Спартак  Рафаэла Джаваньёлі

Спартак

Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
71.43 МБ
 ў гэты час была найбольшая небяспека, Спартак сказаў ім:
— Армодый, Клувіян, імем вярхоўнага штаба загадваю вам ісці.
Абодва юнакі адышлі з болем у сэрцы, накіроўваючыся кожны да свайго атрада.
Тады Спартак скамандаваў:
— Наперад!
I разам з Энамаем, увайшоўшы першым у калідор, дзе быў уваход у склад, ён з хуткасцю маланкі рынуўся на легіянераў, што сцераглі дзверы.
Між тым трубы пратрубілі ў другі раз, і атрад рымлян рушыў адначасова на тры двары, дзе сабраліся гладыятары, і пачаў кідаць дроцікі ў бяззбройных. Гладыятары пачалі адступаць у свае камеры.
— Зброю! — крычалі безабаронныя.
Але бура з дроцікаў усё бушавала, і хутка адступаючыя гладыятары кінуліся наўцёкі.
Тады пачалася калатня каля выхадаў, у вузкіх калідорах. Чулася лаянка, дзікія крыкі, упрошванні і просьбы, стогны раненых і паміраючых.
Збіванне гладыятараў у першых трох дварах і іх уцёкі былі прычынай расстройства і боязі ў кагортах, якія сабраліся на астатніх дварах; рады паўстаўшых пачалі шпарка радзець, расстройвацца.
Між тым Спартак і Энамай з двума таварышамі — у цесным калідоры нельга было змагацца больш як чатыром у радзе — за кароткі час паспелі прагнаць легіянераў ад дзвярэй склада. Гладыятары, якія запоўнілі калідор, пачалі звальваць факелы ў кучу перад дзвярыма, стараючыся падпаліць іх.
Але легіянеры, што ўцяклі ад Спартака, паспелі папярэдзіць Сервіліяна пра небяспеку, якая пагражае складу. Цэнтурыён Папілій са сваім атрадам паспяшаўся да школы Геркулеса, рынуўся ў калідор, дзе ўжо загарэліся дзверы, і загадаў кідаць у гладыятараў дроцікі.
Атрад Спартака пачаў адступаць, але з той прычыны, што тут былі самыя храбрыя і дужыя гладыятары, адступаў у поўным парадку, кідаў у рымлян факелы, даставаў дроцікі з цела забітых і параненых і, дзейнічаючы імі, як мячамі, адбіваўся ад легіянераў.
Выйшаўшы з Энамаем на двор, Спартак убачыў бязладныя ўцёкі гладыятараў і па крыках, воклічах і енках зразумеў, што
ўнутры школы ўсё страчана, што застаўся адзін шлях да выратавання — прарвацца і шукаць прытулку на Везувіі.
Ён вярнуўся ў дом і закрычаў грымотным голасам, які быў пачуты сярод рову і шуму бойкі:
— У каго ёсць меч, няхай застанецца тут і абараняе як мага лепш гэты выхад.
Некалькі гладыятараў, узброеных адабранымі ў легіянераў мячамі і коп’ямі, сталі жывой загародай ля выхаду, якім дарэмна стараўся заўладаць Папілій.
— Ідзіце за мною! — закрычаў Спартак, размахваючы факелам.
I разам з Энамаем ён шпарка накіраваўся да таго месца ў абкружаючай школу сцяне, дзе была невялікая брамка, ужо шмат год таму назад забітая наглуха.
Для таго каб спаліць яе, патрэбна б было сама менш паўгадзіны часу, а сякер і малаткоў, каб збіць гэтую брамку, гладыятары не мелі. Што трэба было рабіць?
У гэты час Энамай заўважыў мармуровую калону, якая ляжала ля сцяны, і закрычаў:
— Выходзь, хто дужэйшы!
Зараз жа сем або восем гладыятараў выйшлі наперад і сталі ля Энамая, які выбраў аднаго з іх, самніта, амаль такога ж гіганта, як ён сам, і, нахіліўшыся да калоны і паклаўшы рукі пад адзін яе канец, сказаў:
— Ну, а цяпер ты бярыся за другі канец; паглядзім, які ты дужы.
I яны, падняўшы без цяжкасці і разгушкаўшЬі гэтую вялізную глыбу, кінулі яе на ўсю сілу ў дзверы, якія затрашчалі ад страшэннага ўдару.
Два разы павінны былі абодва сілачы паўтарыць гэты манеўр, каб, нарэшце, дзверьі паваліліся на зямлю; тады дзвесце гладыятараў, патушыўшы факелы, моўчкі выйшлі за сцяну і накіраваліся па вузкіх і брудных вуліцах горада да шынка Ганімеда.
Гэта быў бліжэйшы да школы Лентула шынок, які найболып наведвалі гладыятары. Гаспадар яго, рудыярый, вялікі сябар Спартака, удзельнічаў у змове.
Спартак, Энамай і яшчэ некалькі гладыятараў увайшлі ў шынок, які быў не болып як на выстрал з самастрэла ад варот Геркулеса, дзе вартавалі легіянеры міліцыі на чале з баязлівым прэфектам Мецыем Лібеёнам.
Спартак падбег да печы і ўзяў вялізны ражон, а Энамай і
астатнія сабралі ў бярэмы ражны, нажы і косы і пачалі размяркоўваць гэтую зброю сярод таварышаў. У выніку ўзброіліся амаль усе дзвесце чалавек. Тады вельмі ціха яны падышлі да варот Геркулеса і рынуліся на легіянераў, якія зусім не чакалі нападу з гэтага боку.
Бойка цягнулася толькі некалькі хвілін; страшэнным націскам гладыятары хутка разграмілі гэтую невялікую колькасць легіянераў. Няшчасны прэфект кінуўся на калені:
— Я — чалавек тогі... Я не зрабіў... нічога дрэннага... літасці... о, доблесныя... літасці!..
У гэты час Энамай так ударыў яго ў грудзі, што ён паляцеў кулем.
Гладыятары рушылі да гарадской сцяны. Тут Спартак спыніўся і сказаў Энамаю:
— Мы павінны падзяліцца на два атрады. Палова з нас затрымаецца тут, каб аказаць супраціўленне нашым праследавацелям і даць час для другой паловы перабрацца цераз гарадскую сцяну.
— Застаюся я! — крыкнуў Энамай.
— He, ты павядзеш да Везувія, а я застануся тут.
— Hi ў якім разе! Калі я памру, ты здолееш прадоўжыць вайну, а калі ты загінеш, усё будзе скончана.
— Бяжы, Спартак! — усклікнулі гладыятары. — Мы застанёмся тут з Энамаем.
Слёзы паказаліся на вачах Спартака, і, паціснуўшы руку германца, ён сказаў:
— Бывайце... я чакаю вас на Везувіі...
I разам са сваім атрадам ён знік у лабірынце сцежак, што вялі да гарадской сцяны. У гэты час Энамай загадаў тым, якія з ім засталіся, выкідваць з суседніх дамоў лаўкі, ложкі і іншую мэблю. Гладыятары забарыкадавалі вуліцу, падрыхтаваўшы такім чынам супраціўленне рымскім кагортам, якія ўжо набліжаліся.
Раздзел XI
АД КАПУІ ДА ВЕЗУВІЯ
Пад поўнач невялікі атрад гладыятараў, якія ўцяклі са школы Лентула, спыніўся ля вілы Карнелія Далабелы, прыблізна за восем міль ад Капуі.
Спартак некалькімі ўдарамі ў вароты абудзіў сабак і вартаўніка, старога фесалійца-раба, які раней не хацеў адчыняць і толькі калі Спартак пагразіўся, адсунуў запоры і ўпусціў нечаканых гасцей.
Як толькі гладыятары прайшлі па шырокай алеі, Спартак загадаў зачыніць вароты і пакінуў тут на варце атрад з пяці чалавек.
Пасля ён зрабіў агляд сваіх таварышаў, якіх было семдзесят восем.
— Эх, Барторыкс, — сказаў Спартак маладому галу, які стаяў ля яго, — калі шчасце паспрыяе нашай адважнасці, дык гэтая групка здолее ўзняць вялікую вайну, і — хто ведае! — ці не пакінута на старонках гісторыі гэтым сямідзесяці васьмі месца побач з трымастамі ля Ферманіл?.. Хто ведае!
У гэты час выклікалі аканома вілы, і Спартак паабяцаў яму, што гладыятары не наробяць ніякай шкоды яго гаспадару, не будуць грабіць і ўчыняць ніякіх гвалтаў.
Ен толькі папрасіў аканома забяспечыць атрад харчамі. Аканом згадзіўся. Гладыятары неадкладна атрымалі ежу і віно і харчовыя запасы на тры дні. Спартак не адпачываў ужо на працягу некалькіх дзён і больш трыццаці гадзін нічога не браў у рот, аднак ён з’еў вельмі мала і выпіў толькі глыток віна. На віле сярод рабоў знайшоўся лекар, які ўправіў яму вывіхнутую руку і параіў падмацаваць сілы сном, папярэдзіўшы, што інакш ён можа захварэць на гарачку. Спартак згадзіўся легчы, папярэдне даўшы падрабязныя інструкцыі Барторыксу. Барторыкс, як параіў лекар, не будзіў яго, і Спартак прачнуўся на другую раніцу вельмі позна, але затое з адноўленымі сіламі.
Перш за ўсё ён сабраў усіх рабоў Далабелы на пляцу перад домам, а сам разам з кіраўніком дома і турэмшчыкам рушыў да турмы.
Турмы для рабоў былі на ўсіх вілах, ва ўсіх вясковых дамах рымлян. Вязні ў іх трымаліся закутымі і павінны былі працаваць з жалезнымі колцамі на руках і нагах. Вызваліўшы больш дваццаці няшчасных, Спартак далучыў іх да сабраных на пляцу. Зразумелымі словамі ён расказаў гэтаму натоўпу пра справу, якую ён задумаў і якой прысвяціў усё сваё жыццё.
— Хто з вас хоча вызваліцца і лічыць, што лепш з гонарам памерці на полі бітвы са зброяй у руках, чым марнець у рабстве, хто з вас адчувае сябе смелым, моцным і гатовым вытрымаць усе цяжкасці і небяспекі вайны, хто з вас адчувае ўсю ганьбу ненавісных кайданоў, няхай той возьме ў рукі любую зброю і ідзе з намі.
Гарачыя словы Спартака зрабілі моцнае ўражанне. Больш васьмідзесяці чалавек пабралі сякеры, косы і трызубцы і зараз жа ўступілі ў Саюз прыгнечаных.
Тымі мячамі і коп’ямі, якія знайшліся на віле, узброіліся Спартак, Барторыкс і самыя храбрыя з гладыятараў. Спартак побач з кожным гладыятарам мудра размясціў рабоў Далабелы для таго, каб гладыятары надалі навічку сілы і мужнасці. Пастроіўшы ў строгім парадку сваю кагорту, у якой цяпер ужо аказалася больш ста пяцідзесяці чалавек, Спартак за дзве гадзіны да паўдня выйшаў з вілы, накіроўваючыся праз палі і вінаграднікі па глухіх сцежках да Неапаля. Па дарозе ён спыняўся ў кожнай віле, даставаў, дзе мог, зброю і ўсюды заклікаў рабоў да паўстання.
Такім чынам маленькі атрад за адны суткі вырас да трохсот чалавек. Досвіткам гладыятары падышлі да Везувія. Прыблізна за дзве мілі ад Пампеі Спартак спыніўся, заняўшы некалькі садоў з абодвух бакоў дарогі, укрыў воінаў за радамі пахучых акацый, мірт і размарынаў і вырашыў чакаць тут узыходу сонца.
Неўзабаве на вяршыні гары з’явіліся шараватыя хмаркі; яны нагадвалі лёгкія хвалі дыму над пажарам, які раптам узнік на схілах суседніх Апенін.
Хмаркі рабіліся ружовымі, пасля пурпуровымі, затым з’явілася найтанчэйшая плёнка бліскучага золата, і на гару, якая да гэтага часу нагадвала вялізную чорную масу, раптам шуганулі праменні яркага сонца, асвятліўшы яе велічныя контуры: і вяршыні, пакрытыя цёмнымі, густымі лясамі, і змрочныя прорвы,
што чарнеліся між пластоў шэра-попельнай лавы, і квітнеючыя схілы, якія, спускаючыся на шмат міль наўкола, здавалася, рассцілалі ўнізе гордага гіганта дзівосны рознакаляровы дыван, сатканы з кветак і зелені.
У той час Везувій меў форму, якая значна адрознівалася ад цяперашняй, і не быў грозным, як зараз. Вывяржэнні адбываліся і ў вельмі даўнія часы, пра якія ў эпоху Спартака не захавалася нават успамінаў. Пра іх сведчылі толькі пластовыя адклады лавы вакол гары. На гэтай вулканічнай глебе былі пабудаваны гарады Стабія, Геркуланум і Пампея.
Але ад незапомных часоў агонь, які булькатаў у жэрле вулкана, не трывожыў шчаслівага жыцця гэтых дзівосных мясцін, і насельнікі іх былі праслаўлены паэтамі як жыхары пераддзвер’я да Елісейскіх палёў. Сапраўды, ні ў якім іншым месцы на зямлі паэты не маглі знайсці столькі хараства, столькі чаруючых якасцей, якія адпавядалі ўваходу ў Элізіум.
Толькі падземныя штуршкі і землетрасенні парушалі спакой жыхароў Кампа