Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
равай рукі ўніз — у знак смерці, і менш пятнаццаці тысяч літасцівых паднялі яго ўгору — у знак падаравання жыцця пераможанаму.
Мірмільён ужо нарыхтаваўся пракалоць рэтыярыя, калі раптам той, выхапіўшы ў яго меч, з усёй сілы сам усадзіў яго сабе ў грудзі. Калі мірмільён выцягнуў меч з грудзей рэтыярыя, лязо дымілася крывёю. Прыўзняўшыся ў апошніх сударгах, рэтыярый страшэнным голасам закрычаў:
— Праклятыя! — і паваліўся мёртвы.
Раздзел II
СПАРТАК НА АРЭНЕ
Натоўп шумеў шалёнымі воплескамі. Цырк напоўніўся гулам і крыкамі.
На арэну выйшлі служыцелі і вынеслі з цырка труп рэтыярыя, пераканаўшыся дотыкам распаленага жалеза, што ён сапраўды нежывы. Месца, на якім памёршы гладыятар пакінуў вялікую лужыну крыві, было пасыпана бліскучым парашком мармуру.
Цырк усё яшчэ грымеў воплескамі і крыкамі натоўпу: «Няхай жыве Сула!»
А Сула, звярнуўшыся да патрыцыя Кнея Карнелія Далабелы, які сядзеў побач з ім, сказаў:
— Клянуся Апалонам Дэльфійскім, маім заступнікам, гэта чэрнь сапраўды подлая. Хіба яна мне пляскае? He, яна пляскае маім паварам, якія згатавалі ёй учора смачную і багатую яду. Здаецца, — дадаў ён, — нядрэнны тавар прадаў мне ланіста Акцыян.
— О, ты шчодры, вялікі, — лісліва сказаў сенатар Ціт Аквіцый.
— Няхай Юпітэр заб’е маланкай усіх подлых лісліўцаў! — адказаў былы дыктатар. — Я адмовіўся ад дыктатуры, вярнуўся да прыватнага жыцця, а вы ўсё яшчэ хочаце бачыць ува мне ўладара. О, нікчэмныя людзі, якія могуць жыць толькі ў рабскай паслужлівасці!
— He ўсе, Сула, народжаны для рабства, — смела сказаў адзін патрыцый з світы дыктатара. Гэта быў Луцый Сергій Катыліна.
Дваццацігадовы Катыліна набыў сабе жахлівую славу. Яго баяліся з-за яго страшэннай запальчывасці. Катыліна забіў патрыцыя Гратыдзіяна, які спакойна праходзіў па беразе Тыбра, за тое, што той адмовіўся даць яму пад заклад вялікую суму грошай. Гэта быў час праскрыпцый— час, калі неўтаймоўны ў сваёй лютасці Сула заліў Рым крывёю. Гратыдзіян не лічыўся ў праскрыпцыйных спісах, ён нават належаў да партыі Сулы; але Гратыдзіян быў багаты, а маёмасць забітых кан-
фіскавалася. I таму, калі Катыліна прыцягнуў труп Гратыдзіяна да Сулы, дыктатар заплюшчыў вочы на забойства, але шырока адкрыў іх на вялізнае багацце, якое засталося ў забітага.
Другім разам Катыліна пасварыўся з сваім братам, забіў яго і забраў яго маёмасць, дзякуючы чаму выратаваў сябе ад разарэння, да якога яго давялі марнатраўнасць і піраванні. Сула і гэтым разам паглядзеў праз пальцы на братазабойства.
Пачуўшы смелыя словы Катыліны, Сула павярнуўся да яго і спакойна запытаўся:
— Колькі ты думаеш, Катыліна, ёсць у Рыме грамадзян, смелых, як ты, і якія маюць, як ты, велічнасць душы не толькі на добрае, але і для парокаў?
— Я не магу, славуты Сула, разглядаць людзей і рэчы з вышыні тваёй магутнасці; але я скажу шчыра, што люблю волю, аж да распусты, і ненавіджу тыранію, хоць бы прыкрытую велікадушшам або якая двудушна дзейнічае на карысць бацькаўшчыны. Нічога не гаворачы пра твае дзеянні, я адкрыта ганьбую, як і раней ганьбіў, тваю дыктатуру. I я веру, што ў Рыме яшчэ ёсць грамадзяне, гатовыя да ўсяго, толькі б не падначаліцца зноў дыктатуры аднаго чалавека, тым больш, калі гэты чалавек не будзе звацца Луцыем Карнеліем Сулай і калі галава яго не будзе ўпрыгожана, як у цябе, пераможнымі лаўрамі, здабытымі ў сотнях бітваў.
— Дык чаму ж, — запытаўся насмешліва Сула, — вы не паклічаце мяне на суд перад свабодным народам? Я адмовіўся ад дыктатуры; дык чаму ж не было прад’яўлена мне абвінавачванне і чаму вы не прыйшлі патрабаваць ад мяне адказу за мае дзеянні?
— Каб не бачыць зноў разні і міжусобіцы, якія на працягу дзесяці год разрывалі Рым... He будзем гаварыць пра гэта, у мяне няма намеру абвінавачваць цябе. Але скажы, ці не здаецца табе, што ў жылах нашага народу яшчэ цячэ кроў вялікіх і свабодалюбівых продкаў? Успомні пра таго юнака, які некалькі месяцаў таму назад, калі ты ў прысутнасці сената добраахвотна адмовіўся ад улады дыктатара, адпусціў ліктараў і ішоў з сябрамі дахаты, пачаў цябе ганьбіць за тое, што ты адабраў у Рыма свабоду, запалохаў яго грамадзян разнёю і грабяжамі і зрабіўся яго тыранам. Згадзіся, Сула, што патрэбна быць вельмі загартаваным чалавекам, каб так рабіць. Бо па аднаму твайму знаку гэты юнак мог бы ў адзін момант паплаціцца жыццём. Ты быў велікадушным, і ведай, што я кажу гэта
не з падлізлівасці, бо Катыліна не ўмее і не хоча ні да каго падлізвацца, нават да ўсемагутнага, вялікага Юпітэра, ты быў велікадушным і нічога яму не зрабіў. Але калі ёсць яшчэ юнак невядомага плебейскага паходжання, — шкада, што я не ведаю яго імя, — здольны на такі ўчынак, дык яшчэ можна спадзявацца на выратаванне бацькаўшчыны і рэспублікі.
— Так, гэта быў смелы ўчынак; я заўсёды захапляюся мужнасцю і люблю адважных і не захацеў помсціць за зробленую мне знявагу. Але ці ведаеш ты, Катыліна, які вынік мелі ўчынак і словы гэтага юнака?
— Які? — запытаўся Сергій, з цікаўнасцю і дапытлівасцю пазіраючы на дыктатара.
— Ад гэтага часу, — адказаў Сула, — той, каму пашанцуе захапіць уладу, не захоча ўжо ад яе адмовіцца.
Катыліна жвава запытаўся:
— А ці знойдзецца яшчэ хто-небудзь, хто здолее і захоча захапіць уладу?
— Добра! — паказаў Сула на амфітэатр, перапоўнены рымскімі грамадзянамі. — Натоўп рабоў — вось ён! Знойдуцца для яго і ўладары!
Яны размаўлялі ў гуле воплескаў. Гледачы ў гэты час былі заняты кровапралітнай бітваю, якая адбывалася на арэне між лакеаторыямі і секутарамі.
Бітва ўжо скончылася. У час перапынку, калі слугі сцягвалі з арэны трупы і засыпалі сляды крыві, красуня Валерыя ўстала з сваёй лаўкі і, падышоўшы ззаду да дыктатара, вырвала нітку з ваўнянай яго хламіды. Здзіўлены Сула павярнуўся, і Валерыя сказала, усміхаючыся:
— He палічы гэта за благое, дыктатар; я ўзяла гэтую нітку, каб мець частку ў тваім шчасці.
Далікатна пакланіўшыся і прыклаўшы, як было заведзена, руку да губ, яна вярнулася на сваё месца. Сула, прыемна задаволены яе словамі, праводзіў яе доўгім позіркам, якому ён стараўся надаць ласкавасць.
— Хто гэта? — запытаўся ён у прыбліжаных.
— Гэта Валершя, — адказаў Далабела, —дачка Месалы.
— А! Сястра Квінта Гартэнзія...
I Сула зноў павярнуўся ў бок Валерыі, якая пазірала на яго закаханымі вачыма.
Славуты Гартэнзій, брат Валерыі, перасеў між тым да Марка Краса, багацейшага патрыцыя, якога ведалі як скупога і ганарыстага.
Непадалёк ад Краса сядзела грачанка надзвычайнай прыгажосці, з гібкім і стройным станам. Эўтыбіда — такое было імя ў гэтай дзяўчыны. Белая, як алебастр, скура яе твару была толькі крыху румяная; правільны лоб упрыгожвалі найтанчэйшыя і пушыстыя рыжыя валасы. Велізарныя міндалевіднай формы вочы колеру марской вады паглядалі задзірыстым позіркам. Маленькі прыгожы нос быў крыху задзёрты і ўзмацняў смелы выгляд гэтага твару. Зверху кароткай тунікі з найтанчэйшай белай матэрыі, усеянай сярэбранымі зоркамі, на красуні быў плашч з блакітнай ваўнянай матэрыі, затканай такімі ж зоркамі. На лбе паблісквала дарагая дыядэма. У маленькіх вушах віселі вялізныя жамчужыны, устаўленыя ў зоркі з сапфіраў; вакол шыі абвіваліся жамчужныя каралі, упрыгожаныя сапфіравай зоркай. На нагах і на руках былі надзеты сярэбраныя браслеты тонкага вырабу; сярэбраным жа абручыкам была падперазана тонкая талія, а сандаліі на маленькіх нагах былі прывязаны мяккімі раменьчыкамі з цёмна-сіняй скуры.
Калі Гартэнзій падышоў да Марка Краса, той быў увесь заняты сузіраннем чароўнай Эўтыбіды, якая, відаць, сумуючы, зявала на ўвесь свой маленькі роцік.
— Добры дзень, Марк Крас, — сказаў яму Гартэнзій, ад чаго той схамянуўся. — Такім чынам, ты захапіўся сузіраннем зорак?
— Клянуся Геркулесам, ты адгадаў, — адказаў Крас. — Гэта...
— Якая?
— Гэтая красуня-грачанка... што сядзіць там... на два рады вышэй нас...
— А! Я яе ведаю... Гэта Эўтыбіда.
— Эўтыбіда?
— Так яе называюць... Сапраўды, яна грачанка... і куртызанка, — сказаў Гартэнзій, сядаючы побач з Красам, і, заўважыўшы, што Крас зноў пачаў любавацца красуняй, дадаў: — Значыць, ты страціў галаву з-за гэтай дзяўчыны. Але няцяжка заваяваць яе ўвагу; патраціўшы адну тысячную частку сваіх багаццяў, ты мог бы падарыць ёй палац, які ёй цяпер даводзіцца наймаць.
Вочы Краса бліснулі і зноў пацямнелі. Павярнуўшыся да Гартэнзія, ён запытаўся зусім іншым тонам:
— Табе трэба са мной пагаварыць?
— Так, пра цяжбу з банкірам Трабулонам...
— Я цябе слухаю.
I яны пачалі дзелавую гутарку.
Між тым пачыналася самае цікавае відовішча. Трубы падалі сігнал да бітвы трыццаці фракійцаў з трыццаццю самнітамі. Байцы выстраіліся адзін насупраць аднаго.
Гаворка і шум спыніліся. Усе позіркі скіраваліся на арэну.
Першая сутычка байцоў была страшэнная. Ляцелі пер’і і асколкі шлемаў і кавалкі разбітых шчытоў. Узрушаныя гладыятары шалёна білі адзін аднаго.
He прайшло і пяці мінут, а кроў ужо цякла па арэне, на якой ляжала трое паміраючых.
Гледачы ў нервовым напружанні сачылі за крывавымі перыпетыямі гэтай гульні. Большасць з іх зрабілі заклад, хто на дзесяць сестэрцый, хто на дваццаць, а хто і на пяцьдзесят талантаў, гледзячы па багаццю, адны за фракійцаў у пурпурова-чырвоных даспехах, другія за самнітаў у блакітных даспехах.
Праз гадзіну бітва ўжо набліжалася да заканчэння. Пяцьдзесят гладыятараў, мёртвых і паміраючых, залілі крывёю бліскучую арэну.
Тыя гледачы, якія пайшлі ў заклад за самнітаў, ужо былі ўпэўнены, што выйграюць: сямёра самнітаў абкружылі і цяснілі трох, якія яшчэ засталіся жывымі, фракійцаў; фракійцы, прысланіўшыся спінамі адзін да аднаго, утварылі такім чынам трохвугольнік і ўпарта абараняліся ад самнітаў, якіх было больш за іх па колькасці. У ліку гэтых трох быў Спартак. Яго атлетычная постаць і надзвычайная храбрасць прыцягвалі ўвагу ўсіх гледачоў.
Спартак быў светлавалосы; доўгія валасы і густая барада аздаблялі яго мужны прыгожы твар. Вялікія, жвавыя блакітныя вочы надавалі яму, калі ён быў спакойны, выгляд смутку і дабраты.
Спартак нарадзіўся ў Радопскіх гарах, у Фракіі. Ён змагаўся супраць рымлян, калі яны напалі на яго радзіму. Трапіўшы ў палон, ён дзякуючы сваёй сіле і храбрасці быў залічаны рымлянамі ў адзін з легіёнаў і так праявіў сябе ў вайне супраць Мітрыдата, што быў прызначаны дэканам, гэта значыць начальнікам атрада ў дзесяць чалавек, і атрымаў ганаровую ўзнагароду — грамадзянскі вянок. Але, калі рымляне зноў пачалі вайну супраць фракійцаў, Спартак дэзерціраваў і пачаў змагацца за сваю бацькаўшчыну супраць рымлян. Паранены, ён зноў трапіў у палон. Замест пакарання смерцю, да якога засуджалі дэзерціраў, ён быў прададзены ў гладыятары.
Мінула два гады. Спартак аб’ездзіў амаль усе гарады Італіі і ўдзельніча