Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
Недзе а дзясятай гадзіне ён пачуў, як цераз пярэдні пакой ідуць сёстры; пачуў, як зарыпелі дзверы, і ўбачыў, як паўз акно прайшлі тры дамы, на што ён не звярнуў асаблівай увагі. Прайшла гадзіна. Адчуванне шчасця ўсё больш авалодвала ім.
Яго пачало напаўняць штосьці накшталт самазадаволенасці. Што за паветра наўкола, як шчабечуць птушкі! А ці не пайсці яму крыху пашпацыраваць? — I тады, раптам, без іншай думкі, у ім з салодкім страхам мільганула ідэя: «А калі ўзяць ды пайсці да яе?» — I заглушаючы адным толькі напружваннем цягліцаў у сабе тое, што са страхам папярэджвала, ён са шчаслівай рашучасцю дадаў: «Я пайду да яе!»
I ён апрануў свой чорны выхадны гарнітур, узяў цыліндр ды кіёк і хутка, часта дыхаючы, пашыбаваў цераз увесь горад у паўднёвы прыгарад. He заўважаючы ніводнага чалавека, ён старанна пры кожным кроку ўздымаў і апускаў галаву, ахоплены міжвольным, экзальтаваным станам, пакуль не апынуўся за горадам у каштанавай алеі перад чырвонай вілай, над уваходам у якую можна было прачытаць: «Падпалкоўнік фон Рынлінген».
XII
Тут яго прабралі дрыжыкі, а сэрца ў грудзях забілася сутаргава і цяжка. Але ён прайшоў калідорам і пазваніў. Рашэнне было прынята, і адступлення не было. Няхай будзе ўсё, як будзе, падумаў ён. У ім раптам усталяваўся смяртэльны спакой.
Дзверы штуршком адчыніліся, служка пайшоў яму насустрач цераз пярэдні пакой, узяў яго візітоўку і заспяшаўся з ёй наверх па лесвіцы, якая была засцелена чырвонай дарожкай. Пан Фрыдэман глядзеў на яе, утаропіўшыся, нерухома, увесь час, пакуль служка не вярнуўся і не абвясціў, што вяльможная пані просіць падымацца наверх.
Наверсе, побач з дзвярыма салона, дзе ён пакінуў кіёк, ён зазірнуў у люстэрка. Твар быў бледны, а над пачырванелымі вачыма да лба клеіліся валасы; рука, у якой ён трымаў цыліндр, нястрымна дрыжала.
Слуга адчыніў, і ён увайшоў. Ён убачыў сябе ў даволі вялікім, паўзмрочным памяшканні; вокны былі завешаны. Праваруч стаяў раяль, а ўсярэдзіне вакол круглага стала групаваліся крэслы з высокімі спінкамі ў карычневым шоўку. Над канапай на левай бакавой сцяне вісеў пейзаж у цяжкой пазалочанай раме. Шпалеры таксама былі цёмнымі. Ззаду ў эркеры стаялі пальмы.
Прайшла хвіліна, пакуль фрау фон Рынлінген расхінула справа парцьеры і моўчкі пайшла насустрач яму па тоўстым карычневым дыване. На ёй была проста вырабленая сукенка ў чырвоную і чорную клетку. 3 эркера якраз на яе цяжкія рыжыя валасы падаў пук святла, у якім кружыўся пыл, так што яны на нейкую хвілю загарэліся золатам. Яна дапытліва скіравала позірк сваіх дзіўных вачэй на яго і выставіла, як звычайна, ніжнюю губу наперад.
«Вяльможная пані, — пачаў пан Фрыдэман і глянуў на яе знізу ўверх, бо ён даставаў ёй толькі да грудзей, — я хацеў бы таксама з майго боку выказаць Вам сваю пашану. Я, на жаль, адсутнічаў, калі Вы зрабілі ласку маім сёстрам... і шкадую... шчыра...»
Ён абсалютна не ведаў, што яшчэ сказаць, але яна стаяла і глядзела няўмольна на яго, як быццам хацела прымусіць яго гаварыць яшчэ. Уся кроў раптам ударыла яму ў галаву. «Яна вырашыла памучыць і пакпіць з мяне, — падумаў ён, — і яна ж бачыць мяне наскрозь! Як дрыжаць яе вочы!» Нарэшце яна прамовіла вельмі высокім і выразным голасам:
«Гэта вельмі міла, што Вы прыйшлі. Я тады вельмі шкадавала, што Вас не было. Будзьце ласкавы, сядайце...»
Яна села побач з ім, паклала рукі на бакавыя спінкі крэсла і адкінулася. Ён сядзеў, нахіліўшыся наперад, трымаючы капялюш паміж каленямі. Яна прамовіла:
«Вы ведаеце, што яшчэ чвэрць гадзіны таму тут былі Вашы паненкі-сёстры? Яны мне сказалі, што Вы захварэлі».
«Гэта праўда, — адказаў пан Фрыдэман,— сёння раніцай я адчуваў сябе нядобра. Мне здавалася, што я не змагу пайсці куды-небудзь. Я прашу прабачэння за сваё спазненне».
«Вы яшчэ і цяпер выглядаеце нездаровым», — сказала яна абсалютна спакойна і пільна глянула на яго. «Вы бледны, а Вашы вочы запаленыя, Вы ўвогуле не зусім здаровы?»
«О..., — запінаючыся, пачаўпан Фрыдэман, — увогуле я задаволены».
«I я часта хварэю, — працягвала яна, не адводзячы позірку, — але ніхто гэтага не заўважае. Я нервовая і ведаю самыя незвычайныя станы».
Яна прымоўкла, нахіліла падбароддзе на грудзі і, чакаючы адказу, пазірала на яго знізу ўверх. Але ён не адказваў. Ён ціха сядзеў і ў задуменні, шырока расплюшчанымі вачыма, глядзеў на яе. Як дзіўна яна гаварыла і як кранаў яго яе звонкі нязмушаны голас! Яго сэрца супакоілася; яму здавалася, што ён сніць... Фрау Рынлінген зноў пачала:
«Ці я не памыляюся: Вы ўчора пакінулі тэатр да канца спектакля?»
«Праўда, вяльможная пані».
«Мне было вельмі шкада. Вы былі ўважлівым суседам, хоць спектакль не быў добры, ці толькі адносна добры. Ці любіце вы музыку? Ці граеце вы на фартэпіяна?»
«Я крышку іграю на скрыпцы, — сказаў пан Фрыдэман. — Шчыра кажучы, амаль зусім не...»
«Вы іграеце на скрыпцы?» — спытала яна; потым зірнула паўз яго ў нікуды і задумалася.
«Але тады мы маглі б час ад часу пайграць разам, — раптам сказала яна. — Я магу крышку акампанаваць. Я была б рада, што знайшла тут некага... Вы прыйдзеце?»
«Я з задавальненнем аддаю сябе ў Ваша распараджэнне, вяльможная пані», — сказаў ён, як у сне. Усталявалася паўза. I тут раптам змяніўся выраз яе твару. Ён убачыў, як амаль незаўважная жорсткая насмешка сказіла яго, як яе вочы зноў цвёрда і пільна скіраваліся на яго з тым жахлівым дрыжаннем, як ужо было два разы да гэтага. Ягоны твар палаў чырванню, і не ведаючы, куды павярнуцца, абсалютна бездапаможны і страціўшы кантроль над сваімі пачуццямі, ён унурыў галаву зусім нізка паміж плячыма і разгублена глядзеў уніз на дыван. Нібы кароткі прыступ жаху пранізаў яго, падобны да той беспрытомнай салодка-пакутнай злосці.
Калі ён адчайным намаганнем зноў узняў позірк, яна болып не глядзела на яго, а пазірала спакойна паўзверх яго галавы на дзверы. Ён з цяжкасцю вымавіў некалькі слоў:
«А Вы, вяльможная пані, пакуль што ўсё-такі задаволеныя сваім жыццём у нашым горадзе?»
«О, — абыякава адказала фрау фон Рынлінген, — вядома. А чаму мне быць незадаволенай? Праўда, я падаюся сабе крыху абмежаванай і ўвесь час пад назіраннем, але... у астатнім, — працягнула яна адразу, — каб не забыцца: мы думаем у бліжэйшыя дні запрасіць да нас пэўных людзей, маленькую, нязмушаную кампанію. Можна было б крыху памузіцыраваць, крышку нязмушана пагаманіць... Акрамя таго, у нас за домам ёсць даволі сімпатычны сад; ён даходзіць ажда ракі. Карацей кажучы: Вы і Вашы дамы, вядома, атрымаеце яшчэ запрашэнне, але я прашу Вас ужо цяпер, каб Вы прынялі ўдзел; Вы зробіце нам такую ласку?»
Пан Фрыдэман не паспеў выказаць падзяку і згоду, як на клямку хтосьці энергічна націснуў. Увайшоў падпалкоўнік. Абое ўсталі, і пакуль фрау Рынлінген узаемна прадстаўляла мужчын, яе муж з аднолькавай ветлівасцю адвешваў паклоны як пану Фрыдэману, так і ёй. Яго смуглявы твар свяціўся цеплынёй.
Сцягваючы з рук пальчаткі, ён гаварыў штосьці моцным і рэзкім голасам, звяртаючыся да пана Фрыдэмана, які шырока расплюшчанымі, бяздумнымі вачыма пазіраў на яго знізу ўверх і ўвесь час чакаў, што той добразычліва паляпае яго па плячы. Тым часам падпалкоўнік павярнуўся на зведзеных разам абца-
сах і лёгка схіленым наперад корпусам да сваёй жонкі і сказаў прыкметна прыглушаным голасам:
«Ты папрасіла пана Фрыдэмана наконт яго прысутнасці на нашай маленькай сходцы, каханая? Калі табе гэта будзе прыемна, то я думаю, што мы зладзім яе праз восем дзён. Я спадзяюся, што добрае надвор’е пратрымаецца і што мы зможам прабавіць час у садзе».
«Як пажадаеш», — адказала фрау фон Рынлінген і зірнула паўзяго.
Праз дзве хвіліны пан Фрыдэман развітаўся. Яшчэ раз кланяючыся каля дзвярэй, ён сустрэўся з яе вачыма; яны пазірала на яго безвыразна.
XIII
Ён пайшоў не назад у горад, а міжволі выбраў сабе шлях, які адгаліноўваўся ад прысадаў і вёў да былога вала фартэцыі каля ракі. Там меліся добра дагледжаныя прысады, зацененыя сцежкі і лаўкі.
Ён ішоўхутка і без адмысловых думак, не падымаючы вачэй. Яму было невыносна горача, і ён адчуваў, як у ім палаюць і затухаюць языкі полымя, адчуваў, які няўмольны стук панаваў у яго зморанай галаве.
Ці на ім яшчэ не заставаўся яго позірк? Але не такі, як апошні, а такі, як раней, з гэтай дрыготкай брутальнасцю, пасля таго як яна толькі што паразмаўляла з ім у той спакойнай манеры? Ах, няўжо ёй прыносіла асалоду рабіць яго бездапаможным і выводзіць з сябе? Няўжо яна, магчыма, так добра разумеючы яго, не мела хоць кроплю спачування?
Ён ішоў унізе ўздоўж ракі, побач з валам, парослым зелянінай, потым сеў на лаўку, аточаную паўкругам кустоў язміну. Вакол усё было напоўнена салодкім задушлівым пахам. Перад ім на дрыготкай вадзе пякло сонца.
Ён адчуваў сябе дарэшты змораным і разбітым, у сярэдзіне ж усё пакутна калацілася ад хвалявання! Ці не найлепш бы-
ло б — азірнуцца яшчэ раз вакол сябе і потым кінуцца ўніз у ціхую ваду, каб пасля кароткіх пакут зрабіцца вольным і выратаваным для спакою? Ах, спакой, спакой — гэта было тое, чаго ён хацеў! Але не спакою ў пустым і глухім Небыцці, а ў пяшчотна раздумлівым міры, напоўненым добрымі, ціхімі думкамі.
Уся яго пяшчотная любоў да жыцця і глыбокая туга па страчаным шчасці ў гэты момант ліхаманкава працяла яго. Але потым ён азірнуўся, глянуў у маўклівы, бясконца абыякавы спакой прыроды, убачыў, як рака, асветленая сонцам, плыла сваім шляхам, як дрыготка варушылася трава, а кветкі заставаліся там, дзе яны расцвілі, каб потым завянуць, абляцець і быць развеянымі ветрам, убачыў, як усё з нямой паслухмянасцю схілялася перад існасцю; ім раптам апанавала пачуццё прымірэння і паразумення з неабходнасцю, і гэтае пачуццё давала ўпэўненасць, што любы лёс — пераадольны.
Ён згадаў той надвячорак свайго трыццацігоддзя, калі яму, шчасліваму, што займеў спакой, здавалася, што ён можа без страху і надзеі азіраць рэшту свайго жыцця. Тады ён не бачыў ні святла, ні ценю, перад ім усё ляжала ў мяккім паўзмроку, пакуль там, на заднім плане, амаль незаўважна, усё не растварылася ў змроку, а ён са спакойнай і пераможнай усмешкай глядзеў на будучыя гады, якія яшчэ павінны прыйсці... Як даўно ўсё гэта было?
I тады прыйшла гэтая жанчына, яна абавязкова мусіла была прыйсці, гэта быў яго лёс, яна сама была яго лёсам, толькі яна! Ці не было ў яго гэтага пачуцця ад першага моманту? Яна тады прыйшла, і ці не спрабаваўён абараніць свой спакой... У яе ўсё ягонае павінна было выклікаць абурэнне, тое, што ён з юнацтва прыгнятаў у сабе, адчуваючы, што гэта азначала для яго пакуты і кананне; гэта захапіла яго жудаснай, непераадольнай сілай і несла яму пагібель!