Цяга да незвычайнага натхняла Борхеса на стварэнне літаратурных містыфікацый. Так з’яўляецца знакамітая навела «П’ер Мэнар, аўтар «Дон Кіхота» (1944). Борхес прыдумаў неіснуючага пісьменніка, прыпісаў яму шэраг неіснуючых кніг, і ў іх ліку раман... «Дон Кіхот». Твор Мэнара даслоўна паўтарае «Дон Кіхота» Сервантэса, але не ёсць ні яго копіяй, ані плагіятам. Мэнар прыйшоў да свайго тэксту самастойна ён вывучыў старую іспанскую мову і адчуў тую духоўную атмасферу, у якой ствараўся раман. Такім чынам, Борхес надзіва тонка перадае істотнасць часавага кантэксту, у каторым ствараецца твор. «Дон Кіхот», напісаны ў XX ст., інакшы і ў нечым дасканалейшы твор. Такім яго робіць дух часу. Іншы няісны пісьменнік з навелы «Аналіз творчасці Герберта Куэйна» (1941) замест таго, каб пісаць кнігі, стварае праекты будучых твораў, якія напіша хтосьці іншы. Напрыклад, гэта рэцэпт дэтэктыўнага рамана, дзе чытач мае быць больш праніклівым за шпега і самастойна разгадаць таямніцу злачынства. Дарэчы, некаторыя праекты Куэйна сапраўды былі рэалізаваныя. Борхес прыдумляе няісныя мовы, ідэалогіі, рэлігіі. Адна з самых яркіх яго містыфікацый утрымліваецца ў навеле «Тлён, Укбар, Orbis Tertius» (1944). Некалькім інтэлектуалам удаецца стварыць паралельны духоўны свет, са сваёй рэлігіяй, мараллю, мовай, мастацтвам. Тлён, напачатку свет віртуальны, паступова набывае рэальнасць, выцясняе існы лад і ўклад. У сведкаў гэтага працэсу Тлён выклікае адначасна захапленне і жах. У сваіх інтэлектуальных практыкаваннях Борхес не цураўся жыцця грамадства, цывілізацыі. Яго творчасць папярэджвала, прагназавала негатыўныя наступствы разбуральных ідэалогій (кшталту нацызму) і інфармацыйнага выбуху (крызіс свядомасці). Часам настальгія пісьменніка па рэальным, паўнакроўным жыцці перамагае імкненне фантазіраваць і ў творы ўрываецца жорсткая, злая рэчаіснасць Лацінскай Амерыкі, з яе грамадзянскімі войнамі, дыктатурамі, няласкавымі норавамі. Так адбываецца ў цыкле вострасюжэтных навел, прысвечаных гауча (лацінаамерыканскім «каўбоям»). Створаныя ўрозныя гады апавяданні «Іншая смерць» (1949), «Дыялог памерлых» (1957), «Пэдра Сальвадорэс» (1969), «Гісторыя Расэнда Хуарэса», «Хуан Муранья» (абодва 1970) расказваюць пра мужных і дужых людзей, ваяроў (часам, зрэшты, болып падобных да бандытаў), што адстойваюць сваю чалавечую годнасць, свой кодэкс гонару. Мастацкі свет Борхеса здзіўляе сваімі адкрыццямі і азарэннямі. Швейцарскі пісьменнік Герман Гесэ ў рамане «Гульня шкляных перлаў» прыдумаў краіну Касталію і галоўнага героя, Ёзэфа Кнэхта, магістра інтэлектуальнай звышгульні. Борхес, з яго незвычайнай эрудыцыяй і камбінаторным мысленнем, ажыццявіў праект «гульні ў шкляныя перлы» на практыцы. Постмадэрнісцкая плынь у беларускай літаратуры рэпрэзентаваная ў цэлым невялікай колькасцю літаратараў, але іх адметнасць не выклікае сумневу. Больш паслядоўна і наглядна абрысы постмадэрнісцкага светаадчування выяўляюцца ў творчасці сяброў суполкі «Таварыства вольных літаратараў» (ТВЛ), якая пачала сваё летазлічэнне з часу выдання першага нумара часопіса «Калосьсе» (1994). ТВЛ з’яднала прадстаўнікоў сярэдняга і маладога пакалення, сярод якіх пераважаюць жыхары беларускай «правінцыі»: паэт, эсэіст Алесь Аркуш, ён жа і выдавец часопіса «Калосьсе» (Полацк), паэтэса Гала Гара (Янава), празаік Іван Фурсевіч (Докшыцы), паэт Юры Гумянюк (Гродна), вышэйзгаданыя празаік і драматург Ігар Сідарук (Кобрын), драматург Дявон Вашко (Масты). У часопісе друкавалася шмат сталічных літаратараў, у т. л. з-па-за суполкі: паэты Андрэй Хадановіч, Альгерд Бахарэвіч, празаікі Вітаўт Чаропка, Сяргей Астраўцоў, эсэіст Валянцін Акудовіч, культуролаг Юрась Барысевіч, крытыкі Пятро Васючэнка, Ганна Кісліцына, пе- ракладчык Сяргей Мінскевіч і інш. У часопіс дасылалі свае эсэ Алег Мінкін (Вільня), апавяданні Лаўрэн Юрага (Люблін) і Міхась Андрасюк (Гайнаўка). Аўтараў часопіса «Калосьсе» збліжае непрыняцце ўсяго, што звязана з літаратурай сацрэалізму, заснаванай на аптымістычнай філасофіі марксісцка-ленінскага матэрыялізму з яго канцэпцыяй новага чалавека і верай у канчатковую перамогу камуністычнай ідэалогіі. Аднак выразна выяўленыя негатыўныя адносіны да папярэдняга перыяду азначаюць, што «новая літаратура» і змястоўна, і па форме моцна прывязаная да гэтага перыяду, існуючы пераважна за кошт кардынальнай трансфармацыі распаўсюджаных у савецкія часы сюжэтаў, фельетоннага парадыравання агульнавядомых літаратурных герояў, часам дасціпнага высмейвання штампаў афіцыйна-бюракратычнага «навамоўя» («наркомаўкі»). У творах сяброў ТВЛ панавала філасофія рэлятывізму, якая грунтуецца на спрошчаных уяўленнях аб «тэорыі адноснасці», калі ўсё на свеце губляе свой сэнс і ацэньваецца з пункту погляду біблійнага Эклезіяста («мітусня мітусні», «марнасць марнасці»), Адсюль схільнасць да жанру пародыі, фантасмагорыі, антыўтопіі, падкрэсліванне абсурду і бяссэнсіцы жыцця, адмаўленне заканамернасці і сцвярджэнне выпадковасці ў гісторыі. На месца стройнай планавасці класічнага сюжэта прыходзіць ірацыяналізм «плыні свядомасці». Усіх сяброў ТВЛ цікавіць феномен беларуса як прадстаўніка этнасу, які катастрафічна спазніўся на свята жыцця, і боскі вясельны каравай падзялілі без яго ўдзелу. Часцей за ўсё гэта герой-маргінал, адшчапенец, ерэтык, ізгой, блазан, вар’ят. Яго жыццёвая гісторыя гэта гісторыя хваробы, якой няма назвы, бо ён з’яўляецца ахвярай прагрэсу, што завёў чалавецтва ў тупік. Ён перажывае стан «поўнага керкешозу» (ад назвы рамана Вітаўта Чаропкі, апублікаванага ў часопісе «Калосьсе»), блытае сябе ў сваім хваравітым уяўленні з літаратурнымі героямі Гогаля, Дастаеўскага, Салтыкова-Шчадрына, Гашака, Мрыя... Ружовыя ілюзіі аб сэнсоўнасці быцця замяняюцца прымірэннем з рэчаіснасцю, якая яна ні ёсць: «Павінен быць дзесьці, дзе канец, толькі пачатак. Там, можа, нічога і няма, нават і ўсё таксама няма. I нішто там не канчаецца, бо нішто не пачынаецца». Андрэй Хадановіч (нарадзіўся ў 1973 г. у Мінску) праз незвычайную моўную гульню стварае свой гіпертэкст, шукаючы апірышча ў савецкай, дасавецкай і постсавецкай культурных традыцыях, не абыходзячы ўвагаю традыцыю сусветнае класікі: ...арляняты гэй шыхтуйся ў шчыльны шэраг паляцім куды не ходзіць наш цягнік як ня згубімся? Элемэнтарна шэрлак нас чакае дасканалы праваднік верным шляхам запаветамі дэ сада верным шлюхам не застацца сёння збоч па вальпургіевай ночы шахразада будзе вам варфаламееўская ноч хто ідзе? ІПтандартэнфюрэр із штандарам прапар з прапарам выходзіць на прасцяг шпаркім крокам проста ў будучыню шпарым па кастрышчах па касьцёлах па касьцях... (3 верша «Дэжа вю», 2005) У створаным у 1997 г. «Пасланні да беларускага пошт-мадэрніста» (зборнік «Старыя вершы», 2003), паэт як бы фармулюе сваё крэда: .. .Меў я цікаўнасьць заўжды, стаць дойлідам марыў зь дзяцінства: Лепш за руіны дамы, бо не страляюць ва ўпор!.. Бачу знаёмы я твар: Аўрора ідзе з манікюрам. Цэлыя содні прайшлі, покуль пасланьне складаў. Мне засталося дадаць: Cartaginem esse delendam! I праз чатыры гады тут расьцьвіце горад-сад! У творах з пазнейшых зборнікаў («Лісты з-пад коўдры», 2004; «СтоліІООўна tut.by», 2007; «Бэрлібры», 2008; «Несіметрычныясны», 2010, і інш.) Хадановіч менш спрабуе бліснуць сваёй літаратурнай эрудыцыяй, выяўляючы болып адметнага лірызму: ціхі анёл праляцеў над гняздом зязюлі яшчэ адзінаццаць тысяч тваіх маладых суайчыньнікаў за цэлы год не паглядзяць ніводнага фільму Мілаша Формана («Валасы-2006») Постмадэрнісцкая паэтыка Андрэя Хадановіча, свядома ці не свядома, падтрымліваецца ў творах цэлага пакалення трыццацісаракагадовых, сярод якіх можна вылучыць, напрыклад, Макса Шчура (нар. у 1977 г. у Брэсце) або Антона Францішка Брыля (нар. у 1982 г. у Мінску). Макс Шчур імкнецца гуляць з словамі і вобразамі-знакамі агульнаеўрапейскай кніжнай традыцыі, але за гэтай гульнёю праглядаецца ўсведамленне пэўнай беспрытульнасці (паэт ужо больш за дзесяць гадоў жыве ў эміграцыі): Учора за вакном вісеў Эль Грэка, а сёньня зноў нямецкі рамантызм, і можаш ува ўсю крычаць «heureka», і адчуваць жалобу разам з тым, бо восень ёсьць заўсёды пераклічка між тых, хто ад вакацый ацалеў. У іншы, лепшы кляс былі залічаны Выдатнікі зь сябрамі на чале... (3 верша «Учора за вакном вісеў Эль Грэка...», 2010) У паэзіі Антона Францішка Брыля (сярод іншага, перакладчыка англа-саксонскага эпасу «Бэўвульф») адчуваецца яго захапленне сярэднявеччам, якое пераплаўляецца ў класічны верш і сучасныя паэтычныя вобразы: Пушчу ўначы затумане туга, Сум паплыве над лагчынай, Згусціцца ў зорным праменні смуга, Стане празрыстай дзяўчынай. Явар стары ў гушчары ажыве, Выйдзе, бы звер велічэзны, Тройчы кульнецца ў зялёнай траве, Зробіцца змеем жалезным. Стане дзяўчына ў яго на хрыбце, Твар угару запракіне, Крыкне і змей мільгане цераз цень, Рынецца ў багну ды згіне. («Верасень», 2005) У рэчышчы постмадэрнісцкай традыцыі можна разглядаць шэраг твораў сучасных беларускіх празаікаў: раманы «Адам Клакоцкі і яго цені» (1999) і «Хвілінка» (2013) вышэйзгаданага Ігара Бабкова, «Шалом» (2010) і «Шклатара» (2013) Артура Клінава (нар. у 1965 г.), «Дзеці Аліндаркі» (2014) Альгерда Бахарэвіча (нар. у 1975 г.)> кароткую прозу (кніга «Зборная РБ па негалоўных відах спорту», 2011 ) Паўла Касцюкевіча (нар. у 1978 г.) і інш. На сёння беларускі постмадэрнізм уяўляе сабой складанае перапляценне розных творчых метадаў ды стыляў і пакуль што не мае акрэсленага самастойнага вымярэння. Яго спроба ўпісацца ў сусветны кантэкст яшчэ дзе-нідзе павярхоўная: за большасцю твораў «маладой хвалі» няма адчування гістарычнай і метафізічнай глыбіні. Найбольшую цікавасць маюць творчыя эксперыменты ў галіне формы, якія даюць маладым літаратарам магчымасць праверыць сябе ў галіне вобразатворчасці, набыць пэўны мастацкі досвед, знайсці свой уласны шлях у вялікую літаратуру. Масавая культура і развіццё беларускай літаратуры Культура для масаў існавала заўсёды: і ў антычную эпоху, калі тэатральныя дзействы адбываліся на стадыёнах або на арэнах цырка, і ў эпоху сярэднявечча, калі існаваў школьны тэатр, і ў новы час, калі паралельна суіснавалі бульварная («пінкертонаўская») літаратура на Захадзе і лубок на Усходзе. Усплёск масавай культуры адбыўся ў XX ст„ і спрыялі яму наступныя чыннікі: рост пісьменнасці; тэхналагічны прагрэс; дэмаграфічныя, звязаныя з ростам насельніцтва, працэсы; выбух камунікацый; развіццё відэакультуры і стварэнне віртуальнай рэчаіснасці; камерцыялізацыя мастацтва. Масавая культура і літаратура спарадзілі свае спецыфічныя жанры дэтэктыў, фантастыку, фэнтэзі, прозу жахаў, трылер, любоўны раман і эратычную літаратуру ды інш. Масавая культура, падуладная законам рынку і грамадскага попыту, развіваецца паводле сваіх законаў і дыктуе літаратуры свае нормы, сярод якіх наступныя: займальнасць, адаптаванасць да сярэднестатыстычнага густу, чытэльнасць, аператыўнасць, чуллівасць, «чорны гумар», культ сілы і жыццёвае паспяховасці. У цэлым масавая культура мае небяспечную тэндэнцыю да зніжэння мастацкіх якасцяў і нівеліроўкі эстэтычных каштоўнасцяў, але яна часам кампенсуе гэтыя страты за кошт узаемадзеяння з высокім, элітарным мастацтвам. Маскульт сілкуецца за кошт сур’ёзнага мастацтва, але, бывае, і сам падсілкоўвае яго. У прыватнасці, здабыткамі масавага мастацтва карысталіся такія паважныя аўтары, як Дастаеўскі, Дыкенс, Бальзак, Хемінгуэй, Скот, Грэм Грын, Ластоўскі, Караткевіч ды інш.