Спартак  Рафаэла Джаваньёлі

Спартак

Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
71.43 МБ
бітага пры Херанеі, і пра Мітрыдата, пераможанага і прагнанага ў глыб Азіі, і пра ліквідацыю пагібельнага пажару грамадзянскай вайны; адзначыў яго смеласць і храбрасць і звярнуўся да сенатараў з просьбай, каб такому чалавеку былі аказаны пахавальныя ўшанаванні, вартыя яго і рымскага народа, палкаводцам і правадыром якога ён быў.
Пад канец ён прапанаваў, каб астанкі Сулы з урачыстай пышнасцю былі перавезены з Кум у Рым і пахаваны на Марсавым полі.
Кароткая прамова Катула выклікала шумную ўхвалу амаль на ўсіх лавах, занятых сенатарамі, і вялікае абурэнне на галерэі, дзе тоўпілася публіка.
Калі шум сціх, устаў Лепід і сказаў наступнае:
— Мне шкада, да гаркаты шкада, о бацькі-сенатары, што я павінен сёння не згадзіцца з думкамі майго славутага калегі Катула, у якім я першы прызнаю і цаню доблесць і высакароднасць душы. Але мне здаецца, што якраз пад уплывам добрага свайго сэрца, а не з-за інтарэсаў дзяржавы і не дзеля гонару нашай бацькаўшчыны ён унёс прапанову не толькі не дамесную, але шкодную і несправядлівую. Ён ад дабраты свайго сэрца прывёў усе доказы на карысць памёршага Луцыя Карнелія Сулы, якія могуць прымусіць гэты высокі сход аказаць нябожчыку імператарскія ўшанаванні і наладзіць царскае пахаванне на Марсавым полі. Але калі пад уплывам празмернай сваёй дабраты мой калега спамянуў пра заслугі і высакародныя справы нябожчыка, ён забыўся — або, лепш сказаць, яму патрэбна было забыцца — пра тыя бядоты, якія Сула ўчыніў сваёй бацькаўшчыне, і — скажам адкрыта, без баязлівага прытворства і без сарамлівасці, — пра заганы, якімі ён запляміў сваё імя і аднаго з якіх хапіла б, каб засмуціць і нават зусім знішчыць памяць пра яго подзвігі і перамогі.
Гэтым разам вялікае абурэнне пачулася з боку сенатараў, і гучныя воплескі на галерэі.
Ватый Ізаўрык падаў знак трубачам, і яны затрубілі, заклікаўшы народ да парадку.
— Так, скажам шчыра, — гаварыў далей сваю прамову Эмілій Лепід, — імя Сулы злавеснае для Рыма. Яно нагадвае толькі патаптаныя законы бацькаўшчыны, знішчаны аўтарытэт трыбунаў, затаптаную ў гразь годнасць консулаў, дэспатызм, уведзеныя ў правіла самаўпраўныя забойствы тысяч і тысяч нявінных грамадзян, ганебныя праскрыпцыі, грабяжы і
крадзяжы па яго загаду, яго імем, зробленыя на шкоду бацькаўшчыне, для знішчэння рэспублікі.
I вось такога чалавека, пачуўшы імя якога, не знаходзіцца ніводнага сумленнага грамадзяніна, які не ўспамінаў бы пра якое-небудзь няшчасце, такога чалавека, які ўсякі свой капрыз і ўсякую сваю страсць ператварыў у закон, — вось такога чалавека мы хочам сёння ўрачыста ўшанаваць па заслугах, наладзіць царскае пахаванне і абвясціць ўсенародную жалобу.
Як жа гэта? Мы пахаваем Луцыя Сулу, разбуральніка рэспублікі, на Марсавым полі, дзе ўзвышаецца паважаная магіла Публія Валерыя Публіколы, які быў адным з заснавальнікаў гэтай рэспублікі. Якраз там, на гэтым полі, дзе, па спецыяльных пастановах сената, былі пахаваны астанкі найболып славутых і доблесных грамадзян мінулага часу, мы дапусцім, каб ляжала цела таго, хто найбольш высакародных і выдатных грамадзян нашага часу адправіў у высылку або забіў? Ці дадзім мы загане тое, што нашы бацькі ў мінулыя часы прызначылі як узнагароду за дабрачыннасць? I навошта мы зробім гэтую справу, такую нізкую, такую супраціўную нашай годнасці, нашаму сумленню?
Можа, ад страху перад дваццаццю сямю легіёнамі, якія змагаліся за яго і раскватараваны цяпер у найбагацейшых мясцовасцях Італіі, дзе ён больш за ўсё лютаваў і дзе мацней за ўсё праяўлялася яго жорсткасць? Або мы зробім так з-за баязі перад дзесяццю тысячамі самых подлых рабоў, якіх ён самаўпраўна, па дэспатычнаму капрызу, насуперак нашым звычаям і законам, зрабіў вольнымі і ўзвысіў у самую пачэсную і паважаную годнасць — годнасць рымскага грамадзяніна?
Я дапускаю, што пад уплывам слабавольнасці і ад страху, які ён наганяў усюды дзякуючы сваёй крывавай усёмагутнасці, пры яго жыцці ніхто не адважваўся заклікаць народ і сенат да абароны законаў нашай радзімы. Але, дзеля ўсіх багоў — апекуноў Рыма, я ў вас пытаюся, бацькі-сенатары, што цяпер прымушае вас прызнаваць справядлівым таго, хто быў няправедным, ушаноўваць як чалавека вялікай душы таго, хто быў разбэшчаным і самым шкодным грамадзянінам, і пастанаўляць аб ушанаваннях, якія аказваюцца толькі вялікім і дабрадзейным людзям, горшага і найбольш гнюснага з сыноў Рыма?
О дайце мне, дайце магчымасць, бацькі-сенатары, не страціць зусім надзеі пра лепшы лёс нашай бацькаўшчыны, дазвольце мне спадзявацца, што мужнасць, дабрадзейнасць, пачуццё ўласнай годнасці і сумленне ўласцівы яшчэ гэтаму
высокаму сходу, што не нізкі страх, але глыбокае пачуццё ўласнага велічча пераважае яшчэ ў рымскіх сенатараў! Адхіліце як факел новых грамадзянскіх смут, як няварты і ганебны дэкрэт унесеную прапанову пра пахаванне на Марсавым полі і з ушанаваннямі, якія аддаюцца вялікаму грамадзягііну і славутаму імператару, цела Луцыя Карнелія Сулы.
Шумнымі воплескамі прыняты былі словы Марка Эмілія Лепіда, і апладыраваў не толькі народ, які сабраўся на галерэі, але таксама і шмат якія сенатары гэтай мужнай і поўнай глыбокага пачуцця прамове консула.
Тады ўстаў Кней Пампей Вялікі, адзін з найбольш маладых і найбольш любімых сенатараў і дзяржаўных дзеячаў у Рыме; ён у сваёй прамове, праўда не такой гладкай і зграбнай, бо ён не быў красамоўным, але ў прачулых, вельмі шчырых словах адзначыў у пасмяротнай хвале заслугі Луцыя Сулы. Ён не выслаўляў яго бліскучых подзвігаў і высакародных спраў і не абараняў яго вартых ганьбавання дзеянняў і ганебных фактаў, прыпісваючы іх не чалавеку, але ненармальным умовам прыйшоўшай да разладу рэспублікі, пільнай неабходнасці, якая вымагалася момантам, калі Сула быў на чале ўсёй дзяржавы.
Вялікае ўражанне зрабіла на ўсіх, і асабліва на сенатараў, шчырая, простая і натхнёная прамова Пампея.
Прапанова Катула была пастаўлена на галасаванне, і ў яго карысць выказаліся чатыры пятых прысутных сенатараў.
Тайнае галасаванне, якое вымагалася законам, дало такія вынікі: трыста дваццаць сем галасоў за прапанову Катула і дзевяноста тры супраць.
Перамога была на баку патрыі Сулы, і сход быў закрыты пры найвялікшым узрушэнні, якое, распаўсюджваючыся з курыі Гастылія на суседнія плошчы і вуліцы, выклікала бурныя маніфестацыі.
Тысячы і тысячы галасоў віталі консула Лепіда, а іншыя, пераважна з трыбы карнеліяў, каб адпомсціць, апладзіравалі Пампею Вялікаму. Узаемныя пагрозы, лаянка і зневажанні скончыліся б, безумоўна, кровапраліццем, каб Пампей, з аднаго боку, і Лепід — з другога, праходзячы праз натоўп поплеч, не заклікалі б гучнымі галасамі кожны сваіх прыхільнікаў да спакою, да парадку, да цішыні, прапануючы ўсім разысціся па дамах.
Усюды: у корчмах, харчэўнях, у сталовых, на людных скрыжаваннях горада, на форуме, у базіліках і пад порцікамі адбываліся жорсткія спрэчкі і крывавыя сутычкі, так што ў
гэтую ноч давялося аплакваць многіх забітых і яшчэ большы лік раненых і былі спробы падпаліць дамы найболып вядомых прыхільнікаў Сулы.
У той час калі ў Рыме адбываліся гэтыя падзеі, другія, вельмі важныя для ходу нашага расказу, былі ў Кумах.
У дзень смерці Сулы, праз некалькі гадзін пасля гэтай падзеі, на вілу памёршага дыктатара прыбыў па дарозе з Капуі чалавек, па вопратцы і па выгляду гладыятар, і, як толькі ўвайшоў, запытаўся, ці можа ён бачыць Спартака.
Гэта быў мужчына год сарака, вялізнага росту і геркулесаўскага складу. Смуглы, грубы яго твар быў увесь з’едзены воспаю. У чорных, маленькіх, поўных агню і адвагі вачах было штосьці лютае, бадай звярынае. Густы чуб валасоў і ўскалмачаная барада яшчэ больш узмацнялі ўражанне дзікасці.
Але, не зважаючы на непрывабны выгляд, ён неяк гарнуў да сябе. Твар яго свяціўся шчырасцю, грубай чэснасцю, дзікай, але высакароднай гордасцю.
Чакаючы Спартака, гэты вялізны чалавек пачаў пахаджваць па алеі, якая вяла да будынка школы. Спартак, убачыўшы госця, рынуўся да яго. Абодва гладыятары некалькі разоў пацалаваліся. Спартак запытаўся:
— Ну, што новага, Энамай!
— Навіны старыя, — адказаў гладыятар гучным, глыбокім і прыемным голасам. — Я кажу, што той страшэнны гультай, хто не дбае, хто не рыхтуецца, хто нічога не робіць. Я кажу, Спартак, мой дарагі сябар, што, на маю думку, надышоў час узяць у рукі мячы і ўзняць сцяг паўстання.
— Цішэй, Энамай. Клянуся багамі, апякунамі Германіі, ты хочаш праваліць нашу справу.
— Наадварот, я хачу бачыць яе закончанай з самымі паспяховымі вынікамі...
— А калі так, дык май на ўвазе, што не крыкамі, гарачы ты чалавек, але разважлівасцю і асцярогай мы даб’ёмся поспеху.
— Даб’ёмся поспеху? Але калі? Вось якраз пра гэтае я і хацеў даведацца.
— Калі загавор даспее...
— Вядома, з цягам часу ўсё зробіцца! Але такія плады, як наша паўстанне, ведаеш, як яны даспяваюць? Тут патрэбна смеласць, мужнасць, дзёрзкасць... Пачнём неадкладна, а калі мы выйдзем на вуліцу, дык убачыш, што справа пойдзе сама сабою.
— Май цярплівасць, гарачы ты чалавек! Колькі далучылася да нашага саюза за тры месяцы ў школе Лентула Батыята, да якой ты належыш?
— Сто трыццаць.
— Сто трыццаць з дзесяці тысяч гладыятараў!.. I табе здаецца, што плады нашай працы даспелі?
— Калі пачнецца паўстанне, дык паўстануць і астатнія.
— Але як яны далучацца да нас, калі яны не ведаюць, у чым справа, хто мы, да якой мэты мы імкнёмся, якія сродкі ў нас ёсць для паспяховага выканання нашага плана? Тым больш пэўнай будзе наша перамога, чым большае будзе давер’е, якое мы ўнушым нашым таварышам. Напрыклад, ты, Энамай, мацнейшы сярод дзесяці тысяч гладыятараў школы Лентула Батыята, што ты здолеў зрабіць да гэтага дня? Як ты выкарыстаў свой уплыў, заваяваны па праву сілай і мужнасцю? Колькі людзей ты сабраў і ўцягнуў у наш баявы саюз? Колькі такіх, якія ведаюць пра сутнасць задуманай намі справы? Ці шмат такіх у школе Лентула, якія ведаюць мяне ці хоць бы Крыса?
— Але якраз таму, што я не такі адукаваны, як ты, таму, што я не ўмею гаварыць прыгожа і пераканаўча, я і дамагаўся ад нашага ланісты Батыята, каб ён запрасіў цябе ў якасці настаўніка фехтавання. I вось...
Кажучы гэтае, Энамай дастаў з-за пояса невялікі ліст папіруса, складзены