Шоўк  Мікола Адам

Шоўк

Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
71.45 МБ
— Пры чым тут ваш узрост? — усміхнуўся Міхал.— У прыгажосці ўзросту няма. Яна вечная. А ведаеце, як парой хочацца далучыцца да вечнасці?..
Ен узяў дзве чаркі і паставіў іх побач, напоўніў гарэлкай да паловы, адну чарку працягнуў Святлане, з другой у руцэ перасеў да жанчыны бліжэй.
Яны выпілі. На брудэршафт. Сваю і яе чаркі ён паставіў на стол, падсунуўся яшчэ бліжэй, адной рукой абняў Святлану за плечы, другой — узяў яе твар і ўтрымліваў, пакуль працягваўся пацалунак, на здзіўленне салодкі і сакавіты. Магчыма, Святлане пацалунак здаўся такім таму, што даўно ні з кім не цалавалася. Яна нават заплюшчыла вочы ад задавальнення, але адхілілася першая.
— Ну, вось,— сказала затым,— вы... ты... і далучыўся да вечнасці.
Міхал усміхнуўся, але так, нібы баяўся расціснуць рот, штосьці ўтойваючы.
Загучала павольная мелодыя.
Міхал працягнуў Святлане руку, запрашаючы паўтарыць танец.
Яны зноў выйшлі на сярэдзіну залы, але ўжо не адны. Наведвальнікі рэстарана разбіваліся па парах і таксама выходзілі, каб топчучыся на месцы, робячы выгляд, што танчаць, паспець за некалькі хвілін нацешыцца бачнасцю інтыму, які, магчыма, больш ніколі не паўторыцца.
Міхал паклаў абедзве рукі Святланы сабе на плечы, свае ж рукі скрыжаваў на яе стане, але ненадоўга: хутка яны асцярожна, але ўпэўнена паплылі па яе спіне, паслабляючы цела, што даверліва тулілася да цела процілеглай асобы. Вусны Святланы самі па сабе выбухнулі пацалункамі. Вар’яцтва доўжылася роўна гэтулькі, колькі гучала кампазіцыя. Як толькі яна скончылася, Святлана паспешна адвярнулася,
адпіхнуўшы Міхала, і села за столік. Сядзела нядоўга, раптам пачала збірацца дадому. Наташка адгаворвала, але Святлана не паддалася. Яна баялася саму сябе. Спалохалася, як дзіця. Страх павінен прайсці, калі яна апынецца ў бяспецы, а менавіта дома. Там Святлана супакоіцца і прагоніць страх. Імклівай хадой яна вырвалася, як з пекла, ад сцен рэстарана на вуліцу, нібы ў рай, і захлынулася яго паветрам.
Міхал дагнаў яе на паўдарозе да ейнага дому. Схапіў за руку, павярнуў да сябе тварам. Яна вырвалася, кінулася бегма падалей ад яго, як ад д’ябла, каб хутчэй схавацца за выратавальнымі дзвярыма пад’езда. На дзвярах код, ён не зможа да яе дабрацца.
Цёмна-сінюю прастору ночы асвятлялі зоркі і вулічныя ліхтары. Цені Святланы і Міхала велізарнымі сілуэтамі расплываліся па сценах дамоў.
На высокіх абцасах было цяжка бегчы, таму Міхал не адставаў ні на крок. Ён даўно ўжо мог дагнаць Святлану і расправіцца з ёй, але яму прыносіла задавальненне гульня з ёю, ён жа яшчэ хлопчык зусім.
Міхал прыціснуў яе да пад’ездных дзвярэй, упёршыся ў дзверы аберуч, нібы заслупаваў яе. Яны абодва лавілі паветра, спраўляючыся з дыханнем, быццам спартоўцы на фінішы пасля марафона.
— He падыходзь,— першаю выціснула з сябе Святлана.
— Куды? — прахрыпеў Міхал.
— Да мяне,— выдыхнула жанчына.
— Я ўжо ў цябе,— прамовіў больш спакойна Міхал.
— I што далей?
— Усё.
— Ты ж зусім хлопчык. Навошта я табе?
— Мне дваццаць сем гадоў. А ты вельмі падобная на Шэран Стоўн. Я ніколі не бачыў такіх прыгожых жанчын, як ты, толькі ў кіно.
— Ты перабольшваеш.
— А ты камплексуеш.
— У мяне сын твайго ўзросту.
— Бывае.
— Дурань...
Яна абвіла яго шыю рукамі, прыпадняўшыся на дыбачкі, каб быць з ім на адным узроўні, як ён і жадаў, каб не ён нахіляўся да яе, а яна паднімалася да яго.
Іх вусны зноў сустрэліся.
Рука Міхала запаўзла пад блузку Святланы.
Яна задыхалася ад пяшчоты і жадання.
I раптам ён яе адпусціў.
— Штосьці не так? — занепакоена зазірала ў вочы Міхала Святлана, нічога не разумеючы.
— Табе падабаецца шоўк? — чамусьці спытаўся ён.
— 3 чаго ты ўзяў? — усё яшчэ нічога не разумела Святлана.— Ды і пры чым шоўк наогул?
— На табе шаўковая блузка,— прамовіў Міхал.
— Ну, так,— не адмаўлялася Святлана.— I што?
— Значыць, табе падабаецца шоўк? — стаяў на сваім Міхал.
— He, не падабаецца,— прагучаў следам адказ.— Блузку я апранула па выпадку. Ды што я апраўдваюся перад табой,— злавіла Святлана сябе на думцы, што паводзіць сябе з гэтым хлопчыкам, як школьніца ля дошкі.
— Я табе патэлефаную,— кінуў Міхал, развярнуўся і сышоў.
— Стой! — тупнула ножкай Святлана ў роспачы.— Куды пайшоў?..
Міхал, не абарочваючыся, памахаў ёй рукой на развітанне.
— Вар’яцтва нейкае! — сказала Святлана сама сабе і зайшла ў пад’езд.
Нядзеля пачалася з сонца, якое нахабнымі прамянямі, нібы пальцамі, спрабавала адкрыць Святлане
вочы. Сонца не разумела, што, спрабуючы дапамагчы прачнуцца, рабіла толькі горш і выклікала ў свой адрас не радасную ўсмешку, як звычайна, а глухую нянавісць. Сваёй прысутнасцю яно раздражняла і ўзмацняла галаўны боль, ад якога Святлана не ведала, куды дзецца. Яна то хавалася з галавой пад коўдру, то засоўвала галаву пад падушку, то галавой клалася туды, дзе раней былі ногі, спрабуючы пазбавіцца ад нясцерпнага болю і ўсюдыіснага сонца, якое, здавалася, забаўлялася сітуацыяй, як дзіця. Урэшце прымусіла сябе ўстаць і, расірапаная, зашлёпала да акна і завесіла яго, адгарадзіўшы сябе такім чынам ад сонца. Боль быццам бы прыціх. Затое перасохла ў роце. Святлана прайшла на кухню, адкрыла кран з вадой. Ніколі вада не здавалася такой смачнай. Здаволіўшы смагу, яна вырашыла прыняць кантрасны душ, пасля чаго, абвязаўшы галаву ручніком у выглядзе цюрбана, улезла ў махровы халат, уключыла тэлевізар і села на канапу перад ім, адкінуўшыся на спінку.
Адразу ж успомніўся Міхал. Яго гарачыя губы. Іх дотык дагэтуль трымаўся на ёй, нібы казачны пылок. Святлана адчувала смак пацалункаў і сілу рук, хоць з выгляду Міхал не паходзіў на атлета. Досыць худы, нават кашчавы, але такі мілы і абаяльны, з такімі кранальнымі адтапыранымі вушамі, якія хаваў пад валасамі, адмыслова робячы начос на іх. Можна сказаць, прыгожы малады чалавек пакінуў сябе на ёй ашаламляльным успамінам. Так, вось яно, дакладнае слова, якое тлумачыць усё, што адбылося ўчора. Ашаламленне. Ва ўсім вінаваты алкаголь. He спажыві яго, нічога не было б. Ды нічога і не было. Танцы і пара пацалункаў яшчэ нічога не значаць. I добра, што ён сышоў. Праспіцца, падумае і забудзецца. Навошта яму ўспамінаць Святлану? Яна бабулька для яго. Так, захапіўся для выгляду ці, хутчэй за ўсё, паспрачаўся
з прыяцелямі, што зніме яе за колькі хвілін, плёвая справа. Хутчэй за ўсё, з яго-та знешнасцю. Любая дзяўчынка не ўстаяла б, не тое што Святлана. Тут ніякі жыццёвы досвед не выратуе, і ніякія бастыёны не ўтрымаюцца, калі на цябе зважае малады і прыгожы мужчына. Hi на каго-небудзь з тваёй кампаніі, а на цябе адну. Гэта, вядома, усцешвае і прыемна казыча самалюбства. Значыць... значыць, штосьці не хочацца думаць і верыць у нейкую асабістую яго выгаду. He дзяўчынка ж. Так проста хлопцы не будуць ліпнуць. Але што было ў яе такога, на што можна паквапіцца? Муж не алігарх, ды і няма ніякага мужа, грошай трохі, машыны няма і не прадбачыцца. Хіба што кватэра? Але навошта Міхалу кватэра ў мястэчку, калі ён адбывае тут павіннасць і наўрад ці застанецца пасля абавязковай адпрацоўкі? Пытанне. I пытанне слушнае. He можа ж быць сапраўды, што яго прывабілі яе хароствы! Хоць было б нядрэнна, калі так. Але ж ён сышоў. Нават не развітаўся як след, махнуў рукой і не азірнуўся. Штосьці яму не спадабалася. Увесь імпэт прапаў, як толькі яна штосьці сказала, штосьці адказала яму. Што? Успамінай. Так, ён спытаў, ці падабаецца ёй шоўк? 1 яна адказала адмоўна, пакрыўдзіўшы сваім адказам. Мужчыны ж, як дзеці, а гэты і ёсць хлопчык. Калі яму падабаецца шоўк, значыць, ён жадае, каб яго выбранніца спакушала яго шаўковымі ўборамі, шоўк яго ўзбуджае. Але ёй, Святлане, шоўк не падабаўся. Наогул не выклікала даверу гэтая тканіна, слізкая, халодная і гідкая. Значыць, з Міхалам у іх нічога не атрымаецца. Можа, гэта і да лепшага. He ў яе ўзросце зноў акунацца ў свет узрушэнняў і адкрыццяў, хоць і варта было б. Але ён зусім хлопчык!..
Святлана ўспомніла, што Міхал абяцаў патэлефанаваць, але пасля ўсіх высноў вырашыла, што наўрад
ці патэлефануе. Ён пачуў тое, чаго не чакаў пачуць. А сілком свае захапленні іншаму чалавеку не прышчэпіш, як прышчэпку. Усё скончылася, так і не пачаўшыся. I дзякуй Богу! Святлана ўздыхнула з палёгкай. Прыгледзелася і прыслухалася да таго, што адбывалася на экране. У галаве яснела. 3 разважаннямі і атрыманымі высновамі сышоў і боль.
Па тэлевізары ішоў нейкі ранішні канцэрт. Напаўголыя дзяўчынкі пішчалі штосьці пра вечнае каханне, але не ў будане, а ў шыкоўным асабняку на Рублёўцы.
Зазвінеў тэлефон.
Святлана здрыганулася. Так хутка?
Нерашуча падышла да тэлефона, але трубку не паднімала. Што яна яму скажа? А тэлефон не пераставаў патрабаваць, каб на яго звярнулі ўвагу. Навошта ён тэлефануе? Усё ж ужо высветлілася!..
Маючы намер сказаць, каб Міхал не тэлефанаваў больш ёй, Святлана рэзка падняла трубку, але яе апярэдзіў голас Наташкі Цыбульскай.
— Слухай, да цябе, як у Смольны, не прабіцца! — пакрыўджана выдала сяброўка.
— А, гэты ты,— расчаравана вымавіла Святлана.
— А ты каго чакала? — абурылася Наташка.— Прынца. ці што?
— Ды не, нікога,— адказала Святлана.— Спала я проста...
— Я цябе пабудзіла? — заінтрыгавана спытала сяброўка.— А з кім спала? — хітра пацікавілася.
— Ды ні з кім, адна,— уздыхнула Святлана.
— А што так цяжка ўздыхаеш? 3 кімсьці хацела? Ці не з Мішкам з Дома культуры?.. Што, не захацеў застацца?..
— Я і не запрашала. Ды і навошта я яму?
— Памыляешся, сяброўка. Ты б бачыла, як ён на цябе пазіраў!..— заўважыла Наташка.
— Ды бачыла я.
— Што ты бачыла? 3 боку лепш відаць. Кажу табе, запаў ён на цябе!
— Адзін раз убачыўшы? — сумнявалася Святлана.
— Ды не адзін,— запярэчыла Наташка.— Ён цябе дзесьці бачыў у горадзе, зацікавіўся, стаў даведвацца пра цябе, збіраць інфармацыю. У хлопца відавочна сур’ёзныя намеры.
— Ты адкуль ведаеш? — прыслухалася Святлана.
— Ды братачка мой у іхнім Доме культуры за пультам сядзіць,— тлумачыла Наташка.— Дык вось ён з Мішкам таварышуе. Ён мне і распавядаў, што новы рэжысёр табой цікавіцца. А тут і выпадак прыпаў пазнаёміцца.
— Я так і ведала,— усклікнула Святлана,— што гэта тваіх рук справа!
— А што я такога зрабіла? Падарыла надзею на кавалачак шчасця?..