Спартак  Рафаэла Джаваньёлі

Спартак

Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
71.43 МБ
 захапленне Крыса. Але яна
пільна паглядзела на фракійца і, нібы пазнаўшы ў ім знаёмага, сказала па-грэчаску:
— Няхай благаславяць цябе багі, Спартак!
— Дзякую, — адказаў у здзіўленні Спартак. — Дзякую, красуня, і няхай будзе літасцівай да цябе Венера Кнідская.
Дзяўчына, наблізіўшыся да Спартака, прашаптала:
— Святла і свабоды!
Фракіец нахмурыў бровы і недаверліва зірнуў на яе:
— He разумею, што азначаюць твае жарты, красуня.
— Ты няўдала прыкідваешся: гэта пароль прыгнечаных. Я грачанка Эўтыбіда, былая рабыня, таксама ў ліку прыгнечаных.
I, схапіўшы вялізную руку Спартака, яна з чароўнай усмешкай паціснула яе ўмоўным спосабам сваёй далікатнай, маленькай ручкай.
— Я жыву на Свяшчэннай вуліцы, каля храма вялікага Януса. Прыходзь, я здолею аказаць невялікую дапамогу ў высакароднай справе, за якую ты ўзяўся.
Спартак стаяў у нерашучасці, а яна ўпрошвала пяшчотным голасам з мілым жэстам давер’я і мальбы:
— Прыходзь!
— Прыйду, — адказаў, нарэшце, Спартак.
— Дык бывай! — сказала грачанка.
— Бывай, — адказаў Спартак.
— Бывай, — сказаў Крыс, — самая прыгожая з усіх багінь хараства!
I, не кратаючыся з месца, ён усё яшчэ пільна пазіраў на адыходзячую красуню, пакуль Спартак, страсянуўшы яго, не сказаў:
— Такім чынам, Крыс, калі ты думаеш рушыць?
Гал схамянуўся і пайшоў, не перастаючы час ад часу абарочвацца.
— I ты не хочаш, каб я называў цябе ўлюбёным сынам Фартуны! Ах ты, няўдзячны!.. Ты павінен збудаваць храм гэтай капрызнай багіні, якая разгарнула свае крылы над табою.
— Для чаго загаварыла са мною гэтая няшчасная?
— Я не ведаю і не хачу ведаць, хто яна; ведаю толькі, што Венера, калі яна ёсць, не можа быць прыгажэйшай за гэтую дзяўчыну.
У гэты момант адзін з рабоў, якія суправаджалі Валерыю, падышоў да гладыятараў:
— Хто з вас Спартак?
— Я, — адказаў фракіец.
— Твая сястра Мірза чакае цябе сёння ў самы ціхі час ночы ў доме Валерыі. Яна павінна гаварыць з табою аб справе, якую нельга адкладаць.
— Прыйду да яе ў гэты час.
Раздзел V
СТАЛОВАЯ КАТЫЛІНЫ I ПРЫЁМНАЯ ВАЛЕРЫІ
Дом Катыліны, які знаходзіўся на паўднёвым схіле Палацінскага ўзгорка, звонку нічым асаблівым не вызначаўся, але ў сярэдзіне яго былі раскоша і выгода не меншыя, як у іншых палацах віднейшых патрыцыяў.
Вялікая сталовая — трыкліній — была падзелена на дзве часткі шасцю калонамі з тывалійскага мармуру, вакол якіх абвіваліся гірлянды з плюшча і ружаў, што патыхалі араматам і свежасцю.
У глыбіні, за калонамі, вакол круглага мармуровага стала былі тры высокія абедзеныя ложы з бронзы з пуховымі падсцілкамі і пакрываламі з танчэйшага пурпуру, зробленых памайстэрску. Залатыя і сярэбраныя лямпы звешваліся са столі і не толькі асвятлялі залу, але і патыхалі моцным ап’яняючым араматам.
Каля сцен стаялі тры бронзавыя шафы, упрыгожаныя памайстэрску зробленымі гірляндамі і лісцямі, поўныя сярэбранага посуду ўсякай формы і велічыні. Ад адной шафы да другой былі пастаўлены лаўкі таксама з бронзы, пакрытыя пурпурам. Дванаццаць бронзавых статуй, якія прадстаўлялі рабоў-эфіопаў, падтрымлівалі сярэбраныя кандэлябры, якія яшчэ больш асвятлялі залу.
Тут, разлёгшыся на абедзеных ложах, былі, апрача Катыліны, Курыёна і Луцыя Бестыя, Кай Антоній, юны патрыцый, абцяжараны даўгамі, і Луцый Кальпурній Пізон, таксама ўвесь у даўгу, распусны патрыцый, чалавек грубы, дзікі, аматар асалод і невук. Каля Пізона, на другім ложы, якое было пасярэдзіне і лічылася ганаровым, быў юнак, якому ледзь споўнілася дваццаць год, жаноцкага выгляду, з нарумяненым тварам, з надушанымі завітымі валасамі, з запалымі вачыма, з завяўшымі шчокамі і хрыпатым голасам. Гэта быў Аўл Габіній Ніпот, самы блізкі сябра Катыліны.
Побач яго ляжаў Карнелій Лентул Сура, другі юны патры-
цый, не менш за іншых распусны і марнатраўны, але храбры духам і дужы фізічна.
Каля яго сядзеў Цэтэг, заўзяты і смелы юнак, які прагнуў навізны і смуты. Апошнім на гэтым ложы быў Кай Верэс, чалавек ганарлівы, жорсткі, прагны да нажывы і вельмі сквапны да грошай, які крыху пазней «выславіў» сваё імя службовымі злачынствамі і крадзяжамі.
Усе запрошаныя былі апрануты ў застольную вопратку з танчэйшай беласнежнай ваўнянай матэрыі, а галовы іх упрыгожаны вянкамі з плюшча, лаўра і ружаў.
Багатая вячэра ўжо заканчвалася. Смех, жарты, непрыстойныя словы, стук чаш і ажыўленая гамонка панавалі ў пакоі, паказваючы на высокія якасці повара і віначэрпаў Катыліны.
У кутку залы знаходзіліся флейтысты і мімы абодвух полаў у вельмі кароткім адзенні, з кветкамі на галовах і час ад часу належнай музыкай і танцамі ўзмацнялі шум і весялосць піравання.
— Падлі мне фалернскага, — крыкнуў ахрыплым голасам сенатар Курыён, працягнуўшы руку з сярэбранай чашай да аднаго з віначэрпаў, — я хачу ўславіць шчодрасць Катыліны, а скнара Крас няхай лопне з усім сваім багаццем!
— Крас — вось мой кашмар, уладар ўсіх маіх думак, праява ўсіх маіх сноў! — уздыхнуў Кай Верэс.
— Яго нязмерныя багацці не даюць табе сну, няшчасны Верэс? — запытаўся іранічна Аўл Габіній, папраўляючы белай рукою завіткі ўмела накручаных і надушаных валасоў.
— Гэтыя дурні Гракхі і слабы на розум Друз хацелі ўзняць у горадзе паўстанне, каб падзяліць палі паміж плебеямі, — сказаў Кай Антоній. — Але яны зусім не думалі пра бедных патрыцыяў! Хто, хто бяднейшы за нас?! Прыбыткі ад нашых маёнткаў пажыраюць ненаедныя банкіры, якія нібы з прычыны атрымання працэнтаў накладаюць арышт на гэтыя прыбыткі раней, як надыходзяць тэрміны выплаты нашых даўгоў.
— Праз скупасць бесчалавечных бацькоў і праз непахіснасць законаў мы вымушаны праводзіць лепшыя гады нашага юнацтва ў беднасці, пакутуючы ад неажыццявімых жаданняў! — дадаў Луцый Бестыя, сударгава сціскаючы чашу, якую ён толькі што спаражніў.
— Мы ў насмешку народжаны патрыцыямі, — сумна прамовіў Лентул Сура.
— Абадранцы ў тогах, вось хто мы!..
— Пазбаўленыя цэнзу, апранутыя ў пурпур!
— Прыгнечаныя і жабракі, якім няма месца на піраванні багатай Рымскай рэспублікі!
— Смерць ліхвярам і банкірам!
— У пекла ўсе законы дванаццаці табліц!
— I прэтарыянскі эдыкт!
— К Эрэбу бацькаўскую ўладу!
— Няхай маланка Юпітэра Грымотнага ўдарыць у сенат і спапяліць яго.
— Але няхай Юпітэр раней папярэдзіць мяне, каб я мог там не быць у гэты дзень! — прамармытаў зусім п’яны сенатар Курыён.
Усе грымнулі рогатам ад гэтай нечаканай мудрай заўвагі п’яніцы.
У трыкліній увайшоў раб і, наблізіўшыся да гаспадара дома, прашаптаў яму некалькі слоў.
— А, клянуся багамі пекла! — узрадаваўся Катыліна. — Нарэшце! Увядзіце яго і прыведзены ім з сабою цень. (Так называлі таварыша, якога запрошаны меў права прывесці з сабою на пір.) Ушануйце іх як належыць. Абмыйце ім ногі, натрыце іх мазямі, дайце ім застольнае адзенне і вянкі!
Раб, пакланіўшыся, выйшаў.
Катыліна крыкнуў трыклінарху:
— Эпафор, прыбяры са стала рэшткі вячэры і пастаў дзве лаўкі насупраць галоўнага ложа для сяброў, якіх я чакаю; вызвалі пакой ад мімаў, музыкантаў і рабоў і падрыхтуй у эксэдры ўсё для вясёлай, прыемнай і доўгай гутаркі.
Госці, пра якіх абвясціў раб, увайшлі ў белых тогах і ў вянках з руж. Гэта былі Спартак і Крыс.
— Няхай будзе апякунства багоў над гэтым домам і яго высакароднымі гасцямі, — сказаў Спартак, уваходзячы ў пакой.
— Добры вечар усім, — дадаў Крыс.
— Пашана і слава табе, храбрэйшы Спартак, і твайму сябру, — адказаў Катыліна, устаючы насустрач.
I, узяўшы Спартака за руку, ён сам павёў яго да ложа, якое раней займаў, і запрасіў яго прылегчы тут, а сам, пасадзіўшы Крыса на адну з пастаўленых насупраць пачэснага ложа лавак, сеў на другой побач з ім.
— Такім чынам, Спартак, ты не захацеў правесці гэты вечар за маім сталом разам з такімі высакароднымі і храбрымі юнакамі? — гаворачы гэта, ён паказаў на гасцей.
— Я не мог, Катыліна. Я павінен быў пайсці ў адну харчэўню, якую наведваюць гладыятары, каб спаткацца з людзьмі, што маюць на іх уплыў.
— Такім чынам, — запытаўся раптам насмешлівым тонам Луцый Бестыя, — такім чынам, мы, гладыятары, думаем пра сваё вызваленне, гаворым пра свае правы і рыхтуемся падтрымліваць гэтыя правы з мячом у руках?..
Твар Спартака пачырванеў, ён ударыў кулаком па стале і парывіста ўсклікнуў:
— Клянуся ўсімі маланкамі Юпітэра, няхай...
Але раптам стрымаўся і, перамяніўшы тон, сказаў спакойна:
— 3 дазволу вышэйшых багоў і вас, высакародныя і мужныя патрыцыі, мы возьмемся за зброю для вызвалення прыгнечаных!
— Такая высакамернасць да твару Луцыю Карнелію Суле Шчасліваму! — заўважыў Кай Антоній.
Катыліна добра разумеў, да чаго могуць давесці Спартака сарказмы патрыцыяў. Ён вырашыў умяшацца і, загадаўшы рабу наліць фалернскага новым гасцям, устаў з месца.
— Вам, вьісакародныя рымскія патрыцыі, у якіх неспрыяльны лёс адабраў тое, на што вы, па велічы вашых душ, маеце бясспрэчнае права: свабоду, уладу і багацце; вам, грамадзянскую доблесць і мужнасць якіх я ведаю; вам, верныя сябры мае, прадстаўляю я гэтага самага доблеснага рудыярыя, Спартака, які па дужасці свайго цела, моцнасці душы быў бы зусім варты нарадзіцца рымскім грамадзянінам і патрыцыем. Ён, змагаючыся ў нашых легіёнах, паказаў сваю мужнасць, заслужыўшы грамадзянскі вянок і чын дэкана...
— Што не перашкодзіла яму дэзертыраваць з нашага войска пры першым жа зручным выпадку, — перарваў Луцый Бестыя.
— Ну дык што? — адказаў Катыліна. — Ці паставіце вы яму за віну, калі ён нас, якія змагаліся супраць яго роднай краіны, кінуў для таго, каб абараняць сваю бацькаўшчыну, сваіх блізкіх, сваіх лараў? Хто з вас, каб трапіў у палон да Мітрыдата і быў залічан у яго войскі, пры першым жа з’яўленні рымскага арла не палічыў бы за свой абавязак і свой гонар пакінуць ненавісныя сцягі варвара і вярнуцца ў рады сваіх землякоў?
Ухвальны шэпт пачуўся пасля гэтых слоў, і Катыліна, карыстаючыся спрыяючым настроем слухачоў, прадаўжаў:
— Цяпер бачыў я, бачылі вы, увесь Рым бачыў і захапляўся, як гэты самы дужы чалавек, непахісна і непераможна змагаючыся ў цырку, зрабіў подзвігі, вартыя не гладыятара, а самага здольнага камандзіра. Гэты чалавек, высокага духу, але з няшчаснай доляй, як і мы, раб, як і мы, прыгнечаны, як і мы, няшчасны, ад некаторага часу скіраваў свае думкі на цяжкую, але высакародную справу: ён арганізаваў таемны загавор сярод гладыятараў і, аб’яднаўшы іх свяшчэннай клятвай, надумаўся ўзняць іх у пэўны дзень супраць тыраніі, якая засуджае іх да смерці на пацеху людзям у амфітэатрах, і вярнуць іх свабоднымі ў родныя ім краіны. Хіба не тое ж задумалі вы і я ўжо з даўняга часу? Чаго патрабуюць гладыятары? Чаго патрабуем мы? Супраць чаго хочам мы паўстаць, калі не супраць гэтай алігархіі, супраць якой таксама і яны хочуць узняцца? Бо з таго часу, калі рэспубліка папала пад уладу нямногіх, толькі ім плацяць даніну цары і тэтрархі, плямёны і народы, а ўсе астатнія храбрыя, знатныя і простыя грамадзяне, усе мы робімся падонкамі грамадства, няшчаснымі прыгнечанымі, нявартымі і нікчэмнымі.
Нараканне пачулася сярод маладых патрыцыяў, і вочы іх забліскалі нянаві