Шоўк  Мікола Адам

Шоўк

Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
71.45 МБ
Асцярожна я паварочваў галаву то ў адзін бок, то ў другі. Побач з ложкам, ля самага акна, стаяў стол, насупраць ложка — канапа. Яшчэ ў пакоі знаходзіліся вялізная шафа, тэлевізар, кніжная паліца...
Дзверы адчыніліся.
— Чаго ты сядзіш папацёмку? — Насцін голас супакоіў мяне, як матчына калыханка. Дзяўчына працягнула руку за кніжную паліцу, і загарэлася святло...
— Куды ты мяне прывезла? — спытаўся я, калі Насця падышла бліжэй і села побач.
— Да маіх бацькоў,— проста адказала яна.
— Ты тут жывеш? — здзівіўся я, бо ведаў, што Насця жыве зусім у іншым месцы.
— Так, гэта мой пакой.
— А-а... што тады...
— Ты маеш на ўвазе, дзе мы былі? Я там таксама жыву час ад часу, калі пасваруся з мамай. Тая кватэра належыць маёй сястры і ейным бацькам. Мы стрыечныя сёстры.
— Дзіўна. Я чамусьці заўсёды лічыў вас роднымі.
Здаецца, я атрымаў адказы на ўсе свае пытанні, аднак усё адно мне нічога не было зразумела, я адчуваў сябе ідыётам і паціскваў плячыма, як прыпадачны.
— Ды ўсё нармальна,— супакойвала мяне Насця,— зараз мае бацькі збяруцца, і ты з імі пагаворыпі...
— Я?! — нічога я не зразумеў.
— Ну, ты ж хочаш ім нешта сказаць...
— Ім я нічога казаць не збіраўся, але, калі ты хочаш, я ім скажу...
— Што? — Насця ўпілася позіркам мне ў вочы да такой ступені, што я падумаў: яшчэ крыху, і мае вочы пад уздзеяннем Насцінага позірку страцяць сваё звычайнае месца жыхарсгва і расцякуцца ртуццю па падлозе. Хоць бы нічога не загарэлася...
— Што кахаю цябе і хачу на табе жаніцца,— адказаў я.
— А калі яны будуць супраць? — не адставала Насця.
— Тады я цябе ўкраду і запатрабую выкуп у памеры мільёна мінімальных заробкаў, але ўсё адно цябе ім не вярну, а выкуп мы добрасумленна прап’ем.
Насця адпусціла мяне. Я з палёгкай уздыхнуў і расшпіліў верхнія гузікі на кашулі, таму што стала раптам горача.
...А пасля мы пілі каву. У колс сям’і. Тэлевізар барабаніў, але на яго балбатню ніхто не звяртаў увагі. Насціны бацькі вывучалі мяне, як буквар, хоць я не
прамовіў яшчэ ніводнага слова. Я, у сваю чаргу, вывучаў іх, прывыкаючы ў думках да словаў «цесць» і «цешча», а Насця сузірала карціну позіркам крытыка. Відаць, яна адна толькі і кідала раз-пораз адным вокам позірк на тэлевізар.
Насцін бацька меў ужо шмат гадоў і лысіну з белымі кусцікамі вакол яе. Ён паспеў паваяваць у саракавых і даслужыцца да палкоўніка. Маці выглядала маладой і прыгожай. Нечым яна нагадвала актрысу Надзею Румянцаву. Аднак больш за ўсё мяне ўразілі кнігі ў серванце 1911 і 1937 гадоў выдання. Гэта былі зборы твораў Дзюма, Горкага, Драйзера, Маякоўскага.
Маўчанне зацягвалася, і ўсе гэта разумелі. Мнета што, я ўжо ўсё сказаў у самым пачатку, пагэтаму асабліва не перажываў, сёрбаў сабе каву і чакаў, калі ж урэшце хто-небудзь вымавіць хоць слова.
Пракашляўся Насцін бацька.
— I што ты думаеш рабіць, Мікалай? — спытаўся. Голас у яго быў надтрэснуты, як барабан гітары.
— Я ўжо сказаў вам,— прамовіў я.
— He ў тым сэнсе,— паправіўся «цесць».— Як ты будзеш жыць? Як сям'ю забяспечваць?
— Я пішу. Думаю, мае кнігі, калі іх будуць выдаваць, прынясуць не меней грошай, чым рабочы атрымлівае на заводзе ці выкладчык ва ўніверсітэце.
— Дык іх жа яшчэ не выдаюць,— заўважыў «цесць».— А да таго яшчэ доўгая песня.
— Ну, чаму... — запярэчыў я.
— А што ты скончыў? — перапыніла правакацыйным пытаннем мяне «цешча».
— Нічога,— паціснуў я плячыма.— Вучыўся на філфаку, ды кінуў. Таму што нічога новага для сябе там не адкрыў.
— Мне здаецца,— працягвала «цешча»,— калі ты кажаш, што ты пісьменнік, пісьменнікі — незвычай-
ныя людзі. Проста так жа нічога не пішацца. Яны ўвесь час думаюць, перажываюць, уначы ўсхопліваюцца і спяшаюцца да стала, каб занатаваць думку, пакуль яна не збегла. Нічога незвычайнага, як мнс здаецца, у тваіх паводзінах не бачна.
— А хто вам сказаў, што пісьменнікі не такія, як звычайныя людзі? Яны такія ж, як усе, толькі адрозніваюцца іншым складам мыслення ды ладам жыцця.
— Усё гэта добра,— зноў у гаворку ўступіў «цесць». Я так зразумеў, што ён увогуле не чуў, аб чым мы толькі што размаўлялі з ягонай жонкай.— Усё гэта добра,— паўтарыў ён,— мяне цікавіць, за што вы будзеце жыць? Чым сям'ю карміць будзеш?
— Працаваць буду я,— умяшалася Насця.— А Мікола будзе пісаць і дзяцей няньчыць.
На гэтай аптымістычнай ноце размова была завершана. Па шчырасці, мне было напляваць, што думаюць пра мяне Насціны бацькі, але не напляваць было самой Насці. 3 ёю размовы наконт мяне, скіраваныя на разрыў усялякіх адносін паміж намі, будуць праводзіцца штодзень.
Так я думаў, калі вяртаўся ад Насці да сябе, але дамоў не пайшоў. Мяне пацягнула ў Дом літаратара на чарговае панядзелкавае пасяджэнне. Я даўнавата там не быў, а быў якраз панядзелак, тым больш, што настрой патрабаваў нейкага духоўнага адхлання. А там павінны чытаць вершы.
Першага на трэцім паверсе я сустрэў Мініча. Ён курыў перад люстэркам, расчэсваючы вусы. Я моўчкі падыходзіў да яго з-за спіны, але не ўбачыць мянс Мініч не мог. Мая рука легла яму на плячо і развярнула тварам да мяне.
— ГІрывітанне. Мініч,— прамовіў я. Я прыйшоў табе доўг вярнуць.
Мініч нарабіў такога грукату, што мне здалося, нібыта ў Мінску — сапраўдны землятрус. Ён перакуліў
сваім целам тумбачку з люстэркам. Мала таго, пабіў тое самае люстэрка, якое аскепкамі, нібы медалямі, упрыгожвала яго грудзі. 3 носа цякла кроў, а цыгарэта тлела побач з яго галавой.
На шум павыбягалі маладыя ды раннія геніі, кінуліся на дапамогу Мінічу, ды мне было ўжо не да іх. Я паволі спускаўся на першы паверх, не зважаючы на тое, што мяне клікалі. He ведаю, для чаго. Але вяртацца я не збіраўся, хаця і хацеў паслухаць вершы. Цяпер мне хацелася выпіць, і я пешшу пашкандыбаў да ГУМа. Хоць бар у ГУМе я не любіў, там было цёпла і ніхто не капаў на мазгі. Толькі вось курыць нельга...
12
Я так і не стаў Насціным мужам; так і не даведаўся, як яна трапіла да мяне ў кватэру, калі я палічыў яе за русалку; так і не зразумеў, кім Насця была для мяне. 1 на пытанні мае няма каму адказаць.
Я часта ўспамінаю той дзень, калі мы разглядалі лініі сваіх жыццяў на далонях. Тады яна сказала, што будзе жыць доўга-доўга, таму што лінія жыцця ў яе доўгая, а ў мяне кароткая... Я тады адчыняю фортку, закурваю і...
...Насця загінула на Нямізе ў тую крывавую нядзелю, калі...
Ды што толку, калі яе няма!!!..
1999
ШОЎК
Гісторыя жарсці
Аповесць
Вечар поўз, як чарапаха, але ўсё ж поўз. Яму не было куды спяшацца. Ён выдатна ведаў, калі і дзе трэба з’явіцца. Асабліва дзе. Ён любіў месцы, дзе яго чакалі, таму ніколі не спяшаўся да іх, бо нібыта смакаваў сваё хуткае з’яўленне, гуляючы ў Бога. Яму падабалася вяршыць лёсы, застаючыся абыякавым, праўда, да таго, ламаў ён іх ці рабіў шчаслівымі. Вечар не адрозніваў адценняў у адносінах. I ў гэты раз ён не спяшаўся. Ведаў, што з’яўленню яго будуць рады. Дакладней, радая. Жанчына, якая стаяла ў акне, нібы каханага выглядвала, які вяртаецца з працы, досыць доўгі час, раптам завесіла акно шчыльнай шторай, быццам стамілася чакаць. Але вечар паспеў скокнуць у кватэру, як кошка, праз фортку на падаконне, потым на падлогу і на канапу ўлегчыся, згарнуўшыся абаранкам.
Ёй было сорак шэсць гадоў, і яе звалі Святлана.
Яна ненавідзела вечары. Ненавідзела заставацца адна ў трохпакаёвай кватэры, дзе і паіаварыць не было з кім, хіба што з кнігамі, якіх было мноства, ды з тэлевізарам. Сын з нявесткай прыязджалі рэдка і, ужо праз некалькі гадзін засумаваўшы, збіраліся назад. 1х тут нічога не трымала. Сын выкладаў у Ваеннай акадэміі, жонка яго — псіхалогію ва ўніверсітэце.
Усе сябры іх і знаёмыя знаходзіліся там, у сталіцы. У маленькім мястэчку, у якім нарадзіліся і выраслі, ні з кім сяброўства не падтрымлівалі. Ды і не было з кім тут сябраваць, па вялікім рахунку. Усе іх аднагодкі, што засталіся ў мястэчку, спыніліся ў развіцці, заляглі на дне шклянкі. Усё-ткі добра, што яе сын не жыў з мамай.
А яна была нічога сабе, нягледзячы на ўзрост. Сярэдняга росту, у меру паўнаватая, але не тоўстая, не дзяўчынка ж ужо; з пругкімі грудзьмі аднак, жывымі вачыма, цікаўным носікам, ямачкамі на шчоках, Святлана працягвала звяртаць на сябе ўвагу мужчын. Рыжанькая, з вяснушкамі па вясне, яна скончыла філфак педінстытута калісьці і ўсё жыццё прапрацавала ў школе, цяпер пераназванай у ліцэй. Сама яна была не мясцовая, прыехала з мужам, з якім развялася праз некалькі гадоў пасля нараджэння сына. Ён завёў новую сям’ю, а калі жонка яго памерла ад раку, папрасіў Святлану вярнуцца. Яна і вярнулася, як дурніца, усёткі адзінокі мужчына, шматдзетны, яе дапамога неабходна. Праз некалькі месяцаў пашкадавала, што зноў звязалася з ім. Адчуўшы адносную волю, той пачаў выпіваць і, як следства, распускаць рукі. Біў ён як дзяцей, так і яе. Святлана не вытрымала, сышла. Ён доўгі час угаворваў яе зноў вярнуцца ўсякімі праўдамі і няпраўдамі, нават пагражаў. У рэшце рэшт Святлана выклікала міліцыю. Дзяцей забрала бабуля, маці яго памерлай жонкі.
Перыпетыі ў адносінах з мужам былі самымі вялікімі прыгодамі ў жыцці Святланы. А яна ж марыла застацца жыць пасля інстытута ў вялікім горадзе, хадзіць у тэатры. He перастаючы, сачыла за сабой, таму захавала «таварны выгляд», як цяпер модна казаць, не лічачы некалькіх дробных маршчынак на шыі і пад вачамі. У школе ёю захапляліся вучні, любілі
яе ўрокі, і калектыў педагогаў паважаў Святлану. Толькі дамоў яна не спяшалася пасля працы, як усе, з тых часоў, калі сын з’ехаў, ішла павольнай нетаропкай хадой, паварочвала ў лесапарк, каб падоўжыць шлях, марыла па дарозе пра якую-небудзь выпадковую сустрэчу, якая перавярнула б жыццё. Але ніхто не сустракаўся, ды і не мог сустрэцца ў прынцыпе. Мястэчка маленькае, усе адзін аднаго ведалі, і ўсе былі занятыя, у сэнсе — мужчыны, вольных не было, нават самых горкіх п’яніц. Святлана бачыла толькі маладыя пары ды старшакласнікаў, што нясмела сядзелі на лаўках і гэтак жа нясмела тыкаліся, як сляпыя кацяняты, адно адному ў насы ў пошуках вуснаў.
Яна прыходзіла дамоў, уключала тэлевізар, гатавала вячэру прыхапкам. Потым выключала тэлевізар, брала кніжку ў рукі і чытала, пакуль сон не ўкрываў яе з галавой, нібы коўдрай. I так кожны дзень. Сумна і прыкра.