• Газеты, часопісы і г.д.
  • Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя

    Словы ў часе і прасторы

    Літаратура апошняга стагоддзя

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 394с.
    Мінск 2015
    118.23 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    ства, што цягне за сабой змену ўражанняў, станаў душы, настрояў. Герой Адама Глобуса блукае па вуліцах роднага горада, як па лабірынту. Горад для яго гэта і ёсць само жыццё з яго нечаканкамі і парадоксамі.
    Барыс Пятровіч выявіў сябе найперш як майстар кароткага апавядання, «фрэскі» (зб. «Ловы», 1992; «Сон між пачвар», 1994; «Фрэскі», 1998; «Шчасце БЫЦЬ...», 2004; , «Жыць не страшна», 2008; «Спакушэнне», 2013). Яго проза мае яскрава выяўленую экзістэнцыялісцкую скіраванасць. Героі апавяданняў, гарадскія жыхары, могуць сутыкнуцца быццам бы з іншапланецянамі («Не пытайце, што будзе заўтра», 1990), хадзіць у паветры на вышыні шматпавярховага дома («Неба пад нагамі і вакоп», 1993) або пісаць ліст дзяўчыне, з якой іх звязвала пачуццё дваццацігадовае даўніны («Каханне ў краіне, дзе не было сэксу», 2011), але ўсіх іх аб’ядноўваюць «зямныя» думкі пра сэнс цяперашняга жыцця, пра немагчымасць (або нежаданне) быць такімі, «як усе»...
    «Тутэйшыя». Рамантычная адраджэнская ідэя легла ў аснову дзейнасці такой літаратурнай суполкі, як «Тутэйшыя» (1987-92). Адна з яе шматлікіх граняў адлюстравалася ў самой назве: «тутэйшымі» адчувала сябе пераважная большасць беларусаў, якая затрымалася на этнаграфічна-этнічнай стадыі і не даспела да сталага нацыянальнага самаўсведамлення. Літаратурная дзейнасць сяброў суполкі даволі разнастайная ў ідэйных і жанрава-стылявых адносінах. Яднаюць найбольш таленавітых літаратараў адносная на той час раскаванасць мастацкага мыслення, павышаная цікаўнасць да творчага эксперыменту, да мастацкага досведу нацыянальнай класікі і заходнееўрапейскіх пісьменнікаў. Алесь Асташонак, Пятро Васючэнка, Сяргей Кавалёў, Язэп Янушкевіч актуалізавалі класічную спадчыну, пераніцоўваючы творы Яна Баршчэўскага, ДунінаМарцінкевіча, Багушэвіча і інш. Адзін з лідараў «Тутэйшых», не раз ужо згаданы паэт Анатоль Сыс, звярнуўшыся да традыцый творчасці Багрыма, Купалы, Гаруна, прадэманстраваў у найлепшых сваіх вершах магчымасці нацыянальнай міфалогіі, выявіў глыбіні беларускага менталітэту і вобразны патэнцыял беларускага слова. Сыс
    першым адчуў вычарпанасць абранага сябрамі суполкі творчага напрамку і, па сутнасці, развітаўся з мастацкай літаратурай. Міраслаў Шайбак і Максім Клімковіч у суаўтарстве стваралі трылеры па матывах беларускай мінуўшчыны і засвойвалі ў драматургіі жанр «жыццё выдатных людзей», не вельмі строга прытрымліваючыся пры гэтым гістарычнай канвы (Францыск Скарына, Казімір Малевіч і інш.). Сяржук Сокалаў-Воюш, Лявон Вольскі, Алесь Аркуш, той жа Адам Глобус пісалі тэксты для песень у выкананні папулярных музычных груп. Людка Сільнова спрабавала спалучыць паэзію і выяўленчае мастацтва ў жанры вершаў-«рысасловаў»...
    Роля сучаснага мастацкага перакладу. Ужо досыць працяглы час пісьменнікі ў сваім імкненні захаваць і ўзбагаціць лепшыя традыцыі мінулага апелююць да нацыянальнай і сусветнай гуманістычнай спадчыны, выкарыстоўваючы велізарныя магчымсці рэалістычнага мастацтва і лепшае ў адкрыццях прадстаўнікоў мадэрнісцкіх плыняў у сусветнай літаратуры. Асаблівай увагай карыстаюцца творы Эрнеста Хемінгуэя, Гіёма Апалінэра, Эрыха Марыя Рэмарка, Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, Джэймса Джойса, Франца Кафкі, Джорджа Оруэла, Эжэна Ёнэска, Уільяма Фолкнера, Джона Стэйнбека, Густава Майрынка, Поля Элюара, Томаса Мана, Вітальда Гамбровіча, Альбэра Камю, Жан-Поля Сартра, Генрыха Бёля, Габрыэля Гарсія Маркеса, Коба Абэ, Хорхе Луіса Борхеса, Германа Гесэ, Міларада Павіча, Патрыка Зюскінда, Чэслава Мілаша, Збігнева Герберта, Віславы Шымборскай, Вацлава Гавела, Мілана Кундэры і інш. Пераклады твораў гэтых знаных пісьменнікаў на беларускую мову, зробленыя сапраўднымі прафесіяналамі, якія добра ведаюць сусветную літаратуру, выдатна валодаюць замежнымі мовамі і выразна ўяўляюць надзённыя патрэбы беларускага адраджэння, натуральна ўпісваюцца ў доўгі шэраг арыгінальных твораў беларускіх літаратараў. У самым канцы XX ст. мастацкі пераклад зноў заняў адно з вядучых месцаў у сістэме літаратурных жанраў і стыляў. Шмат якія пераклады, здзейсненыя Максімам Танкам, Рыгорам Барадуліным, Нілам Гілевічам, Алесем Разанавым, Уладзімірам Папковічам, Нінай Мацяш, Васілём Сёмухам, Валянці-
    нам Рабкевічам, Зміцерам Коласам, Лявонам Баршчэўскім, Сяргеем Шупам, Янам Максімюком, Вадзімам Небышынцам, Андрэем Хадановічам, Валерыем Буйвалам, Міколам Раманоўскім, Вольгай Калацкай (V. К.), Марынай Казлоўскай, Марыяй Мартысевіч, Марынай Шодай і інш., успрымаюцца як творы, што вельмі натуральна і каларытна выяўляюць «беларускае» ў жыцці, гісторыі і характары іншых народаў свету і тым самым узбагачаюць нашае ўяўленне аб сабе і навакольным свеце. Варта адзначыць набыткі маладых перакладчыкаў, якія прыйшлі ў літаратуру на пачатку новага стагоддзя і прадуктыўна працуюць пад дахам суполкі «Прайдзісвет», такіх як Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская, Юля Цімафеева, Антон Францішак Брыль, Павел Донаў ды іншыя.
    Постмадэрнізм
    Словам «постмадэрнізм» (сам тэрмін узнік у 1917 г.) прыкладна з 60-х гадоў мінулага стагоддзя пачалі называць пэўны напрамак у культуры і грамадскім жыцці сучаснай цывілізацыі. Яго прадстаўнікі ў літаратуры і мастацтве спрабуюць спалучыць у сваіх творах розныя прыёмы, стылі і вобразы, якія яны запазычваюць з розных субкультураў, рэгіёнаў і эпох. Да найважнейшых характарыстык з’явы постмадэрнізму можна аднесці наступныя: крызіснае светаадчуванне, адчуванне вычарпанасці творчых сродкаў («усё ўжо створана»), фрагментарнасць, калажнасць, інтэлектуальную гульню, эпатажнасць, сінтэз старых формаў і структураў.
    Папярэднікамі постмадэрнізму ў літаратуры можна лічыць вышэйзгаданых Джэймса Джойса, Томаса Мана, Германа Гесэ, а таксама такіх празаікаў, як, напрыклад, аўстрыец Роберт Музіль (18801942) або швейцарац Макс Фрыш (1911-1991).
    Сярод прызнаных майстроў заходняга постмадэрнізму выключнае месца займаюць італьянскі празаік Умбэрта Эка (нар. у 1932 г.), аргенцінцы Хуліа Картасар (1914-1984) і Абэль Посэ (нар. у 1934 г.), англічанін Джуліян Барнс (нар. у 1946 г.), серб Міларад Павіч (19292009), англічанін Салман Рушдзі (нар. у 1947 г.), згаданыя вышэй Курт Вонэгут, Мілан Кундэра, Том Стопард...
    Творчасць X. Л. Борхеса
    Хорхе Луіс Борхес (1899-1986) нарадзіўся ў Буэнас-Айрэсе ў сям’і прафесара псіхалогіі. Паходзіў са старажытнага крэольскага роду, прадстаўнікі якога некалі бралі чынны ўдзел у змаганні за незалежнасць Аргенціны і Уругвая. Жыццёвыя дарогі вялі будучага знакамітага пісьменніка праз Жэневу, Барселону. 3 1921 г. ён зноў на радзіме, рэдагуе часопіс «Прызма», дэбютуе як паэт, а ў 1935-м выдае першы зборнік апавяданняў. Найбольшы поспех прыносяць яму гэткія зборнікі
    кароткай прозы, як «Алеф» (1949), «Смерць і компас» (1951), «Золата тыграў» (1972)... Асоба гэтага творцы асацыюецца з вобразам пустэльніка, кніжніка і... бібліятэкара. Сапраўды, бібліятэка была для яго не столькі месцам баўлення часу, колькі працы, роздумаў і творчасці. Падчас бясконцай палітычнай непагадзі, чарады змяняючых адна адну ваенных дыктатур бібліятэка была для яго інтэлектуальным аазісам. Калі на загад аднаго з дыктатараў Борхес быў пазбаўлены працы ў бібліятэцы, ён перажываў гэта цяжэй, чым калі б патрапіў у турму.
    Нездарма адна з найлепшых і найбольш знакамітых навел Борхеса «Вавілонская бібліятэка» апісвае велізарнае, бясконцае, нібы Сусвет, кнігасховішча, дзе сабраныя не толькі ўсе надрукаваныя кнігі, але і тыя, што будуць або маглі б быць напісанымі. Бібліятэка, кніга, слоўнік улюбёныя аб’екты інтэлектуальнай прозы Борхеса. Большасць пісьменнікаў чэрпае натхненне з паўнакроўнага, зменлівага жыцця, часам з гісторыі. Для Борхеса ж асноўнай крыніцай творчасці стаў тэкст уласны альбо створаны папярэднікамі. Сфера яго інтарэсаў амаль бязмежная: яго захапляюць старажытная ўсходняя міфалогія і літаратура; культура індзейцаў; сярэднявечная містыка і кабала; мёртвыя, жывыя і штучныя мовы;
    класічная і найноўшая філасофія; рэлігіі (хрысціянская тэалогія, будызм, суфізм, даасізм і інш.); арабская матэматыка; таямніцы астралогіі і алхіміі; апісаныя навукоўцамі феномены і анамаліі прыроднага свету... Такога кшталту энцыклапедызм характэрны для пісьменнікаў-постмадэрністаў, рэканструктараў назапашаных цывілізацыяй сэнсаў, звестак, сімвалаў (Умбэрта Эка, Міларад Павіч і інш.). У падмурку ўсяго быў тэкст, Слова. Да гэтага меркавання вядуць святыя тэксты Новага Запавету («Напачатку было Слова...»), Карану, дзе гаворыцца пра калам святое пяро, якім падчас эры першастварэння было запісанае ўсё, што будзе. У праграмным эсэ «Пра культ кніг» Борхес, як фанатычны бібліятэкар, з энтузіязмам далучаецца да думкі пра першаснасць тэксту: «Паводле Малармэ, свет існуе дзеля кнігі; паводле Блуа, мы радкі, або словы, або літары магічнай кнігі, і гэтая вечна пішучаяся кніга адзінае, што ёсць у свеце, дакладней, яна і ёсць свет». Гэтым сцвярджэннем Борхес прадказаў некаторыя становішчы сучаснай семіётыкі.
    Борхес папярэднік постмадэрністаў з іх песімістычным тэзісам пра тое, што «ўсё ўжо напісана». Успомніце: «гісторый усяго чатыры». Доля пісьменнікаў XX ст. бясконца пераказваць, вар’іраваць і злучаць гэтыя напісаныя папярэднікамі гісторыі. Але менавіта гэты занятак стаўся для самога Борхеса найбольш плённым. Прыладай для «ажыўлення» застылай тэкставай структуры стала метафара, часта ўскладненая, з мноствам разгалінаванняў. Сістэма гэткіх бясконцых разгалінаванняў адбілася ў навеле «Сад разбежных сцежак». Англійскі сінолаг расшыфроўвае задуму кітайскага мудраца, які стварыў сад-лабірынт, сад-кнігу. Вось яшчэ адзін істотны артэфакт мастацкага свету Борхеса лабірынт (у кнігах «Выдумкі», 1944; навеле «Абэнхакан эпь Бохара, які загінуў у сваім лабірынце» з кнігі «Алеф», 1949). Пісьменнік надта любіў заблытанасць, хітраспляценні, шматмернасць. Магчыма, ён атрымліваў асалоду ад улады над створаным лабірынтам, амаль недаступным для прафанаў.
    Яшчэ адна з інтэлектуальных гульняў Борхеса складанне анталогій. Шэраг кніг ён напісаў разам са сваімі вучнямі, Альфрэда
    Б’ёй Касарэсам і Маргарытай Герэра. На першы погляд гэтыя кнігі («Кніга пра ўяўных істотаў», 1957; «Кніга пра нябёсы і пекла», 1960) здаюцца займальнай калекцыяй міфалагічных і літаратурных дзівосаў, дзе сабраныя фрагменты размаітых міфаў, твораў старажытных і сучасных аўтараў. Па вялікім жа рахунку, яны сведчанне невычарпальнасці чалавечай фантазіі, багацця выдумкі, вартай рэальнай мнагастайнасці Сусвету.