Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
нёсшы рукі да лба нібы для таго, каб стрымаць біццё крыві ў скронях або развеяць туман, які ахутваў яго мозг.
Патроху ён прыходзіў да памяці і пачаў усведамляць, дзе ён знаходзіўся. Гэта, вядома, пакой яго сястры: невялікі ложак стаяў у адным кутку, дзве маленькія лаўкі з пазалочанага дрэва былі каля сцен, тут жа змяшчалася маленькая драўляная шафа з бронзавай інкрустацыяй, а пад ёю — масляная лямпа з тэракоты, афарбаваная ў зялёны колер, у выглядзе яшчаркі, з рота якой вытыркаўся кнот.
Памалу ён авалодаў сабою. I калі праз некалькі хвілін Мірза ўвайшла і паклікала яго ў прыёмную Валерыі, ён паставіўся да гэтага са спакойным выглядам, хоць твар яго вельмі збялеў.
Мірза запыталася:
— Што гэта з табою, Спартак? Табе нядобра?
— He, не... Ніколі раней я не адчуваў сябе так добра, — адказаў рудыярый, спускаючыся за сястрою па вузенькай лесвіцы (рабы ў рымскіх дамах жылі на вышэйшых паверхах).
Прыёмная Валерыі ў яе зімовым памяшканні (у патрыцыянскіх дамах звычайна было столькі ж асобных памяшканняў, колькі пораў года) была маленькім прыгожым пакоем, у якім некалькі бляшаных труб, умела схаваных у зборках пышнай драпіроўкі, патыхалі пяшчотнай цеплынёю.
Сцены былі аздоблены багатай шаўковай матэрыяй блакітнага колеру, якая звешвалася са столі амаль да самай падлогі прыгожымі зборкамі і адмысловымі фестонамі; гэтая матэрыя была пакрыта, нібы воблакам, тонкай кісяёю, па якой багата былі рассыпаны зусім свежыя ружы, што напаўнялі пакой далікатнымі пахамі.
Са столі звешвалася багатая залатая лямпа з трыма ражкамі, якія нагадвалі квітнеючую галінку ружы. Ад яе разыходзіліся ў пакоі сінявата-матавае святло і тонкі пах арабскіх духоў, што былі прымешаны ў масла, якім быў змочаны кнот.
Ніякай мэблі не было, апрача ложа — канапы са спінкай і
некалькіх лавак, пакрытых белым і блакітным шоўкам, ды невялікага каштоўнага куфэрка. На версе куфэрка стаяў графін з празрыстага горнага крышталя з рэльефна выразанымі кветкамі, у якім быў прыемны цеплаваты напітак з кансерваваных фруктаў.
Каштоўны мурынскі кубак, прывезены з далёкіх усходніх краёў, — вясельны падарунак Сулы стаяў каля графіна. За гэты кубак Сула заплаціў не менш трох мільёнаў сестэрцый. У гэтым адасобленым, ціхім, напоўненым прыемнымі пахамі пакоі на мяккай канапе напаўляжала ў выгоднай позе Валерыя, апранутая ў беласнежную туніку з ваўнянай матэрыі, абшытую па краях сінімі стужкамі; яе чорныя густыя валасы былі нядбайна распушчаны па плячах. Абапёршыся правым локцем на падушку, яна падпірала галаву маленькай, як у дзіцяці, беласнежнай ручкай.
Валерыя, здавалася, драмала або вельмі задумалася.
Яна не ўздрыганулася ад лёгкага шуму адчыненых дзвярэй і не чула, калі дзверы зачыніліся за ўвайшоўшай Мірзай.
Спартак стаяў моўчкі, не кратаючыся, апанаваны ўвесь пачцівым сузіраннем прыгожай матроны.
Так мінула некалькі хвілін. Было чуваць перарывістае і ўсхваляванае дыханне рудыярыя. Раптам Валерыя ўздрыганулася, нібы яе хто гукнуў, прыўзнялася і павярнулася тварам, які адразу пакрыўся чырванню, да фракійца:
— Ах, ты тут! Няхай заступяцца за цябе багі, мужны Спартак, і... сядай, — сказала яна, паказваючы на адну з лавак.
Спартак ужо набраўся духу. Але голасам, слабым ад нутранога хвалявання, ён адказаў:
— Багі да мяне прыхільныя значна больш, як я заслужыў, чароўная Валерыя. Яны зрабілі мне найвялікшую ласку, якая можа быць дадзена смертнаму: тваё заступніцтва.
— Ты не толькі храбры, ты яшчэ і далікатны.
I яна раптам запыталася па-грэчаску:
— У сваёй краіне да таго часу, калі ты трапіў у палон, ты быў адным з правадыроў свайго народу?
— Так, — адказаў Спартак на той жа мове, на якой ён размаўляў калі не з атычнай, дык у кожным разе з александрыйскай тонкасцю. — Я быў правадыром аднаго з самых моцных фракійскіх плямён Радопскіх гор, і ў мяне быў дом, шматлікія стады авечак і быкоў і самая багатая паша. Я быў багаты, магутны, шчаслівы, і, павер мне, чароўная Валерыя, я быў
справядлівы і літасцівы. — Ён глыбока ўздыхнуў.— I я не быў варварам, не быў пагарджаным гладыятарам.
Валерыю ахапіла пачуццё жалю. Яна падняла на рудыярыя вочы, якія паблісквалі ласкай, амаль пяшчотай.
— Я часта размаўляла пра цябе з мілай Мірзай, я бачыла тваю незвычайную храбрасць і цяпер, калі з табой размаўляю, пераконваюся, што ты ніколі не заслугоўваў пагарды як па сваёй адукаванасці, так і па манерах; ты больш падобны да грэка, чым да варвара.
Слёзы паказаліся на вачах Спартака.
— О, будзь благаславеннай за гэтыя словы, самая літасцівая з жанчын, і няхай вышэйшыя багі аддадуць табе перавагу перад усімі смертнымі, як гэтага ты заслугоўваеш, і зробяць цябе самай шчаслівай сярод людзей!
Запанавала доўгая цішыня. Чуваць было толькі дыханне Валерыі і Спартака.
Валерыя, нарэшце, загаварыла:
— Калі ты зараз вольны ад усякіх абавязкаў, ці згодзішся ты ўзяцца за кіраванне шасцюдзесяццю рабамі, з якіх Сула хоча зрабіць гладыятараў на сваёй віле ў Кумах?
— Я гатовы зрабіць усё, што ты захочаш, бо я твой раб і ўвесь пад тваёй уладай, — ледзь чутна адказаў Спартак.
Валерыя ўстала, хістаючыся, ступіла некалькі крокаў і, спыніўшыся каля рудыярыя, запытала ледзь чутна:
— Спартак, будзь шчырым, скажы мне: што ты рабіў некалькі дзён таму назад, схаваўшыся за калонай порціка гэтага дома?
Сорам апанаваў Спартака ад думкі, што яго таямніца ўжо болып не таямніца, што Валерыя пасмяецца над шалёным парываннем, якое прымусіла яго, нікчэмнага гладыятара, падняць позірк на адну з самых прыгожых і знатных патрыцыянак Рыма. Ён маўчаў.
Ён адчуваў усю незаслужаную ганьбу свайго становішча. Ён дрыжэў ад гора і сораму. Валерыя ступіла яшчэ крок і зноў запыталася ў яго голасам мяккім, з адценнем пяшчоты:
— Дык... скажы мне, што ты там рабіў?
Рудыярый упаў да яе ног.
— Даруй! Загадай свайму наглядчыку біць мяне дубцамі... Пашлі, каб мяне раскрыжавалі на Сесарскім полі... Я гэтае заслужыў.
— Устань! Што з табою?
— Клянуся табе, што я цябе абажаў, як абажаюць Венеру, як абажаюць Юнону.
— Ты прыходзіў, каб зірнуць на мяне?
— Даруй мне... Маліцца на цябе прыходзіў я.
— Устань, Спартак, высакароднае сэрца...
Валерыя сціснула руку Спартака.
— He, каля тваіх ног маё месца, чароўная Валерыя...
Ён схапіў рукамі край яе тунікі і пачаў цалаваць.
— Устань, устань, не гэтае месца табе падыходзіць, — прашаптала Валерыя.
I Спартак, горача цалуючы рукі Валерыі, устаў, зірнуў на яе закаханымі вачыма, паўтараючы як непрытомны:
— О, чароўная! О, чароўная!
3 Зак. 1187
Раздзел VI
ПАГРОЗЫ, ІНТРЫГІ, НЕБЯСПЕКІ
— Дык ці разведаў ты што-небудзь пра планы гладыятараў? — гаварыла Эўтыбіда, разлёгшыся на грудзе мяккіх падушак у экседры свайго дома. — Ці трэба прызнацца, што і тут ты ні на што не варты?
Перад ёю стаяў мужчына год пяцідзесяці, з безбародым, жаночым тварам, які ўвесь быў пакрыты маршчынамі, пад слоем бяліл і румян. Па адзенню адразу можна было пазнаць у ім актора.
— О, клянуся маскай Мома! Чэснае слова Метробія, блізкага друга Карнелія Сулы на працягу трыццаці год, ты не павінна на мяне лаяцца. Я ўведаў шмат і нічога...
— Што азначаюць твае словы?
— Будзь цярплівай. Ты ж не сумняваешся ў тым, што я, Метробій, стары актор мімічных роляў, які на працягу трыццаці год прывык выконваць ролю жанчын на народных прадстаўленнях, валодаю ўмельствам спакушаць людзей? Асабліва калі гэтыя людзі — варвары або невукі-гладыятары і калі я маю ў сваім карыстанні такі верны сродак, як золата.
— Так, я не сумняваюся ў тваім умельстве, таму я табе і даручыла гэта, але...
— Але, зразумей, найпрыгажэйшая Эўтыбіда, што пры ўсім маім спрыце я не магу выкрыць таго, чаго няма. Гладыятары не задумваюць ніякага загавору. Табе давядзецца атрымаць доказ маёй лоўкасці ў другі раз і з другой прычыны.
— Ці магчыма гэта?
— Гэта бясспрэчна, найпрыгажэйшая жанчына.
— Аднак два месяцы таму назад я мела весткі, што гладыятары былі ў загаворы, арганізавалі таемны саюз, у іх быў свой пароль, умоўныя знакі прывітання і свае гімны і яны, відаць, задумвалі паўстанне, нешта падобнае на бунт рабоў у Сіцыліі.
— I ты насур’ёз верыла ў магчымасць паўстання гладыятараў?
— А чаму не? Хіба яны не ўмеюць змагацца і не ўмеюць паміраць?
— Так, у амфітэатрах...
— Але калі ўмеюць змагацца і паміраць для забавы народу, дык няўжо яны не здолеюць змагацца і паміраць дзеля сваёй свабоды?
— Эх! Калі ты гэта сцвярджаеш, дык дапусцім, што ў іх быў загавор... Але я магу цябе цвёрда запэўніць, што загавору паміж імі больш няма. Гладыятары сапраўды маглі б выступіць, калі б рымскія патрыцыі, ворагі законаў і сената, узяліся камандаваць імі. Але гэтыя патрыцыі, якія яны ні подлыя, усё ж не адважыліся стаць на чале гладыятараў...
— Аднак быў такі момант? Скажы мне, Метробій...
— Раней адкажы мне, ад каго ты даведалася пра загавор гладыятараў? — запытаўся актор.
— Ад аднаго грэка... майго земляка, таксама гладыятара...
— Ты, Эўтыбіда, больш магутная на зямлі, чым Юпітар на небе. Адною нагою ты топчаш Алімп алігархаў, другою — бруднае балота чэрні...
— Ах! Я стараюся ўсяляк, каб зрабіцца багатай і магутнай, каб мне зайздросцілі... Каб мець усе радасці, усе здавальненні жыцця, пасля якога, як вучыць вялікі Эпікур, ужо няма нічога. Ты ведаеш, для чаго я пускаю ў ход усё ўмельства і ўсе спосабы спакусы, якімі мяне надарыла прырода? Якраз для таго, каб здолець стаяць адной нагою на Алімпе, а другой у балоце і...
— Але ў гразі можна запэцкацца.
— А пасля можна і вымыцца. Хіба мала тэрмаў у Рыме? Хіба няма ванны ў маім доме? Але падумайце, о, усявышнія багі, толькі падумайце, хто адважваецца чытаць трактат пра мараль? Чалавек, які правёў усё сваё жыццё ў віры самага брыдкага паскудства, самых нізкіх гнуснасцяў!
— Ну, давай кінем маляваць такімі яркімі фарбамі мой партрэт. Ты рызыкуеш зрабіць яго вельмі падобным і прымусіць людзей уцякаць прэч, убачыўшы маю брыдкую асобу. Бо я сказаў гэтае жартам! Мараль у мяне ў пятках. Што ты хочаш, каб я з ёю зрабіў?
Прамовіўшы гэтае, Метробій падышоў да Эўтыбіды, узяў яе руку, пачаў цалаваць, кажучы:
— А калі ж я атрымаю ўзнагароду ад твайго ўдзячнага сэрца?
— Узнагароду? Удзячнае сэрца? Але завошта яно павінна
быць удзячным, ста