Спартак  Рафаэла Джаваньёлі

Спартак

Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
71.43 МБ
ыма, я сам не ведаю. Але вось ты, Спартак, які з дзіўнай упартасцю і вопытнасцю вялікага палкаводца сабраў войска рабоў, арганізаваў іх у легіёны і гатовы кіраваць імі ў часе паўстання, скажы мне, што ў цябе ў думках? Чаго ты хочаш?
— Я хачу знішчыць гэты разбэшчаны рымскі свет і на яго руінах убачыць зараджэнне незалежнасці ўсіх народаў; я хачу знішчыць ганебныя законы, якія робяць аднаго чалавека панам, а другога рабом. Я хачу разбіць ланцугі няшчасных, прыкутых да калясніцы рымскіх перамог; я хачу спаліць усе амфітэатры, у якіх народ, што падобны да драпежнага звера і называе нас варварамі, п’янее ад разні і бойні людзей, народжаных для культуры, для шчасця, для кахання. Я хачу, дзеля ўсіх маланак усёмагутнага Юпітэра, убачыць знішчэнне на зямлі рабства, з’яўленне сонца свабоды. Свабоды я шукаю, свабоды прагну, свабоду чакаю і заклікаю. Свабоду як для асобных людзей, так і для народаў, вялікіх і малых, для магутных і слабых, а разам са свабодай — міру, росквіту, справядлівасці і ўсяго вышэйшага шчасця, якім неўміручыя багі далі чалавеку магчымасць цешыцца на зямлі.
Цэзар слухаў Спартака з усмешкай спагады, ківаючы галавою, і, калі той скончыў, запытаўся:
— А пасля, высакародны, неразважлівы чалавек, а пасля?
— А пасля панаванне права над сілай, розуму над парываннямі, а пасля раўнапраўе паміж людзьмі, братэрства паміж народамі, перамога дабра паміж чалавецтвам.
— I ты верыш у магчымасць усіх гэтых цудоўных спраў? Небарака летуценнік!
Цэзар змоўк на хвіліну, а пасля прадоўжыў:
— Выслухай мяне, Спартак, і абмяркуй добра мае словы, прадыктаваныя пачуццем, якое ты мне ўнушыў і якое больш
трывалае і моцнае, чым ты можаш думаць, хоць Цэзар нялёгка дорыць свае пачуцці і яшчэ цяжэй — сваю пашану. Справа, з якою ты сябе звязаў, больш чым немагчымая, гэта безумоўна хімера як па мэце, да якой ты імкнешся, так і па спосабах, якія ў цябе ёсць. Што твае дваццаць тысяч гладыятараў здолеюць напалохаць Рым, ты, напэўна, і сам не думаеш, і калі ты на што-небудзь разлічваеш, дык гэта на вялізную колькасць рабоў, якіх слова «свабода» прывабіць пад твае сцягі. Але дапусцім, што лічба гэтых рабоў павялічыцца да ста, да ста пяцідзесяці тысяч, дапусцім, чаго ніколі не можа быць, што яны дзякуючы табе будуць звязаны жалезнай дысцыплінай і будуць змагацца як мага найлепш, натхнёныя мужнасцю ад роспачы. Ці думаеш ты, што яны здолеюць перамагчы чатырыста тысяч легіянераў, заваявальнікаў цароў Азіі і Афрыкі, якія з’яўляюцца грамадзянамі і ўласнікамі? Гэтыя ж легіянеры будуць люта змагацца з вамі, рабамі, пазбаўленымі маёмасці, носьбітамі, на іх погляд, руйнуючых прынцыпаў, перамога якіх іх разарыць. Вы будзеце змагацца, натхнёныя роспаччу, яны — інстынктам самазахавання; вы — дзеля заваявання правоў, яны — за сваю ўласнасць, і няма ніякага сумнення, хто ўрэшце пераможа. Перавышаючы вас па колькасці, яны знойдуць у кожным горадзе, у кожнай муніцыпіі саюзніка, а вы — ворага; для іх — усе багацці дзяржаўнай казны і ўсе багацці патрыцыяў; за іх — аўтарытэт рымскага імені, мудрасць вопытных палкаводцаў, інтарэсы ўсіх гарадоў і ўсіх грамадзян, безлічныя караблі рэспублікі і дапаможныя войскі з усёй зямлі. Тваёй мужнасці, тваёй гордасці, твайго вялікага розуму дастаткова для таго, каб надаць парадку і дысцыпліны натоўпу варвараў, упартых, дзікіх, ураджэнцаў самых розных краін, не звязаных слаўнымі традыцыямі, дзелавымі і сваяцкімі сувязямі, амаль незнаёмых з мэтамі, дзеля якіх яны будуць змагацца. Ты — я гэта прызнаю — з тваёю цвёрдай воляй, з тваім розумам здольны камандаваць войскам, але ты здолееш дамагчыся толькі таго, каб схаваць заганы твайго войска, як хаваюць язвы на целе, каб пахіснуць у праціўніка надзею на перамогу. Але, праяўляючы дзівосную праніклівасць і доблесць, ці здолееш ты перамагчы?
— Ну, дык што ж? — усклікнуў Спартак з бесклапотнасцю генія. — Я спаткаю слаўную смерць за справядлівую справу, і кроў, пралітая намі, апладніць поле свабоды, ляжа новым ганебным кляймом на твар прыгнятальнікаў, народзіць безліч тых, хто будзе помсціць. Вось самая лепшая спад-
чына, якую можна пакінуць патомкам, — прыклад для пераймання!
— Найвялікшая самаадданасць, але бескарысная і непатрэбная ахвяра. Цяпер, калі я табе паказаў, што сродкі, якія ты можаш мець, недастатковыя для дасягнення тваёй мэты, я табе давяду, што сама гэтая мэта ёсць зман узрушанай фантазіі, няўлоўны для чалавецтва прывід, які здалёку здаецца блізкім і жывым, але чым бліжэй ты да яго падыходзіш, тым далей ён адступаецца ад цябе; і калі ты думаеш, што вось-вось яго злавіў, ён знікае на тваіх вачах.
3 таго часу, калі чалавек пакінуў лясы і пачаў жыць у грамадстве, знікла свабода і з’явілася рабства. Кожны закон, які абмяжоўвае права індывідуума на карысць калектыву, ёсць гвалт над свабодай. Усюды і заўсёды больш моцны і болып хітры будзе панаваць над народнымі масамі. Нават найбольш мудрыя і добра арганізаваныя рэспублікі не здолелі ўнікнуць гэтага закону, які мае карані ў самой прыродзе чалавека; сумны канец Фіваў, Спарты і Афін сведчыць пра гэтае. I нават у нашай Рымскай рэспубліцы, заснаванай на ўладзе народу, ты бачыш, што ўся ўлада цяпер захоплена групкай патрыцыяў, у іх руках усе багацці, а значыць, і ўся сіла, і яны ўжо зрабілі ўладу спадчынай. Ці свабодны нават рымскія грамадзяне, якім не хапае хлеба, у якіх няма жылля і плашча, каб схавацца ад зімніх халадоў? Яны самыя нізкія рабы першага, хто іх сустрэне і захоча купіць іх голас; права голасу — адзіная спадчына, адзінае багацце гэтых згалелых уладароў свету. Свабода — гэта слова, пазбаўленае сэнсу, гэта струна, якая гучыць у душы мас і часта дапамагае якраз тырану.
Я таксама, Спартак, пакутую ад фанабэрыстай ганарлівасці гэтых ненавісных патрыцыяў і прыгнечаны смуткам і няшчасцямі беднага плебса, але я бачу, што толькі на пагібелі першых можа быць створан дабрабыт апошняга; для таго, каб знішчыць панаванне алігархаў, трэба падладжвацца да парыванняў народу, але трымаць яго на повадзе, кіраваць ім з жалезнай воляй і з найвялікшай аўтарытэтнасцю. I з тае прычыны, што чалавек чалавеку воўк, бо чалавечы род падзелены на ваўкоў і ягнят, на каршуноў і галубоў, на пажыраючых і пажыраемых, дык я ўжо зрабіў свой выбар і паставіў сабе цяжкую задачу: заўладаць уладай і пераставіць лёс абодвух бакоў, зрабіўшы прыгнятальнікаў прыгнечанымі, пажыраючых — пажыраемымі.
— Але, выходзіць, ты, Цэзар, хоць і часткова, натхнёны маімі ж пачуццямі...
— Так, і я адчуваю жаласць да рабоў, да якіх я заўсёды літасцівы, і спагаду да гладыятараў. Але, каб дасягнуць вызначанай мэты, мне неабходна значна болып майстэрства, чым гвалту, больш спрытнасці, чым сілы, смеласці і разам з гэтым асцярогі — неразлучных спадарожнікаў на небяспечным шляху. Я адчуваю, што мне прызначана дасягнуць вялікай вышыні, я хачу яе дасягнуць і дасягну. Мне выгадна выкарыстаць сілы, што сустракаюцца на шляху, нібы рацэ, якая, збіраючы ў сваё рэчышча ўсе патокі, упадае ў мора, бурлівая і магутная. I я звяртаюся да цябе, Спартак, бо ты надзелены найвялікшай мужнасцю і абраны для вялікіх спраў, і кажу табе: ці хочаш ты пакінуць шалёную думку пра немагчымае паўстанне і зрабіцца замест гэтага памочнікам і спадарожнікам лёсу Цэзара? У мяне свая зорка — Венера, мая прарадзіцельніца, якая вядзе мяне па дарозе жыцця і прарочыць мне высокі лёс. Раней ці пазней я атрымаю для кіравання якую-небудзь правінцыю і легіёны. Тады я буду мець перамогі, трыумфы, зраблюся консулам; я буду руйнаваць троны, заваёўваць народы і падначальваць дзяржавы...
Цэзар быў надзвычай узрушаны, і яго твар здаваўся асветленым агнём пабліскваючых вачэй. Яго ўсхваляваны голас, яго велічны і ўнушальны выгляд на момант зачаравалі Спартака. Але Цэзар змоўк, і Спартак, вызваліўшыся з-пад улады яго красамоўства, запытаўся суровым голасам:
— А пасля?
— А пасля... панаванне над усім светам! Значыць, — сказаў Цэзар ужо спакойным тонам, — кінь гэтую справу, якая загадзя асуджана на няўдачу, і пераканай сваіх таварышаў перацярпець усё з тым, каб у іх засталася надзея заваяваць свае правы законным спосабам, а не са зброяй у руках. Будзь маім сябрам і ідзі за мною ў маіх паходах; ты атрымаеш пад каманду храбрых байцоў і тады здолееш вельмі бліскуча праявіць незвычайныя здольнасці, якімі цябе надарыла прырода...
— Немагчыма! Дзякую табе, Кай Цэзар, за высокую ацэнку, якую ты даў мне, і за спакуслівую прапанову, але ў мяне свой лёс і свой шлях, і я не магу і не хачу кінуць сваіх братоў па рабству. Калі там, угары, ёсць яшчэ справядлівасць, дык наша справа не загіне; а калі людзі і багі будуць змагацца супраць мяне, я, як Аякс, здолею загінуць не скарыўшыся, мужна і спакойна.
Цэзар зноў быў у захапленні ад гэтага чалавека. Моцна паціснуўшы руку Спартаку, ён сказаў:
— Няхай будзе так! I таму, што ты бясстрашны, я табе прарочу шчаслівы лёс, бо я ведаю, наколькі бясстрашнасць душы дапамагае ўнікаць няшчасцяў. Я шчыра жадаю табе шчасця, — яно адыгрывае ва ўсіх справах вялікую ролю, асабліва ў ваенных справах і ў кароткія перыяды вялікіх рэвалюцый. А ты, які сёння ўвечары быў гатовы бачыць канчатковы правал сваёй справы, калі Фартуна павернецца да цябе тварам, можаш лёгка дзякуючы своечасовым мерам апынуцца заўтра блізка да поспеху і трыумфу. А цяпер спяшайся ў Капую: я не здолею, ды і не павінен перашкодзіць таму чалавеку пайсці да консулаў з мэтай выкрыць вашу змову. Дык пастарайся, калі шчасце на тваім баку, трапіць туды раней за ганцоў сената... Бывай!
— Няхай багі будуць тваімі апекунамі, Кай Юлій... і... бывай!
Пантыфік і рудыярый зноў паціснулі адзін аднаму рукі і моўчкі спусціліся пустэльнай вуліцай да кабачка Венеры Лібіціны. Цэзар, заплаціўшы за віно, накіраваўся ў свой дом у суправаджэнні раба. А Спартак у ліхаманкавай трывозе, сабраўшы сваіх таварышаў, кожнаму з іх аддаў загады: Крысу даручыў знішчыць усякія сляды загавору сярод гладыятараў Рыма, Арторыксу — імчацца ў Равену да Граніка, а сам з Энамаем, сеўшы на двух дужых коней і ўзяўшы з сабою пяць талантаў з касы Саюза прыгнечаных, каб мець магчымасць у дарозе купіць новых коней, буйнай рыссю паімчаўся да Капуанскіх варот.
Цэзар, вярнуўшыся дадому і ўвайшоўшы ў трыкліній, даведаўся, што Метробі