Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
У адказ на яго стук пачулася лёгкае пакашліванне — гэтак, як перад размовай прачышчаюць горла; потым зморана і запытальна прагучала: «Уваходзьце!»
Калі ён увайшоў, яна сядзела ў паўзмроку каля задняй сцяны пакоя з краю канапы за круглым сталом; каля адчыненага акна на маленькім серванце гарэла прынакрытая лямпа. Яна не глянула на яго, а, падумаўшы, што гэта дзяўчына, засталася сядзець у зморанай позе, прыціснуўшыся шчакой да абіўкі канапы.
«Добры вечар, фройляйн Вельтнэр», — ціха сказаў ён.
Тут яна рэзка падняла галаву і, вельмі спужаўшыся, нейкую хвілю глядзела на яго.
Яна была бледная, а вочы — пачырванелыя. Пакутны выраз маўклівай самаахвярнасці быў заўважны вакол яе вуснаў, і безназоўная лагодная змора выяўляла скаргу ў яе скіраваным на яго позірку і ў гучанні яе голасу, калі яна потым спытала:
«У такі позні час?»
I тут з яго выплеснулася наверх тое, чаго ён яшчэ ніводнага разу не адчуваў, бо ён яшчэ ні разу не забываў самога сябе, цёплая, сярэдзінная пакута бачыць боль на гэтым салодкім, салодкім твары і ў гэтых каханых вачах, якія луналі над ягоным жыццём як мілае, вясёлае шчасце; так, у той час ён дагэтуль адчуваў толькі спачуванне да самога сябе — цяпер глыбокае, бясконца самаахвярнае спачуванне да яе.
I тады ён застаўся стаяць, як стаяў, і толькі нясмела і ціха, але з пачуццём, шчыра вымавіў:
«Чаму Вы плакалі, фройляйн Ірма?»
Яна глянула моўчкі ўніз на свой падол, на белую хусцінку, якую яна камячыла ў руцэ.
Тады ён падышоў да яе і, сядаючы побач з ёю, узяў яе абедзве матава-белыя рукі, халодныя і вільготныя, і пачаў пяшчотна цалаваць абедзве, і калі з глыбіні грудзей гарачыя слёзы падступілі да самых вачэй, ён яшчэ раз дрыготкім голасам паўтарыў: «Вы ж... плакалі?»
Але яна схіліла галаву яшчэ ніжэй на грудзі, так што лёгкі водар яе валасоў патыхнуў у яго бок, і пакуль яе грудзі змагаліся з цяжкімі, напоўненымі страхам, бязгучнымі пакутамі, а яе пяшчотныя пальцы ўздрыгвалі ў ягоных, ён убачыў, як з яе доўгіх шаўкавістых веек цяжка і павольна капнулі дзве слязіны.
Тады ён спалохана прыціснуў яе рукі да сваіх грудзей і жалобна, гучна, голасам, быццам яго прыдушылі, выгукнуў свой душэўны боль:
«Я гэтага не вытрываю... не магу бачыць, што ты плачаш!»
I яна ўзняла свой бледны тварык да яго, так што яны змаглі сустрэцца позіркамі, зазірнуўшы адно аднаму глыбока, аж да самай душы, і гэтымі позіркамі прызнацца, што кахалі. А потым радасна-збавіцельны, адчайна-нявінны ўскрык жарсці прарваўся праз апошні страх, і ў той час, калі іх маладыя целы спляліся ў сутаргавай напрузе, не падпарадкаванай уласнай волі, дрыготкія вусны прыціснуліся і з’ядналіся ў першым доўгім пацалунку, ад якога рушыўся ўвесь свет, праз адчыненае вакно ўварвалася плынь бэзавага водару, якая зрабілася задушлівай і нараджала ўсё больш нястрымную пажадлівасць.
I ён падняў яе лёгкае, амаль бясплоцевае цела з крэсла, і яны мармыталі адно аднаму ў растуленыя вусны, як яны кахаюць адно аднаго.
I тады раптам яго ахапіў незразумелы жах, калі яна, якая ў яго закаханай няўпэўненасці была для яго багіняй, у прысутнасці якой ён заўсёды адчуваў сябе слабым, і нязграбным, і малым, пад яго пацалункамі пачала калыхацца.
Ноччу ён прачнуўся.
Месячнае святло мігцела ў яе валасах, а рука яе ляжала спакойна ў яго на грудзях.
Ён зірнуў уверх, дзе быў Бог, і пацалаваў яе сонныя вочы і быў яшчэ лепшым хлапцом, чым калі-небудзь у ранейшым жыцці.
Моцны навальнічны лівень за ноч прайшоў. Прырода вызвалілася ад сваёй соннай ліхаманкі. Увесь свет удыхнуў пасвяжэлы пах.
Пад халаднаватым ранішнім сонцам праз горад рухаліся ўланы, і народ стаяў перад дзвярыма, убіраючы ў сябе добрае паветра, і радаваўся.
I калі ён, накіроўваючыся да свайго жытла, шыбаваў праз памаладзелую вясну, з летуценна-нявіннай расслабленасцю ў це-
ле, яму хацелася гукаць у светла-блакітнае неба толькі радасныя воклічы — о мая салодкая!.. салодкая!.. салодкая!!!
Потым, дома, за пісьмовым сталом, перад яе партрэтам, ён задумаўся і зладзіў сумленны іспыт свайму душэўнаму зместу: што ён, папраўдзе, зрабіў і ці не ёсць ён пры ўсім сваім шчасці нягоднікам. Гэта прынесла б яму надзвычайны боль.
Але ўсё было добра і прыгожа.
У яго на душы была такая звонкая радасць, як калісьці на канфірмацыі, і калі ён выглянуў у вясновы дзень, які спяваў і шчабятаў, ды зірнуў на пяшчотна ўсмешлівае неба, то ў яго зноў з’явілася пачуццё, як у тую ноч, быццам ён глядзіць у твар Богу з сур’ёзнай, маўклівай удзячнасцю, а яго рукі спляліся, і ён са шчырай пяшчотай прашаптаў вясне яе імя, быццам святую ранішнюю малітву...
Ролінг... He, яму гэта не трэба ведаць. Ён цудоўны хлопец, але зноў палезе са сваімі выказваннямі наконт усяго і выставіць справу ў камічным святле. А вось калі ён прыедзе дадому, то тады, аднойчы вечарам, пад гудзенне лямпы, распавядзе маме... пра ўсё... усё шчасце.
I ён зноў заглыбіўся ва ўспаміны пра тое.
Праз восем дзён Ролінг, натуральна, пра ўсё даведаўся.
«Малы! — сказаў ён, — няўжо ты думаеш, што я дурны? Я ўсё ведаю. Ты мог бы распавесці мне пра ўсё трохі больш падрабязна».
«Не ведаю, пра што ты гаворыш. Калі б я нават ведаў, пра што ты гаворыш, я б не размаўляў пра тое, што ты ведаеш», — адказаў ён сур’ёзна, прычым з павучальнай мінай, і жэстамі ўказальнага пальца ён дасціпна заблытаў свайго суразмоўцу ўлабірынце складанага сказа.
«Ну толькі паглядзіце! Малы робіцца па-сапраўднамудасціпным! Чысты сапфір! Што ж, будзь сапраўды шчаслівым, шаноўны малады чалавек!»
«А я і ёсць такі, Ролінг!» — сказаў ён сур’ёзна і цвёрда і шчыра паціснуў руку сябру.
Але апошняму гэта зноў падалося занадта сентыментальным.
«Слухай, — спытаў ён, — ці не пачне Ірмачка неўзабаве выконваць ролю маладых замужніх кабет? Каптурыкі, здаецца, пасавалі б ёй цудоўна!.. Між іншым, ці не было б мне дарэчы стаць у вас сябрам дому?»
«Ролінг, ты невыносны!»
Магчыма, Ролінг толькі балбатаў. А магчыма, варункі нашага героя, які праз іх цалкам адчужаўся ад сваіх знаёмых і колішніх звычак, увогуле не маглі доўга заставацца невядомымі. У горадзе неўзабаве пайшлі размовы, што «Вельтнэр з гётэўскага тэатра» мае «стасункі з маладзёнам-студэнтам» і што яны ніколі асабліва не верылі ў прыстойнасць гэтай «асобы».
Напраўду, ён быў адчужаны ад усяго. Свет вакол яго праваліўся ў бяздонне, а сярод незлічоных ружовых воблачкаў і барочных амурчыкаў, якія гралі на скрыпачках, ён лунаў праз тыдні — лёгка, светла, душэўна! Калі б яму толькі можна было ў той час, калі гадЗіны незаўважна знікалі, ляжаць каля яе ног і, закінуўшы галаву, піць водар яе дыхання... А ў іншым жыццё ўжо для яго не існавала, прайшло канчаткова. Цяпер заставалася толькі адно гэта... Тое, у дачыненні да чаго ў кніжках ўжывалася толькі вартае жалю слова «каханне»...
Згаданае знаходжанне каля яе ног было, дарэчы, характэрным у стасунках дзвюх маладых асоб. У гэтым вельмі хутка выявілася ўся вонкавая перавага дваццацігадовае жанчыны перад равеснікам-мужчынам. Ён заўсёды быў тым, хто ў інстынктыўным імкненні падабацца ёй меўся быць як мага больш уважлівым у словах і рухах, каб сапраўды дагадзіць ёй. За выключэннем поўнай самаадданасці падчас саміх любоўных сцэн, ён пры іх публічных зносінах не заўсёды мог паводзіць сябе нязмушана: яму дрэнна давалася поўная раскаванасць. Ён, вядома, часткова з прычыны свайго самаадданага кахання, але ў болынай ступені, мусіць, таму, што ў грамадстве стаяў ніжэй, быў слабейшы, дазваляў ёй, як дзіця, лаяць сябе, каб потым пакорліва і маркотна прасіць выбачыць, пакуль яму зноў не дазвалялася прыціснуцца галавою да яе каленяў, а яна не пачынала пяшчотна гладзіць яму валасы з мацярынскай, амаль спачувальнай пяшчотаю. А ён пазіраў, лежачы каля яе
ног, на яе знізу ўверх, ён прыходзіў і адыходзіў толькі паводле яе жадання, ён быў паслухмяны адносна кожнага яе капрызу, а капрызы ў яе былі.
«Малы, -— казаў Ролінг, — я думаю, што ты трапіў пад абцас. Мне здаецца, што ты занадта свойскі для дзікага шлюбу!»
«Ролінг, ты — асёл. Ты гэтага не разумееш. Табе гэта незнаёма. Я кахаю яе. Гэта — усё. Я кахаю яе не проста так... так, а кахаюяеякраз... я... ах... гэта ніякнемагчыма выказаць...»
«Ты проста казачна цудоўны хлопец», — казаў Ролінг.
«Ды кінь ты, лухта!»
Лухта! Гэтыя неразумныя выразы пра «абцас» ды «занадта свойскі» зноў-такі мог выказваць толькі Ролінг. Ён сапраўды нічога не цяміў у гэтым? А што ён сапраўды ўяўляў сабою?! Стасункі ж былі такімі простымі і правільнымі. Ён жа ў любы момант мог узяць яе рукі ў свае і ўвесь час паўтараць ёй: «Ах, няўжо ты мяне кахаеш, няўжо хоць кропельку кахаеш... Як я ўдзячны табе за гэта!»
Аднойчы цудоўным, лагодным вечарам, калі ён самотна блукаў па вуліцах, ён зноў прыдумаў верш, які вельмі крануў яго. Вось такое нешта:
Калі ўжо дагарэў прамень
I дзень памёр у цішыні,
З’яднайся з ноччу, нібы цень, Ды ўслаў таго, хто ў вышыні.
Адчуй душой, з якой журбой
Наш лёс вартуе ён.
Як быццам кажа: «Позірк мой
I шчасце бачыць, і праклён».
Аднойчы праміне вясна
Ды прыйдзе зноў зіма... На свеце вечнага здаўна, Як ні шукай — няма.
Пакуль жа смела тварык твой Прыцісні да маёй шчакі, Усё яшчэ жыве вясной — Дзень сонечны такі!
He плач, не плач! Няма бяды, Прыйдзі, усцеш мяне.
Якія нашыя гады!
Каханне нас не падмане!
Але верш натхніў яго не таму, што ён сапраўды і па-сур’ёзнаму ўявіў сабе мажлівасць канца. Гэта была б абсалютна вар’яцкая думка. Ад шчырага сэрца з’явіліся толькі апошнія радкі, дзе сумная манатоннасць інтанацыі хвалявання ад цяперашняга шчасця была парушана хуткімі, вольнымі рытмамі. Астатняе было толькі музычным настроем, з якога ён выціскаў з вачэй незразумелыя слёзы.
Потым ён зноў напісаў сваім родным дадому некалькі лістоў, якіх, напэўна, не зразумеў бы ніводзін чалавек. Там, шчыра кажучы, нічога не было напісана; наадварот, у іх самым хвалюючым чынам былі расстаўленыя знакі прыпынку, і яшчэ яны кішэлі мноствам зусім неабгрунтавана скарыстаных клічнікаў. Але ж нейкім чынам яму патрэбна было выказаць усё сваё шчасце і даць знаць пра сябе, а з той прычыны, што, добра падумаўшы, ён не мог быць зусім шчырым у гэтых варунках, то ён і трымаўся за шматзначныя клічнікі. Ён мог часта моўчкі і шчыра сам сабе пасмейвацца, уяўляючы, што нават яго вучоны тата не зможа расшыфраваць гэтыя іерогліфы, якія абсалютна больш нічога не азначалі, як прыблізна: «Я бяз-меж-на шчаслівы!»