Шоўк  Мікола Адам

Шоўк

Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
71.45 МБ
А ўчора яна пагадзілася скласці кампанію сяброўцы і каляжанцы па працы Наташцы Цыбульскай. Тая выкладала інфарматыку, любіла танцы і кампаніі. Яна і паклікала Святлану ў рэстаран, адзіны на ўвесь горад, тым больш і нагода была. Па-першае, выходны, а па-другое, прафесійнае свята — Дзень настаўніка.
Натуральна, Святлана доўга думала, перш чым пагадзіцца.
Яна выйшла раней з дома, стаміўшыся ад чакання, лепш прайсціся, хоць да рэстарана ісці было хвілін пяць. Ён знаходзіўся на невялікім узвышэнні праз дарогу. Адлегласць Святлана пераадолела за тры хвіліны, пастаяла ля ўвахода, але не зайшла, нерашуча тузанула за ручку дзвярэй, тыя ледзь прыадчыніліся, стрыманыя тугой спружынай, і зноў зачыніліся.
Святлана аддзёрнула руку і імкліва закрочыла назад, да свайго дома. Няправільна гэта — хадзіць у
рэстаран адной, без суправаджэння мужа ці мужчыны. Што людзі падумаюць? Яна ў рэстаране была ўсяго некалькі разоў, і то ў маладосці, у вялікім горадзе, калі вучылася яшчэ. Там яе ніхто не ведаў. Усе займаліся сабой ці сваімі спадарожнікамі. А ў мястэчку заўтра ж папаўзуць чуткі і абвінавацяць невядома ў чым...
Святлана падыходзіла да пад’езда, калі зазвінеў тэлефон. Гэта Наташка правярала, ці сабралася: калі сабралася, то яе, Святлану, чакаюць, хай не затрымліваецца, таму што без яе ў рэстаран ніхто не ўвойдзе.
Яна хацела запярэчыць, сказаць, што не зможа прыйсці, што захварэла, але не паспела. Наташка хутка адключылася. Адтараторыла і знікла.
Святлана зноў накіравалася ў рэстаран.
Наташка не падманула.
Калегі па працы, усяго восем чалавек, усе жанчыны, за выключэннем аднаго мужчыны-«трудавіка», штосьці весела абмяркоўвалі. «Трудавік» курыў убаку, таму Святлана не адразу яго заўважыла.
Наташка аслупянела, калі ўбачыла сяброўку, захоплена пляснула рукамі.
— Прыгажуня ты наша! — Падышла, пацалавала, як гераіня яе любімых серыялаў, чаго ніколі не дазваляла сабе на працы. I гэта зразумела. Школа ўсё-ткі.
— Шыкоўна выглядаеш! — далучыліся да Наташкі астатнія, а «трудавік» аж прысвіснуў.
Ніяк асабліва Святлана не апраналася і не фарбавалася. Зачасала валасы назад, падвяла цені, падрэтушавала вусны, апранула бручны касцюм, пад пінжак — белую шаўковую блузку і чырвоны мужчынскі гальштук, туфлі на высокім абцасе. Штосьці яшчэ? Так, капялюш, як і гальштук, мужчынскі. Ёй наогул мужчынскі гардэроб пасаваў, рабіў яе больш жаноцкай і цікавай, калі не сказаць, сексуальнай. Наташка выглядала не горш, ды і астатнія таксама.
«Трудавік» дакурыў і адчыніў дзверы ў рэстаран, ветліва запрашаючы жанчын увайсці першымі.
Зала была поўная. Сляпіла яркім святлом і аглушала музыкай і гучнымі галасамі. Дзве афіцыянткі ледзь паспявалі прымаць і выконваць замовы. Святлана мімаволі запынілася, але Наташка падпіхнула ззаду.
— He дрэйф, сяброўка,— пракрычала на вуха,— сёння наш дзень, так давай адтапырымся на славу. Наш столік вунь ён, пусты ля акна. Я яго замовіла яшчэ ўчора.
Заахвочаная словамі Наташкі і іншых, Святлана хутка апынулася за столікам і ўжо гартала меню. Наташка меню вырвала з яе рук і сказала, што ўсё даўно замоўлена і не трэба перанапружваць мозг.
Афіцыянткі па чарзе прынеслі гарэлку, таматавы сок, фруктовае асарці, адбіўныя, некалькі відаў салаты, шакалад, віно. Віно, зрэшты, ніхто не захацеў, і яго панеслі назад.
Па першай выпілі за прафесійнае свята, потым за сябровак, потым за каханне, а затым перад столікам з’явіўся малады чалавек і ветліва запрасіў Святлану на танец, якраз гучала павольная кампазіцыя.
Спачатку яна не зразумела, што трэба было гэтаму хлопчыку, чужому і незнаёмаму. Ніколі раней яго не бачыла. Наташка пракрычала на вуха. што Святлану клічуць танчыць.
— Але ж ніхто не танчыць,— разгубілася Святлана.
— Ніхто,— пагадзілася Наташка, абвёўшы поглядам памяшканне.— Ніхто,— утаропілася на маладога чалавека.
— Мы будзем першымі,— працягнуў той руку Святлане, і ёй раптам так захацелася даверыцца яго руцэ, адчуць яе дотык, але зрабіла зусім іншае.
— Навошта? — спытала яна.
— Затым, каб не паўтараць,— прамовіў малады чалавек, ахінаючы аксамітам свайго голасу, нібы спавіваючы ў шоўк усю існасць жанчыны, якая памірала ад адзіноты,— за іншымі, якім таксама можа прыйсці ў галаву выйсці танцаваць.
— Вы ўпэўнены? — нерашуча вагалася яшчэ Святлана, але шалёна жадала, каб гэты хлопчык настаяў на сваім.
— Абсалютна,— малады чалавек не расчараваў яе.
— А мяне тут усе ведаюць,— працягвала пярэчыць Святлана, супраціўляючыся, хутчэй, самой сабе, бо не чакала, што здольная, хоць у глыбіні душы была ўпэўнена, напляваць на прыстойнасць і гадамі выпрацаванае становішча ў грамадстве.— А вас не ведаю я.
— Вось і пазнаёмімся,— не сыходзіў малады чалавек.
— Вы так думаеце? Вам гэта трэба?
— Светка, ты чаго? — ушчыкнула яе Наташка.— Потым жа шкадаваць будзеш! А лепш пашкадаваць пра зробленае, чым пра не зробленае. Ты глядзі, які хлопчык!..
— Праўда твая, менавіта хлопчык! — адказала Святлана сяброўцы.— Ён аднагодак майго сына!..
— Ну і што!
— Як ну і што?
— Урэшце, гэта проста танец!
— Ну так, ты маеш рацыю.
3 веліччу каралевы Святлана ўклала ў руку маладога чалавека сваю далонь і выйшла з-за стала. Ен тут жа прыцягнуў яе да сябе, упэўнена паклаў адну руку на стан, другою гэтак жа ўпэўнена кіраваў целам Святланы і танцам.
Яны не размаўлялі. Уважліва глядзелі адно аднаму ў вочы. У яго яны былі зялёныя, напоўненыя глыбінёй лесу, у якім лёгка заблукаць, і з нейкай самоцінкай.
якая сведчыла пра штосьці вельмі моцна перажытае. Высокі лоб, рымскі нос, ледзь прыкметны шнар на брыве, ярка акрэсленыя выразныя губы, ямачка на падбародку, зачасаныя назад чорныя валасы сярэдняй даўжыні дапаўнялі партрэт. Моцныя рукі, без ніякіх дрыжыкаў ад хвалявання, хоць заўважна, што хваляваўся. Яго дыханне п’яніла, позірк засмоктваў у сябе. Святлана адчувала галавакружэнне, але не адводзіла вачэй ад яго.
Музыка спынілася.
Святлана быццам адарвалася ад чагосьці надзейнага і дужага, павісла на адной руцэ над прорвай, ледзь утрымліваючыся слізгаючымі пальцамі па вяроўцы, і разгублена аглядалася. Прысутныя ў рэстаране, усе як адзін, дружна апладзіравалі ёй, як акторцы ў тэатры. Заўтра пра гэты танец будзе ведаць увесь горад. Злавіўшы гэтую думку і ўчапіўшыся за яе, як за выратавальны круг у моры, Святлана імкліва вярнулася за столік, не дазволіўшы маладому чалавеку праводзіць яе. Ён таксама вярнуўся да сваіх.
Яна папрасіла наліць ёй выпіць і залпам асушыла чарку гарэлкі, затым падзялілася асцярогамі з сяброўкай.
Што ты за глупства гародзіш,— супакоіла яе Наташка.— Ну і хай ведаюць. Няхай зайздросцяць, што ў тваім узросце яшчэ можна ох як падабацца! Прабач, канешне.
— Ты думаеш, ён яшчэ падыдзе да мяне? — спыталася Святлана.
— Што я чую?! — шчыра здзівілася Наташка.— Ты ж ісці не хацела! — нагадала, але, убачыўшы, як нахмурылася сяброўка, паспяшалася падсаладзіць пілюлю.— Зразумела, падыдзе. Нездарма ж з усіх абраў цябе!
— Вось гэта і дзіўна,— задумалася Святлана.— Гэтулькі маладзенькіх вакол, а ён мяне запрасіў...
— Нічога дзіўнага,— паціснула плячыма Наташка.— Вытанчаная натура мастака беспамылкова разгледзела сапраўднае сярод падробак.
— Што ты такое кажаш?! Якіх падробак? — не зразумела Святлана, а потым, нібы апамятаўшыся, прамовіла: — Пачакай, пачакай, ты што, хіба ведаеш яго?..
— Ну, так, ведаю,— неахвотна адказала Наташка.— Ён у Доме культуры працуе рэжысёрам. Прыслалі па размеркаванні пасля ўнівера. Творчы чалавек, між іншым. Так што невыпадкова ён да цябе падышоў. Ты ж прыгажуня. Да мяне вось ніхто не падыходзіць.
— Наташа... — пагладзіла сяброўку па галоўцы, як маленькую, Святлана.
— Ды жартую я,— усміхнулася Наташка,— хутка ад ахвотнікаў адбою не будзе.
Нібы ў пацверджанне яе слоў, да століка падышоў нейкі мужчына і выцягнуў Наташку, як рыбку з сажалкі, са свістам, на сярэдзіну залы. Святлана танчыць не пайшла, не любіла дрыгацца пад незразумелыя «тыц-тыц-тыц». Яна зняла пінжак, бо зрабілася горача, і павесіла яго на спінку крэсла, запраўленую ў штаны блузку адпусціла навыпуск, галышук сарвала і засунула ва ўнутраную кішэню пінжака, некалькі верхніх гузікаў на блузцы расшпіліла: стала лягчэй.
Святлана сядзела за столікам адна. Яе спадарожніцы танчылі ў паўколе, «трудавік» сышоў курыць на паветра. Вачамі яна шукала маладога чалавека, з якім танчыла, але знайсці не змагла. Дзіўнае пачуццё закралася ў душу жанчыне. Ёй было крыўдна за сябе. За тое, што засталася адна, калі іншыя весяліліся. Так, яна не любіла хуткія рытмы і эпілептычнае торганне пад іх, але ён мог хаця б для выгляду запрасіць... Якая лухта... Пра што яна думае? Ды ён падышоў да яе, хутчэй за ўсё, з ветлівасці ці паспрачаўшыся з кімсьці на яе, або Наташка загадзя папрасіла, бо
знаёмая з ім ужо... Так, безумоўна, гэта Наташчыных рук справа.
— He перашкоджу? — раптам пачула над самым вухам аксамітавы барытон Святлана.
— Што? — быццам спалохалася чагосьці, знізу ўгару (малады чалавек схіліўся над ёй, абапіраючыся адной рукой аб стол, іншай трымаўся за спінку яе крэсла) паглядзела яна, але імгненна заўважыла позірк суразмоўцы, накіраваны ў выраз яе блузкі. Грудзі ўсё-ткі выглядалі «апетытна» і яшчэ маглі зводзіць з розуму нават такіх юных прадстаўнікоў мужчынскай паловы чалавецтва.— Прабачце,— усміхнулася Святлана і рукой паказала, што той можа сесці насупраць, усё адно пакуль нікога няма.
— Міхал маё імя,— сказаў малады чалавек, як толькі зручна размясціўся на крэсле.— А вы?
— Святлана,— адказала жанчына.
— Можа быць, вып’ем на брудэршафт,— прапанаваў Міхал,— і пяройдзем на «ты»?
— Навошта? — неахвотна супраціўлялася Святлана, дакараючы сябе ў душы за гэта. Ёй так не хапала ўвагі, падтрымкі, кахання, нарэшце. Міхал на яе глядзеў з такім замілаваннем і такім кранаючым поглядам, так гарнуў да сябе, але ён быў такі малады!..
— Затым, што вы вельмі прыгожая,— прамовіў Міхал.— Гэтым вы мяне і бянтэжыце. Мне ніколі не падняцца да вас, якіх бы высілкаў я не выкарыстоўваў. Толькі вы можаце падняць мяне да свайго ўзроўню. Памятаеце, што «толькі прыгажосць выратуе свет?»
— А мой узрост не бянтэжыць ніяк? — вырвалася з грудзей Святланы. Яна ведала наперад, што ён адкажа, бо мужчына ж не зняважыць жанчыну, але жадала пачуць добрыя словы ў свой адрас. Вельмі даўно ёй ніхто не казаў, як яна добра выглядае.