Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
лухай мяне, Трэбоній. — I Катыліна ціхім голасам пачаў пра штосьці размаўляць з ланістай.
— Зразумеў... Эзефор — банкір, кантора якога знаходзіцца каля рогу Свяшчэннай і Новай вуліц, побач з Остыльскай курыяй, — сказаў Трэбоній.
— Правільна. Ты пойдзеш туды, нібы па свайму пачыну, і намякнеш яму няясна пра небяспеку, што яму пагражае, калі ён выкліча мяне да прэтара для неадкладнай выплаты пяцісот тысяч сестэрцый, якія я яму вінен.
— Зразумеў.
— Ты яму скажаш, што падслухаў размову аб тым, як некалькі маладых патрыцыяў, адданых мне, сабралі (і я, вядома, пра гэта не ведаю) атрад гладыятараў, каб нядобра з ім пажартаваць.
— Я зразумеў, Катыліна. He сумнявайся, усё будзе зроблена.
У гэты час Лутацыя прынесла ў кубках фалернскае, і яго зараз жа пакаштавалі.
— Як яно табе падабаецца, славуты Катыліна? — запыталася Лутацыя.
— Віно нядрэннае.
— Яно з часоў консульства Луцыя Марцыя Філіта і Секста Юлія Цэзара.
— Яму, значыць, толькі дванаццаць год, — сказаў Катыліна і раптам задумаўся.
Ён быў па сваёй натуры чалавекам шчырым нават у жорсткасці і не ўмеў захоўваць сваіх парыванняў. Усё, як у люстры, выяўлялася на яго мужным мускулістым твары.
— Пра што ты думаеш, Катыліна? Што цябе так засмучае? — запытаўся ў патрыцыя Трэбоній.
— Я думаў, — адказаў Катыліна, утаропіўшыся позіркам на стол, — што ў той год, калі было наліта ў збан гэтае фалернскае, быў забіты па-здрадніцку ў порціку свайго дома трыбун Лівій Друз. А за некалькі гадоў да гэтага ўмярцвілі трыбуна Луцыя Акулея Сатурніна. А яшчэ раней па-зверску зарэзалі Тыберыя і Кая Грахкаў, двух вялікіх грамадзян, якія былі ўпрыгожаннем нашай радзімы. I кожны раз за адну і тую ж справу — за справу незаможных і прыгнечаных; і кожны раз адной і той жа злачыннай рукой — рукой бясчэсных арыстакратаў! Няўжо напісана ў запаветах вялікіх багоў, што прыгнечаныя ніколі не будуць мець спакою, што бедныя ніколі не атрымаюць хлеба, што чалавецтва заўсёды будзе падзелена на два лагеры — ваўкоў і ягнят, пажыраючых і пажыраемых?
— He, клянуся ўсімі багамі Алімпа! — усклікнуў Спартак, стукнуўшы кулаком па стале.
Між тым у першым пакоі таверны шум і крыкі ўсё ўзмацняліся, адпаведна колькасці віна, якое выпівалася прысутнымі там п’яніцамі.
Раптам Катыліна і яго сатрапезнікі пачулі агульны хор галасоў:
— А, Радапея, Радапея!
Ад гэтага імя Спартак уздрыгануўся. Яно прыгадала яму родную Фракію, горы, дом, сям’ю. Колькі страчанага шчасця! Колькі прыемных і сумных успамінаў!
— Заходзь, заходзь, чароўная Радапея! — гукнулі разам дзесяткі два п’яніц.
— Дайце ёй віна, бо яна прыйшла выпіць, — сказаў магільшчык, і ўсе стоўпіліся вакол прыйшоўшай дзяўчыны.
Радапея была прыгожай дзяўчынай, высокай і стройнай, з чыстым тварам, з правільнымі рысамі, з вельмі доўгімі светлымі валасамі, з жвавымі і выразлівымі блакітнымі вачыма. Яна была апранута ў сінюю туніку, упрыгожаную сярэбранай каймою, на руках былі сярэбраныя браслеты, а лоб абвязан сіняй шарсцяной істужкай. Па ўсяму яе выгляду можна было здагадацца, што яна не рымлянка, а рабыня, і пры гэтым самага нізкага сорту. Лёгка было зразумець, якое злашчаснае жыццё яна прымушана была весці.
Але чулыя і досыць пачцівыя адносіны да яе дзёрзкіх і бессаромных сталых наведвальнікаў шынка Венеры Пахавальнай сведчылі, што гэтая дзяўчына здолела набыць шчырую прыхільнасць такіх грубых і злых людзей.
Аднойчы, трапіўшы ў шынок Лутацыі, уся скрываўленая ад
пабояў гаспадара, яна са слязамі, пакутуючы ад смагі, папрасіла глыток віна. 3 таго часу Радапея праз два-тры дні, кожны раз, калі быў зручны выпадак, заходзіла ўвечары ў шынок Лутацыі, каб адпачыць тут чвэртку гадзіны ад таго пекла, у якім яна прымушана была жыць.
Радапея прыстроілася каля лаўкі Лутацыі і папівала з шклянкі албанскае віно. Крык, выкліканы яе прыходам, ужо спыніўся, але ў пакоі ўзняўся новы шум.
Магільшчык Лувеній і яго сябры, разгарачаныя віном, пачалі нядобра гаварыць пра Катыліну і ўсяляк лаяць яго, хоць астатнія наведвальнікі ўпрошвалі іх гаварыць болып далікатна.
— He, — крычаў Веленій, жабрак, — клянуся Геркулесам, патрыцыям, гэтым подлым п’яўкам, якія смокчуць нашую кроў, нельга дазваляць прыходзіць сюды і зневажаць нас сваёю праклятай прысутнасцю!
— I хто гэты багацей, што пагрузнуў у гулянках і злачынствах? Чаго ён прыходзіць у пышнай сваёй латыклаве насміхацца з нашай галечы, першай прычынай якой ёсць ён сам і ўсе яго сябры патрыцыі?
Так казаў, шалеючы, Лувеній і стараўся вырвацца з рук атлета Таўрывія, які не даваў яму рынуцца ў другі пакой.
— Сціхні ты, пракляты п’яніца! Навошта зневажаеш таго, хто цябе не чапае? I хіба ты не бачыш, што з ім дванаццаць гладыятараў, якія разарвуць на кавалкі тваю старую скуру?
— Пляваць на гладыятараў! — зароў, як звар’яцелы, Эмілій Варын. — Вы — вольныя грамадзяне і, клянуся ўсемагутнымі маланкамі Юпітэра, баіцёся гэтых пагарджаных рабоў! Клянуся дзівоснай прыгажосцю Венеры Афрадыты, я хачу так правучыць гэтага нягодніка ў пышнай тозе, каб ён ужо ніколі не меў ахвоты любавацца з няшчасця беднага плебсу.
— Выбірайся на Палацін! — крычаў Веленій.
— Праваліся хоць да Стыкса, толькі вон адсюль!
— Няхай яны ідуць ад нас, гэтыя подлыя арыстакраты, няхай душацца ў сваіх брудных гулянках на форуме, Капітоліі і Палаціне!
— Вон адсюль патрыцыяў, вон арыстакратаў, вон Катыліну! — закрычалі ў адзін голас восем або дзесяць чалавек.
Пачуўшы гэтыя крыкі, Катыліна насупіў бровы, усхапіўся і стаў у дзвярах, выпрастаўшыся на ўвесь свой вялізны рост. Скрыжаваўшы рукі на грудзях з высока ўзнятай галавой, ён закрычаў:
— Эй, што вы там квакаеце, дурныя жабы? Навошта вы пэцкаеце сваімі бруднымі языкамі паважанае імя Катыліны? Чаго вы хочаце ад мяне, нікчэмныя чэрві?
Яго магутны вокліч на момант напалохаў бунтароў, але неўзабаве пачуўся нейчы голас:
— Мы хочам, каб ты пайшоў адсюль.
— На Палацін! На Палацін! — усклікнулі іншыя.
— Або ў турму, там табе месца! — прарэзліва закрычаў сваім хрыпатым напаўжаночым голасам Эмілій Варын.
— Дык паспрабуйце ж прагнаць мяне. Смялей, подлая чэрнь! — I Катыліна расправіў рукі, як гэта робяць, рыхтуючыся да барацьбы.
Плебеі збянтэжыліся, але толькі адзін момант. Магільшчык Луверый рынуўся на Катыліну і зараз жа паваліўся ад двух шпаркіх як маланка ўдараў па пляшывым, голым чэрапе.
Моцным ударам у жывот Катыліна паваліў на зямлю жабрака Веленія, які быў кінуўся да яго з кінжалам у руцэ.
Як толькі Веленій паваліўся, ворагі Катыліны, якія цесна згрудзіліся ля дзвярэй другога пакоя, адступілі, а ён выхапіў свой кароткі меч і рынуўся наперад. Б’ючы ім плашмя па спінах п’яніц, ён крычаў страшэнным голасам:
— Подлая чэрнь, нахабнікі, гатовыя лізаць ногі таго, хто вас топча, і зневажаць таго, хто апускаецца да вас, каб падаць вам руку!..
Як толькі Катыліна вызваліў праход у дзвярах, у пакой уварваліся Трэбоній, Спартак і іх таварышы.
Пад націскам гладыятараў увесь п’яны зброд імкліва кінуўся наўцёкі.
— Подлыя п’яніцы!.. — цяжка дыхаючы, крычаў Катыліна і гнаўся за ўцекачамі да выхадных дзвярэй.— А вы сціхнеце, нарэшце, праклятыя плаксы!
I ён кінуў пяць залатых Лутацыі, якая разам з рабыняй галасіла аб зробленых стратах:
— Вось табе, нястрымная плакса, Катыліна плаціць за гэтых машэннікаў.
У час гэтага тлуму Радапея заставалася на сваім месцы і паглядала на Катыліну і яго сяброў расшыранымі ад страху вачыма. Раптам яна збялела, як палатно, і крыкнула, рынуўшыся да Спартака:
— Гэта ты! Я не памылілася... Ты Спартак!
Гладыятар шпарка павярнуўся на вокліч і, зірнуўшы на дзяўчыну, здзіўлена і надзвычай усхвалявана ўсклікнуў:
— Ці можа быць? Мірза! Сястрычка!..
Брат і сястра кінуліся адно да аднаго ў абдымкі.
Але пасля першых слёз і пацалункаў Спартак, вызваліўшыся ад абдымкаў, схапіў яе за руку і, адстараніўшы яе ад сябе, агледзеў з галавы да ног і пабляднеў:
— Ах!.. — Ён з пагардай і агідай адштурхнуў дзяўчыну. — Кім ты зрабілася?..
— Так!.. — плачучы, адказала дзяўчына. — Так! Я рабыня аднаго нягодніка... Б’ючы дубцамі, апякаючы распаленым жалезам, ён прымушае мяне да такога жыцця...
Вочы Спартака напоўніліся слязамі.
— I Юпітэр кіруе маланкамі?.. Хіба Юпітэр бог? He, Юпітэр — камедыянт, Юпітэр — клоун, Юпітэр — самы паскудны нягоднік!
I ён зноў прытуліў яе да сэрца.
Мірза плакала, схаваўшы твар на грудзях брата.
— Няхай будзе праклята ганебная памяць пра першага чалавека, які стварыў свабодных і рабоў!.. — усклікнуў фракіец.
Раздзел IV
ШТО РАБІЎ СПАРТАК, СТАЎШЫ СВАБОДНЫМ ГРАМАДЗЯНІНАМ
Мінула два месяцы.
Раніцой напярэдадні студзеньскіх ід (12 студзеня) 676 года моцны паўночны вецер дзьмуў па вуліцах Рыма, і снег павольна падаў на мокры і брудны брук.
Вуліцы былі досыць пустэльныя, але тысячы грамадзян тоўпіліся пад порцікамі грамадскіх будынкаў і храмаў. Асабліва шмат народу было ўсярэдзіне базілікі Эмілія, грандыёзнай будыніны, якая складалася з абшырнага порціка, акружанага велічнай каланадай.
Тут таўкліся патрыцыі і плебеі, аратары і дзялкі, гараджане і прыезджыя гандляры. Усё навокал шумела гамонкай, мітусілася няспынным рухам людзей.
У глыбіні галоўнага порціка была шырокая і доўгая балюстрада, якая аддзяляла частку порціка ад астатняй базілікі і ўтварала нібы асобае памяшканне, дзе было параўнаўча ціха. Там аратары выступалі з абарончымі прамовамі перад суддзямі, якія звычайна ў гэтым месцы разбіралі справы. Наверсе каланады, вакол усёй базілікі, ішла галерэя, з якой добра было наглядаць за тым, што рабілася ўнізе.
У гэты дзень муляры, каменацёсы і кавалі працавалі на карнізе галерэі, упрыгожваючы яе бронзавымі шчытамі, на якіх былі адлюстраваны сцэны бітваў Марыя з кімврамі.
Базіліка Эмілія была пабудавана продкам Лепіда, абранага ў гэтым годзе разам з Катулам консулам.
Марк Эмілій Лепід належаў да партыі Марыя, і першай яго дзяржаўнай справай было ўпрыгожыць на ўспамін аб Марыі базіліку, пабудаваную яго прадзедам. Гэтым ён хацеў дагадзіць народнай партыі на зло Суле, які зруйнаваў усе аркі і помнікі, збудаваныя на ўспамін пра яго доблеснага саперніка.
На галерэі, абапёршыся локцямі аб мармуровыя парэнчы, стаяў Спартак і няўважліва пазіраў на народ, які стоўпіўся ўнізе.
Непадалёку ад яго трое грамадзян вялі ажыўленую размову.
Двое з іх, атле