Спартак  Рафаэла Джаваньёлі

Спартак

Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
71.43 МБ
і багамі Алімпа!
Цыцэрон і Сарпедон здзіўлена пазіралі адзін на аднаго. А хлопчык голасна ўсклікнуў:
— О, каб я ўжо насіў мужчынскую тогу!
— А што б ты зрабіў, шалёны? — запытаўся Цыцэрон і зараз жа дадаў. — Памаўчы лепш!
— А я выклікаў бы на суд Луцыя Карнелія Сулу і абвінаваціў бы яго перад народам!
— Сціхні ты! — сказаў Цыцэрон. — Хіба ты хочаш наклікаць на ўсіх нас бяду? Няўжо ты хочаш, каб ён у тваіх безразважных словах знайшоў прычыну далучыць нас да безлічы ахвяр сваёй шалёнай лютасці? I калі мы дадзім сябе забіць, хіба мы вызвалім Рым ад яго пагібельнага панавання? Страх перад ім зледзяніў кроў у жылах рымлян. Сула сапраўды шчаслівы і ўсёмагутны.
— Замест таго, каб называцца Шчаслівым, няхай бы ён стараўся заслужыць прозвішча Справядлівага! — прашаптаў Катон.
На арэне пачалося новае прадстаўленне: андабаты развясельвалі народ крывавай гульнёю, у якой усе дваццаць няшчасных гладыятараў павінны былі развітацца з жыццём.
Суле ўжо абрыдла гэта відовішча. Заняты адною толькі думкаю, якая апанавала яго некалькі гадзін таму назад, ён устаў і накіраваўся да таго месца, дзе сядзела Валерыя. Падышоўшы да яе, ён ветліва пакланіўся і, пазіраючы пяшчотнымі вачыма, запытаўся:
— Ты вольная, Валерыя?
— Некалькі месяцаў таму назад мяне выракся мой муж, але не за які-небудзь ганебны ўчынак з майго боку, наадварот...
— Я гэта ведаю. А мяне ты пакахала б?
— Усім сэрцам, — адказала Валерыя, патупіўшы вочы.
— Я цябе таксама кахаю, Валерыя, і думаю, што ніколі я так не кахаў.
I былы дыктатар Рыма сказаў, пацалаваўшы яе руку:
— Праз месяц ты будзеш маёй жонкай.
I разам са сваімі сябрамі, якія праводзілі яго, ён пайшоў з цырка.
Раздзел III
ТАВЕРНА ВЕНЕРЫ ЛІБІЦІНЫ
На адной з аддаленых вузкіх і брудных вуліц, паблізу старадаўняй гарадской сцяны, была адчыненая ўдзень і ноччу таверна, прысвечаная Венеры Лібіціне, гэта значыць Венеры Пахавальнай. Гэтая багіня загадвала пахаваннямі і магіламі, a таверна знаходзілася паміж могілкаў для простага народу і гюлем, куды кідалі целы рабоў і самых пагарджаных людзей — сталую і ўлюбёную ежу ваўкоў і каршуноў. Гнілое мяса заражала навакольнае паветра. На гэтым полі праз паўвека пазней Мецэнат пасадзіў свае славутыя сады, з якіх дастаўлялі на яго патрыцыянскі стол самую смачную гародніну і самыя лепшыя фрукты, якія вырасталі на ўгнаенні з плебейскіх касцей.
Над уваходам у таверну вісела нарысаваная п’янай рукою нейкага благога маляра карціна Венеры, якая больш нагадвала брыдкую мегеру, чым багіню прыгажосці. Ліхтар, які гойдаўся ад ветру, ледзь рассяваў змрок бруднага завулка, асвятляў убогую Венеру і прыцягваў увагу прахожых да сухой галінкі, прымацаванай над уваходнымі дзвярыма таверны.
Спусціўшыся па некалькіх камянях, якія замянялі ступені, наведвальнік трапляў у закураны сыры пакой.
3 правага боку ад уваходу ўзвышаўся камін, у якім палаў агонь і гатавалася ў алавяным посудзе традыцыйная каўбаса з свіной крыві і нязменныя біткі. Ніхто не захацеў бы расследаваць, з якога віду прадуктаў рабіла іх Лутацыя Аднавокая, уласніца і гаспадыня гэтай бруднай карчомкі.
Чатыры статуэткі з тэракоты стаялі ў невялікай нішы, паблізу каміна. Яны ўяўлялі сабой лараў, гэта значыць геніяў — апекуноў дому. Перад імі гарэў свяцільнік і былі пакладзены вянкі і пучкі кветак. Побач, за невялікім брудным сталом, на пазалочанай пурпуровага колеру лаўцы сядзела гаспадыня.
Уздоўж сцен стаялі старыя абедзеныя сталы, доўгія, няўклюдныя лаўкі і табурэткі з пакалечанымі ножкамі.
Са столі звешвалася алавяная лямпа з чатырма свяцільнікамі, якія разам з полымем ад каміна напалову разганялі змрок, што запаўняў пакой.
У сцяне, якая была насупраць уваходу, меліся другія дзверы; яны вялі ў другі пакой, меншы за першы і не такі брудны. Усе яго сцены не вельмі сарамлівы мастак размаляваў дзеля забавы рысункамі самага непрыстойнага зместу. У кутку гарэла масляная лямпа з адным ражком. Усю верхнюю частку пакоя яна пакідала амаль у цемры, слаба асвятляючы толькі падлогу і два абедзеных ложы.
Каля гадзіны першай зары (прыблізна ў гадзіну ночы) у той дзень, 10 лістапада 675 года, у таверне Венеры Лібіціны было многа наведвальнікаў, яны напаўнялі гулам і гамонкай не толькі хаціну, але і ўсю вуліцу, на якой яна знаходзілася.
Лутацыя Аднавокая разам з сваёй чорнай, як сажа, рабыняй-эфіопкай на ўсю сілу стараліся задаволіць патрабаванні галодных наведвальнікаў, якія чуліся з усіх бакоў.
Лутацыя, высокая, дужая, поўная і чырванашчокая жанчына, якой было сорак пяць гадоў, яшчэ магла б лічыцца красуняй, каб твара яе не псаваў даўгі і шырокі шрам, які праходзіў па лбе і правым воку. Праз гэтае калецтва Лутацыя была празвана Манаколай, гэта значыць Аднавокай.
Але, не зважаючы на калецтва, у карчму да балбатлівай, ласкавай і вясёлай Лутацыі цягнуліся шматлікія наведвальнікі з самых нізоў рымскага насельніцтва.
Цесляры, кавалі, ганчары, магільшчыкі, атлеты з цырка, камедыянты і шуты, гладыятары, жабракі, мнімыя калекі і распусныя жанчыны былі звычайнымі гасцямі Лутацыі. У такім месцы не маглі, вядома, бываць банкіры, коннікі і патрыцыі. Але Лутацыя Аднавокая не была пераборлівай і думала, што Юпітэр змясціў сонца на небе для таго, каб свяціць як багатым, так і бедным. Калі для багатых былі вінныя скляпы, кандытарскія, рэстараны і гасцініцы, дык беднякі павінны былі мець свае таверны, а квадранс (чвэртка капейкі), ас (дзве капейкі) і сестэрцый (дзевяць капеек) бедняка і раба нічым не адрозніваліся ад тых жа манет заможнага гараджаніна і ганарлівага патрыцыя.
— Клянуся рагамі Вакха Дыянісія, дасі ты нам, нарэшце, гэтыя праклятыя біткі? — крыкнуў грымотным голасам стары гладыятар, твар і грудзі якога былі ўсе пакрыты шрамамі.
— Стаўлю на заклад сестэрцый, што Лувеній, магілынчык, прынёс ёй з Эсквілінскага поля такое мяса, якое было здабычай крумкачоў і зусім падыходзіць як начынка для пякельных біткоў! — крыкнуў жабрак, які сядзеў непадалёку.
Гучны рогат грымнуў у адказ на гэты жарт. Нізкі ростам, непаваротлівы і тоўсты магільшчык, якога звалі Лувеніем, пачаў лаяцца.
— Як сумленны магільшчык клянуся, ты павінна б была, Лутацыя, у біток гэтага нягодніка Веленія (так звалі жабрака) пакласці мяса, якое ён прывязвае ніткамі да сваіх грудзей, каб расчуліць літасцівых грамадзян уяўнымі балячкамі і выманіць у іх паболып грошай.
Новы выбух смеху пачуўся ад гэтых слоў.
— Калі б Юпітэр не быў гультаём і не спаў так моцна, дык ён даўно б спапяліў сваёй маланкай гэты смярдзючы бяздонны мяшок — магільшчыка Лувенія, — адказаў жабрак.
— Клянуся чорным скіпетрам Плутона, я на тваёй варварскай мордзе зраблю кулакамі такую балячку, якая дасць табе права прасіць людзей пра спачуванне! — ашалела крыкнуў магільшчык, ускокваючы з месца.
— Ну, падыдзі, падыдзі, дурань! — Веленій ускочыў і сціснуў кулакі. — Падыдзі, каб я паслаў цябе да Харона, і, клянуся крыламі бога Меркурыя, я сам укладу манету паміж тваіх брудных воўчых зубоў.
— Кіньце вы, старыя клячы! — зароў Кай Таўрывій, велізарнага росту атлет з цырка. — Кіньце, a то клянуся ўсімі багамі Рыма, я так стукну вас адзін аб аднаго, што раскрышу вашы з’едзеныя чарвямі косці і ператвару вас у патрапаную мачалку.
Ужо гатова была пачацца бойка, але, на шчасце, у гэтую хвіліну Лутацыя і Азур, яе чорная рабыня, паставілі на сталы дзве вялізныя талеркі, напоўненыя даверху дымнымі біткамі, на якія ўсе накінуліся прагна, як ваўкі. Гэтым часам у другой групе наведвальнікаў вяліся размовы на ўлюбёную тэму дня — пра гладыятарскія гульні ў цырку. Свабодныя грамадзяне, якія на іх прысутнічалі, расказвалі рабам, што не мелі права ўваходзіць за агароджу цырка.
Усе выслаўлялі мужнасць і сілу Спартака.
Тым часам Лутацыя паставіла на стол крывяную каўбасу, і гаворка на некаторы час прыпынілася.
Першым парушыў маўклівасць стары гладыятар, усклікнуўшы:
— Я біўся дваццаць два гады ў амфітэатрах і цырках і захаваў, аднак, сваю скуру, хоць яна, праўда, прадзіраўлена, зашыта і перашыта. I вось павінен вам сказаць, што ніколі я не ведаў больш прыгожага гладыятара, больш дужага чала-
века і больш спрытнага фехтавальшчыка, як гэты непераможны Спартак.
— Калі б ён нарадзіўся рымлянінам, — прыхільна дадаў атлет Кай Таўрывій, які быў рымлянін па паходжанню, — ён зрабіўся б героем.
— Шкада, што ён варвар! — сказаў з пагардай у голасе Эмілій Варын, прыгожы юнак год дваццаці, на твары якога ўжо былі відаць маршчыны, якія сведчылі пра распуснае жыццё і дачасную старасць.
— А ўсё-такі ён вельмі шчаслівы, гэты Спартак! — уздыхнуў стары легіянарый з Афрыкі, з шырокім шрамам на лбе і пакалечаны. — Хоць і дэзерцір, ён усё ж атрымаў у падарунак свабоду! Бываюць жа справы, ніколі нябачаныя! Эх! Сула быў у гэтую хвіліну ў добрым настроі, што адважыўся на такую шчодрасць.
— Уявіце, як прыкра зрабілася ланісту Акцыяну, — заўважыў стары гладыятар.
— Так, ён крычаў, што яго аграбілі, разарылі, забілі. Напэўна, Сула заплаціў яму шчодра.
— Ну што ж, тавар, трэба сказаць праўду, быў добры і прыгожы!
— Я нічога не кажу, але і дзвесце дваццаць тысяч сестэрцый прыгожыя і добрыя.
— Клянуся Геркулесам, вельмі і вельмі добрыя! — сказаў атлет. — Калі б я іх меў... мне б хацелася іх выпрабаваць усяляк і ўсякімі спосабамі.
— Ты думаеш, Таўрывій, што мы не здолелі б ацаніць прывабнасць двухсот дваццаці тысяч сестэрцый?
— He ўсе ўмеюць зрабіць грошы, але ўсе ўмеюць іх траціць.
— Ці не хочаце вы сказаць, што Суле цяжка дасталіся яго багацці?
— Першую частку іх ён атрымаў ад адной жанчыны з Нікаполіса, якая, ужо досыць пажылою, закахалася ў яго і, паміраючы, пакінула яму аднаму ў спадчыну ўсе свае багацці.
— А ў маладыя ж гады ён быў досыць бедны.
— Пасля ў вайне супраць Мітрыдата і пры ўзяцці Афін ён здолеў захапіць для сябе львіную частку здабычы.
— Пасля надышла пара праскрыпцый. Па яго загаду было зарэзана семнаццаць былых консулаў, сем прэтараў, шэсцьдзесят эдылаў і квестараў, трыста сенатараў, тысяча шэсцьсот коннікаў і семдзесят тысяч грамадзян, а ўся маёмасць гэтых
асоб была канфіскавана. Хіба пры гэтым нічога Суле не перапала?
— Я хацеў бы мець мізэрную частку таго, што дасталося яму ў час праскрыпцый.
— Аднак, — сказаў Эмілій Варын, — гэты чалавек зрабіўся з вельмі беднага