Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
лі з велізарнаю сілай Гоняць яны прад сабою ўсё, што сустрэнуць, і рушаць, Зноў налятаючы, зноў, а 'го і магутнейшым смерчам Цягнуць, усс захапіўшы, і віхрам імклівым уносяць.
Эўтыбіда была грачанка і вельмі адукаваная. Яна не магла не адчуць захаплення ад сілы, прыгажосці і мудрай пераймальнай гармоніі гэтых вершаў, надзвычайных тым больш, што на лацінскай мове тады яшчэ не ўмелі пісаць добрых вершаў. Яна выказала Лукрэцыю сваё захапленне словамі, поўнымі шчырага пачуцця, у адказ на што паэт, устаўшы і развітваючыся з ёю, з усмешкай прамовіў:
— Ты заплаціш за сваё захапленне стратай гэтай дошчачкі, якую я забіраю з сабою...
— Але якую ты мне асабіста прынясеш назад, як толькі перапішаш гэтыя вершы на папірус.
I Лукрэцый, паабяцаўшы дзяўчыне вярнуцца, пайшоў.
Правёўшы паэта, Эўтыбіда накіравалася ў сваю спальню. Пакаёўка Аспазія дапамагла сваёй пані раздзецца і выйшла. Але Эўтыбіда не магла заснуць. Яна пачала думаць аб тым, што зрабіла, аб выніках, якія будуць ад пісьма. Магчыма, што раз’юшаны Сула захавае свой гнеў да позняй ночы, прасочыць палюбоўнікаў, захопіць іх у абдымках і заб’е іх.
Думка пра тое, што яна неўзабаве пачуе пра смерць і ганьбу Валерыі, гэтай самаўпэўненай і ганарыстай матроны, якая здавалася ў тысячу разоў больш злачыннай, чым яна сама, — думка пра тое, што яна даведаецца аб смерці гэтай жанчыны, поўніла яе грудзі радасцю і змякчала пакуты рэўнасці.
Але Спартак! Эўтыбіда патроху прыйшла да думкі, што Спартак быў значна менш вінаваты, чым Валерыя. Урэшце, ён жа быў бедны рудыярый, і для яго жонка Сулы павінна была здавацца багіняй. Гэтая жанчына, напэўна, яго вабіла і зачароўвала; ён не здолеў і не мог супраціўляцца... Якраз так і павінна было быць. Як мог інакш нейкі гладыятар узняць дзёрзкі позірк на жонку Сулы? Смерць Спартака здавалася цяпер для Эўтыбіды несправядлівай і незаслужанай. Патроху яна пачала
засынаць; некалькі часу глыбокая цішыня ў пакоі парушалася толькі неспакойным дыханнем заснуўшай.
Раптам Эўтыбіда ўсхапілася з ложка з жахлівым стогнам і перарывістым голасам закрычала:
— He, Спартак, не я цябе забіваю!.. Гэта яна!.. Ты не памрэш!..
Накінуўшы шырокі белы плашч, яна выклікала Аспазію і загадала ёй зараз жа разбудзіць Метробія.
Шмат старання патраціла Эўтыбіда, каб пераканаць камедыянта неадкладна рушыць наўздагон за Дэмафілам і перашкодзіць пісьму трапіць у рукі Сулы.
Метробій быў стомлены ранейшай паездкай, разаспаўся ад выпітага віна, сагрэўся пад пуховымі коўдрамі. Спатрэбілася ўся спакуслівая спрытнасць Эўтыбіды, каб ён праз дзве гадзіны даў згоду ехаць.
Бура сціхла, неба ззяла, усё ўсыпанае зоркамі, і толькі халодны вецер мог нарабіць невыгод падарожніку.
— Дэмафіл, — сказала Эўтыбіда, — выперадзіў цябе на пяць гадзін. Трэба, каб ты ляцеў на сваім кані...
— Калі б ён быў Пегасам, то я, вядома, прымусіў бы яго лятаць... — уздыхнуў Метробій.
Праз некалькі хвілін пачуўся тупат каня, які паімчаўся шалёным галопам.
Раздзел VII
ЯК СМЕРЦЬ ВЫПЕРАДЗІЛА ДЭМАФІЛА I МЕТРОБІЯ
Вочы падарожніка, які, выехаўшы з Рыма праз Капуанскія вароты і даехаўшы да Капуі, паварочваў на дарогу да Кумаў, бачылі чароўную карціну. Квітнеючыя ўзгоркі, пакрытыя маслічнымі і апельсінавымі дрэвамі, вінаграднікамі, фруктовымі садамі, перамяжоўваліся там з ураджайнымі нівамі і зялёнымі лугамі, на якіх хадзілі вялікія стады авечак і рагатай жывёлы. Далей цягнулася ўзбярэжжа, на якім адзін за адным узнікалі цудоўныя гарады — Кумы, Баі, Неапаль, Геркуланум, Пампея, акружаныя пышнымі храмамі, надзвычайнымі віламі, утульнымі гаямі і прыгожымі азёрамі.
Усё гэтае сонечнае ўзбярэжжа Неапалітанскага заліва нагадвала нібы адзін вялізны горад каля блакітнага мора. А ўдалечыні квітнеючым вянком узнікалі з мора прыгожыя астраўкі з багатымі храмамі, палацамі і пышнымі раслінамі — Ісхія, Працыда, Нізіда і Капры. Усю тую дзівосную мясцовасць асвятляла вечна ззяючае сонца і ласкалі подыхі заўсёды мяккага, цёплага ветрыку.
Нездарма рымляне сцвярджалі, што якраз тут човен Харона перавозіў памёршых у Елісейскія палі.
Даехаўшы да Кум, падарожнік бачыў надзвычайны, багаты, шматлюдны горад, размешчаны часткова на крутой абрывістай гары, часткова на яе схіле і на раўніне каля мора.
Кумы былі горадам, які найбольш наведвалі ў сезон купання, і багатыя людзі, што мелі ўласныя вілы, ахвотна праводзілі тут частку восені і вясны.
Горад быў надзвычай упрыгожаны; порцікі, базілікі, форумы, цыркі, грандыёзны амфітэатр (руіны якога засталіся і да гэтага часу) і ў акропалі на гары выдатны храм Апалона, адзін з самых прыгожых у Італіі, аздаблялі яго.
Непадалёку ад Кум, на ўзгорку, з якога відаць былі ўзбярэжжа і заліў, была пабудавана грандыёзная віла Луцыя Карнелія Сулы.
Усё, што ганарысты розум, арыгінальны і багаты на фантазію, якім быў розум Сулы, мог прыдумаць, было сабрана на гэтай віле. Яна цягнулася да самага мора, дзе Сула загадаў зрабіць спецыяльны басейн для прыручанай рыбы, якую старанна даглядалі.
Сам дом мог бы лічыцца раскошным нават у Рыме. У ім была лазня, уся з мармуру, з пяццюдзесяццю аддзяленнямі для гарачых, цёплых і халодных ваннаў, пабудаваных з найбольшым для таго часу камфортам. Былі аранжарэі з кветкамі і птушкамі, абгароджаныя гаі, у якіх бадзяліся алені, касулі, лісы і ўсялякая дзічына.
Мінула ўжо два месяцы пасля таго, калі сюды перабраўся ўсемагутны дыктатар Рыма, які адмовіўся ад кіравання дзяржавай і захацеў адзінотнага жыцця прыватнага чалавека.
Тут ён праводзіў дні, працуючы над сваімі творамі, якія ён прысвяціў Луцыю Ліцынію Лукулу, таму Лукулу, які праз тры гады пасля быў абраны консулам, перамог Мітрыдата ў Арменіі і Месапатаміі, а яшчэ пазней стаў славутым сярод рымлян не так за свае перамогі, як за ўтончаную раскошу і надзвычайныя піры, памяць пра якія дайшла да нашага часу.
Ночы Сула праводзіў у шумных і непрыстойных оргіях; узыходзячае сонца заставала яго яшчэ каля стала, п’янага і санлівага, паміж натоўпу мімаў, жартаўнікоў і камедыянтаў — звычайных яго сяброў па куцяжах.
Праз тры дні пасля падзей, расказаных у канцы папярэдняга раздзела, Сула загадаў падрыхтаваць вячэру ў трыклініі Апалона Дэльфійскага, найбольш абшырным і прыгажэйшым з чатырох трыклініяў, якія былі ў яго вялізным мармуровым палацы.
Вакол трох сталоў было пастаўлена па дзевяць абедзеных ложаў.
Дваццаць пяць запрошаных сядзелі разам з Сулай за сталамі. Адно месца аставалася вольным — месца Метробія, які адсутнічаў.
Экс-дыктатар, увенчаны ружамі, у беласнежным застольным адзенні, напаўляжаў на сярэднім ложы сярэдняга стала, каля свайго лепшага сябра — актора Квінта Росцыя, які быў за цара піравання. Па вясёламу смеху Сулы, па ажыўленай яго гаворцы можна было падумаць, што ніякія клопаты не трывожаць яго душы.
Але, прыглядаючыся больш уважліва, лёгка было ўбачыць, як ён пастарэў за чатыры месяцы, пахудзеў і стаў яшчэ страш-
нейшым. Кроватачывыя нарывы, што пакрылі твар, значна пабольшалі, валасы зусім пасівелі, ва ўсёй яго постаці выяўляліся сум, слабасць і пакуты — вынік няспыннага бяссоння, на якое ён быў асуджаны сваёй цяжкай хваробай.
Аднак у праніклівых блакітна-шэрых вачах усё яшчэ паблісквала энергія, а намаганнем волі ён не паказваў іншым свае пакуты, і часамі, асабліва ў часе оргіі, здавалася, што ён забываўся пра сваю хваробу.
— Ну, раскажы, Панцыян, — звярнуўся Сула да патрыцыя з Кум, — раскажы, што казаў Граній.
— Але я не чуў яго слоў, — запярэчыў, вельмі пабляднеўшы, той, у каго пыталіся.
— У мяне тонкі слых, ты ведаеш, Панцыян,— сказаў Сула спакойна, але страшэнна нахмурыўшы бровы, — і я чуў, што ты сказаў Элію Луперку.
— Але... павер мне... шчаслівы і ўсемагутны...
— Ты сказаў такія словы: «Граній, эдыл у Кумах, адмовіўся заплаціць штраф, накладзены на яго Сулай», і ў гэты час ты зірнуў на мяне і, убачыўшы, што я слухаю, замоўк. Цяпер я прапаную табе сказаць мне дакладна, ад слова да слова, што ён гаварыў.
— Але дазволь мне, о Сула... Ты найвялікшы сярод рымлян...
— Мне непатрэбна твая пахвальба! — усклікнуў Сула хрыпатым і грозным голасам і, прыўстаўшы на ложы, стукнуў кулаком аб стол. — Подлы ліслівец! Пахвалы я сам сабе напісаў сваімі подзвігамі і трыумфамі ў консульскіх запісах, і мне непатрэбна, каб ты іх паўтараў, балбатлівы груган. Словы Гранія, вось што я хачу ведаць, і клянуся арфай чароўнага Апалона, майго заступніка, клянуся Луцыем Карнеліем Сулай, што ты сваім трупам угноіш суседнія агароды.
Заклікаючы імя Апалона, Сула дакрануўся правай рукою да залатой статуэткі гэтага бога, якую ён прывёз з дэльфійскага храма і насіў заўсёды на шыі на залатым ланцужку.
Пачуўшы гэтую клятву, усе прысутныя збялелі і змоўклі, разгублена паглядаючы адзін на аднаго. Спынілася музыка і танцы, і вялікая цішыня запанавала замест шуму і гамонкі.
Няшчасны Панцыян, заікаючыся ад страху, прамовіў:
— Граній сказаў: «Цяпер я не заплачу: Сула хутка памрэ, і я буду вольны ад выплаты».
— А... — сказаў Сула, і чырвоны твар яго зрабіўся бледным ад гневу. — А!.. Граній нецярпліва чакае маёй смерці...
Брава, Граній!.. Ён прадбачлівы... Ён усё прадбачыць... Але ўся справа ў тым, ці не памыліцца ён у сваіх разліках?.. Крызагон!
Крызагон, яго адпушчанік і наперснік, падышоў да эксдыктатара, і той ціха, спакойным голасам даў яму загад, у адказ на што Крызагон нахіліў галаву і накіраваўся да дзвярэй, a Сула крыкнуў яму наўздагон:
— Заўтра!
Пасля, павярнуўшыся вясёлым тварам да гасцей, усклікнуў, падымаючы чашу з фалернскім віном:
— Клянуся ўсімі багамі Алімпа, палахлівыя авечкі, ці не думаеце вы, што прысутнічаеце на маіх памінках?
— Няхай багі пазбавяць цябе ад думкі пра гэта!
— Няхай Юпітэр пашле табе шчасце, і няхай Апалон цябе абароніць!
— Доўгія леты магутнаму Суле! — закрычалі ў адзін голас госці, падымаючы чашы з пенным фалернскім.
— Вып’ем за здароўе і славу Луцыя Карнелія Сулы Шчаслівага! — усклікнуў ясным і гучным голасам Квінт Росцый.
I ўсе далучыліся да гэтага тосту, а Сула, зрабіўшыся зноў вясёлым, абнімаючы і цалуючы Росцыя, закрычаў цытрыстам і мімам:
— Гэй, пэцкалі, што вы там робіце? Вы добрыя толькі на тое, каб піць маё фалернскае... Праклятыя нягоднікі, няхай вас зараз апануе вечны сон смерці!
Музыканты адразу зайгралі, а мімы і танцоркі пачалі танцаваць.
На сярэдн