• Газеты, часопісы і г.д.
  • Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя

    Словы ў часе і прасторы

    Літаратура апошняга стагоддзя

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 394с.
    Мінск 2015
    118.23 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Героі аповесці, Жанчына і Мужчына, Ён і Яна (як у аднайменнай паэме Янкі Купалы, радкі з якой сталі эпіграфамі да некаторых раздзелаў), апошнія ўчалавечым родзе, бо адбылася ядзерная катастрофа, сілы зла ўзялі верх. Яны адчуваюць сябе Адамам і Евай пасляатамнай эры, ад якіх залежыць, быць ці не быць жыццю на
    Зямлі. Эрас, які звязвае абодвух, напаўняецца ў творы асаблівым сэнсам: і Яна, і Ён уважліва прыслухоўваюцца да таго, што з імі адбываецца, і трывожна чакаюць прыкметаў нараджэння дзіцяці. Аўтар не шкадуе маляўнічых фарбаў, каб апісаць захапленне герояў адно адным і абвостранае шматкроць небяспекай адчуванне жыцця. Абодва намагаюцца прыгадаць, адкуль і хто яны: жанчына штораз вітае мужчыну на іншай мове («Самае дзіўнае ў гэтай гульні, што яна не зусім, не да канца гульня. Зрэшты, як і ўсё на гэтым востраве: і так і не так, і ёсць і нібыта няма, нешта, але тым часам і нехта»). Становішча абодвух ускладняецца пасля таго, як на востраве з’явіўся трэці персанаж, лётчык з амерыканскага самалётаносьбіта ядзернай зброі. Узнікае дзіўны «любоўны трохкутнік». Героі шмат спрачаюцца, высвятляюць адносіны паміж сабой, часта вяртаюцца ў мінулае, шукаючы адказы на «цяжкія» пытанні зямнога быцця, згадваюць палітычныя рэаліі эпохі «ідэалагічнага супрацьстаяння», шчодра цытуюць мудраслоўі класікаў пачынаючы ад часоў антычнасці. Між тым, прыродна-касмічны фон, у якім, як у вялізным люстэрку, выяўляецца ўсё, што адбываецца з людзьмі, хутка змяняецца.
    Твор завяршаецца драмаю: гіне ўсё жывое, гасне праменьчык свядомасці апошніх прадстаўнікоў чалавецтва.
    Пасляваенная антытаталітарная рэалістычная проза
    Раманы і аповесці Генрыха Бёля. Імя гэтага творцы было пасля Другой сусветнай вайны адным з самых вядомых у літаратуры Нямеччыны. Народжаны ў Кёльне, выхаваны ў каталіцкай сям’і Генрых Бёль (1917-1985) шэсць гадоў ваяваў у складзе вермахту на розных франтах гэтай вайны. У 1947 г. ён стаў адным з фактычных заснавальнікаў літаратурнай суполкі «Група 47». Бессэнсоўнасць і жорсткасць ваенных будняў
    прадвызначылі сутнасць літаратурнай творчасці пісьменнікаў, што належалі да яе. Непасрэдна на перадавой дзейнічаюць і шмат якія героі першых вядомых твораў Генрыха Бёля (аповесці «Запавет», 1948, і «Цягнік прыбыў без спазнення», 1949; зборнік апавяданняў «Вандроўнік, як прыйдзеш ты ў Спа...», 1950; раман «Дзе ты быў, Адам?», 1952). У гэтых творах паказаныя жахлівыя наступствы вайны: знявечаныя целы, скалечаныя лёсы дзяцей-сіротаў, жанчын-удоў. «Біяграфічны метад» пісьма Бёль узяў у спадчыну ад творцаў прадстаўнікоў «згубленага пакалення».
    Пазнейшая творчасць Генрыха Бёля прысвечаная мастацкаму асэнсаванню жыцця сучаснай яму Заходняй Нямеччыны, але за ягонымі героямі неадступна ідзе прывід вайны мінулай; іх непакоіць пагроза адраджэння мілітарызму і магчымасць паўтарэння гісторыі. Сапраўднай вышыні свайго пісьменніцкага майстэрства Бёль дасягнуў у рамане «Більярд а палове дзясятай» (1959). У пабудове твора адчуваецца ўплыў мастацкага досведу Джэймса Джойса. Узгадайма, што Джойс ператварыў адзін дзень жыцця свайго героя ў сапраўды «ўсясветны». Дзень васьмідзесяцігадовага юбілею старога архітэктара Генрыха Фэмеля, 6 верасня 1958 г., ператвараецца ў энцыклапедыю жыцця Нямеччыны і трох пакаленняў сям’і Фэмеляў. Кавалкі ўспамінаў, што ахопліваюць значныя прамежкі часу, унутраныя маналогі персанажаў, асацыятыўныя вобразы, выказванні ўдзельнікаў падзей нагадваюць джойсаўскую «плынь свядомасці»... Мінулае ў рамане Генрыха Бёля неадрыўнае ад сучаснасці; пісьменнік рашуча адкідае формулу: «час гоіць раны». Нямецкі крытык Карл Корн гэтак выказаўся пра «Більярд а палове дзясятай»; «Гэта разгорнутая, балюча-прыгожая элегія пра жыццё ў гэты наш час, пра спадзевы, пакуты ды ілюзіі. Гэта сталая кніга. Яна пазбаўленая якой-кольвечы тэндэнцыйнасці. Яе гучанне паўнакроўнае, яе сэнс высакародны, яе праўда рашучая і ясная праўда авечкі, якую прыносяць у ахвяру, каб свет існаваў і далей».
    3 часам палітычная заангажаванасць і гуманістычны пафас пісьменніка ўзмацняюцца; яго ранейшая вера ў хрысціянскі этычны ідэал трансфармуецца: Бёль нават ідзе на разрыў з афіцыйнай царквой. У рамане «Вачыма клоўна» (1963) рэгламентаваныя
    палітычныя і рэлігійныя стасункі паддадзеныя суровай крытыцы, а за асноўную каштоўнасць прызнаецца свабода асобы. Апазіцыйнасць Генрыха Бёля да палітычнага бамонду і рэлігійных дзеячоў Федэратыўнай Рэспублікі выяўляецца таксама ў рамане «Групавы партрэт з дамаю» (1971), аповесці «Страчаны гонар Катарыны Блум» (1974) ды іншых творах, напісаных ім у апошнія 15 гадоў жыцця. Універсальны крытыцызм, скіраваны супраць буржуазнай паспяховасці, традыцыйных грамадскіх інстытутаў, нораваў спажывецкага грамадства, гвалту над свабодай асобы, несвабоды ў так званых «сацыялістычных» краінах, крыклівай непераборлівасці сучасных сродкаў масавай інфармацыі усе гэтыя рысы асабліва выразна характарызуюць познюю творчасць Бёля. Сярод перакладчыкаў яго твораў на беларускую мову Лявон Баршчэўскі, Лілія Дарашкевіч, Уладзімір ГІапковіч, Уладзіслаў Струміла.
    «Бойня №5» Курта Вонэгута. Злучаныя Штаты Амерыкі не належаць да тых краін свету, дзе калі-небудзь перамагала таталітарная ідэалогія. Тым не менш, амерыканскіх пісьменнікаўгуманістаў заўсёды непакоілі нават паасобныя праявы гэтай ідэалогіі, што выяўляліся ў дзеяннях не толькі палітыкаў, а і звычайных грамадзян краіны. У цэнтры рамана «Бойня №5, або Крыжовы паход дзяцей» (1969, бел. пераклад П. Касцюкевіча, 2010), напі-
    санага адным з самых вядомых паўночнаамерыканскіх празаікаў XX пачатку XXI ст„ Куртам Вонэгутам (1922-2007), лёс салдата Білі Пілігрыма, які падчас Другой сусветнай вайны трапляе ў нямецкі палон. 3 лагера для ваеннапалонных разам з таварышамі па няшчасці яго перавозяць на працу ў нямецкі горад Дрэздэн, дзе Білі робіцца сведкам бязлітаснага бамбавання горада авіяцыяй саюзнікаў, у выніку якога горад дашчэнту спалены і мала што
    не зраўнаваны з зямлёю. Вонэгут уводзіць у свой аповед фантастычныя элементы: галоўнага героя выкрадаюць містычныя касміты і вывозяць на прыдуманую аўтарам планету Тральфамадар. Білі Пілігрым атрымлівае надзвычайную здольнасць перамяшчацца ў часе ў выбраныя эпізоды яго ўласнага жыцця. Такім чынам, дзеянне рамана пераскоквае ад адной сцэны да другой, і чытач знаёміцца то з ваеннымі перажываннямі, то з будучымі перыпетыямі жыцця галоўнага героя. Пры гэтым, паводле вызначэння беларускага літаратуразнаўцы-амерыканіста Юрыя Стулава, «раман з’яўляецца сатырай на сучаснае амерыканскае грамадства, бо эпідэмія палітычных забойстваў, што пракацілася па краіне ў канцы 1960-х гадоў, не была адно эмацыйнай рэакцыяй на падзеі, якія скаланулі ЗША, гэта было вынікам як дзяржаўнага ўладкавання, гэтак і «хваробы» чалавека, які згубіў арыенцір у незразумелым свеце. Пісьменнік выглядае песімістам, сцвярджаючы: «Мы толькі і чулі, што навуковая думка зробіць нашае жыццё надзвычай прыемным і шчасным. А атрымалася так, што найвышэйшы здабытак навуковае думкі быў скінуты на Хірасіму... Ад таго часу я застаюся песімістам цвёрдым, які, аднак, не ва ўсіх выпадках глядзіць на свет, страціўшы надзею». Менавіта таму яго раманы маюць у сабе такі моцны сатырычны запал» (пераклад з расійскай мовы).
    Аўтабіяграфічная аповесць Г. Герлінг-Грудзіньскага «Іншы свет». Сталінскі таталітарызм стаў аб’ектам мастацкага адлюстравання і даследавання немалой колькасці аўтараў з розных краін свету. Аднак асабліва багатай на творы гэтай тэматыкі аказалася польская літаратура, бо, як заўважыў крытык Збігнеў Ярасіньскі, «палякі былі першай групай, якой удалося пакінуць лагеры, дзе працягвалі знаходзіцца мільёны людзей. Таму пяром аўтараў успамінаў кіравала патрэба выказаць праўду, не вядомую свету». Натуральна, што гэтыя творы не маглі выходзіць у камуністычнай Польшчы, а толькі ў эміграцыі. Да іх належалі аповесці «Паміж сярпом і молатам» (1948) Вацлава Грубіньскага, «Беспрытульныя дзеці» (1948) Ганны Ордан, «Тыфус, цяпер салаўі» (1951) Мар’яна
    Чухноўскага, а таксама творы мемуарнага жанру: «Гісторыя сям’і Кажанеўскіх» (1942) Мельхіёра Ваньковіча, «Старабельскія ўспаміны» (1944) Юзафа Чапскага, «У доме няволі» (1946) Беаты Абяртыньскай, «Кніга пра Калыму» (1950) Анатоля Кракавецкага і інш. Але найбольшую вядомасць сёння, бясспрэчна, мае дакументальнааўтабіяграфічная аповесць «Іншы свет» (1951, бел. пераклад Святланы Курс, 2006), напісаная Густавам
    Герлінг-Грудзіньскім (1919-2000). Герлінг-Грудзіньскі яшчэ ў міжваеннай Полыпчы супрацоўнічаў з рознымі часопісамі, пасля пачатку Другой сусветнай вайны апынуўся на савецкай тэрыторыі, у 1940 г. быў арыштаваны НКВД. Сядзеў у турмах Гродна, Ленінграда, Волагды, а таксама ў Ерцаве, лагеры пад Архангельскам, дзе працаваў на лесапавале. У 1942 г. яму ўдалося далучыцца да арміі Уладзіслава Андэрса, з якой ён прайшоў увесь баявы шлях (Іран, Палестына, Егіпет, Італія). Пасля вайны жыў у эміграцыі, супрацоўнічаў з вышэйзгаданым часопісам «Культура». Твор «Іншы свет» пабудаваны на пэўных паралелях з вядомым творам Фёдара Дастаеўскага «Нататкі з Мёртвага дома», спалучае ў сабе якасці ўражвальнага дакумента эпохі і адметнага мастацкага твора. Стрыманы і вонкава халаднаваты выклад апавядальніка, упарадкаваная кампазіцыя твора дапамагаюць рэалізаваць аўтарскую задуму даць аналіз сутнасці таталітарнай сістэмы і тых механізмаў, што ёю кіруюць, а таксама раскрыць праўду пра ГУЛАГ і людзей, даведзеных да мяжы трываласці і прыніжэнняў. Герой-апавядальнік змагаецца за захаванне чалавечае годнасці, унутранай свабоды, за свядомае раздзяленне дабра і ліха. У творы Герлінг-Грудзіньскага дамінуе далёкая ад павярхоўнага аптымізму перакананасць у тым, што чалавечыя стасункі і каштоўнасці можна зберагчы нават у нечалавечых умовах...
    Экзістэнцыялізм
    Экзістэнцыялізм (ад познелац. existentia існаванне), альбо філасофія існавання, узнік напярэдадні першай сусветнай вайны ў вучэнні расійскіх і нямецкіх мысляроў (Леў Шастоў, Мікалай Бярдзяеў, Габрыэль Марсэль, Марцін Хайдэгер, Карл Ясперс), а ў Францыі падчас Другой сусветнай вайны, у творах пісьменнікаў Жан-Поля Сартра, Альбэра Камю, Сімоны дэ Бавуар. Незвычайную папулярнасць экзістэнцыялізм набыў у сярэдзіне XX ст., асабліва ў асяроддзі інтэлігенцыі атрымаўшы метафарычнае азначэнне «Евангелле XX стагоддзя» і моцна паўплываўшы на мастацкую літаратуру.