Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
А само па сабе жыццё ці не ёсць чымсьці добрым, незалежна ад таго, ці складваецца яно для нас так, каб яго можна было назваць «шчаслівым»? Ёганэс Фрыдэман верыў, што так і ёсць: ён любіў жыццё. Ніхто не разумее, з якой душэўнай дбайнасцю ён, які адмовіўся ад самага вялікага шчасця, якое толькі можа выпасці нам, умеў карыстацца радасцямі, даступнымі яму. Прагулка вясною па зялёных прысадах за горадам, пах кветкі, спевы птушкі — ці можна заставацца няўдзячным за ўсё гэта?
А тое, што асвета таксама здольная прыносіць задавальненне, нават сам працэс самаразвіцця прыносіць радасць, ён таксама разумеў — і ён развіваўся. Ён любіў музыку і наведваў усе канцэрты, якія праходзілі ў горадзе. Ён сам паступова пачаў нядрэнна іграць на скрыпцы, хоць выглядаў пры гэтым надта нязвыкла, і радаваўся кожнаму прыгожаму і лагоднаму тону, які ўдаваўся яму. Дзякуючы таму, што ён вельмі шмат чытаў, з часам у яго выпрацаваўся літаратурны густ, які, праўда, ніхто ў горадзе з ім не падзяляў. Ён ведаў навінкі ў сваёй краіне і за мяжою, ён адчуваў асалоду ад рытмічнай зграбнасці верша і быў здольны перажываць інтымны настрой тонка напісанай навелы... О! Можна было нават сказаць, што ён быў эпікурэйцам.
Ён навучыўся разумець, што ўсё можа прыносіць асалоду і што амаль неразумна праводзіць розніцу паміж шчаслівымі і нешчаслівымі жыццёвымі падзеямі: ён успрымаў усе адчуванні і настроі з вялікай гатоўнасцю і песціў іх, як змрочныя, так і вясёлыя... інават няспраўджаныя жаданні — жарсць. Ён любіў яе проста дзеля яе і гаварыў сабе, што са спраўджаннем прыходзіць канец самамулепшаму... Ці не прыносяць салодкія, балючыя, адважныя жаданні і надзеі ў ціхія вясновыя вечары больш асалоды, чым усе спраўджанні, якія можа прынесці лета? — Ну так, ён быў эпікурэйцам, гэты маленькі пан Фрыдэман!
Гэта, мусіць, не было вядома людзям, якія віталі яго на вуліцы з той спачувальнай зычлівасцю, да якой ён прывык з даўняга часу. Яны не ведалі, што гэты няшчасны калека, які са смешнаватай важнасцю, у светлым плашчы і бліскучым цыліндры, — ён быў дзіўным чынам крыху пыхлівым — крочыў па вуліцах, пяшчотна любіў жыццё, якое лагодна наплывала на яго, без вялікіх афектаў, але напоўненае ціхім і пяшчотным шчасцем, якое ён мог сам сабе тварыць.
V
Але галоўнай прыхільнасцю пана Фрыдэмана, яго сапраўднай жарсцю, быў тэатр. Ён валодаў незвычайна тонкім адчуваннем драматызму, і пры магутным сцэнічным дзеянні, катастрофе ў трагедыі, усё яго маленькае цела магло пачаць калаціцца. У яго было сваё месца на першым ярусе гарадскога тэатра, які ён наведваў рэгулярна, а час ад часу яго суправаджалі туды і тры ягоныя сястры. 3 часу смерці маці яны адны займаліся ў старым доме гаспадаркай, валоданне якой яны дзялілі з ім.
На жаль, яны ўсё яшчэ не былі замужам; але ўжо даўно дасягнулі ўзросту, калі аддаеш сябе на волю лёсу, бо Фрыдэрыка, самая старэйшая, нарадзілася на 17 гадоў раней за пана Фрыдэмана. Яна і яе сястра Генрыэта былі крышку завысокія і худыя, у той час як Пфіфі, меншанькая, нарадзілася нізкарослай і таўставатай. У яе, між іншым, была смешная манера пры кожным слове ўздрыгваць, і пры гэтым у куточках рота ў яе збіралася слінка.
Маленькі пан Фрыдэман не шмат думаў пра сясцёр; яны ж трымаліся аддана разам, і меркаванні ў іх заўсёды былі аднолькавыя. Асабліва калі сярод іх знаёмых адбываліся заручыны, яны ў адзін голас падкрэслівалі, што гэта іх вельмі радуе.
Брат надалей жыў разам з імі, нават тады, калі пакінуў гандаль драўнінай у пана Шліфогта і распачаў самастойны бізнес, прыдбаўшы маленькае прадпрыемства, агенцтва ці нешта гэтага кшталту, што патрабавала не вельмі шмат часу. У яго ў доме на ніжнім паверсе мелася некалькі памяшканняў, і не трэ-
ба было падымацца сходамі, каб падсілкавацца, бо час ад часу ў яго надараліся невялікія прыступы астмы.
На сваё трыццацігоддзе, у светлы і цёплы чэрвеньскі дзень, ён, папалуднаваўшы, сядзеў пад шэрым садовым тэнтам з новым падгалоўнікам, зробленым для яго Генрыэтай, з добрай цыгарай у зубах і добрай кніжкай у руцэ. Час ад часу ён адводзіў яе ўбок, прыслухоўваўся да задаволенага шчабятання вераб’ёў, якія атайбаваліся ў старой арэшыне, і пазіраў на чыстую сцяжыну, пасыпаную жвірам, якая вяла да дома, ды на газон з маляўнічымі градкамі.
У маленькага пана Фрыдэмана не было барады, і яго твар амаль зусім не змяніўся, толькі рысы крыху абвастрыліся. Яго мяккія русыя валасы былі гладка зачасаныя набок.
Калі ён апусціў кніжку на самыя калені і, міргаючы, зірнуў у сонечнае неба, ён сказаў самому сабе: «Вось і трыццаць гадоў мінула. Магчыма, пройдуць яшчэ дзесяць ці нават дваццаць. Толькі Бог ведае. Яны прыплывуць і праплывуць ціха і бясшумна міма, як і былыя; я чакаю іх з душэўным спакоем».
VI
У ліпені таго самага года адбылася змена ў акруговай камендатуры, якая ўстрывожыла ўсё і ўсіх. Мажны, зычлівы пан, які на працягу гадоў займаў гэтую пасаду, карыстаўся ў грамадскіх колах папулярнасцю, і людзі не адчувалі радасці праз тое, што ён сыходзіць. Толькі Бог ведае, з якой прычыны сюды са сталіцы трапіў пан фон Рынлінген. Замена, зрэшты, атрымалася, здаецца, неблагая, бо новы падпалкоўнік, жанаты, але без дзяцей, арандаваў у паўднёвым прыгарадзе вельмі прасторную вілу, з чаго зрабілі выснову, што ён меў намер атабарыцца тут надоўга. Ва ўсякім разе, чуткі, што ён надзвычай багаты, пацвярджаліся і тым, што ён прывёз з сабою чатырох пасыльных, пяць верхавых ды запражных коней, ландо і лёгкую карэту.
Муж з жонкай неўзабаве пасля свайго прыезду пачалі наносіць візіты паважаным сем’ям, і іх імя было ва ўсіх на языку;
але галоўную цікавасць выклікаў зусім не сам гер фон Рынлінген, а яго жонка. Паны-мужчыны разгубіліся і спачатку не маглі нічога выказаць; а вось дамы якраз не засталіся абыякавымі наконт такой з’явы, як Герда фон Рынлінген.
«Сталічная штучка, — выказалася фрау Хагенштром, жонка адваката, у размове з Генрыэтай Фрыдэман, — ну, вядома. Яна паліць, яна ездзіць конна — згодна! Але яе паводзіны не толькі вольныя — яны бесцырымонныя, і гэта яшчэ не зусім тое слова... Паглядзіце, непрыгожай яе на назавеш, пра яе нават можна было б сказаць: мілая... I ўсё-такі ў ёй адсутнічае жаночая прывабнасць, і ў яе позірку, яе смеху, яе рухах няма ўсяго таго, што любяць мужчыны. Яна не какетка, і я, Бог за сведку, ніколі не скажу, што гэта кепска; але ці можа такая маладая жанчына — ёй дваццаць чатыры гады — абсалютна бесклапотна не ўлічваць натуральную прыцягальную сілу жаноцкасці? Шаноўная, я не люблю лухты, я ведаю, што кажу. Нашы мужчыны пакуль што ашаломленыя: Вы ўбачыце, што праз некалькі тыдняў яны, цалкам расчараваныя, адвернуцца ад яе».
«Што ж, — сказала фройляйн Фрыдэман, — яна выдатна забяспечаная».
«Так, яе муж! — усклікнула фрау Хагенштром. — Як яна абыходзіцца з ім? Вам варта было б убачыць! Вы ўбачыце! Я першая, хто настойвае на тым, што замужняя жанчына ў дачыненні да супрацьлеглага полу павінна ставіцца да пэўнай ступені стрымана. А як яна паводзіць сябе ў дачыненні да ўласнага мужа? У яе такая завядзёнка — холадна пазіраць на яго і звяртацца са спачувальным тонам “любы сябра”; гэта выклікае ў мяне шаленства! Але ж трэба бачыць яго — карэктны, з рыцарскай выпраўкай, саракагадовы мужчына, які выдатна збярог сябе, бліскучы афіцэр! Яны чатыры гады ўжо жанатыя... Даражэнькая...»
VII
Месцам, дзе маленькаму пану Фрыдэману пашчасціла ўпершыню ўбачыць фрау Рынлінген, была галоўная вуліца, абапал
якой месціліся амаль выключна гандлёвыя дамы, і сустрэча здарылася апоўдні, калі ён якраз ішоў з біржы, дзе таксама прамовіў сваё важкае слова.
Ён крочыў без спеху і важна, побач з купцом Штэфэнсам, незвычайна высокім і няўклюдным мужчынам з круглымі бакенбардамі і жахліва густымі бровамі. На абодвух былі цыліндры і расшпіленыя з прычыны моцнай гарачыні паліто. Яны размаўлялі пра палітыку, у такт абапіраючыся сваімі кійкамі на тратуар; але калі яны дасягнулі прыкладна сярэдзіны вуліцы, купец Штэфэнс раптам сказаў:
«Д’ябал мяне забяры, калі там не Рынлінгеніха едзе».
«Дык і вельмі добра, — сказаў пан Фрыдэман сваім высокім і некалькі рэзкім голасам і пачаў узірацца наперад чакаючы. — Я ж, праўду кажучы, ніводнага разу яе не бачыў. А вось і жоўтая карэта».
I сапраўды, гэта была жоўтая карэта, якую сёння скарыстала фрау Рынлінген, і яна ўласнай персонай кіравала двума стройнымі коньмі, у той час як слуга склаўшы рукі сядзеў у яе за спінай. Яна была апранутая ў шырокую, зусім светлую кофту, спадніца таксама была светлая. 3-пад маленькага саламянага капелюша з карычневай скураной стужачкай выбіваўся пук рыжаватых валасоў, якія былі зачасаныя за вуха і вялікім вузлом спадалі ёй нізка на патыліцу. Колер скуры на авальным твары быў матава-белы, а ў куточках яе незвычайна блізка адно ад аднаго размешчаных рудых вачэй залеглі сіняватыя цені. Над яе кароткім, але тонка выразаным носам месцілася, як сядло, купка рабаціння, што ёй было вельмі да твару; пра прыгажосць яе рота меркаваць не было як, бо яна ўвесь час выцягвала наперад і забірала назад ніжнюю губу, шаруючы ёй па верхняй.
Купец Штэфэнс, калі карэта пад’ехала, павітаўся надзвычай пашанотна, маленькі пан Фрыдэман таксама прыўзняў капялюш, глянуўшы на фрау фон Рынлінген адкрыта і ўважліва. Яна апусціла свой бізун, лёгка кіўнула галавою і паволі праехала міма, разглядваючы будынкі і вітрыны злева і справа.
Праз пару крокаў купец сказаў:
«Яна зрабіла паездку-шпацыр, а цяпер накіруецца дадому».
Маленькі пан Фрыдэман не адказаў, гледзячы толькі на дарогу перад сабою. Потым ён раптам зірнуў на купца і спытаў:
«Што Вы сказалі?»
I пан Штэфэнс паўтарыў сваю дасціпную заўвагу.
VIII
Праз тры дні а дванаццатай гадзіне Ёганэс Фрыдэман вярнуўся дадому са свайго рэгулярнага шпацыру. Палуднавалі а палове першай, таму ён вырашыў яшчэ на паўгадзінкі схадзіць у свой «кабінет», які знаходзіўся адразу справа побач з дзвярыма ў дом. У гэты момант да яго па калідоры падышла служанка і сказала:
«Да Вас прыйшлі, пан Фрыдэман».
«Да мяне?»
«Не, там наверсе, удам».
«А хто?»
«Пан падпалкоўнік фон Рынлінген з жонкай».
«О, — сказаў пан Фрыдэман, — тады я...»
I ён пайшоў уверх па сходах. Наверсе пераадолеў адлегласць да дзвярэй і ўжо трымаўся за ручку высокіх, белых дзвярэй, якія вялі да «пейзажнага пакоя», як раптам ён стрымаўся, адступіў на крок, павярнуўся назад і паволі пайшоў уніз, як і прыйшоў.