Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
з дапамогай рабоў распрануўся, пасля ўвайшоў у гарачую лазню. Гэты пакой таксама быў з мармуру, з адтулінамі ў падлозе, з якіх выходзіла гарачае паветра, якое ацяпляла пакой.
Там быў паўкруглы мармуровы алькоў з мармуровай лаўкай і невялікі басейн з гарачай вадой.
Сула ўвайшоў у алькоў і пачаў падымаць жалезныя гіры рознага памеру, пачаўшы з самых маленькіх і беручы паступова больш цяжкія. Размяўшы свае часткі цела і ўспацеўшы, ён апусціўся па шыю ў басейн. Раб узяў бронзавую скрабніцу і пачаў асцярожна церці свярбеўшую скуру.
— Паглядзі ты, што там за шум у раздзявальні, — звярнуўся Сула да Крызагона.
Адпушчанік выйшаў.
Між тым Сула, твар якога, магчыма ад учарашняй папойкі, здаваўся больш пастарэлым і шэрым, чым у ранейшыя дні, стагнаў ад жорсткага болю і наракаў на незвычайную цяжкасць у грудзях. Пасля ён заціх, апусціў галаву на край басейна і, здавалася, заснуў.
Праз некалькі хвілін вярнуўся Крызагон, і Сула, уздрыгнуўшыся, падняў галаву.
— Што з табою? — запытаў адпушчанік, у трывозе падбегшы да басейна.
— Нічога... нейкая санлівасць... ведаеш, мне снілася...
— I што ж табе прыснілася?
— Я бачыў маю любімую жонку, Цэцылію Метэлу, якая памерла ў мінулым годзе, і яна клікала мяне з сабою.
— He звяртай увагі, Сула, на гэтыя забабоны...
— Забабоны? Навошта так думаць пра сны, Крызагон? Я заўсёды вельмі верыў у сны і рабіў заўсёды так, як мне праз іх загадвалі багі. Затое ў кожным паходзе поспех быў са мною.
— За твае перамогі ты абавязаны свайму розуму і доблесці, а не ўнушэнням сноў.
— Больш, чым розум і адвага, Крызагон, меў значэнне прыхільны лёс, і яму якраз я толькі давяраўся. Павер мне, самымі паспяховымі былі тыя мае паходы, якія я праводзіў імкліва і без разваг.
Успаміны пра слаўныя паходы, здавалася, заспакоілі Сулу, і Крызагон вырашыў паведаміць яму, што прыбыў Граній, якога дыктатар загадаў учора на вячэры выклікаць з Кум, і чакае яго загадаў.
Ледзь толькі Сула пачуў імя Гранія, як твар яго скрывіўся ад гневу. Увесь узгарэўшыся, ён закрычаў хрыпатым, лютым голасам:
— Увядзі яго... зараз жа... сюды... да мяне... гэтага нахабніка... які адважыўся, адзін на ўвесь свет, здзекавацца з маіх рашэнняў і хоча маёй смерці.
I худымі, кастлявымі рукамі ён сударгава сціснуў краі басейна.
Крызагон выйшаў і зараз жа вярнуўся з эдылам Граніем.
Гэта быў чалавек гадоў сарака, надзвычай дужы, і на твары яго, звычайным і грубым, адлюстроўваліся хітрасць і злосць. Але, уваходзячы ў ваннуто да Сулы, ён быў бледны і дрэнна ўтойваў свой страх. Рассыпаючыся ў паклонах і цалуючы рукі, ён звярнуўся да Сулы дрыглівым голасам:
— Няхай надоўга будзе апякунства багоў над велікадушным Сулай Шчаслівым!
— Ты не так казаў трэцяга дня, подлы нягоднік, смеючыся над маім прыгаворам, якім ты справядліва быў прысуджаны да ўплаты штрафу ў дзяржаўную казну. Ты крычаў, што не хочаш плаціць, бо праз дзень-другі я памру і з цябе знімуць штраф.
— He, ніколі! He вер гэтаму паклёпу!.. — мармытаў Граній.
— Баязлівец, цяпер ты дрыжыш!.. Ты павінен быў дры-
жэць тады, калі зняважыў самага магутнейшага і шчаслівейшага з людзей... Баязлівец!..
Кажучы гэта, Сула ўдарыў па твары няшчаснага, які паваліўся ля басейна.
— Злітуйся! Прашу цябе, злітуйся!
Але Сула ў шаленстве крычаў рабам:
— Гэй, вы, гультаі!.. хватайце яго, біце да смерці, тут, пры мне... душыце яго... забіце!..
I таму што рабы не адважваліся, ён зноў закрычаў:
— Задушыце яго, або я загадаю ўсіх вас прыбіць да крыжа, клянуся факеламі і змеямі эрыній!
Рабы рынуліся на няшчаснага эдыла, павалілі яго на падлогу і пачалі біць яго і таптаць, а Сула, нібы дзікі звер, што ўчуў смерць, усё крычаў:
— Ну ж, мацней... біце... тапчыце... душыце гэтага баязліўца... душыце яго, душыце... дзеля ўсіх багоў пекла, душыце яго!..
I ў той момант, калі Граній, нарэшце, зайшоўся, Сула, зняможаны крыкамі і прыступам шалёнай злосці, паваліўся на спіну ў басейн і прахрыпеў голасам, такім слабым, якога ніколі ад яго не чулі:
— Дапамажыце... паміраю...
Падбег да яго Крызагон, падбеглі іншыя рабы і паднялі яго, прысланіўшы спіною да сцяны басейна.
Твар былога дыктатара памярцвеў. Вочы заплюшчыліся, сціснутыя зубы скрыпелі, губы скрывіліся ад сутаргі, ён увесь дрыжэў.
Крызагон і астатнія рабы ўвіхаліся вакол яго, стараліся каб ён ачуняў, але раптоўныя прыступы кашлю скаланулі ўсё яго цела і праз некаторы час, захлынаючыся ад вялікай колькасці крыві, з прыдушанымі стогнамі і не адкрываючы вачэй, ён памёр.
Так закончыў жыццё ў шэсцьдзесят год гэты чалавек, такі ж вялікі, як і каварны. Ён зрабіў вялікія справы, але наклікаў на сваю бацькаўшчыну яшчэ большыя няшчасці, і, праслаўлены як вялікі правадыр, ён пакінуў у гісторыі пасля сябе памяць як аб горшым грамадзяніне. Цяжка сказаць, чаго ў ім было больш: мужнасці і энергіі ці каварства і двудушнасці.
Вось таму консул Кней Патрый Карбон, з партыі Марыя, які змагаўся доўгі час супраць Сулы, звычайна гаварыў, што, калі ён змагаўся супраць ільва і лісіцы, што бытавалі ў душы Сулы, ад лісіцы ён меў найвялікшыя непрыемнасці.
Ён памёр, здаволіўшыся ўсім, што толькі можа быць даступна чалавеку, і таму славіўся як найшчасліўшы, калі лічыць шчасцем дасягненне жаданага.
Ледзь Сула памёр, як у ванны пакой увайшоў раб Эўтыбіды. Ён доўгі час стаяў, уражаны гэтым здарэннем, пасля, наблізіўшыся да Крызагона, перадаў яму пісьмо і сказаў:
— Красуня Эўтыбіда, мая пані, даручыла мне перадаць гэтае пісьмо ў рукі Сулы, але з тае прычыны, што багі захацелі пакараць мяне, прымусіўшы ўбачыць мёртвым найвялікшага з людзей, я перадаю табе гэтае пісьмо, адрасаванае яму.
Крызагон, які не памятаў сябе ад гора, механічна ўзяў пісьмо і паклаў яго паміж тунікай і рубашкай, прадаўжаючы завіхацца каля цела свайго ўладара.
Між тым вестка пра смерць Сулы разышлася па доме. Пачаўся перапалох. Усе рабы збегліся ў ванны пакой і голасна плакалі. У той час з’явіўся, цяжка дыхаючы, камедыянт Метробій, які толькі што прымчаўся з Рыма.
Ён убег у парванай вопратцы і заліўся слязамі:
— He... гэтага не можа быць... не... не... гэта няпраўда!
I, убачыўшы труп Сулы, расплакаўся і, апусціўшыся на падлогу каля нерухомага цела, пачаў цалаваць яго твар, усклікаючы:
— Ты памёр, калі мяне не было, мой самы блізкі сябар!.. любімейшы сябар!.. Мне не давялося пачуць твае апошнія словы... не давялося прыняць апошні пацалунак... о Сула, мой любімейшы, о мой дарагі Сула!..
Раздзел VIII
ВЫНІКІ АД СМЕРЦІ СУЛЫ
Вестка пра смерць Сулы разнеслася па Італіі шпарка, як маланка, і выклікала найвялікшае хваляванне, асабліва ў Рыме.
Спачатку ўсе вельмі здзівіліся, пасля пачаліся размовы, роспыты і расследаванні: усім хацелася ведаць, чаму, як і калі здарылася гэтая раптоўная смерць.
Партыя алігархаў, патрыцыі і багацеі аплаквалі смерць вялікага чалавека як народнае няшчасце, незамянімую страту і патрабавалі для памёршага героя як для выратавальніка рэспублікі і паўбога імператарскага пахавання, ушанаванняў, статуй, храмаў.
Да іх у Рыме далучыліся ў вялікім засмучэнні дзесяць тысяч рабоў, якія атрымалі ад Сулы свабоду. Пасля таго як перамагла яго партыя, у гонар яго імя яны ўтварылі асобную трыбу з дзесяці тысяч карнеліяў, і Сула раздаў ім частку маёмасці тых, што трапілі ў праскрыпцыйныя спісы.
Гэтыя дзесяць тысяч чалавек былі ўсім абавязаны Суле і баяліся, каб пасля яго смерці ў іх не адабралі таго, чым ён іх так шчодра надарыў.
Апрача іх, у Італіі былі яшчэ сто дваццаць тысяч былых легіянераў Сулы, якія абажалі свайго вялікага правадыра і апекуна.
3 другога боку, сотні тысяч высланых, сотні тысяч ахвяр лютасці Сулы, усе шматлікія прыхільнікі Марыя адкрыта пракліналі забойцу іх радні і сяброў, які зруйнаваў іх дабрабыт, хацелі новых перамен, хваляваліся і заклікалі да помсты.
Да іх далучыўся і плебс, у якога Сула адабраў многія яго правы і прывілеі.
На форуме, у базіліках, пад порцікамі, у храмах, на вуліцах, у крамах, на рынках — усюды тоўпіліся людзі ўсякага ўзросту і становішча, даведваліся і перадавалі навіны; адны ўголас аплаквалі няшчасце, другія яшчэ больш голасна благаслаўлялі багоў, якія, нарэшце, вызвалілі рэспубліку ад тырана.
Заводзіліся сваркі, чуліся ўзаемныя пагрозы, успышкі патаемнай крыўды, утоенай нянавісці, гневу; мешаніна парыванняў, жаданняў, страху і надзей.
Шмат якія сенатары, грамадзяне і адпушчанікі з трыбы карнеліяў адрасцілі сабе бараду ў знак жалобы, апрануліся ў цёмныя тогі і хадзілі па гораду з сумным выглядам; шмат якія жанчыны бегалі з распушчанымі валасамі з храма ў храм, просячы заступніцтва ў багоў, нібы Рыму праз смерць Сулы пагражала найвялікшая небяспека.
Другія папракалі іх і насміхаліся, дзёрзка і весела прахаджваліся па форуме і вуліцах, радуючыся, што памёр Сула.
У цэнтральных месцах горада, дзе на прэтарскіх дошках вывешваліся законы, можна было прачытаць праз тры дні пасля смерці Сулы такую эпіграму:
Уладыкаю Рыма дыктатар шчаслівы Сула назваў сябс ганарліва, Ды за дурное такое жаданнс Богі паслалі яму накаранне: Вар’ята, каторы надзеі расціў Рым пахіліць прад сабой на калсні, Для мук, якіх ніхто ‘шчэ не знаў, Вошам багі аддалі на з’ядзенне.
У другіх месцах з’явіліся надпісы: «Прэч законы аб выдатках на піраванні!» — гэта былі законы, у якіх асабліва праявіўся ненавісны ўсім дэспатызм Сулы, або «Патрабуем недатыкальнасці трыбунаў!», якая была самаўпраўна ліквідавана Сулаю, або яшчэ «Слава Каю Марыю!»
Консул Марк Эмілій Лепід, які яшчэ пры жыцці Сулы не ўтойваў сваіх варожых адносін да яго, цяпер гаварыў і дзейнічаў рашуча, упэўнены, што за ім партыя Марыя і народ.
Лутацый Катул, другі консул, даваў зразумець, што ён будзе цвёрда стаяць на баку сената і закона.
У гэтую смуту ўблытаўся і Катыліна. Ён і яго сябры праводзілі агітацыю сярод нездаволеных, выклікаючы ў іх нянавісць да алігархіі.
Сенат сабраўся ў курыі Гастылія для абмеркавання пытання, як ушанаваць памёршага трыумфатара, пераможцу Мітрыдата.
Старшынёю сходу быў Публій Сервілій Ватый Ізаўрык, былы консул і выдатны па сваёй доблесці і мудрасці чалавек. Адкрыўшы паседжанне, ён даў слова Лутацыю Катулу. Апошні спамянуў у сціплай і стрыманай прамове пра слаўныя дзеянні,
зробленыя Сулай, і пра Югурта, узятага ў палон у Афрыцы, і пра Архелая, раз