджэння і выхавання гарадскія: уплыў сучаснай постіндустрыяльнай цывілізацыі яны адчуваюць асабліва абвострана. Тэма горада і праблемы урбаністычнага грамадства хвалююць такіх празаікаў, як згадваны ў раздзеле пра эксперыментальную драматургію Алесь Асташонак, а таксама Адам Глобус (нар. у 1958 rj, Юры Станкевіч (нар. у 1945 г.), Барыс Пятровіч (нар. у 1959 г.), Людміла Рублеўская (нар. у 1965 г.) і інш.
    Горад, гарадская культура, урбанізацыя жыцця... «Камерная проза» не раз згадванага вышэй Алеся Асташонка, надрукаваная ўзб. «Фарбы душы», 1989; «Жоўты колер белага снегу» (выд. пасмяротна, у 2006), жывіцца «гарадской глебай», хоць фармальна дзеянне некаторых твораў адбываецца ў вёсцы. Асташонак глядзіць на існуючую рэчаіснасць вачыма ўразлівага гараджаніна-інтэлігента і надае гэтай рэчаіснасці мастацкі кшталт, чэрпаючы досвед часам са стральцоўскай рэалістычнай прозы, часам з творчасці французскіх і іншых заходніх авангардыстаў XX ст.
    Герой Адама Глобуса вельмі натуральна адчувае сябе ў новых акалічнасцях. У горадзе ён, мастак паводле прафесіі і паклікання, бачыць навочнае ўвасабленне здольнасці чалавека тварыць свет паводле ўласнай фантазіі. Менавіта ў сферы гарадской культуры герой выяўляе сваю чалавечую сутнасць, самараскрываецца і самасцвярджаецца. У горадзе канцэнтруецца творчая і актыўная частка насельніцтва краіны, інтэлектуальная эліта. У зборніку апавяданняў «Смерць мужчына» (1992) большасць сюжэтаў набывае асаблівы драматызм. У апавяданні «Кватэры» лаканічна, дакладна апісваецца гісторыя пераездаў сям’і героя з кватэры на кватэру знаёмая кожнаму гараджаніну сітуацыя. Урэшце лірычны герой твора стварае сваю сям’ю і набывае ўласную кватэру. Малюнак жыцця ў выніку ўяўляецца як бясконцая змена месца жыхар-