Смерць у Венецыі  Toмас Ман

Смерць у Венецыі

Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
103.53 МБ
Гэта знішчала яго, ён адчуваў. Але навошта яшчэ змагацца і пакутаваць? Няхай ідзе ўсё так як ідзе! А яму трэба рухацца сваім шляхам і заплюшчыць вочы перад раскрытай безданню там на заднім плане, падпарадкоўваючыся лёсу, падпарад-
коўваючыся звышмоцнай, здзекліва салодкай сіле, з-пад улады якой вырвацца немагчыма.
Вада зіхацела, язмін утвараў востры, задушлівы пах, птушкі шчабяталі вакол у галінах дрэў, паміж якімі свяцілася цяжкое, аксамітна-сіняе неба. А маленькі гарбаты пан Фрыдэман яшчэ доўга сядзеў на лаўцы. Ён сядзеў, нахіліўшыся наперад, падпёршы лоб абедзвюма рукамі.
XIV
Усе пагаджаліся, што ў Рынлінгенаў забава атрымалася выдатная. Каля трыццаці чалавек месціліся за даўгім, з густам упрыгожаным сталом, які цягнуўся цераз прасторную сталовую; адзін хатні служка і два часовыя ўжо бегалі з марозівам; усюды чулася пазвоньванне шклянога посуду, пастукванне сталовых прыбораў і адчуваўся цёплы водар страў ды парфумы. Тут сабраліся паважныя буйныя гандляры са сваімі лепшымі паловамі і дочкамі; акрамя таго, амаль усе афіцэры гарнізона, стары лекар, якога ўсе любілі, некалькі юрыстаў і ўсе тыя, хто далучае сябе да першых колаў. Тут прысутнічаў і адзін студэнт-матэматык, пляменнік падпалкоўніка, які прыехаў наведаць сваякоў; ён вёў глыбакадумныя размовы з паненкай Хагенштром, якая сядзела насупраць пана Фрыдэмана.
А ён сядзеў на цудоўнай аксамітнай падушцы пры другім канцы стала побач з непрыгожай жонкай дырэктара гімназіі, недалёка ад фрау Рынлінген, якую да стала праводзіў консул Штэфэнс. Проста дзіўна, якія змены адбыліся за гэтыя восем дзён у маленькім пане Фрыдэмане. Магчыма, прычына была часткова ў белым святле газавых лямп, якім была асветлена зала — і праз гэта яго твар здаваўся такім жахліва бледным; яго шчокі былі ўпалымі, пачырванелыя вочы, з цёмнымі ценямі вакол іх, выяўлялі невыказна журботнае адценне, і было такое ўражанне, што яго цела яшчэ больш скалечана, чым звычайна... Ён піў шмат віна і прамаўляў час ад часу некалькі слоў да сваёй суседкі.
Фрау фон Рынлінген яшчэ не перакінулася за сталом ніводным словам з панам Фрыдэманам, цяпер яна крыху нахілілася і крыкнула яму:
«Я дарэмна чакала Вас у гэтыя дні, Вас і Вашу скрыпку».
Ен, перш чым адказаць, на момант зірнуў на яе зусім адсутным позіркам. На ёй быў светлы лёгкі ўбор, які адкрываўяе белую шыю, а ў бліскучых валасах месцілася ружа «маршал Ніл», якая ўжо цалкам расцвіла. Шчокі фрау фон Рынлінген сёння вечарам былі крыху падрумяненыя, але, як заўсёды, у куточках яе вачэй ляжалі сіняватыя цені.
Пан Фрыдэман апусціў вочы ўніз, гледзячы на сваю талерку, і нічога не прамовіў у адказ, пасля чаго яму трэба было рэагаваць на пытанне жонкі дырэктара гімназіі, ці любіць ён Бетховена. Але ў гэтую самую хвіліну падпалкоўнік, які сядзеў на чале стала, кінуў у бок сваёй жонкі позірк, пастукаў па шклянцы і сказаў:
«Шаноўнае спадарства, я прапаную перайсці піць каву ў іншае памяшканне; між іншым, сёння вечарам павінна быць няблага і ў садзе, і калі хто жадае крышку дыхнуць там свежым паветрам, то я падтрымаю яго». У цішыню, якая ўсталявалася, лейтэнант Дайдэсгайм з пачуцця такту ўкінуў лёгкі жарт такім чынам, што ўсе паўставалі, весела смеючыся. Пан Фрыдэман пакінуў залу сярод апошніх са сваёй дамаю, ён праводзіў яе цераз старанямецкае памяшканне, дзе ўжо пачалі паліць, у паўзмрочную і ўтульную гасцёўню і развітаўся з ёю.
Ен быў выкшталцона апрануты; яго фрак быў бездакорны, кашуля — асляпляльна белая, а маленькія і прыгожыя формаю ногі былі абутыя ў лакіраваныя туфлі. Час ад часу можна было бачыць, што на ім былі панчохі з чырвонага шоўку.
Ён кінуў позірк у калідор і ўбачыў, што ладныя групы падаліся ўжо ўніз па лесвіцы ў сад. А ён сеў з цыгарай і кубкам кавы каля дзвярэй старанямецкага пакоя, у якім некалькі мужчын стаялі, гамонячы, і зазірнуўу гасцёўню.
Адразу справа ад дзвярэй вакол круглага стала сядзела кола, цэнтр якога ўтвараў студэнт, які гаварыў з імпэтам. Ён сцвярджаў, што праз адну кропку можна правесці больш чым
адну паралельную лінію да прамой; фрау Хагенштром, жонка адваката, усклікнула: «Гэта немагчыма!» — і цяпер ён так упэўнена гэта даказваў, што ўсе рабілі выгляд, нібыта яны разумеюць.
На заднім жа плане пакоя, на атаманцы, каля якой стаяла нізкая, пакрытая нечым чырвоным, лямпа, сядзела, размаўляючы з юнай фройляйн Штэфэнс, Герда фон Рынлінген. Яна сядзела, крыху адкінуўшыся назад у падушку з жоўтага шоўку, ногі адна на адной, і паволі паліла цыгарэту, пускаючы дым цераз нос і выцягнуўшы наперад ніжнюю губу. Фройляйн Штэфэнс сядзела, выпрастаўшыся, перад ёй, як выразаная з дрэва, і адказвала, баязліва ўсміхаючыся.
Ніхто не звяртаў увагі на маленькага пана Фрыдэмана, і ніхто не заўважыў, што яго вялікія вочы былі неадрыўна скіраваныя на фрау Рынлінген. Ён сядзеў у расслабленай позе і глядзеў на яе. У яго позірку не было нічога жарснага і амаль ніякага болю; штосьці тупое і мёртвае ўтрымлівалася ў ім, цяжкая, бяссільная і бязвольная адданасць.
Гэтак прайшло каля дзесяці хвілін; тут фрау фон Рынлінген раптам устала, і, не гледзячы на яго, як быццам яна ўвесь гэты час патаемна назірала за ім, падышла ды спынілася перад ім. Ён устаў, паглядзеў на яе знізу ўверх і пачуў:
«У Вас няма жадання правесці мяне ў сад, пан Фрыдэман?»
Ён адказаў:
«3 задавальненнем, вяльможная пані».
XV
«Вы яшчэ не бачылі нашага саду? — прамовіла яна на сходах, звяртаючыся да яго. — Ён даволі вялікі. Будзем спадзявацца, што там яшчэ не шмат народу; я хацела б крышку перадыхнуць. Падчас яды ў мяне забалела галава; магчыма, чырвонае віно было для мяне занадта моцным... Нам трэба прайсці цераз гэтыя дзверы».
Гэта былі шкляныя дзверы, цераз якія яны з фае трапілі ў маленькі прахалодны калідорчык; потым некалькі прыступак вывелі іх на свежае паветра.
У гэтую цудоўна зорную, цёплую ноч водар зыходзіў з усіх газонаў. Сад увесь быў пранізаны месячным святлом, а па белых зіхоткіх, усыпаных жвірам сцяжынах, нязмушана размаўляючы і палячы, шпацыравалі сюды-туды госці. Адна група сабралася вакол фантана, дзе стары лекар, якога любілі ўсе, пад агульны смех пускаў на ваду папяровыя карабельчыкі. Фрау фон Рынлінген, лёгка кіўнуўшы галавою, прайшла міма і паказала ў далячынь, туды, дзе зграбны і пахучы кветнік пераходзіў у цёмны парк.
«Давайце пройдзем уніз цераз цэнтральную алею», — сказала яна. Каля ўваходу стаялі два нізкія, мажныя абеліскі.
Там на заднім плане, у канцы простых, як страла, каштанавых прысадаў, яны ўбачылі раку, якая ў сонечным святле, здавалася, ззяла зеленаватым бліскучым колерам. Вакол было цёмна і халаднавата. To тут, то там ад прысадаў адыходзіла ўбок сцяжына, якая, мусіць, утвараючы дугу, таксама вяла да ракі. Тут можна было доўга стаяць і не пачуць аніводнага гуку.
«Каля вады, — сказала яна, — ёсць сімпатычнае месца, дзе я ўжо часта сядзела. Там мы маглі б хвілінку нязмушана паразмаўляць... Зірніце, час ад часу праз лістоту выглядвае зіхатлівая зорка».
Ён не адказваў, гледзячы на паверхню, якая мігацела зеленаватым колерам і да якой яны набліжаліся. Можна было ўжо распазнаць другі бераг ракі, збудаванні вала. Калі яны пакінулі прысады і апынуліся на пляцоўцы, парослай травой, якая сканчвалася каля вады, фрау фон Рынлінген сказала:
«Тут, крышку справа, ёсць месца; бачыце, яно незанятае».
Лаўка, на якую яны прыселі, праз шэсць крокаў убок ад прысадаў, стаяла на самым краі парка. Тут было цяплей, чым паміж дрэвамі. Конікі цвыркалі ў траве, якая каля самай вады пераходзіла ў тонкі трыснёг. Рака пад яркім месяцам адсвечвала лагодным адценнем.
Яны абодва нейкі час маўчалі і глядзелі на ваду. Але потым ён, здрыгануўшыся ўсім целам, прыслухаўся, бо гук, які ён чуў тыдзень таму, гэты ціхі, раздумлівы і пяшчотны гук, зноў зачапіўяго.
«Калі з Вамі здарылася гэтае няшчасце, пан Фрыдэман? — спытала яна. — Ці гэта ў Вас ад нараджэння?»
Ён каўтнуў, бо яму як адняло мову. Потым адказаў ціха і ветліва:
«Не, вяльможная пані. Мяне, маленькага, мамка ўпусціла на зямлю; вось адкуль гэта ў мяне».
«А колькі Вам цяпер?» — працягвала яна роспыты.
«Трыццаць гадоў, вяльможная пані».
«Трыццаць гадоў, — паўтарыла яна. — I Вы за гэтыя трыццаць гадоў зусім не зведалі шчасця?»
Пан Фрыдэман пахітаў галавою, яго вусны дрыжалі. «Не, — прамовіў ён, — гэта былі адно самападман і трызненне».
«Вам здавалася, што Вы шчаслівы?» — пыталася яна.
«Я спрабаваў паверыць», — сказаў ён, а яна адказала:
«Гэта было адважна».
Мінула хвіліна. Толькі конікі цвыркалі, а за іх спінамі чуўся лёгкі пошум удрэвах.
«Я крыху разбіраюся ў няшчасці, — сказала яна потым. — TaKia летнія ночы каля вады — самае лепшае ў падобных выпадках».
На гэта ён не адказаў нічога, толькі лёгкім рухам паказаў на другі бераг, які мірна ляжаў у змроку.
«Нядаўна я там сядзеў», — сказаў ён.
«Калі Вы ішлі ад мяне?» — спытала яна.
Ён толькі кіўнуў.
Але потым ён раптам скалануўся, яго аж падкінула ўверх, ён усхліпнуў, выгукнуў нешта, нейкі жалобны гук, у якім адначасова мелася яшчэ і нешта збавіцельнае, і споўз паволі да яе ног на зямлю. Сваёй рукою ён дакрануўся да ейнай, якая ляжала на лаўцы каля яго, і, патрымаўшы яе і схапіўшы другую, гэты маленькі, гэты зусім карузлаваты чалавек, дрыжачы і торгаючыся, кленчачы перад ёй і прыціскаючы свой твар да яе падолу, мармытаў нечалавечым, перарывістым голасам:
«Вы ж ведаеце... Адпусціце мяне... Я болып не магу... Божа мой... Божа мой...»
Яна не адштурхоўвала яго, але і не схілілася ўніз да яго. Яна сядзела, роўна выпрастаўшыся, крышку адхіліўшыся ад яго, і яе маленькія вочкі, якія знаходзіліся амаль што побач, у якіх, здаецца, адлюстроўвалася вадкае мігценне вады, глядзелі проста перад сабою нерухома і напружана, паверх яго, удалячынь.
А потым, раптам, рыўком, з кароткай, ганарыстай, пагардлівай усмешкай яна вырвала свае далоні з яго гарачых пальцаў, ухапіла яго пад пахі і адшпурнула канчаткова на зямлю, падхапілася і знікла ў прысадах.
Ён ляжаў тварам у траву, аглушаны, беспрытомны, і яго цела непарыўна торгалася. Ён з намаганнем устаў, зрабіў два крокі і рынуўся зноў на зямлю. Ён ляжаў каля вады...
Што ж у ім адбылося пасля таго, што з ім здарылася? Магчыма, гэта была пажадлівая нянавісць, якую ён адчуваў, калі яна прыніжала яго сваім позіркам, якая цяпер, калі ён з прычыны ейнага абыходжання з ім ляжаў на зямлі, як сабака, вырадзілася ў вар’яцкае шаленства, якое ён мусіў пусціць у ход, нават калі яно скіравалася супраць яго самога... Агіда, магчыма, да самога сябе, якая напоўніла яго прагай знішчыць сябе, парваць сябе на кавалкі, растварыцца...