Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
грымотным голасам германец Энамай. — Клянуся багамі пекла! Іду ў заклад, што мы ўбачым, як завязваюць на спіне свае даспехі ганарлівыя легіянеры Сулы і Марыя!
— А цяпер з-за літасці да нашых родных прыгнечаных краін, дзеля поспеху нашай справы, дзеля святой вернасці, якая нас злучае, — сказаў Спартак, — будзем асцярожныя і разважлівыя і не дапусцім, каб праз бяздумную смеласць загінулі ў адзін момант усе вынікі чатырох год працы. Такое шаленства было б злачынствам. На працягу пяці дзён вы пачуеце пра першыя нашы выступленні і ўбачыце сябе гаспадарамі Капуі. Як толькі Энамай і я збярэм нашы атрады, мы паспрабуем нанесці ўдар па сталіцы Кампаніі, тады вы ў Равене і ў Рыме ўзнімеце вашых і злучыцеся з намі. Да таго часу, пакуль Капуя не паўстане, няхай ва ўсіх атрадах пануе вонкавы мір і спакой.
За гэтым была жвавая і бязладная гутарка, у якой удзельнічалі ўсе прысутныя, якія лічыліся ў вярхоўным штабе Саюза прыгнечаных.
Пасля абмену папярэджаннямі гладыятары пачалі разыходзіцца, але Спартак, гукнуўшы іх, сказаў:
— Браты, не ўсе ў адзін бок. Трэба варочацца ў горад па двое або па трое на адлегласці пяцісот або шасцісот крокаў адзін ад аднаго.
I ў той час калі гладыятары адыходзілі з лесу рознымі дарогамі, Спартак, праходзячы з Крысам, Энамаем і Арторыксам паўз дрэва, каля якога калаціўся Метробій, сказаў Крысу:
— 3 табою мы пабачымся пазней, у ціхі час ночы, у Лутацыі Аднавокай, і ты мне тады скажаш, ці зможам мы разлічваць, што праз пяць дзён прыбудзе абяцаная зброя.
— Я іду пабачыцца з паганятым мулаў, які абяцаў пераправіць гэты груз як мага хутчэй.
I Крыс шпарка пайшоў у адзін бок, а Спартак, Энамай і Арторыкс павярнулі ў другі.
— Вось дык штука! — Метробій рабіўся ўсё больш храбрым, чым далей адыходзілі гладыятары. — Вось дык штука!.. Такая бура збіраецца над рэспублікай! Дваццаць тысяч узброеных гладыятараў! Гэтага зусім дастаткова, каб пачалася другая вайна рабоў, як было ў Сіцыліі... I яшчэ болып небяспечная... Гэты Спартак адвагай і прадпрымальнасцю нашмат вышэй за Эўна, які камандаваў сіцылійскімі рабамі. Сам лёс прывёў мяне ў гэты гушчар... Вышнія багі абралі мяне за сваю зброю, каб выратаваць рэспубліку ад пагібелі...
Тут ён успомніў пра Цэзара, які чакаў яго на вячэру. Гадзіна змроку даўно мінулася, і набліжалася ціхая гадзіна ночы, але Мітробій падумаў, што выкрыццё такой змовы прымусіць Цэзара прабачыць за спазненне.
Як толькі гладыятары зніклі з віду, Метробій выйшаў з-пад свайго прыкрыцця і паспяшаўся да дома Цэзара. Увайшоўшы туды, ён запатрабаваў спаткання сам-насам, каб расказаць Юлію пра важныя навіны, ад якіх, можа быць, залежыць лёс Рыма. Цэзар спачатку не звярнуў увагі на словы дурнога п’яніцы, але, падумаўшы крыху, папрасіў дазволу ў гасцей пакінуць іх на кароткі час і прайшоў з трыклінія ў бібліятэку, дзе ўзрушаны Метробій расказаў яму пра змову гладыятараў. Цэзар быў зацікаўлены. Ён некалькі разоў запытаўся ў міма, жадаючы ўпэўніцца, што ўсё гэта не галюцынацыя п’янага мозга Метробія. Урэшце ён пераканаўся, што Метробій гаварыў праўду, але з недаверлівай усмешкай сказаў яму:
— Я не хачу аспрэчваць факты, аб якіх ты паведаміў, але прызнайся, што ад твайго расказу за мілю патыхае байкай і прычынай гэтага ліхаманкавае ўзрушанне твайго мозга пад уплывам велітэрнскага.
— Што мне падабаецца велітэрнскае, асабліва калі яно добрае, і што сёння ўвечары галава ў мяне была не ў парадку, я таксама не буду аспрэчваць, але што датычыць слоў, пачутых мною ў лесе, клянуся табе, вялікі Юлій, я перадаў іх дакладна. Добры сон і свежае паветра ацвярэзілі мяне да таго часу. Дык ці хочаш ты пакінуць рэспубліку ў небяспецы, не папярэджваючы консулаў і сенат?
Цэзар маўчаў у задуменні.
Метробій нецярпліва чакаў адказу.
Нарэшце Цэзар сказаў:
— Я хацеў бы асабіста ўпэўніцца, ці сапраўды сур’ёзная гэтая небяспека. Я хацеў бы праверыць становішча, раней чым вырашыць, як лешп зрабіць. Ідзі ў трыкліній і чакай мяне там, але ні з кім не размаўляй, — ты разумееш мяне, Метробій? — ні аб тым, што ты чуў у лесе, ні аб тым, пра што мы з табой тут гаварылі. Праз гадзіну я вярнуся, і тады мы абмяркуем, што трэба зрабіць на карысць рэспубліцы.
— Я зраблю, як ты загадаў, Цэзар...
— I ты будзеш задаволены: маё сэрца, Метробій, умее быць удзячным, і не напісана ў кнізе лёсу, што Кай Цэзар памрэ з галавой, увенчанай толькі простымі лаўрамі, якімі надараюць на бягах у цырку.
Юлій увайшоў у пакой побач з бібліятэкай, там перамяніў застольнае адзенне на цёмны плашч слугі, схаваўшы пад ім перавязь мяча і прыкрыўшы канцом плашча галаву. Пасля паўтарыў Метробію, каб ён чакаў яго ў трыклініі і нікому не казаў пра змову гладыятараў. Загадаўшы аднаму з слуг ісці за ім следам, ён выйшаў з дома і накіраваўся шпаркімі крокамі да кабачка Венеры Лібіціны.
Апрача дома, які Цэзар меў на Палаціне, у яго быў яшчэ адзін у самым цэнтры Субуры, і ён часам пражываў там з мэтай набыць папулярнасць сярод беднякоў, якія насялялі гэты раён Рыма. Цэзар часта апранаў замест латыклавы грубую туніку, абыходзіў брудныя і цёмныя вуліцы Субуры і Эсквіліна, шчодра дапамагаючы беднаце, і ведаў, як свае пяць пальцаў, усе закавулкі гэтай клаакі, поўнай няшчасця і ганьбы.
Увайшоўшы ў кабачок Венеры Пахавальнай, ён адразу прайшоў у другі пакой, дзе сядзелі за сталом восем або дзевяць рудыярыяў і гладыятараў.
Цэзар прывітаў гэтую групу звычайным «Salvete» (будзьце здаровы), сеў разам са сваім рабом на табурэткі ў кутку і, загадаўшы эфіопцы-рабыні падаць дзве чашы віна, абменьваўся з няўважлівым выглядам нязначнымі словамі са сваім спадарожнікам, пільна паглядаючы на гладыятараў і ўважліва прыслухоўваючыся да іх размовы.
Пазнаўшы Спартака, Цэзар пачаў прыглядацца да яго і з праніклівасцю, уласцівай геніяльным людзям, адразу зразумеў, што перад ім чалавек з мужным сэрцам і вялікім розумам.
Рабыня Азур прынесла тым часам віна, і Цэзар, узяўшы чашу, прапанаваў рабу другую, сказаўшы: «Пі!», а сам, падно-
сячы чашу да рота, толькі рабіў выгляд, што п’е; ён звычайна піў толькі ваду.
Праз некаторы час Цэзар устаў і падышоў да гладыятараў:
— Прывітанне табе, мужны Спартак! Ці не захочаш ты пагаварыць са мною?
Усе павярнуліся, і некалькі чалавек усклікнулі здзіўлена:
— Кай Юлій Цэзар!
— Ну, цішэй! — I будучы дыктатар дружалюбна ўсміхнуўся. — He трэба, каб заўтра ўвесь Рым ведаў, што адзін з пантыфікаў прагульваецца ўначы па кабаках Субуры і Эсквіліна.
Спартак адказаў:
— Я назаву сябе шчаслівейшым, Кай Юлій, калі маё садзейнічанне можа быць для цябе карысным у якой-небудзь справе.
— Значыць, ты згодзен пакінуць ненадоўга кампанію гэтых малайцоў і прайсціся са мною да бліжэйшай гарадской сцяны?
— Для беднага рудыярыя вялікі гонар прайсціся з такім высакародным і слйвутым квірытам.
— Ніколі не бываюць беднымі тыя, якія храбрыя, — сказаў Цэзар, накіроўваючыся да выхаду і падаўшы знак рабу чакаць яго тут.
— Ах! — уздыхнуў Спартак. — Навошта льву сіла, калі ён у кайданах?
Яны выйшлі на вуліцу і моўчкі накіраваліся да сцяны каля поля, дзе чатыры гады таму назад гладыятары забілі адпушчаніка Кая Верэса.
Поўны месяц асвятляў сады, агароды, вінаграднікі і бязмежныя палі, якія цягнуліся да схілаў тускуланскіх і лацыумскіх узгоркаў, якія чарнеліся на краі гарызонта. Цэзар першым парушыў маўчанне:
— Колькі табе год, Спартак?
— Трыццаць тры.
— Ты фракіец?
— Так.
— Я ведаю фракійцаў як храбрых людзей і на полі бітваў і ў любой небяспецы. А ты не толькі дужы і мужны, але вызначаешся высакароднымі манерамі і адукаванасцю.
— Адкуль ты гэта ведаеш?
— Ад адной жанчыны... Але слухай, Спартак, табе і справе, якой ты аддаўся, пагражае небяспека.
— Пра якую справу і пра якую небяспеку ты гаворыш? — запытаўся здзіўлена Спартак.
— Я даведаўся пра ўсё, але я прыйшоў сюды не для таго, каб нашкодзіць табе, Спартак. Наадварот, я хачу выратаваць цябе. Хтосьці, седзячы за дрэвам у лесе, мімаволі чуў вашу размову ў гэтую ноч.
— О, пракляцце багам! — закрычаў Спартак у роспачы.
— Гэты чалавек яшчэ не паведаміў консулам пра сваё адкрыццё, але, як бы я ні стараўся яго затрымаць, ён гэта зробіць немінуча сёння ноччу або заўтра досвіткам, і твае чатыры легіёны гладыятараў будуць рассеяны раней, чым яны злучацца.
Спартак быў страшэнна ўсхваляваны; схапіўшыся за галаву, ён прашаптаў:
— Пяць год работы, надзей, барацьбы, працы павінны загінуць марна ў адзін момант. Усё будзе скончана, і не застанецца ніякай надзеі, і зноў мы будзем марнець ад гэтага подлага жыцця, як рабы...
Цэзар адчуў павагу да яго роспачы, такой высакароднай, такой пакутлівай і вялікай. Ён мімаволі захапляўся гэтым гладыятарам, які ў любві да свабоды набіраўся сілы для справы, вартай толькі грэчаскіх або рымскіх герояў; які ў неверагодна цяжкіх умовах з упартасцю, прадбачлівасцю і смеласцю здолеў сабраць армію з дваццаці тысяч воінаў.
Вочы Цэзара загарэліся. Ён падумаў: каб яму даць пад каманду гэтыя чатыры легіёны, дваццаць тысяч байцоў, ён заваяваў бы ўвесь свет і стаў бы ўладаром Рыма, гразою патрыцыяў, кумірам простага народу.
Так апанаваныя, адзін — трывогай, другі — ганарлівымі марамі, яны абодва маўчалі. Спартак, раптам схамянуўшыся, з жэстам, поўным дзікай энергіі, сказаў:
— He, клянуся маланкамі Юпітэра Пакаральніка, гэтага не будзе.
— А што ж ты зробіш? — запытаўся Цэзар.
Спартак паглядзеў у спакойныя вочы Цэзара.
— А ты, Цэзар, сябар нам ці вораг?
— Я хацеў бы быць першым і ні ў якім разе не буду другім.
— Тады ты можаш зрабіць для нас усё — наша выратаванне залежыць ад цябе.
— Якім чынам?
— Выдай нам чалавека, які ведае нашу тайну.
— Гэта значыць, каб я, рымлянін, дапусціў паўстанне ўсіх
рабоў Італіі на пагібель Рыму, калі я магу перашкодзіць гэтаму.
— Твая праўда, я забыўся, што ты рымлянін.
— I хачу, каб увесь свет зрабіўся падуладным Рыму.
— У табе, значыць, увасабляецца тыранія лацінян над усімі народамі зямлі. У цябе зарадзілася думка, больш грандыёзная, чым у Александра Македонскага! Пасля таго калі рымскія арлы разгорнуць свае крылы над усёй зямлёю, ты хочаш закуць іх у ланцугі, сціснуць іх у жалезным кулаку? Рым — уладар народаў, ты — уладар Рыма!
Цэзар, вочы якога бліснулі, сказаў:
— Аб чым я мару, ніхто не ведае, і, маг