• Газеты, часопісы і г.д.
  • Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя

    Словы ў часе і прасторы

    Літаратура апошняга стагоддзя

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 394с.
    Мінск 2015
    118.23 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Адным з першых спецыфічных праяў масавай літаратуры стаўся дэтэктыўны жанр. Першым творам, які цалкам адпавядае яго крытэрыям, навела амерыканскага пісьменніка Эдгара По «Забойства на вуліцы Морг», напісаная ў 1841 г. Жанр меў развіццё ў творах пераважна англамоўных аўтараў Колінза, Конан Дойла, Чэстэртана, Агаты Крысці, Чэйза, але ўрэшце стаўся інтэрнацыянальным. Каноны класічнага англійскага дэтэктыву распрацаваў святар Ральф Нокс. У такім выглядзе жанр пранік
    і ў беларускую літаратуру, дзе яго заснавальнікамі і прыхільнікамі сталіся Уладзімір Караткевіч, Міраслаў Шайбак, Максім Клімковіч, Алесь Усеня, Уладзімір Сцяпан, Кастусь Тарасаў, Адам Глобус ды інш. Традыцыю прыгодніцкага рамана, запачаткаванага Дэніэлам Дэфо і Жулем Вернам, прадоўжылі ў нашай літаратуры Янка Маўр, Алесь Якімовіч, а сёння ў гэтым жанры актыўна працуюць згаданыя вышэй Алесь Наварыч, Андрэй Федарэнка, Юры Станкевіч, Людміла Рублеўская ды інш. Беларуская проза актыўна выкарыстоўвае апрабаваныя папярэднікамі спосабы ўздзеяння на масавага чытача, выкладаючы часта складаныя філасофскія ідэі ў даступнай і займальнай форме.
    Да мастацкай фантастыкі і прыгодніцкай літаратуры маюць непасрэднае дачыненне раманы і аповесці Васіля Гігевіча «Кентаўры» і «Палтэргейст», Леаніда Дайнекі «Чалавек з брыльянтавым сэрцам», Янкі Сіпакова «Блуканні па іншасвеце», Вячаслава Адамчыка «Падарожжа на Буцафале», Алега Мінкіна «Праўдзівая гісторыя краіны хлудаў», Уладзіміра Бутрамеева «Карона Вялікага Княства», Міраслава Шайбака і Максіма Клімковіча «Палюбоўніца д’ябла, альбо Карона Вітаўта Вялікага», Юрыя Станкевіча «Любіць ноч права пацукоў», Пятра Васючэнкі і Антонія Вырвіча «Прыгоды аднаго губашлёпа», Віктара Марціновіча «Сфагнум» і «Мова», а таксама шэраг апавяданняў і прыпавесцяў Вітаўта Чаропкі, Анатоля Казлова, Максіма Клімковіча, Уладзіслава Ахроменкі, Уладзіміра Сіўчыкава і інш.
    Актыўна развіваецца ў сучаснай беларускай літаратуры проза жахаў, з пэўным адставаннем ад сусветнага літаратурнага працэсу рухаецца жанр навуковай фантастыкі, а вось фэнтэзі, або раман-казка, дастаткова пашыраны ў нашай літаратуры дзякуючы актыўнасці шэрагу аўтараў ад Змітрака Бядулі да Уладзіміра Ягоўдзіка, Пятра Васючэнкі і яшчэ зусім маладых Алеся Бычкоўскага ці Аляксея Шэіна... Масавая культура з’ява больш сур’ёзная, чым яе часам ацэньваюць. Яна выконвае міфатворчую, кансалідоўную, рэлаксацыйную функцыі, спрыяе стварэнню пазітыўнага нацыянальнага міфа. Свая масавая культура ў звыклым яе разуменні ў беларускай рэальнасці немагчымая, бо прадутледжвае звышвялікія ты-
    ражы. Колькасць жа насельніцтва нашае дзяржавы ледзьве сягае дзесяці мільёнаў, а колькасць актыўных носьбітаў беларускай мовы ў Беларусі значна меншая. У той жа час, стварэнне нацыянальнага міфу ў наш час працэс заканамерны, характэрны як для вялікіх, так і для малых нацый. Некрытычнае і бязладнае засваенне тыражаванай калямастацкай прадукцыі прывяло да перакосу грамадскага густу. Галоўным выдаткам субкультурнай экспансіі (незалежна ад таго, адкуль яна імпартуецца з ЗША, Германіі, Індыі, Бразіліі, Расіі) бачыцца тое, што яе міфалагемы не надта прыстасаваныя да таго шляху, якім рухаецца беларускае грамадства.
    У сённяшніх умовах маскультура ў Беларусі не можа стаць тым, чым была прадукцыя Галівуда за часамі «Вялікай дэпрэсіі» ў ЗША, калі яна выконвала функцыі соцыяпсіхалагічнай тэрапіі. Стварэнне нацыянальнай ідэалогіі і міфалогіі сродкамі мастацтва абумоўленае некаторымі абавязковымі чыннікамі. Перпіы з іх захаванне ўстойлівага балансу паміж традыцыйнай і масавай культурамі. Маскульт знаходзіцца ў стане перманентнай залежнасці ад культурнай традыцыі, у той час як паважнае мастацтва толькі «падсілкоўваецца» здабыткамі маскульту. Паколькі ж традыцыйнае мастацтва існуе толькі на нацыянальнай глебе, дык здабыткі гэтай традыцыі становяцца абавязковымі і для масавай культуры. Адзін з самых устойлівых архетыпаў беларускай культуры ідэалагема Дому, культ жытла. Асаблівы беларускі хранатоп будучых твораў маскульту будзе нараджацца з утульнага інтэр’еру страдаўніх замкаў, магнацкіх палацаў, шляхецкіх гнёздаў, заможных сядзібаў, дагледжаных сялянскіх гаспадарак. У гэтых інтэр’ерах будзе разыгрывацца папулярызаваная драма беларускага жыцця. Асновай могуць стацца такія шэдэўры беларускай літаратурнай класікі, як раманы і аповесці Элізы Ажэшкі, навела «Тралялёначка» Багушэвіча, творы Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, сучасных аўтараў. Гераінямі такіх твораў могуць стацца літаратурныя вобразы паненак, дзяўчат, паннаў, якім уласцівыя зменлівасць, рух, развіццё, нязмушанасць, непасрэднасць, віталізм, выкшталцонасць, грацыя (Ядвіся, Паўлінка, Надзея Яноўская, Майка Раўбіч гераіні твораў Коласа, Купалы, Караткевіча). Герой-
    мужчына міфалагізаваных маскультавых твораў не павінен нагадваць амерыканізаваны тып джэнтльмена, які паказвае ўсмешку на трыццаць два зубы і гатовы пазбавіць зубоў кожнага свайго ворага. Беларускі тыпаж ведае, калі варта ўжыць фізічную моц, але ведае і спосабы пазбегнуць канфлікту. Ён інтравертны, рэфлектыўны, задуменны, самавіты, самаіранічны, цвёрды ў экзістэнцыйным выбары, прагматычны ў побыце, але кранальна бездапаможны ў нестандартных сітуацыях, чым прываблівае жанчын. Такая гераіня, такі герой і такі хранатоп пакуль што створаныя толькі ў рэчышчы класічнай беларускай літаратуры і мастацтва. Іх шлях у масавую культуру можа пакласці пачатак станаўленню сучаснага беларускага літаратурнага міфа.
    ЗАКЛЮЧЭННЕ
    XIX стагоддзе ў літаратуры давяршыла якаснае ўзыходжанне прыгожага пісьменства па прыступках традыцыйнай «еўраатлантычнай эстэтыкі», збудаваных яшчэ ў антычную эпоху. Пасля прыходу ў літаратуру такіх волатаў, як Гофман, Байран, Шэлі, Міцкевіч, Бальзак, Флабэр, Дыкенс, Леў Талстой, Дастаеўскі, патэнцыял традыцыйнага рамантызму і рэалізму перастаў здавацца невычарпальным. Непасрэднай рэакцыяй на гэта стала ўзнікненне дэкадансу і пашырэнне нерэалістычных, мадэрнісцкіх тэндэнцый. Гэты працэс патрабаваў свайго тэарэтычнага абгрунтавання. Якраз на працягу апошніх 100-120 гадоў літаратура актыўна звярнулася да шматлікіх філасофскіх тэорый, да здабыткаў толькі што паўсталай навукі псіхалогіі, не пакідаючы па-за сваёй увагай і рэвалюцыйных дасягненняў прыродазнаўчай навукі і тэхнікі.
    Ніколі літаратурны працэс не быў гэткім разнастайным, супярэчлівым і складаным, як у XX і на пачатку XXI стагоддзяў. Менавіта гэты час стаў эпохай маштабных гістарычных падзей, дзвюх сусветных войнаў, вялікіх сацыяльных закалотаў, пашырэння тэрарыстычных замахаў, а ўрэшце і тэхнагенных катастроф. Усё гэта мела свой уплыў на характар сусветнай літаратуры найноўшага часу. Трансфармаваліся традыцыйная рэалістычная і рамантычная плыні, велізарную колькасць кірункаў і адгалінаванняў прапанаваў мадэрнізм, адметнай і да канца не вывучанай з’явай стаўся постмадэрнізм.
    Беларуская літаратура XX пачатку XXI ст. яскрава прадэманстравала сваю нацыянальную адметнасць і натуральна ўвайшла ў шэраг сусветна вядомых літаратур. Класічная і сучасная беларуская літаратура знаходзіць належны водгук у вялікім свеце. На шматлікія замежныя мовы перакладаліся творы такіх беларускіх літаратараў, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Францішак Аляхновіч, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Святла-
    на Алексіевіч, Максім Танк, Янка Брыль, Іван Шамякін, Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Альгерд Бахарэвіч, Вальжына Морт і інш.
    Шэраг сучасных беларускіх пісьменнікаў атрымаў афіцыйнае міжнароднае прызнанне. Самую прэстыжную ў свеце Нобелеўскую прэмію ў 2015 г. атрымала Святлана Алексіевіч. Алесь Адамовіч уганараваны прэміяй Міжнароднага літаратурнага фонду «За гонар і годнасць талента». Расійскую літаратурную прэмію «Трыумф» атрымалі Васіль Быкаў і Святлана Алексіевіч. Тая ж Святлана Алексіевіч была ўганараваная міжнароднай прэміяй «Ангелус» і польскай прэміяй імя Рышарда Капусцінскага. Міжнародную літаратурную прэмію імя Г. К. Андэрсена за творы для дзяцей атрымаў Васіль Вітка. Першая прэмія «Еўрапейскі паэт Свабоды», заснаваная ўладамі горада Гданьска, дасталася Уладзіміру Арлову. Ордэнамі і медалямі замежных краін за літаратурную працу ўшанаваныя Янка Брыль, Аляксей Карпюк, Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч (Польшча), Васіль Быкаў (Расія), Рыгор Барадулін (Латвія), Ніл Гілевіч (Балгарыя і Украіна), Васіль Сёмуха (Латвія і Германія), Зміцер Колас (Францыя), Сяргей Законнікаў, Алесь Пашкевіч, Вячаслаў Рагойша, Тацяна Кабржыцкая (Украіна)...
    Сучасная беларуская літаратура ўключае ў сябе як сваю натуральную частку і творчасць пісьменнікаў замежжа, якія пішуць па-беларуску. У творах замежных літаратараў выяўляюць сябе настальгія па далёкай Бацькаўшчыне, драматычны роздум пра страчаныя магчымасці і непрыхаваная трывога за лёс беларускай нацыі. Паэзія і проза эмігрантаў досыць шырока прадстаўленая ў выдадзеных у Беларусі за апошнюю чвэрць стагоддзя выбраных творах Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва, Алеся Салаўя, Янкі Юхнаўца, Юркі Віцьбіча і іншых прадстаўнікоў нашай літаратурнай эміграцыі, якія істотна пашыраюць наша ўяўленне пра беларускую літаратуру як з’яву, паглыбляюць асэнсаванне нацыянальнага шляху беларусаў, удакладняюць вобраз сучаснага беларуса.
    Літаратурная геаграфія прыкметна пашырылася і за кошт твораў пісьменнікаў з Беласточчыны, якія гуртуюцца вакол газеты «Ніва» і належаць да літаратурнага згуртавання «Белавежа», а таксама за
    кошт творцаў, якія пастаянна жывуць у краінах Балтыі і пішуць пра Беларусь і па-беларуску.
    Літаратурнае XX ст. завяршылася з сыходам з яго поля класікаў. Распаўся монстр савецкая імперыя. Узніклі суверэнныя дзяржавы. Свет набывае відарыс аднаполюснасці. Усё выразней выяўляе свае пазітыўныя і негатыўныя наступствы глабалізацыя. Займае ўсё большае месца ў жыцці сусветнае сеціва Інтэрнэт. Наступае на пяты тэхналагічнаму прагрэсу міжнародны тэрарызм.
    Беларусы як нацыя ў гэтай сітуацыі па-ранейшаму знаходзяцца на адвечным сваім раскрыжаванні паміж Захадам і Усходам. Іх трагедыя абвастраецца за кошт інтэлектуальнага разброду эпохі інфармацыйнага грамадства, трывожных эсхаталагічных настрояў на зломе тысячагоддзяў, няпэўнасці ў самым галоўным для нас у нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, у паўнацэнным існаванні мовы і культуры. Парог духоўнага і культурнага заняпаду ў пачатку XXI ст. пройдзены. З’яўляюцца кволыя прыкметы вяртання свету да аптымістычнай філасофіі свабоды. Сектар гэтай свабоды пашыраецца. Сучасная беларуская літаратура чуйна ловіць павевы новай эпохі і пачынае ўсё больш актыўна выконваць сваю ролю нацыятворцы і дзяржавабудаўніка, працягваючы тым самым вялікую справу нашых класікаў. Без літаратурнай класікі, без Купалы і Коласа, немагчыма ўявіць узнікненне беларускай дзяржавы. Без мастацкай літаратуры, без нацыянальнай культуры і беларускай мовы цяжка ўявіць і далейшы працэс станаўлення свабоды і незалежнасці суверэннай Рэспублікі Беларусь.