Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
«А колькі часу ўжо? Чаму Вы ўжо хочаце ісці?» — спытала яна з засмучаным здзіўленнем, якое, калі яно было штучнае, падзейнічала ва ўсякім разе больш рэалістычна і пераканаўча, чым ёй гэткае ўдавалася калі-небудзь на сцэне.
«Напрамілы Божа, я даволі доўга надакучваў Вам! Цэлую гадзіну!»
«Ды не! Час для мяне праляцеў хутка!» — усклікнула яна ўжо са шчырым уздымам. — Цэлую гадзіну?! Тады мне сапраўды трэба паспяшацца, каб завучыць яшчэ тое-сёе з маёй ролі... на сённяшні вечар... Вы будзеце ў тэатры сёння вечарам?.. На рэпетыцыія не ведалаяшчэ нічога. Рэжысёр ледзь не адлупцаваў мяне!»
«Калі мне яго прыбіць?» — урачыста спытаў ён.
«Чым раней, тым лепей!» — засмяялася яна, працягваючы яму руку на развітанне.
Тут ён схіліўся з непадробнай жарсцю да яе рукі і прыціснуў свае вусны да яе ў доўгім неспатольным пацалунку, ад якога, нягледзячы на напамін розуму, ніяк не мог адарвацца, адарвацца ад салодкага паху гэтай рукі, ад гэтага дабрадзейнага пачуццёвага хмелю.
Яна хуценька забрала руку, і, калі ён зноў зірнуў на яе, яму здалося, што заўважыў на яе твары выраз разгубленасці, чаму ён, мусіць, павінен быў шчыра ўзрадавацца, але яму гэта здалося незадавальненнем яго нязграбнымі паводзінамі, за якія ён на нейкі момант засаромеўся.
«Я Вам сардэчна дзякую, фройляйн Вельтнэр», паспешліва і больш афіцыйна сказаў ён, — за вялікую прыязнасць, якую Вы праявілі да мяне...»
«Няма за што, я вельмі рада была пазнаёміцца з Вамі».
«Праўда? — зноў спытаў ён у сваёй былой шчырай манеры. — Вы ж не адмовіце мне ў маёй просьбе, шаноўная фройляйн, а менавіта... каб Вы мне дазволілі прыйсці яшчэ раз!»
«Вядома!.. Гэта значыць, канешне, чаму ж не!» Яна крышку засаромелася. Яго просьба пасля цалавання рукі здалася крышку несвоечасовай.
«Я была б вельмі рада мець магчымасць зноў нязмушана паразмаўляць з Вамі», — дадала яна потым, аднак, з сяброўскай прыязнасцю і яшчэ раз падала яму руку.
«Тысячу разоў дзякую!»
Яшчэ адзін кароткі паклон, і ён выйшаў. I раптам зноў, калі ён ужо яе не бачыў, — нібы сон.
Але потым ён зноў адчуў цеплыню яе рукі ў сваёй і на вуснах, потым ён зноў усвядоміў, што гэта сапраўды была рэчаіснасць і што яго «дзёрзкія», запаветныя сны спраўдзіліся. I ён, хістаючыся, як п’яны, рушыў уніз па сходах, нахіляючыся ўбок да парэнчаў, да якіх яна, напэўна, так часта дакраналася і якія ён абцалаваў радаснымі пацалункамі ад верху да нізу.
Унізе перад домам, які адстаяў крыху ад краю вуліцы, быў маленькі палісаднік, падобны да двара ці плошчы, на левым бакуякога бэзавы куст распусціўужо першыя кветкі. Ён спыніўся тут, схаваў свой палаючы твар у прахалоду куста і пад грукат свайго сэрца доўга піў малады, пяшчотны пах.
О, як ён кахаўяе!..
Ролінг і яшчэ некалькі маладых людзей ужо даўнавата закончылі вячэру, калі ён увайшоў у рэстаран і, бегла павітаўшыся з імі, разгарачаны, падсеў да кампаніі. Некалькі хвілін ён сядзеў абсалютна ціха і пазіраў на іх па чарзе з паблажлівай усмешкай, як быццам таемна пасмейваючыся з іх, якія сядзелі тут, смокчучы цыгарэты, і нічога не ведалі.
«Дзеці мае! — раптам закрычаў ён, нахіліўшыся над сталом. — Вы ведаеце навіну? Я шчаслівы!!!»
«Няўжо?!» — сказаў Ролінг і пільна ўгледзеўся ў яго твар. Потым урачыстым рухам працягнуў яму руку цераз стол.
«Мае самыя глыбокія душэўныя віншаванні, малы!»
«3 чым жа?»
«А што здарылася?»
«То праўда, вы ж яшчэ нічога не ведаеце. У яго сёння дзень народзінаў. Ён святкуе свой дзень народзінаў. Зірніце на яго; ці ж ён не выглядае як нованароджаны?»
«Ды ну!»
«Д’ябальшчына!»
«Віншую!»
«Слухай, дык ты павінен быў бы...»
«Канешне!.. Афіцыянт!..»
«Трэба ўсё-такі прызнаць: ён як мае быць адзначае свой дзень народзінаў!»
Потым, пасля пакутліва, з гарачым нецярпеннем чаканага канца васьмідзённага тэрміну, ён паўтарыў свой візіт. Яна ж дазволіла. Усе тыя экзальтаваныя etats d’ame, якія ў першы раз выклікалі страх закаханасці, цяпер ужо адпалі.
Ну, а потым ён бачыўся і размаўляў з ёй ужо часцей. Яна раз за разам дазваляла яму наведвацца.
Яны нязмушана размаўлялі пра адно ды пра другое, і іх адносіны можна было ўжо назваць амаль што сяброўскімі, каб час ад часу раптам не выяўлялася пэўная сарамлівасць і скаванасць, штосьці кшталту трывожнага страху, што звычайна адбывалася ў абаіх адначасова. У такія хвілі размова магла раптам перапыніцца і згубіцца ў мімалётным маўклівым позірку, які потым, як і першае цалаванне рукі, у адно імгненне змушаў працягваць зносіны ў больш скаванай форме.
Некалькі разоў пасля спектакля яму было дазволена праводзіць яе дадому. Якую паўнату шчасця дарылі яму гэтыя вясновыя вечары, калі ён ішоў па вуліцах горада побач з ёю! Потым перад дзвярыма свайго дома яна дзякавала яму за ўвагу, ён цалаваўяе ў ручку і з радаснай удзячнасцю ў сэрцы ішоў звыклым шляхам.
У адзін з такіх вечароў здарылася так, што ён пасля развітання, адышоўшыся ўжо некалькі крокаў, яшчэ раз азірнуўся. Тут ён убачыў, што яна стаяла яшчэ ў дзвярах і як быццам штосьці шукала на зямлі. Але яму чамусьці здалося, што толькі тады,
* Разумовыя станы (фр.).
калі ён хутка павярнуўся, яна раптам зрабіла выгляд, што нешта шукае...
«Учора ўвечары я бачыў вас! — сказаў Ролінг аднойчы. — Малы, дазволь мне выказаць табе глыбокую пачцівасць. Так далёка з ёю, мусіць, яшчэ ніхто не заходзіў. Ты — малайчына. Але, тым не менш, ты — авечка. Большых авансаў яна табе, шчыра кажучы, прапанаваць не можа. Ты — заўзяты дабрадзей! Яна павінна закахацца ў цябе па вушы. He падумай ісці адразу напралом!»
Нейкі час ён пазіраў на Ролінга не разумеючы. Потым зразумеў і сказаў: «Ды памаўчы ты!» Але яго прабралі дрыжыкі.
Потым вясна прыйшла канчаткова. Ужо перад канцом гэтага мая пайшлі чарадой адзін за адным гарачыя дні, на працягу якіх не ўпала аніводная кропля дажджу. Неба пазірала бледна-хмурнай сінечай на сасмяглую зямлю, і нерухомая, жорсткая дзённая спёка пад вечар саступала месца тупой, гнятлівай задусе, якая тым больш адчувальным рабіла лёгкі павеў ветру.
Аднойчы такім самым познім надвячоркам наш добры юнак самотна блукаў у пагоркавых прысадах прыгарада.
Дома яму было непамысна. Ён зноў захварэў; зноў яго гнала гэтая прагавітая жарсць, якую, як яму здавалася, даўно ўтаймаваў шчасцем, што звалілася на яго. 3 думкай пра яе... Што яму яшчэ было трэба!..
Усё ішло ад Ролінга, гэтага Мефістофеля. Усё болын дабрадушна і менш натхнёна.
Тады прыходзіць інтуіцыя —
He ведаю і сам канца...
Ён са стогнам пахітаў галавою і пачаў углядацца ў змярканне.
Усё ішло ад Ролінга! Ці ж ён, калі зноў убачыў яго бледнасць, якая рабілася ўсё больш прыкметнай, спачатку назваў гэта ў брутальных выразах і агаліў перад ім тое, што звычайна яшчэ было ахутана туманамі лагоднай, невыразнай меланхоліі!..
I ён працягваў ісці, зморанымі, аднак настойлівымі крокамі ў задушлівым паветры.
Ён ніяк не мог знайсці той куст язміну, водар якога бесперапынна п’яніў яго. Язмін жа яшчэ не мог цвісці, але яго ўсюды суправаджаў гэты салодкі, п’янкі пах, як толькі ён выходзіў на свежае паветра...
На адным павароце дарогі, каля самага валападобнага схілу, на якім у беспарадку раслі дрэвы, стаяла лаўка. Ён прысеў на яе і ўталопіўся перад сабою.
На другім бакударогі сцяжынка, парослая шорсткай травой, неўзабаве пачала збягаць уніз да ракі, якая сонна рухалася міма. 3 таго боку — шаша, прамая, як страла, паміж двума шэрагамі таполяў. Там, з цяжкасцю, уздоўж бледна-фіялетавага гарызонту, самотна рухалася сялянская падвода.
Ён сядзеў, утаропіўшыся, і не адважваўся паварушыцца, бо ў такім становішчы нічога вакол таксама не варушылася.
I ўвесь час, безупынна, гэты задушлівы язмін!
I ва ўсім свеце гэты тупы цяжар, гэта цёплая гнятлівая цішыня, засмяглая без вільгаці. Ён адчуваў, што аднекуль павінна прыйсці нейкае вызваленне — выратаванне, бурна-асвяжальная спатоля ўсёй гэтай смагі ў ім і ў прыродзе.
А потым ён раптам зноў убачыў перад сабою дзяўчыну ў светлым антычным убранні, з тонкай, белаю рукою, якая, напэўна, была мяккай і прахалоднай...
Тады ён устаў і з неакрэсленым, напалову прынятым рашэннем усё хутчэй і хутчэй рушыў дарогаю ў горад.
Калі ён спыніўся з няясным яшчэ ўсведамленнем, што ён ужо тут, у яго ў сярэдзіне раптам усё скаланулася ад страху.
Ужо настаў позні вечар. Усё вакол яго сціхла і акунулася ў змрок. Такой парой толькі вельмі рэдка ў гэтай мясцовасці, падобнай да прыгарада, хтосьці з’яўляўся. Сярод шматлікіх зорак, зацягнутых лёгкай смугою, на небе вылучаўся месяц, амаль што поўня. А ў далечыні — флегматычнае святло газавага ліхтара.
Ён жа стаяў перад яе домам.
He, ён не збіраўся ўваходзіць! Але ў яго ў сярэдзіне штосьці вырашыла, без яго ведама.
I вось калі ён так тут стаяў і нерухома талопіўся на месяц, то гэта, мусіць, так і трэба было, гэта было яго месца.
I аднекуль з’явіўся яшчэ большы прамень святла...
Ён ліўся зверху, з трэцяга паверха, з яе пакоя, у якім адно акно было адчынена. Значыць, яна не была занятая ў тэатры; яна была дома і яшчэ не пайшла спаць...
Ён заплакаў. Прыхінуўся да агароджы і заплакаў. Усё было такім сумным. Свет быў такі нямы і сасмяглы, а месяц такі бледны...
Ён плакаў доўга, бо адчуваў гэта цягам нейкага часу як асвяжальнае вызваленне і ўздым настрою ды разняволенне. Але потым яго вочы зрабіліся яшчэ сушэйшымі і гарачэйшымі, чым яны былі раней.
I гэтая жорсткая прыгнечанасць зноў ціснула на ўсё яго цела, выціскаючы стогн з грудзей, стогн... стогн... па...
Паддацца... паддацца...
He! He паддавацца, а самому!..
Ён выпрастаўся. Яго мускулы зацвярдзелі.
Але потым зноў ціхая, абыякавая нуда выпетрыла яго сілы.
He, лепей усё-такі зморана паддацца.
Ён слаба націснуў на клямку і паволі пацягнуўся ўверх па лесвіцы.
Служанка зірнула на яго крыху здзіўлена ў такі час ды сказала, што шаноўная фройляйн дома.
Яна ўжо не дакладвала пра яго; ён адразу пасля кароткага стуку адчыніў дзверы ў гасцёўню Ірмы.
Ён не ўсведамляў, што рабіў. Ён не сам пайшоў да дзвярэй, а яго штосьці павяло. У яго было пачуццё, быццам ён ад слабасці страціў нейкую апору, быццам нейкая нямая неабходнасць з сур’ёзнаю, амаль трагічнаю мінай паказвае яму шлях. Ён адчуваў, што нейкая воля, здольная самастойна разважаць, выступаючы супраць гэтага бясслоўна-магутнага загаду, прывяла б яго ўнутраны стан толькі ў журботнае супрацьстаянне. Паддацца... паддацца; тады б адбылося правільнае, неабходнае...