Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
I хоць ён быў зусім адзін, сказаў вельмі гучна сам сабе:
«Не. Лепш не трэба...»
Ён спусціўся ў свой «кабінет», сеў за пісьмовы стол і ўзяў у рукі газету. Але праз хвіліну ён зноў паклаў яе і зірнуў збоку ў акно. Так ён і праседзеў, аж пакуль не прыйшла дзяўчына і не паведаміла, што ўсё гатова; тады ён накіраваўся наверх у сталовую, дзе ўжо яго чакалі сёстры, і сеў на сваё крэсла, на якім ляжалі тры сшыткі з запісамі нот.
Генрыэта, якая налівала суп, сказала:
«Ведаеш, Ёганэс, хто тут быў?»
«Хто ж?»
«Новы падпалкоўнік з жонкай».
«Праўда? Гэта вельмі прыязна».
«Праўда, — сказала Пфіфі, і ў куточках яе рота з’явілася вадкасць, — я лічу, што яны абое — надзвычай прыемныя людзі».
«Ва ўсякім разе, — сказала Фрыдэрыка, — нам нельга марудзіць з візітам у адказ. Я прапаную пайсці паслязаўтра, у нядзелю».
«У нядзелю», — сказалі Генрыэта і Пфіфі.
«Ты ж пойдзеш з намі, Ёганэс?» — спытала Фрыдэрыка.
«Само сабою!» — сказала Пфіфі і здрыганулася. Пан Фрыдэман не зрэагаваў на пытанне і з маўкліва баязлівым выразам тварудаядаўсуп. Было такое ўражанне, што ён прыслухоўваецца ў нейкім напрамку; да нейкага нядобрага шуму.
IX
Назаўтра вечарам у гарадскім тэатры ставілі «Лаэнгрына», і там прысутнічалі ўсе адукаваныя людзі. Маленькая зала была запоўнена ад верху да нізу, тут панаваў гул, пах газу ды парфумы. Але ўсе біноклі, як у партэры, так і на ярусах, былі накіраваныя на трынаццатую ложу, адразу справа ад сцэны, бо там сёння ўпершыню паказаліся пан фон Рынлінген з жонкай, і, такім чынам, з’явілася магчымасць грунтоўна разгледзець гэтую пару.
Калі маленькі пан Фрыдэман у бездакорным чорным гарнітуры з бліскуча белым стаячым падкаўнерыкам увайшоў у сваю ложу — ложу № 13, ён яшчэ ў дзвярах памкнуўся назад, прычым рукою ён зрабіў узмах да лба, яго ноздры на нейкі момант сутаргава расшырыліся. Але потым ён апусціўся на сваё крэсла, на месца злева ад фрау Рынлінген.
Пакуль ён садзіўся, яна на кароткі момант ўважліва зірнула на яго, выцягнуўшы ніжнюю губу, і адвярнулася, каб перакінуцца з мужам, які стаяў за ёй, некалькімі словамі. Гэта быў высокі, мажны мужчына з распушанымі вусамі і смуглявым добразычлівым тварам.
Калі пачалася ўверцюра і фрау фон Рынлінген схілілася над парэнчай, пан Фрыдэман кінуў хуткі, паспешлівы бакавы позірк на яе. Яна была ў выхадным уборы і, адзіная з усіх пры-
сутных дам, дазволіла сабе нават невялічкае дэкальтэ. Рукавы ў яе былі вельмі шырокія і са шматлікімі складкамі, а белыя пальчаткі даставалі аж да локцяў. Яе фігура здавалася сёння трохі пышнай, што было незаўважным нядаўна, калі на ёй была шырокая кофта; яе грудзі ўздымаліся і апускаліся напоўніцу і паволі, а вузел рыжаватых валасоў спадаў нізка і цяжка на патыліцу.
Пан Фрыдэман быў бледны, нашмат больш бледны, чым звычайна, і пад гладка зачэсанымі русымі валасамі ў яго на лбе праступілі кроплі поту. Фрау фон Рынлінген сцягнула з левай рукі, якая ляжала на чырвоным аксаміце парэнчы, пальчатку, і гэтая круглая, матавая рука, як і кісць, пранізаная блакітнымі жылкамі, а таксама пальцы без упрыгожанняў, былі ўвесь час у яго навідавоку; тут нельга было нічога змяніць.
Скрыпкі заспявалі, трубы, уступіўшы, загрымелі; заспяваў Тэльрамунд , у аркестры запанавала ўсеагульная радасць, а маленькі пан Фрыдэман сядзеў нерухома, бледны і ціхі, уцягнуўшы галаву глыбока ў плечы, трымаючы адзін указальны палец каля рота і засунуўшы другую руку за абшлаг пінжака.
Пакуль падала заслона, фрау фон Рынлінген устала, каб разам са сваім мужам пакінуць ложу. Пан Фрыдэман бачыў гэта; не пазіраючы туды, ён лёгкім рухам правёў насоўкай па лбе, раптам устаў, дайшоў да дзвярэй, якія вялі ў фае, зноў вярнуўся, сеў на сваё месца і застыў там у той самай позе, у якой быў раней.
Калі празвінеў званок і яго суседзі зноў вярнуліся, ён адчуў, што позірк фрау Рынлінген засяродзіўся на ім, і ён міжволі падняў і павярнуў галаву да яе. Калі іх позіркі сустрэліся, яна і не памкнулася адвесці вочы ад яго, а, зусім не збянтэжыўшыся, уважліва разглядала яго, аж пакуль ён сам, зломлены і пакорлівы, не апусціў вочы. Пры гэтым ён яшчэ больш спалатнеў, і дзіўная злосць, змяшаная з салодкім болем, узнялася ў яго душы... Зайграла музыка.
Фрыдрых фон Тэльрамунд, граф Брабанцкі, дзейная асоба оперы «Лаэнгрын».
Пад канец акта здарылася так, што фрау фон Рынлінген выпусціла з рук веер і што ён упаў на падлогу побач з панам Фрыдэманам. Яны абое схіліліся адначасова, але яна падняла яго сама і сказала з кплівай усмешкай:
«Дзякую».
Іх галовы былі апынуліся вельмі блізка побач, і на нейкі момант ён удыхнуў цёплы водар яе грудзей. Яго твар сказіўся, усё яго цела сцягнулася ў камок, а сэрца білася так страшэнна моцна і цяжка, што ў яго заняло дыханне. Ён яшчэ з паўхвіліны пасядзеў, потым адсунуў крэсла, ціха ўстаў і гэтак жа ціха выйшаў.
X
Ён пайшоў па калідоры ў суправаджэнні гукаў музыкі, у гардэробе забраў цыліндр, светлае паліто і кіёк і патупаў па сходах уніз на вуліцу.
Быў цёплы, ціхі вечар. У святле газавых ліхтароў неба моўчкі затульвалі шэрыя дамы з вялікімі франтонамі, уверсе лагодным святлом міргалі зоркі. Крокі нешматлікіх людзей, якія сустракаліся пану Фрыдэману, утваралі шоргат на тратуары. Хтосьці павітаўся з ім, але ён не ўбачыў хто; ён ішоў, схіліўшы галаву, і яго высокая вострая грудзіна калацілася, так цяжка ён дыхаў. Час ад часу ён прамаўляў сам сабе:
«Божа мой! Божа мой!»
Адчайным і пудкім позіркам ён углядаўся ў самога сябе і ўсведамляў, што яго пачуццё, з якім ён абыходзіўся заўсёды так пяшчотна, так лагодна і разумна, цяпер было разняволена, яно завіхрылася, раскалашмацілася... I раптам, у палоне гвалту, у стане непрытомнасці, ап’янення, палу і пакутаў, ён прыхіліўся да ліхтарнага слупа і, дрыжучы ўсім целам, прашаптаў:
«Герда!»
Ціха. Нідзе не было бачна ніводнага чалавека. Маленькі пан Фрыдэман схамянуўся і пайшоў далей. Ён прайшоў уверх па вуліцы, на якой знаходзіўся тэатр і якая даволі стромка збягала
да ракі, а цяпер накіраваўся ў бок галоўнай вуліцы на поўнач, да свайго жытла.
Як яна паглядзела на яго! Як? Яна змусіла яго апусціць вочы? Яна прынізіла яго адным позіркам? Ці ж не была яна жанчынаю, а ён мужчынам? I ці не задрыжэлі яе карыя вочы пры гэтым проста ад радасці?
Ён яшчэ раз адчуў, як у сярэдзіне зноў зараджаецца гэтая бяссільная пажадлівая нянавісць, але потым згадаў той момант, калі яе галава даткнулася да ягонай, калі ён удыхнуў водар яе цела, і ён яшчэ раз спыніўся, адкінуў свой скалечаны корпус назад, уцягнуў паветра праз зубы і потым зноў прамармытаў у адчаі, не памятаючы сябе:
«Божа мой! Божа мой!»
I ён зноў механічна патупаў далей, павольна, праз задушлівае вечаровае паветра, па бязлюдных, з адгалоскамі крокаў вуліцах, аж пакуль не апынуўся перад сваім жытлом. У пярэднім пакоі ён на нейкі момант запыніўся і ўцягнуў у сябе прахалодны, склепавы пах, які панаваў там; потым ён увайшоў у «кабінет».
Ён сеў за пісьмовы стол каля адчыненага акна і ўтаропіўся проста перад сабою на вялікую жоўтую ружу, якую хтосьці паставіў яму ў шкляную вазу. Ён узяў яе і, заплюшчыўшы вочы, пачаўудыхаць яе водар; але потым адсунуўяе ад сябе са зняможанай, засмучонай мінай. He, не, гэтаму — канец! Што яму цяпер гэты водар? Што яму было цяпер да ўсяго таго, што раней азначала «шчасце»?..
Ён павярнуўся ў другі бок і зірнуў на ціхую вуліцу за акном. Сяды-тады гучалі і заціхалі крокі. Свяцілі мігатлівыя зоркі. Як смяртэльна знямогся і саслабеў ён! Яго галава была пустая, а адчай пачаў растварацца ў вялікім, лагодным смутку. Некалькі радкоў з вершаў прамільгнулі ў ягонай памяці, музыка з «Лаэнгрына» загучала зноў у яго вушах, ён яшчэ раз убачыў перад сабою вобраз фрау фон Рынлінген, яе белую руку на чырвоным аксаміце, а потым ён зваліўся ў цяжкі, ліхаманкава тупы сон.
XI
Некалькі разоў ён ужо амаль прачынаўся, але баяўся явы і кожны раз зноў правальваўся ў непрытомнасць. Але калі ўжо зусім развіднела, ён расплюшчыў вочы і позіркам, усёабдымным і поўным болю, агледзеўся вакол сябе. Усё нерухома, як было, засталося ў яго душы, быццам сон і не перапыняўяго пакуты.
Яго галава была цяжкая, а вочы гарэлі; але калі ён памыўся і працёр лоб адэкалонам, адчуў сябе лепш і ціха прысеў зноў на сваё месца каля расчыненага акна. Яшчэ было вельмі рана, каля пятай гадзіны. Час ад часу паўз вокны праходзіў хлопчык з булачнай, больш нікога відаць не было. Насупраць усе аканіцы былі яшчэ зачыненыя. Але птушкі цвірчэлі, а неба было яркаблакітным. Стаяла цудоўная нядзельная раніца.
Адчуванне ўтульнасці і даверу авалодала маленькім панам Фрыдэманам. Чаго ён баяўся? Ці не было ўсё, як заўсёды? Вядома, учора быў вельмі дрэнны прыпадак, што ж, але гэтаму трэба пакласці канец! Яшчэ было не запозна, ён яшчэ можа пазбегнуць навалы! Ён павінен ухіляцца ад любой нагоды, якая магла б паспрыяць новаму прыпадку; ён адчуваў сілу ў сабе. Ён адчуваў сілу пераадолець і цалкам знішчыць у сабе гэта...
Калі гадзіннік прабіў палову восьмай, увайшла Фрыдэрыка і паставіла каву на круглы столік, які стаяў перад скураною канапай каля задняй сцяны.
«Дабрыдзень, Ёганэс, — сказала яна, — вось твой сняданак».
«Дзякую», — сказаў пан Фрыдэман. А пасля дадаў: «Любая Фрыдэрыка, я вельмі шкадую, што візіт вам давядзецца рабіць без мяне. Я адчуваю сябе недастаткова добра, каб быць у змозе пайсці з вамі. Я дрэнна спаў, у мяне баліць галава, і, коратка кажучы, я прашу вас...»
Фрыдэрыка адказала:
«Шкада. Але табе не варта зусім адмаўляцца ад візіту. Бачу, ты сапраўды выглядаеш хворым. Пазычыць табе мой ментолавы аловак?»
«Дзякуй, — сказаў пан Фрыдэман. — Само неяк пройдзе».
I Фрыдэрыка пайшла.
Стоячы каля стала, ён паволі выпіў каву і з’еў адзін рагалік. Ён быў задаволены сабою і ганарыўся сваёй рашучасцю. Справіўшыся з кавай, ён узяў цыгару і зноў сеў каля акна. Сняданак паправіў яго гумор, і ён адчуў сябе шчаслівым і прасякнутым надзеяй. Ён узяўся за кніжку, пачаў чытаць, запаліў і, міргаючы, пазіраў на сонца за акном.
Цяпер вуліца ўжо ажывілася: постук колаў, размовы і пазвоньванне конкі даносіліся да яго; акрамя ўсяго, чулася шчабятанне птушак; зверху, з ярка-сіняга неба павяваў лагодны, цёплы ветрык.