Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
і стол быў пададзены арол, зроблены так умела, што птушка здавалася жывою. У дзюбе арол трымаў лаўровы вянок з пурпуровай істужкай, на якой залатымі літарамі былі напісаны словы: «Sullae Felici Epafrodito», што азначала: «Суле Шчасліваму, любімцу Венеры». «Эпафрадыт» была адна з найбольш прыемных вуху Сулы назваў.
Пад воплескі гасцей Росцый узяў вянок з дзюбы арла і падаў яго прыгожай адпушчаніцы, якая сядзела побач з Сулай.
Тая паклала паверх вянка з ружаў, які ўжо ўпрыгожваў галаву Сулы, лаўровы вянок і пяшчотным голасам прамовіла:
— Табе, любімцу багоў, непераможнаму імператару, гэтыя лаўры прысудзіла захапленне ўсяго свету.
Сула двойчы пацалаваў дзяўчыну ў твар. Прысутныя заапладыравалі.
Затым Сула разрэзаў нажом шыю і жывот арла; адтуль вывалілася мноства яек, якія былі раздадзены піраваўшым, і кожны знайшоў у сярэдзіне яйка засмажанага бакаса, прыпраўленага жоўтай праперчанай падліўкай. Дванаццаць прыгожых рабынь падлівалі ў чашы дарагое фалернскае. Пасля падалі вялізны пірог, на верхняй скарынцы якога з цеста і мёду была вылеплена круглая каланада. Як толькі скарынка была надрэзана, з пірага вылецела гэтулькі ж вераб’ёў, колькі было піраваўшых. Кожны верабей меў на шыі істужачку, да якой быў прывязан падарунак з імем кожнага госця.
Апладысменты і смех спаткалі гэты сюрпрыз, прыгатаваны адмысловым поварам Сулы. Шум, крыкі і гам ад пагоні за птушкамі прадаўжаліся доўгі час. Нарэшце, Сула ўсклікнуў:
— Эй! Сёння я ў вясёлым настроі і хачу пачаставаць сябе і вас відовішчам, якое нячаста даецца на пірушках... Слухайце, мае любімыя сябры!.. Хочаце ўбачыць у гэтай зале бой гладыятараў?
— Гладыятараў! Гладыятараў!.. Няхай жыве Сула!.. Найшчодрайшы Сула!..
Неўзабаве, уведзеныя Крызагонам, у зале з’явіліся дзесяць гладыятараў, з якіх пяцёра былі ў адзенні фракійцаў, а астатнія пяць — у адзенні самнітаў.
— А Спартак? — запытаўся Сула ў Крызагона.
— Яго не знайшлі ў пакоі. Напэўна, ён у сваёй сястры.
Гэтым часам у трыкліній увайшоў, запыхаўшыся, Спартак. Ён прыклаў руку да рота, вітаючы Сулу і яго гасцей.
— Я хачу ацаніць, Спартак, — сказаў Сула рудыярыю, — тваё майстэрства ў навучанні фехтаванню. Зараз мы ўбачым, чаму навучыліся і што ведаюць твае вучні.
— Яны практыкаваліся толькі два месяцы, і ты ўбачыш вельмі слабы вопыт, які яны атрымалі ад майго навучання.
— Паглядзім, паглядзім, — сказаў Сула. Пасля, звяртаючыся да гасцей, ён дадаў: — Я не раблю навінкі, наладжваючы для вас бой гладыятараў у часе пірушкі, я толькі аднаўляю звычай, які бьіў два вякі таму назад у жыхароў Кампаніі, вашых слаўных продкаў, о сыны Кум, першых насельнікаў гэтай правінцыі.
Спартак стаяў, ледзь стрымліваючы гнеў. Але, калі сярод асуджаных на бойню ён заўважыў Арторыкса, тужлівае абурэнне апанавала яго.
Арторыкс, малады гал з прыгожым тварам, быў найпры-
стойнейшым юнаком, мацней за ўсіх адданы Спартаку. Спартак любіў яго, як брата.
Расстаўляючы байцоў, ён ціха сказаў маладому галу:
— А чаму прыйшоў ты?
— Некалькі хвілін таму назад, — адказаў Арторыкс, — мы згулялі паміж сабой у косці на права ісці апошнім насустрач смерці, і я апынуўся ў ліку тых, якія прайгралі. Сам лёс хоча, каб я быў сярод першых дзесяці.
Рудыярый нічога не адказаў. Але калі падрыхтоўка да бою была закончана, ён, звяртаючыся да Сулы, прамовіў:
— Дазволь мне, о велікадушны Сула, паслаць у школу па другога гладыятара, каб паставіць яго на месца гэтага, — і ён паказаў на Арторыкса.
— А чаму гэты не можа біцца? — запытаўся экс-дыктатар.
— Таму што ён больш за астатніх спрактыкаваны, і фракійцы, на баку якіх ён павінен змагацца, былі б непамерна мацнейшыя за самнітаў.
— I таму ты хочаш прымусіць нас чакаць? Няхай змагаецца і гэты храбрэц: мы не хочам чакаць, і тым горш для самнітаў!
I ў нецярплівасці, якая ахапіла ўсіх, Сула сам падаў знак да бітвы.
Праз дваццаць мінут адзін фракіец і два самніты былі забіты, два другія няшчасныя ляжалі на падлозе параненыя, упрошваючы Сулу пра жыццё, якое і было ім падаравана.
Адзіны, які трымаўся на нагах, самніт страшэнна абараняўся супраць чатырох фракійцаў, але быў наскрозь праколаты Арторыксам, які з літасці да яго — ён быў яго сябра — з вачыма, поўнымі слёз, забіў яго, каб пазбавіць ад пакутлівай агоніі.
Трыкліній задрыжэў ад воплескаў.
Іх перапыніў Сула, які ўсклікнуў хрыпатым голасам:
— А ну, Спартак, вазьмі шчыт і меч мёртвага фракійца і пакажы сваю сілу, змагаючыся адзін супраць чатырох!
Шумным захапленнем была спаткана прапанова Сулы. Рудыярый, ашаломлены гэтым загадам, павярнуўся да Сулы:
— Але... вялікі і шчаслівы дыктатар... Я дазволю сабе звярнуць тваю ўвагу на тое, што я не гладыятар: я — рудыярый і вольны, а ў цябе выконваю толькі абавязкі ланісты.
— Ха!.. Ха-ха!.. — грымнуў п’яным і ўедлівым смехам Сула. — I ты той храбрэйшы Спартак? Ты баішся смерці? Баішся?.. Нікчэмны вырадак!.. Але, клянуся паліцай Геркулеса, ты
будзеш змагацца! Хто табе падараваў жыццё і свабоду, труслівы варвар? Хіба не Сула?.. I Сула загадвае табе змагацца... I ты будзеш змагацца... клянуся ўсімі багамі Алімпа... ты будзеш змагацца!
Спартак працягнуў руку, каб схапіць меч і з лютасцю тыгра рынуцца на Сулу, але стрымаўся. Механічна, амаль не разумеючы, што ён робіць, ён падняў шчыт, узяў меч і гучным голасам, які дрыжэў ад гневу, прамовіў:
— Я не трус і не варвар. Я буду змагацца, каб зрабіць табе прыемнасць, о Луцый Сула. Але, клянуся ўсімі тваімі багамі, што калі, на няшчасце, мне давядзецца параніць Арторыкса...
Прарэзлівы жаночы крык раптам перарваў шалёную гаворку гладыятара.
У глыбіні залы, каля сцяны, да якой Сула сядзеў спіною, на парозе дзвярэй, белая, як мел, стаяла Валерыя.
Калі раб прыйшоў ад імя Сулы па Спартака, фракіец быў у яе пакоі. Гэты выклік і ў такую пару здзівіў і збянтэжыў рудыярыя і вельмі напалохаў Валерыю. Адкінуўшы ў бок правілы прыстойнасці і асцярогу, яна накіравалася ў трыкліній, маючы, відаць, намер з’явіцца вясёлай і прыняць удзел у піраванні. Аднак бітва гладыятараў, якую яна ўпершыню бачыла так блізка, вельмі яе ўсхвалявала. Яна стаяла, схаваўшыся за парцьерай, стрымліваючы агіду і абурэнне. Калі Спартак схапіў зброю і, амаль не ўладаючы сабою, звярнуўся да Сулы, Валерыя зразумела, што далей цягнуць нельга: першае рэзкае слова рудыярыя магло загубіць яго. I яна закрычала, звярнуўшы на сябе ўвагу гасцей і Сулы.
— Валерыя! — усклікнуў здзіўлены Сула, ледзь прыпадымаючыся з ложа, да якога прыкавала яго фалернскае. — Валерыя, ты тут... і ў такі час?
Усе паўставалі або паспрабавалі ўстаць і больш або менш пачціва, але моўчкі віталі матрону.
— Прывітанне ўсім, і няхай багі будуць заступнікамі непераможнага Сулы і яго сяброў! — сказала, апамятаўшыся, Валерыя.
Яе з’яўленне здалося для Спартака звышнатуральным умяшаннем багоў.
Пакуль Сула з вялікай цяжкасцю стараўся надаць свайму целу вертыкальнае становішча, Валерыя зусім авалодала сабою і працягвала, ўсміхаючыся:
— Ты гэтулькі разоў запрашаў мяне, о Сула, на пірушку, што сёння ўвечары я, пачуўшы вясёлы шум з гэтай залы,
вырашыла апрануць застольнае адзенне і зайсці сюды выпіць з чашы дружбы і пасля ўгаварыць цябе пайсці ў свае пакоі дзеля твайго здароўя не пазней гадзіны першай зары. Але, прыйшоўшы сюды, я ўбачыла тут пабліскванне мячоў і распасцёртыя на падлозе трупы. Што ж гэта, нарэшце? — I голас матроны загучэў абурэннем. — Вам нестае шматлікіх ахвяр у цырках, і вы з дзікай асалодай уваскрашаеце забароненыя варварскія звычаі? У часе весялосці вы хочаце ўпівацца перадсмяротнымі пакутамі, паўтараць губамі, непаслухмянымі ад віна, сутаргі губ, пакарэжаных жарам агоніі і роспаччу?
Усе маўчалі з апушчанымі галовамі, і сам Сула, які раней спрабаваў звязаць некалькі слоў, змоўк, як чалавек, якога падлавілі на злачынстве.
Толькі гладыятары, і асабліва Спартак і Арторыкс, пазіралі на Валерыю вачыма, поўнымі любві і падзякі.
— Ну, — сказала яна, звяртаючыся да рабоў, — вынесіце зараз жа трупы, вымыйце падлогу і абпырскайце яе духамі ды наліце ў мурынскую чашу Сулы фалернскага і пусціце яе наўкруга гасцей у знак дружбы.
У той час калі рабы спешна выконвалі загад, гладыятары выйшлі.
I ў запанаваўшай цішыні чаша дружбы, у якую толькі некаторыя госці кідалі пялёсткі ружаў са сваіх вянкоў, абышла кругам сярод піраваўшых, а пасля, моўчкі і хістаючыся, адзін за адным усе выйшлі з трыклінія; адны накіраваліся ў пакоі для гасцей, другія — у Кумы.
Сула, ап’янелы, зноў паваліўся на ложа і моўчкі ляжаў, пакуль Валерыя, страсянуўшы яго, не сказала:
— Цяпер ужо гадзіна пеўняў; ці думаеш ты, нарэшце, пайсці ў спальню?
Ад гэтых слоў Сула павольна і цяжкім рухам узняў свой твар да жонкі і замармытаў:
— I ты... скончыла тым... што зрабіла разгром... трыклінія, каб адабраць ад мяне мае... забавы. О, клянуся Юпітэрам... гэта — недарэчнасць... гэта — прыніжэнне ўсёмагутнасці... Сулы Шчаслівага... эпафрадыта... дыктатара... Клянуся ўсявышнімі багамі... я паную ў Рыме... і над усім светам... і не хачу, каб нада мною былі гаспадары, не хачу... Метробій... дзе ты, мой дарагі Метробій?.. Прыйдзі да мяне на дапамогу... Я хачу выгнаць вон... Я хачу выракчыся гэтай... і няхай яна забярэ з сабою дзіця, якім яна цяжарная... якога я не хачу прызнаць сваім...
Пагарда бліснула ў чорных вачах Валерыі. Яна пагрозна махнула рукою і з агідай загадала:
— Гэй, Крызагон, пакліч рабоў і загадай перанесці ў спальню твайго пана; ён п’яны і абжорся, як брыдкі магілыпчык.
Крызагон і двое рабоў пацягнулі Сулу ў яго спальню, а Валерыя вярнулася ў свой пакой.
Сула, пакладзены ў пасцель, праспаў усю ноч і большую частку наступнай раніцы.
У апошнія дні ён пакутаваў больш, чым раней, ад сваёй хваробы скуры, якая выклікала нястрымны зуд. Ледзь прачнуўшыся на другі дзень, ён зараз жа ўстаў з пасцелі, накінуў паверх сарочкі шырокую тогу і, абапіраючыся на Крызагона, накіраваўся праз атрыум у лазню. Мінуўшы залу чакання, ён ўвайшоў у раздзявальню, прыгожы пакой з мармуровымі сценамі і мазаічнай падлогай. 3 гэтай залы трое дзвярэй вялі: адны — у памяшканне з халодным душам, другія — у залу з басейнам цёплай вады і трэція — у гарачую лазню.
Сула сеў на мармуровую лаўку, пакрытую падушкамі і пурпуровай матэрыяй,