Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
га было вельмі шмат жанчын і нямала патрыцыянак — дзяўчат і замужніх — у суправаджэнні сваіх рабынь і слуг.
Шумным натоўпам вышлі луперкі з пячоры і, пабраўшы ў рукі пугі, зробленыя са скуры прынесенай у ахвяру жывёлы, пачалі сцябаць па народзе, што тоўпіўся на вуліцах. Дзяўчаты лічылі, што гэтыя ўдары ахвяравальных бізуноў садзейнічаюць замужжу, а замужнія жанчыны цвёрда верылі ў іх апладняючую сілу.
На ўсіх вуліцах можна было бачыць матрон і дзяўчат, якія беглі насустрач луперкам і працягвалі рукі для таго, каб атрымаць удар.
Прысланіўшыся да адной з калон порціка храма Эскулапа, стаяў малады чалавек, твар якога выяўляў поўную абыякавасць. Ён быў высокага росту, ідэальнага целаскладу і поўны сілы. Яго чорныя і бліскучыя валасы былі старанна расчасаны, завіты і надушаны. У яго быў высокі і шырокі лоб і вочы вельмі прыгожага разрэзу, красамоўныя, праніклівыя і ўла-
дарныя; апрануты ён быў з чыста грэчаскай зграбнасцю. Паверх тунікі з беласнежнага палатна, абшытай па краях пурпурам і падперазанай у таліі шнурком з пурпуровай ваўнянай матэрыі, была адзета тога з танчэйшага белага сукна, па краях якой цягнулася шырокая сіняя палоска. Зграбныя зборкі тогі падкрэслівалі лініі яго прыгожай фігуры.
Імя гэтага чалавека было Кай Юлій Цэзар. Яму ў гэты час мінула дваццаць шэсць год. Ён ўжо карыстаўся бязмежнай папулярнасцю за сваю таленавітасць, адукаванасць, красамоўства, прыветлівасць, храбрасць, стрыманасць і нікім непераўзыдзенае далікацтва.
У васемнаццаць год Кай Юлій Цэзар, які быў па сваёй цётцы Юліі пляменнікам Кая Марыя і па сваіх сімпатыях — марыянцам, ажаніўся на Карнеліі, дачцы Луцыя Карнелія Цыны, заўзятага прыхільніка пераможцы тэўтонаў і кімвраў. Як толькі Сула зрабіўся дыктатарам, ён патрабаваў ад маладога Цэзара, каб той разышоўся са сваёй жонкай. Цэзар не захацеў падпарадкавацца, і за гэта Сула прысудзіў яго да пакарання смерцю. Толькі ўмяшанне найбольш аўтарытэтных людзей з партыі Сулы і калегіі вясталак выратавала яму жыццё.
Аднак Цэзар не адчуваў сябе ў бяспецы ў Рыме. Ён ведаў, што Сула сказаў пра яго: «Я ў гэтым Юліі прадбачу шмат Марыяў», і перасяліўся ў Сабіну; там ён вандраваў па гарах Лацыума і Тыбертына да таго часу, пакуль Сула не памёр.
Пасля смерці дыктатара ён удзельнічаў у некалькіх паходах і вызначыўся сваёй храбрасцю. Затым накіраваўся ў Грэцыю, дзе збіраўся слухаць філосафаў і наведваць школы славутых аратараў. Але карабель, на якім ён плыў, быў захоплены піратамі, і Цэзар з усімі сваімі слугамі трапіў у палон. Тут Цэзар праявіў не толькі мужнасць, але і здольнасць загадваць.
Ён запытаўся ў піратаў:
— Які выкуп хочаце вы ўзяць за мяне?
— Дваццаць талантаў, — адказалі яму.
— Я варты не менш як пяцьдзесят, і гэтая сума будзе вам выплачана, але ведайце: вызваліўшыся, я ў першую чаргу злаўлю вас і загадаю прыбіць да крыжоў.
Цэзар не сумняваўся, што патрыцыю з роду Юліяў дадуць на павер такія вялізныя грошы. Ён паслаў некалькі слуг у суседнія грэчаскія гарады і сапраўды атрымаў гэтую суму.
Але па выхадзе на волю ён зараз жа сабраў некалькі трырэм у суседніх партах, пагнаўся за піратамі, напаў на іх, перамог, узяў у палон і перадаў прэтару для распяцця. Даведаў-
шыся, што прэтар замест таго, каб пакараць смерцю, спрабаваў прадаць іх у рабства, Цэзар самаўладна загадаў іх усіх распяць, заявіўшы, што ён гатовы адказваць за гэта перад сенатам і рымскім народам.
Такім быў чалавек, які стаяў каля порціка храма Эскулапа і паглядаў на натоўп, што мітусіўся навокал.
— Прывітанне вялікаму Юлію! — прамовіў мім Метробій, які выйшаў з храма Эскулапа ў кампаніі камедыянтаў і акрабатаў.
— А, Метробій! — усклікнуў з насмешлівай ухмылкай Юлій Цэзар. — Ты не дарэмна траціш сваё жыццё. Ты не прапускаеш ніводнага свята і ніводнага нават нікчэмнага выпадку павесяліцца.
— Эх, вялікі Юлій! Будзем выкарыстоўваць асалоды жыцця, якое падаравалі нам багі. Эпікур папярэдзіў нас, што...
Але Цэзар, перарваўшы цытату з Эпікура, пальцам падазваў міма да сябе.
Мітробій паспешна адышоўся ад сваіх таварышаў, адзін з якіх крыкнуў яму наўздагон:
— Мы будзем чакаць цябе ў сталовай Эскулапа.
— Я зараз прыйду, — адказаў мім і, падышоўшы да Цэзара, сказаў з ліслівай усмешкай: — Нейкі ж бог сёння за апекуна ў мяне, калі дае выпадак зрабіць паслугу табе, вялікі Кай, свяціла роду Юліяў.
— Пра нікчэмную паслугу я цябе буду прасіць, добры Метробій. Прыходзь сёння ўвечары на вячэру ў мой дом, і я табе тады скажу спакойна, у чым справа.
— О, якая ўдача... які гонар... як я табе дзякую, міласцівейшы Юлій!..
— Спыні сваю пахвальбу і варочайся да сваіх сяброў. Я чакаю цябе ў гадзіну змроку.
I велічным жэстам Цэзар развітаўся з Метробіем, які, аж рассыпаючыся ад пахвальбы і паклонаў, накіраваўся ў сталовую Эскулапа.
Радасць яшчэ больш надала яму апетыту. Усеўшыся за сталом, ён старанна ўзяўся за яду і за выдатнае велітэрнскае, якое гаспадар сталовай заўсёды меў у запасе для сваіх сталых наведвальнікаў.
Так прасядзеў ён гадзіны дзве ў кампаніі за вясёлай гутаркай. У галаве яго парадкам зашумела, аднак мім уцяміў, што яшчэ праз гадзіну ён ужо не здолее ісці і прапусціць
вячэру ў Цэзара. Гэтая думка прымусіла яго ўстаць, і ён, спатыкаючыся, няўпэўненымі крокамі рушыў са сталовай.
Да змроку аставалася гадзіны дзве. У Метробія яшчэ было розуму, каб памеркаваць, што яму лепш за ўсё правесці гэты час на свежым паветры — так хутчэй знікне вінны пах і ён прывядзе сябе ў парадак.
Прыняўшы такое мудрае рашэнне, Метробій выбраўся з горада і накіраваўся ў глыб лесу, дзе была грабніца легендарнага цара Нумы Пампілія. Там ён аблюбаваў сабе вялізнае дрэва, што расло на краі палянкі, і ўсеўся пад ім, прыпёршыся спіною да шматгадовага яго ствала.
Урачыстая цішыня лесу настроіла яго на лятуценны лад.
— Аднак, — разважаў ён, — хораша на ўлонні прыроды... і прывабнасць жыцця пастухоў не з’яўляецца цалкам паэтычнай выдумкай... Прыгожае жыццё пастухоў! Далёка ад шуму вялікіх гарадоў... сярод урачыстай цішыні палёў... у прыемнай самоце на мяккай траўцы... сярод падскокваючых казлянят, бляяння ягнят... цурчання ручайка... спеваў салаўя... Прыгожае жыццё пастухоў!
Неўзабаве павекі Метробія пацяжэлі, і думкі пачалі блытацца; стараючыся не заснуць, ён прадаўжаў мармытаць:
— I чаму гэта Нума быў цвярознікам? Інакш ён ператварыў бы ў цудоўнае фалернскае ваду ў сваіх ручаях, і я не пакутаваў бы ад смагі... Фалернскае, так... Яно добрае, а не гэтае здрадніцкае велітэрнскае... як у сталовай Эскулапа, ад якога кружыцца мая галава, у вушах гудзе, нібы я трапіў у асінае гняздо...
Тут Метробій заснуў.
Яму прьіснілася, нібы ён знаходзіцца на полі, высахлым і пустым, нібы над ім ззяе пякучае сонца. Метробій адчуваў, як у горле яго перасохла, і пакутаваў ад пякучай смагі, яму сціскала ў грудзях, быў неспакой, трывога... I вось ён пачуў цурчанне ручая, пабег да яго... бег... бег... Але ногі пацяжэлі, і ступні нібы прыклеіліся да зямлі. Метробій бачыў, што ў ручаі цячэ фалернскае, але, дзіўна, цурчанне ручая было падобна да шэпту чалавечых галасоў. Метробій канчаўся ад смагі. Нарэшце, ён падбег да ручая; калі ж ён кінуўся на зямлю, каб напіцца гэтага цудоўнага віна, да яго насустрач раптам рушыў цар Нума Пампілій з белай доўгай барадою. Цар пазіраў на Метробія грозна і вельмі яго лаяў. Які гучны і металічны голас быў у Нумы Пампілія! Раптам у ручаі замест фалернскага пацякла кроў. Нума Пампілій грозна закрычаў:
— Ты прагнеш крыві, тыран! Дык напіся крыві братоў, подлы палахлівец!
Метробій адчуў, што сэрца яго сціскаецца; ён баяўся гэтага старога са страшэнным голасам і кінуўся наўцёкі, спатыкаючыся аб ламачча і падаючы...
Тут ён прачнуўся.
У першы момант ён не мог зразумець, у сне ці наяве ён усё яшчэ чуе голас Нумы Пампілія, які гаварыў страшныя словы. Але хутка мім пераканаўся, што сапраўды прачнуўся, і зразумеў, што голас, які ён чуў у сне, быў сапраўдным жывым голасам, які гучэў непадалёку ад яго на лясной палянцы.
— I смерць за смерць! Пастараемся хоць памерці дзеля нашай карысці, а не для забаў нашых уладароў, — горача і з энергіяй гаварыў гэты голас. — Шалёныя звяры ў вобразе чалавечым прагнуць крыві, як ільвы лівійскай пустыні; яны з асалодай паглядаюць на кроў прыгнечаных; добра ж, няхай яны прыйдуць са сваімі мячамі і будуць вымушаны глядзець, як цячэ іх кроў, мяшаючыся з нашай, і зразумеюць, што сэрца б’ецца і ў рабоў, і ў гладыятараў, і ў прыгнечаных... I пераканаюцца, клянуся ўсімі багамі, якія жывуць на Алімпе, у тым, што дляўсіх аднолькава павінна свяціць сонца, а зямля даваць плады, для ўсіх у аднолькавай меры жыццё павінна даваць радасць і здавальненне!
Ухвальны гул пачуўся ў адказ на гэтыя палкія словы.
Метробій хутка зразумеў, што тут адбываўся сход людзей, якія задумвалі, відаць, штосьці супраць рэспублікі.
Голас здаўся для яго знаёмым. Але чый гэта быў голас? Дзе ў іншым месцы чуў яго Метробій? Гэтага ён зусім не мог уцяміць.
Ва ўсякім разе камедыянт вырашыў не рабіць шуму і не паказвацца.
Ён зразумеў, што калі яго заўважаць, ён можа трапіць у дрэнную гісторыю.
Ён ціхенька прысеў на кукішкі, нябачны за ствалом вялізнага дрэва, і стаў уважліва слухаць.
— Дык, пасля чатырох год падпольнай упартай працы ці зможам мы, нарэшце, сказаць, што ўзышоў даўгачаканы заранак вызвалення? — запытаўся другі голас, хрыпаты і глыбокі, на блытанай лацінскай мове.
— Ці зможам мы нарэшце распачаць бой? — запытаўся яшчэ адзін.
— Зможам, — адказаў голас, які Метробій пачуў, калі прачнуўся. — Арторыкс рушыць заўтра.
Пачуўшы гэтае імя, Метробій пазнаў прамоўцу: гэта быў Спартак. Метробій зразумеў адразу, аб чым тут гаварылі.
— Арторыкс заўтра рушыць у Равену, — казаў далей Спартак, — і папярэдзіць Граніка, каб ён трымаў напагатове свае пяць тысяч дзвесце гладыятараў, якія створаць першы легіён нашага войска. Другім будзеш камандаваць ты, Крыс; ён складаецца з сямі тысяч сямісот пяцідзесяці членаў нашага саюза, якія жывуць у Рыме. Трэцім і чацвёртым будзем камандаваць я і Энамай. Яны складаюцца з дзесяці тысяч гладыятараў, якія знаходзяцца ў школе Лентула Батыята ў Капуі.
— Дваццаць тысяч гладыятараў у страі, падзеленыя на легіёны! — усклікну