Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
цю, гневам, прагай да помсты.
Катыліна прадаўжаў:
— У нашых дамах галеча, мы ўсе ў даўгу, сучаснасць сумная, будучыня яшчэ больш змрочная. Навошта марнець ад такога няшчаснага жыцця? Чаму мы не прачнемся?
— Дык прачнемся! — прамовіў хрыпатым голасам Курыён, які задрамаў; пачуўшы апошнія словы Катыліны, але зусім не ўцяміўшы іх сэнсу, ён пачаў праціраць свае вочы.
Як моцна ні былі захоплены прамовай Катыліны змоўшчыкі, але ніхто не мог стрымацца ад выбуху смеху з гэтай дурной выхадкі Курыёна.
— Няхай цябе забярэ Мінас і судзіць па тваіх заслугах, праклятае чучала, напханае граззю і налітае віном! — зароў Катыліна, сціснуўшы кулакі.
— Маўчы і спі, пракляты! — крыкнуў Бестыя і штурхануў Курыёна так, што той выпрастаўся на ложы.
Катыліна прадаўжаў:
— I вось цяпер, паважаныя грамадзяне, я склікаў вас сюды ў гэты вечар для таго, каб разам абмеркаваць, ці выгадна нам прыцягнуць да нашай справы Спартака і яго гладыятараў. Калі мы павінны ўзняць паўстанне супраць знаці, супраць сената, у руках якіх вышэйшая ўлада, дзяржаўная казна і нашы
страшныя легіёны, дык мы, вядома, не здолеем адны гэта зрабіць, і нам давядзецца ўсё роўна шукаць дапамогі ў тых, якіх па праву трэба лічыць прыгоднымі для гэтай справы, якія маюць ахвоту пайсці за намі і помсціць за ўціск. Вайна тых, якія нічога на маюць, супраць тых, што маюць усё, вайна рабоў супраць уладароў, вайна прыгнечаных супраць прыгнятальнікаў павінна быць і нашай справай. I з тым, што мы не будзем прыгодны для справы гладыятараў, якімі мы кіруем, якімі мы запраўляем і ўводзім у рымскія легіёны, я зусім не магу згадзіцца. Пераканайце мяне ў адваротным, і тады адкладзем ажыццяўленне нашага плана на лепшыя часы.
Бязладныя галасы абурэння пачуліся пасля слоў Катыліны, якія, відаць, не спадабаліся большасці. Спартак, які вельмі ўважліва сачыў за настроямі патрыцыяў, пабляднеў, але спакойным голасам пачаў гаварыць так:
— Я адважыўся прыйсці сюды, каб зрабіць табе прыемнасць, Катыліна, табе, чалавеку, якога я вельмі паважаю. Але я зусім не спадзяваўся, што гэтыя высакародныя патрыцыі могуць быць перакананы тваімі словамі, у рэальнасці якіх і сам ты не зусім упэўнены, хоць і гаворыш іх вельмі шчыра. Дык дазволь мне і няхай дазволяць мне твае доблесныя сябры гаварыць шчыра і адкрыць вам сваю душу. Вас, свабодных грамадзян знатнага паходжання, трымае ў баку ад кіравання дзяржаўнымі справамі і пазбаўляе багацця і ўлады каста алігархаў, варожая народу, смелым людзям і наватарам, каста алігархаў, панаванне якой болып як сто год кінула Рым у вір разладаў і мяцяжоў.
Таму вам паўстанне патрэбна, каб скінуць цяперашні сенат і дзеючыя законы, каб замяніць адны другімі, больш справядлівымі для народу і якія раўнамерна размяркоўваюць багацці і правы, замяніць сенатараў людзьмі, выбранымі сярод вас і вашых сяброў. Але для вас, як і для цяперашніх уладароў, застануцца заўсёды варварамі народы па той бок Альп і па той бок мора, і вы захочаце, каб усе яны былі пад прыгнётам Рыма і плацілі вам даніну; вы захочаце, каб вашы дамы, дамы патрыцыяў, былі напоўнены рабамі, каб у амфітэатры, як і цяпер, наладжваліся крывавыя баі гладыятараў. Якраз гэтага вы жадаеце і нічога іншага вы не можаце жадаць, і ўсё гэта для вас сканцэнтравана, карацей кажучы, у адным — стаць самім на месца цяперашніх уладароў.
Але для нас, няшчасных гладыятараў, справа зусім іншая. Намі пагарджаюць і лічаць за самы нізшы клас людзей, мы
пазбаўлены свабоды і бацькаўшчыны, асуджаны біцца і забіваць адзін аднаго на пацеху іншым, таму мы шукаем поўнай свабоды, мы хочам адваяваць сваю бацькаўшчыну і свае дамы, і дзеля гэтага мы паўстанем не толькі супраць цяперашніх уладароў, але таксама і супраць тых, якія іх заменяць, ці будуць яны называцца Сулай або Катылінай, Цэтэгам або Пампеем, Лентулам або Красам.
3 другога боку, нам, гладыятарам, якія застануцца адны, якія паставілі сябе супраць страшнай і непераможнай магутнасці Рыма, ці можна спадзявацца на перамогу? He, перамагчы нельга, і пакуль я мог меркаваць, што людзі консульскай годнасці і патрыцыі стануць на чале гладыятарскіх легіёнаў і дадуць сваю годнасць і імя войску, я ажыўляў надзеі многіх маіх таварышаў па няшчасцю запалам маіх уласных надзей; але цяпер, калі я бачу, — у доўгіх размовах з табою, Катыліна, я ўжо гэта зразумеў, — што забабоны вашага выхавання ніколі не дазволяць вам быць нашымі правадырамі, я пераконваюся ў немагчымасці нашай справы, пра якую я марыў і якую саграваў у тайніках сваёй душы, якой я аддаваўся ў доўгіх летуценнях і ад якой з пачуццём бязмежнага жалю я цяпер адмаўляюся канчаткова як ад відочнага вар’яцтва. Хіба можна было б назваць інакш наша паўстанне, нават калі б мы змаглі ўзняць пяць-дзесяць тысяч чалавек? Які аўтарытэт меў бы, напрыклад, я або іншыя з майго класа, магчыма, нават больш храбрыя, чым я, якое значэнне, які прэстыж?
За пятнаццаць дзён нашы два легіёны былі б раздушаны, як гэта было дваццаць год таму назад з тымі паўстаўшымі гладыятарамі, якіх доблесны рымскі коннік, якога звалі Мінуцыем ці Вецыем, сабраў каля Капуі.
Цяжка перадаць уражанне, якое зрабіла прамова Спартака, гэтага, на думку гасцей, варвара, і пры тым самага пагарджанага. Адны дзівіліся з яго красамоўства, другія — з узвышаных яго думак, трэція — з глыбіні яго палітычных ідэй, а наогул усім вельмі спадабалася выказаная ім пашана да ўсемагутнага рымскага імені. I задаволенае самалюбства грамадзяніна, якое так лоўка расчуліў былы раб, было выказана агульнай пахвальбою, з якою ўсе рассыпаліся перад мужным фракійцам, якому ўсе, і першым Луцый Бестыя, прапанавалі сваё заступніцтва і дружбу.
Пасля доўгага абмеркавання змоўшчыкі вырашылі, што трэба адкласці гэтую справу на час, больш зручны для ажыццяўлення смелага плана.
Спартак прапанаваў самога сябе і нямногіх гладыятараў, якія яму давяралі і паважалі яго, — ён увесь час рабіў мімаходам націск на слова «нямногія», — у распараджэнне Катыліны і яго сяброў. Пасля ён сам і з ім Крыс выпілі чашу дружбы, якая пайшла наўкола і ў якую госці кідалі пялёсткі ружаў з вянкоў, і, развітаўшыся з гаспадаром дома і з яго сябрамі, пакінулі пір.
Па вуліцы абодва яны накіраваліся да дому Сулы.
Крыс першым спрабаваў пачаць размову.
— Растлумач мне, спадзяюся...
— Маўчы, дзеля Геркулеса! — перапыніў яго Спартак. — Пазней ты даведаешся пра ўсе.
I яны далей пайшлі моўчкі. Нарэшце, адышоўшы крокаў трыста ад дома Катыліны, Спартак загаварыў паціху:
— Там было занадта многа людзей; не ўсе яны на нашым баку і не ўсе ўладалі сваім розумам, каб можна было давярацца гэтым юнакам. Ты чуў: для іх наша змова ліквідавана, павінна знікнуць, як трызненне хворага мозга. Ты зараз вярніся ў школу гладыятараў Акцыяна і змяні наш пароль прывітання і сакрэтны знак пры поціску рукі. Паролем будзе: «пастаянства і перамога»; знакам — тры лёгкія ўдары ўказальным пальцам правай рукі аднаго аб далонь правай рукі другога.
I Спартак, узяўшы правую руку Крыса, тры разы паціснуў указальным пальцам на яго далонь, кажучы:
— Вось так. Ты зразумеў?
— Так, — адказаў Крыс.
— А цяпер не траць часу. Няхай кожны начальнік звяна папярэдзіць сваіх пяць гладыятараў, што наш загавор быў пад пагрозай раскрыцця і што кожны, хто вымавіць ранейшы пароль і скарыстае ранейшыя знакі, можа канчаткова загубіць нашу справу. Заўтра мы спаткаемся раніцою ў школе Юлія Рабецыя.
I Спартак, паціснуўшы руку Крыса, шпаркім крокам пайшоў да дому Сулы. Тут яго правялі ў маленькі пакой, у якім жыла яго сястра.
Мірза заваявала поўную прыхільнасць Валерыі і ўжо займала вельмі важную пасаду загадчыцы яе туалетам. Яна чакала свайго брата і, як толькі той паказаўся ў дзвярах, кінулася да яго, абняла і пачала цалаваць яго ў твар.
Прывітаўшыся, Мірза сказала Спартаку, што яна паклікала яго па загаду Валерыі, якая часта распытвала ў яе пра рудыярыя і, даведаўшыся, што ён яшчэ вольны ад службы,
хоча прапанаваць яму кіраваць гладыятарскай школай, якую Сула нядаўна арганізаваў пры сваёй віле ў Кумах.
— А калі я дам згоду кіраваць гэтай школай, дык ці не запатрабуе Валерыя, каб я зноў прадаў сябе, або яна пакіне мяне свабодным? — запытаўся Спартак.
— Пра гэта яна нічога не сказала, але, мяркуючы па яе добрых адносінах да цябе, яна, напэўна, згодзіцца пакінуць цябе свабодным.
— Значыць, яна вельмі добрая, гэтая Валерыя?
— Такая ж добрая, як і прыгожая.
— О, тады яе дабраце няма межаў.
— Мне здаецца, што ты яе кахаеш.
— Я... вельмі кахаю, але благавейна і пачціва, як можа і павінен кахаць такую знатную матрону чалавек у маім сумным становішчы.
— Толькі дай абяцанне, што ты не скажаш ні слова ёй, бо яна забараніла мне гаварыць табе пра гэта... Пачуццё кахання да яе табе ўнушылі вышэйшыя багі ў знак падзякі: якраз Валерыя пераканала Сулу ў цырку даць табе свабоду. Толькі, калі ласка, не прагаварыся, што ты ведаеш пра гэта. А цяпер пайду папярэджу пані пра твой прыход.
I лёгкая, як матылёк, Мірза знікла ў маленькіх дзвярах. Ашаломлены Спартак нават не заўважыў гэтага.
Паўтара месяца таму назад, накіраваўшыся ў дом Сулы пабачыцца з сваёю сястрою, ён сустрэў Валерыю, калі яна выходзіла да насілак, і яна зрабіла на яго незабыўнае ўражанне.
Нягледзячы на ўсе спробы забыцца на яе, каханне да Валерыі апанавала яго ўсяго.
Нібы яго цягнула нейкая таямнічая сіла, ён пачаў прыходзіць да порціка дома Сулы і, схаваўшыся там за калонай, чакаў выхаду Валерыі; і кожны раз, бачачы яе, знаходзіў больш прыгожай і кожны дзень адчуваў да яе яшчэ большае пачуццё.
Аднойчы Валерыя заўважыла яго. На момант рудыярыю здалося, што яна зірнула на яго прыхільна, амаль ласкава, і — ён гатовы быў падумаць — закахана. Але ён зараз жа адагнаў ад сябе гэтую думку як падман сваіх вачэй, як неверагодную фантазію сваіх жаданняў.
Лёгка ўявіць сабе, якое ўражанне зрабілі на беднага гладыятара словы Мірзы. Ён быў за некалькі крокаў ад гэтай
жанчыны, не, не жанчыны, а багіні, дзеля якой ён гатовы быў аддаць сваю кроў, жыццё, славу. Зараз ён пачуе яе голас, убачыць паблізу яе твар, вочы, усмешку... Некалькі хвілін аддзялялі яго ад шчасця, пра якое ён не адважваўся нават марыць.
— Ах, няхай багі дапамогуць мне захаваць разважнасць, — прашаптаў ён, па