Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
«тваю», — сярод найбольш смелых гладыятараў з школы Лентула Баціята. Аднак Арторыкс папярэджвае, што ён неразважны і мала асцерагаецца.
— Клянуся Геркулесам, гэта дрэнна!
— I я таксама думаў.
Абодва гладыятары змоўклі. Пасля Крыс запытаўся:
— А Катыліна?
— Я пачынаю пераконвацца, што ён ніколі не будзе з намі.
— Значыць, слава, што разыходзіцца пра яго, — падман, а хвалёная веліч яго душы — байка?
— He, у яго вялікая душа, вялікі розум, але ён прасякнуты ўсімі забабонамі свайго выхавання, чыста рымскага. Я думаю, што ён хоча выкарыстаць нашы мячы для таго, каб змяніць цяперашні спосаб кіравання, але не для таго, каб палепшыць варварскія законы, дзякуючы якім рымскае грамадства тыранствуе над усім светам. Сёння ўвечары пойдзем разам у яго дом і пастараемся дамовіцца адносна агульнага выступлення, але я апасаюся, што гэта будзе дарэмна.
— А ён і яго сябры ведаюць пра нашу таямніцу?
— Калі нам не пашанцуе згаварыцца, яны ўсё ж нам не здрадзяць. Бо рымляне не лічаць нас здольнымі на сур’ёзную пагрозу іх уладзе. Мы, на іх погляд, раса нізшая, не людзі.
— Ах, Спартак! Больш чым за жыццё, якое ты мне выратаваў у цырку, я удзячны табе за нашу справу. Кіруй намі, арганізоўвай нас, каб нам удалося пазмагацца ў адкрытай бітве з гэтымі знатнымі разбойнікамі... Тады мы пакажам ім, людзі мы або раса болып нізкая...
— О, да канца жыцця ўсе сілы я аддам нашай справе! Я давяду яе да перамогі або загіну ў барацьбе...
У гэты момант ля іх пачуўся прарэзлівы голас Эмілія Варына.
— Дык, ідзі, Кай, ідзі, Апулей; пойдзем у храм Разладу даведацца пра вынікі паседжання сената.
— А хіба сенат сабраўся сёння ў храме Згоды?
— Так.
— У старым храме ці ў новым?
— Ах, які ты дурны! Калі б сенат сабраўся ў храме, прысвечаным сапраўднай Згодзе Фурыем Камілам, дык я сказаў бы табе: «Хадзем у храм Згоды». Але калі я сказаў: «Хадзем у храм Разладу», дык хіба ты не разумееш, што я кажу пра храм,
які па-кашчунску асвечаны крывёю народу і ганебнейшым забойствам Гракхаў.
— I Варын кажа праўду, — прамовіў, ідучы, Кай Таўрывій, — не імем Згоды, а імем Разладу патрэбна было назваць гэты храм.
Тры плеткары рушылі да знадворнай лесвіцы, якая вяла ў порцік базілікі, а за імі воддаль пайшлі абодва гладыятары.
Ледзь толькі Спартак і Крыс дайшлі да порціка базілікі, як нейкі чалавек падышоў да фракійца. Гэта быў ланіста Акцыян.
— Дык калі ты, Спартак, вырашыш вярнуцца ў маю школу?
— Няхай праглыне цябе Стыкс яшчэ жывога! — крыкнуў гладыятар, у гневе павярнуўшыся да свайго ранейшага гаспадара. — Калі ты пакінеш мяне турбаваць?
— Але я, — ліслівым голасам сказаў Акцыян, — надакучаю табе толькі дзеля тваёй жа карысці.
— Выслухай мяне, Акцыян, і добра запомні мае словы. Я не блазнюк, і мне не патрэбны апекуны, а каб і былі патрэбны, дык ніколі б не хацеў іх мець у тваёй асобе. He трапляйся мне на дарозе, бо, клянуся табе Юпітэрам Радопскім, богам бацькоў маіх, я пачастую твой голы стары чэрап сваім кулаком так, што адпраўлю цябе адразу ў пекла, а там няхай будзе што будзе. — I, памаўчаўшы, ён дадаў: — Бо ты добра ведаеш сілу майго кулака. Ты памятаеш, як я адлупцаваў дзесяць тваіх рабоў-карсіканцаў, якія, узброіўшыся драўлянымі мячамі, напалі на мяне ўсе разам?
Ланіста аж рассыпаўся ад перапрашэнняў і запэўненняў у дружбе. Спартак закончыў:
— Дык ідзі! Згінь з маіх вачэй і болып мне не трапляйся.
Пакінуўшы збянтэжанага Акцыяна, абодва гладыятары пайшлі праз форум к Палаціну, да порціка Катула, дзе Катыліна павінен быў спаткацца з Спартаком.
Дом Катула быў адным з самых раскошных і прыгожых у Рыме. Дзівосны порцік быў упрыгожаны ваеннай здабычай, адабранай у кімвраў, і бронзавым быком, перад якім гэтыя ворагі Рыма давалі прысягу. Тут патрыцыі і патрыцыянкі любілі гуляць і займацца гімнастычнымі практыкаваннямі. Тут жа было месца спатканняў элегантнай моладзі.
Калі абодва гладыятары прыйшлі да порціка Катула, ён быў акружаны шчыльнымі радамі грамадзян, што пазіралі на жанчын, якіх сабралася ў гэты дзень пад порцікам больш, чым звычайна, з прычыны няспыннай слоты і дробнага дажджу.
Тут красаваліся прыгажосцю матроны і дзяўчаты, якія належалі да самых відных сем’яў Рыма.
Сапраўды прынаднае відовішча мелі іх надзвычай белыя рукі, іх дзявочыя, ледзь прыкрытыя грудзі і алімпійскія плечы ў бляску золата, жамчугоў, яшмы і рубінаў, у разнастайнасці каляровых пеплумаў, пал, стол і тунік з танчэйшай ваўнянай матэрыі і лёгкіх тканін.
Некаторыя з патрыцыянак гушкаліся на качэлях, іншыя забаўляліся гульнёю ў мяч — самай любімай гульнёю рымлян. Большая частка жанчын пахаджвала, каб сагрэцца.
Спартак і Крыс спыніліся крыху воддаль ад натоўпу патрыцыяў і коннікаў, як належала людзям іх становішча, і пачалі шукаць вачыма Катыліну. Ён стаяў каля калоны, побач з сенатарам Квінтам Курыёнам, вядомым п’яніцай і распуснікам, і з юным Луцыем Кальпурніем Бестыяй.
Стараючыся не штурхаць знатных людзей, гладыятары падышлі да страшнага патрыцыя. Катыліна, саркастычна ўсміхаючыся, гаварыў у гэтую хвіліну сваім сябрам:
— Я хачу пазнаёміцца з вясталкай Ліцыніяй, якую гэты таўсцяк, Марк Крас, надарае пяшчотамі, і расказаць ёй пра яго каханне да грачанкі Эўтыбіды.
— I перадай ёй, што ён даў Эўтыбідзе дзвесце тысяч сестэрцый, — сказаў Луцый Бестыя.
— Марк Крас, які дае дзвесце тысяч сестэрцый жанчыне!.. Але ж гэта дзіва, больш няўцямнае, чым тое, што здарылася ў Арміне, дзе, як кажуць, певень загаварыў, як чалавек.
— Справа дзіўная пры яго скупасці, — згадзіўся Квінт Курыён, — але ўрэшце для Марка Краса дзвесце тысяч сестэрцый азначаюць тое ж, што крупінка ў параўнанні з усім пяском светлага Тыбра.
— Ён кажа праўду, — прамовіў, раскрыўшы вочы ад прагнасці, Луцый Бестыя. — Што гэта азначае для Марка Краса, які мае больш сямі тысяч талантаў.
— Гэта значыць, больш як паўтара мільёна сестэрцый.
— Сума, якая здавалася б неймавернай, каб не было вядома, што яна сапраўды ёсць!
— I вось у гэтай добра кіруемай рэспубліцы, — сказаў з гаркотай Катыліна, — для чалавека нізкай душы і сярэдняга розуму адкрыта шырокая дарога да велічы і пашаны. А я, адчуваючы ў сабе сілу і здольнасць пераможна закончыць любую вайну, ніколі не мог дамагчыся, каб мяне прызначылі камандуючым, бо я бедны і абцяжараны даўгамі. Калі заўтра ў Краса
з’явіцца ганарыстае жаданне, каб яго прызначылі ў якуюнебудзь правінцыю або правесці ваенны паход, ён гэтага даможацца неадкладна. Ён такі багаты, што можа купіць не толькі просты народ, няшчасны і галодны, але нават прагны і багаты сенат — увесь цалкам.
— I разам з тым, — дадаў Квінт Курыён, — вельмі нячыстай была крыніца яго непамернага багацця.
— Вядома, — падхапіў юны Бестыя, — бо як ён разбагацеў? Ён скупляў па самай малой цане маёмасць, канфіскаваную ў ахвяр даведзенай Сулай праскрыпцыі; ён даваў грошы ў доўг пад вялікія працэнты; ён набыў каля пяцісот рабоў — архітэктараў і муляраў і пабудаваў з іх дапамогай вялікую колькасць дамоў на папялішчах, якія дасталіся яму амаль дарма.
— I вось палова дамоў у Рыме належыць яму.
— I хіба ўсё гэтае справядліва, — запытаўся ў злосці Бестыя, — хіба гэта сумленна?
— He ў дарэмных нараканнях і пустой гамонцы павінны мы разлівацца, юнак, — сказаў сур’ёзным голасам Катыліна, — а павінны абмеркаваць у цішыні нашых дамоў план дзеяння, а ў свой час выканаць яго. Маўчы і чакай, Бестыя. Можа, недалёка той дзень, калі і мы здолеем нанесці страшэнны і рашучы ўдар гэтаму гнілому ладу, пры якім мы стогнем у падполлі і які, нягледзячы на свой знешні бляск, увесь у трэшчынах і разлагаецца.
У гэты момант чатыры дужыя рабы падалі ўпрыгожаныя пурпурам і золатам насілкі, і Валерыя, жонка Сулы, акружаная світай патрыцыяў, з’явілася ля ўваходу ў порцік.
Твар яе быў вельмі бледны, а вялікія чорныя вочы, крыху расшыраныя і амаль нерухомыя, надавалі ёй сумны выгляд, што было, кажучы праўду, дзіўна, бо яна выйшла замуж крыху больш як месяц таму назад.
Усеўшыся ў насілкі, Валерыя захінула занавескі і падала знак рабам рушыць у дарогу.
Спартак, які разам з Крысам быў ззаду натоўпу, убачыў красуню і, пазнаўшы ў ёй паню сваёй сястры, штурхануў локцем свайго таварыша.
— Глядзі! Валерыя, жонка Сулы!
— Клянуся свяшчэнным гаем Арэлаты, яна прыгожая, як сама Венера.
Насілкі жонкі шчаслівага экс-дыктатара прайшлі міма двух гладыятараў, і сумны позірк Валерыі спыніўся на Спартаку.
Матрона раптам схамянулася ад сваёй няўважлівасці, твар пачырванеў; яна нават крыху высунула галаву з-за занавесак і доўгі час пазірала на гладыятара.
— Вось дык штука! — усклікнуў Крьіс, ад якога не ўніклі гэтыя бясспрэчныя знакі ўвагі знатнай дамы да яго таварыша. — Дарагі Спартак! Фартуна, капрызная жанчына, схапіла цябе за чуб, або, хутчэй, гэта ты, Спартак, злавіў за касу непастаянную багіню. Трымай яе моцна, дружа, няхай яна пакіне што-небудзь у тваіх руках, нават калі і ўцячэ ад цябе...
I, павярнуўшыся тварам да Спартака, ён заўважыў, што той пабляднеў.
— Сціхні ты, нарэшце, дурань! Што ты трызніш пра Фартуну і валасы? Клянуся дубінай Геркулеса, я думаю, што ты тут бачыш не больш за андабата. — I, спыніўшы размову, якая яго бянтэжыла, Спартак падышоў да Катыліны. Ён запытаўся ў патрыцыя паціху:
— Ці павінен я прыйсці сёння ўвечары ў твой дом, Катыліна?
Той павярнуўся.
— Так, вядома; але не кажы «сёння ўвечары» — ужо вечар, скажы «хутка».
Спартак, пакланіўшыся, адышоў.
— Клянуся Плутонам, ты зусім заблытаў тую нітку, якая да гэтага часу вяла мяне ў лабірынт тваёй душы, — сказаў Бестыя, здзіўлена пазіраючы на Катыліну, які фамільярна размаўляў з гладыятарам.
— А ў чым справа? — запытаўся наіўна Катыліна.
— Рымскі патрыцый, які ўдастойвае сваёй дружбай самую нізкую і нікчэмную пароду гладыятараў!
— Які скандал, так? Жах, хіба не праўда? — I, не чакаючы адказу, Катыліна прамовіў: — Чакаю вас на зары ў сваім доме; павячэраем, павесялімся і... пагаворым аб сур’ёзных справах.
Спартак і Крыс між тым накіраваліся па Свяшчэннай вуліцы да Палаціна, як раптам яны спаткаліся з маладой жанчынай, прыгожа апранутай. Яна ішла ў суправаджэнні рабыні; за ёю ішоў раб. Гэтая жанчына, з рыжымі валасамі, беласнежным тварам і вялікімі вачыма колеру марской вады, была такая прыгожая, што Крыс аслупянеў.
— Клянуся Гезам! Якая дзівосная прыгажосць!
Красуня не звярнула ўвагі н