Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
і абараняцца. У той жа час яны паслалі ганцоў у Неапаль, Брундызіум і Рым па дапамогу.
Але ўсе ганцы трапілі ў рукі Спартака, які выставіў варту не толькі на вялікіх дарогах, але на прасёлкавых і сцежках. Абарона Нолы, якая праводзілася дрэнна ўзброенымі і мала знаёмымі з вайсковай справай гараджанамі, цягнулася толькі дзве гадзіны. Гладыятары, якія мелі шмат лесвіц, хутка, з нязначнымі стратамі заўладалі сценамі, праніклі ў горад і, узлаваныя ад супраціўлення, пачалі збіваць грамадзян і грабіць дабро. Спартак з уласцівай яму энергіяй змог прыпыніць разню і рабаванні толькі праз некалькі гадзін.
Букцыны і трубы пратрубілі па вуліцах збор, і легіён гладыятараў пастроіўся на гарадскім форуме. Спартак, падняўшыся на ступенькі храма, павярнуў бледны і грозны твар да сваіх салдат. У глыбокай цішыні пачуўся яго магутны голас:
— Такім чынам, клянуся ўсімі багамі пекла, вы, дзікія і злачынныя людзі, дамагаецеся назвы грабежнікаў, славы разбойнікаў і забойцаў? Хіба гэта тая свабода, якую мы прыносім рабам, тая дысцыпліна, пры дапамозе якой мы спрабуем зрабіцца людзьмі, вартымі адабраных ад нас правоў, тыя высакародныя ўчынкі, якімі мы хочам здабыць прыхільнасць да нас жыхароў Італіі? Вам недастаткова мець супраць сябе веліч і магутнасць рымскага імені, вы яшчэ хочаце ўзняць на сябе гнеў, пракляцці і помсту ўсіх народаў?
У Італіі глядзяць на нас з бояззю, з падазрэннем, з недаверам, і хто для нас не адкрыты вораг, той ужо ў кожным разе і не сябар; наша святая справа і наш сцяг — самы высокі, які калі-небудзь развяваўся на палях бітвы, — не карыстаецца пакуль што прыхільнасцю. Каб заваяваць гэтую прыхільнасць, у нас ёсць толькі адзін сродак — дысцыпліна.
Дысцыпліна жалезнымі петлямі стварае непранікальную і непераможную браню рымскіх легіёнаў; і не таму, што рымляне мацнейшыя і храбрэйшыя за ўсіх на свеце, але таму, што не было і няма ніводнай арміі болып дысцыплінаванай, як рымская, — вось чаму да гэтага дня рымляне перамагаюць усіх ворагаў. Нічым не дапамагаюць вам сіла вашых рук і ваша мужнасць, калі падобна да таго, як вы перанялі страявы парадак ад рымлян, вы не вывучыце і не будзеце праводзіць на справе іх дысцыпліны.
Калі вы хочаце мець мяне за свайго правадыра, я патрабую, каб вы падначальваліся мне і ўмелі стрымліваць сябе, бо ў парадку, у паслушэнстве, у стрыманасці — сіла войска.
Кожны сваімі багамі павінен даць клятву, усе вы павінны даць мне клятву сваім гонарам, што ад гэтага часу ніколі вы не зробіце нават самага нязначнага ўчынку супраць дысцыпліны.
Каб забяспечыць перамогу, патрэбна каб я дзейнічаў так, як зрабіў консул Манлій Торкват са сваім сынам, — адсекчы галаву самаму дарагому з сяброў, калі ён будзе вінаваты нават у самым малым парушэнні ўстаноўленых намі законаў; патрэбна, каб вы маглі трымацца так, як, згодна апавяданням узрушаных гісторыкаў, трымаліся рымскія легіёны, якія спыніліся лагерам каля яблыні: пасля таго, калі знялі палаткі, яблыня
была пакрытая пладамі ў такой жа колькасці, як і ў дзень, калі тут спыніліся легіянеры.
Толькі пры такой умове мы станем вартымі свабоды, якой мы так горача дамагаемся; толькі пры такой умове мы здолеем перамагчы самае моцнае і доблеснае на свеце войска.
Па меры таго як Спартак гаварыў, ухвальны гул нарастаў у радах, а калі ён скончыў, загрымелі бурныя аднадушныя воплескі.
Потым Спартак вывеў сваю армію з Нолы, паблізу якой на адным з узгоркаў ён размясціўся лагерам, і прабыў тут больш двух месяцаў, няспынна праводзячы вучэнні і манеўры. Колькасць салдат павялічылася да васьмі тысяч, так што ён мог скласці з іх два поўныя легіёны.
Гэтым часам у Рыме вырашылі паслаць супраць гладыятараў Публія Варынія з легіёнам, які складаўся большай часткай з навабранцаў, бо ветэраны і легіянеры, якія прайшлі баявую школу, былі пасланы супраць Серторыя і Мітрыдата ў Іспанію і Афрыку.
За некалькі дзён да таго, калі Публій Варыній рушыў з Рыма, у лагер ля Нолы з’явілася больш як дзве тысячы чалавек, з якіх многія былі ўзброены чым давялося — рыдлёўкамі, трызубцамі, сякерамі, сярпамі, іншыя — толькі завостранымі каламі і толькі нямногія — коп’ямі і мячамі. Гэта былі гладыятары са школ Акцыяна, Юлія Рабецыя і іншых ланістаў Рыма. На чале іх атрада быў Крыс, паплечнік і сябра Спартака, які калісьці выратаваў яго жыццё на арэне Вялікага рымскага цырка.
Усе яны былі зараз жа ўзброены і размеркаваны пароўну па двух легіёнах, з якіх першым камандаваў Энамай, а другім — Крыс. Спартак пад аднадушныя воклічы быў абвешчаны вярхоўным правадыром усёй арміі.
Праз два дні пасля прыходу Крыса разведчыкі данеслі Спартаку, што па Апіевай дарозе рушыць хуткім маршам Публій Варыній. Правадыр гладыятараў загадаў зняцца з лагера і ноччу тайна выступіў насустрач ворагу.
Раздзел XIII
АД БІТВЫ ПРЫ КАЗІМІНЕ ДА БІТВЫ КАЛЯ АКВІНА
Публій Варыній, плебей па паходжанню, дасягнуў прэтарскай годнасці дзякуючы таму, што меў усе якасці рымскага салдата: быў умераны ў ядзе і піцці, абмежаваны ў сваіх жаданнях, вынослівы, дысцыплінаваны і храбры. Але ў яго не было высокага розуму, роўнага высакародству яго душы, і культуры, роўнай яго мужнасці, так што, будучы надзвычайным салдатам, ён быў не вельмі выдатным камандзірам.
Такім чынам, на васемнаццаты дзень перад ліпеньскімі календамі (14 чэрвеня) 680 года Варыній накіраваўся супраць гладыятараў па Апіевай дарозе на чале шасці тысяч легіянераў, тысячы велітаў (лёгкаўзброеная пяхота), шасцісот прашчнікаў, якія былі далучаны да легіёна па настойванню прэтара і дзякуючы ўмяшанню Лукула з прычыны неабходнасці для такой кампаніі лёгкаўзброеных часцей, і трохсот чалавек конніцы — агулам васьмі тысяч маладых, дужых і вельмі добра ўзброеных байцоў. Квестарам у яго быў Кней Фурый, чалавек трыццаці пяці год, мужны, разумны, ён вельмі добра ведаў ваенную справу, але пагруз у куцяжах і дэбошах.
За тры дні Публій Варыній дайшоў да Гаэты, горада, які знаходзіўся ад Нолы на адлегласці пяці дзён пераходу. Тут ён размясціўся лагерам і выпрацаваў наступны план дзеянняў: ён вырапіыў падзяліць свае сілы і, наступаючы па дзвюх амаль паралельных дарогах супраць лагера гладыятараў, зрабіць напад на іх адначасова з двух бакоў. Гэтым тактычным манеўрам ён разлічваў дамагчыся канчатковай і поўнай перамогі.
Такім чынам, ён даў квестару Кнею Фурыю каля трох тысяч салдат і загадаў ісці па Апіевай дарозе ўздоўж марскога берага, а сам з астатнімі сіламі меў намер рушыць па дарозе, якая праходзіла бліжэй да Апенін. Гэты план быў бы добры пры ўмове, калі гладыятары сталі б чакаць рымлян каля Нолы, не кратаючыся з месца; у гэтым Варыній, які лічыў Спартака не чалавекам, а чымсьці падобным да нячыстай жывёлы, зусім не сумняваўся.
Спартак, наадварот, як толькі даведаўся, што прэтар рушыў супраць яго і што ён ужо ў Гаэце, неадкладна выступіў па той жа дарозе, па якой ішоў Кней Фурый. Ён адразу зразумеў, што прэтар Варыній зрабіў глупства, падзяліўшы сваё войска, цалкам разгадаў яго план і з вастрынёй думкі, уласцівай толькі найвялікшым розумам, зараз жа ўцяміў, што трэба было рабіць: пранікнуць паміж абедзвюх частак непрыяцельскага войска і разбіць паслядоўна абедзве, рынуўшыся шпарка, як маланка, раней на адну, а пасля на другую.
Адной з выдатных ваенных якасцей Спартака была хуткасць, з якою ён разгадваў планы праціўніка, прымаў сваё рашэнне і ажыццяўляў яго. Ён вывучыў і перанёс у сваё войска ваенны парадак і дысцыпліну рымлян, але не пераняў ад іх палкаводцаў традыцыйнай тактыкі, якая забараняла ўхіляцца ад пэўных правілаў і навыкаў, а прыстасоўваў рашэнні, рух і дыверсіі да мясцовасці, да ўмоў і да пазіцыі непрыяцеля; ён распрацаваў і ўвёў у практыку самую простую і адначасова самую лагічную і выгадную тактыку хуткасці, якую ўжываў Кай Марый. Пазней такая тактыка дала Юлію Цэзару перамогу над усім светам.
У гэтай вайне Спартак вырашыў знішчыць рымскія сілы па частках, пачаўшы з Фурыя. А Фурый, даведаўшыся ад разведкі, што Спартак пасоўваецца яму насустрач, сышоў з указанай яму Варыніем дарогі і накіраваўся да гарадка Казіміна.
Казімін, вясёлы і шматлюдны горад, знаходзіўся на правым беразе ракі Вальтурна, за сем міль ад Капуі. Для Спартака было надзвычай важна заўладаць гэтым месцам, адкуль ён панаваў бы над абодвума берагамі і ўсёй далінай Вальтурна. Спартак у сваю чаргу звярнуў з Апіевай дарогі, каб прапусціць Фурыя і пасля ўдарыць яму ў тыл. Ён прайшоў міма Капуі і таксама рушыў да Казіміна.
Жыхары Казіміна, напалоханыя раптоўным з’яўленнем гладыятараў, выслалі насустрач Спартаку прадстаўнікоў гарадской улады і ўпусцілі яго ў горад без супраціўлення.
За час, які прайшоў ад паражэння Клодыя Глабра да выступлення Публія Варынія, Спартак паспеў сфарміраваць конны атрад з шасцісот чалавек, на чале якога ў якасці прэфекта ён паставіў храбрага Барторыкса. Гэтая конніца была патрэбна Спартаку галоўным чынам для разведкі.
Сапраўды, праз два дні пасля заняцця Казіміна конная разведка пад камандай Барторыкса выявіла калоны Кнея Фурыя непадалёку ад горада.
Спартак неадкладна пачаў рыхтавацца да бою. Ён вывеў з лагера першы легіён і размясціў яго ў дзве лініі баявым парадкам. Наперадзе рассыпаліся дзве тысячы велітаў і прашчнікаў, за гэтай першай лініяй выстраілася ўся астатняя маса цяжкаўзброеных байцоў.
Другі легіён, падзелены на дзве часткі, ён паслаў праз палі і вінаграднікі, адну — направа, другую — налева, і загадаў адысці як мага далей і схавацца.
Сонца толькі што ўзышло, пазалочваючы навакольныя ўзгоркі, зелянеючыя вінаграднікі, жаўтаватыя палеткі і цвітучыя лугі, калі авангард рымлян з’явіўся на вачах у гладыятарскіх велітаў, якія расцягнуліся ланцугом і спаткалі непрыяцельскую конніцу градам камення і свінцовых шароў. Рымскія коннікі зараз жа павярнулі назад і самкнутым галопам паімчаліся папярэдзіць квестара аб прыбліжэнні Спартака. Спартак прайшоў у гэтым паходзе пяшком, аднолькава са сваімі таварышамі. Але ў рэзерве, на выпадак баявых дзеянняў, у яго быў дзівосны дужы чорны конь. Жадаючы напасці як мага хутчэй, ён ускочыў на каня і загадаў трубачам даць сігнал ісці ў атаку шпаркім маршам, каб не даць непрыяцелю часу выстраіцца ў баявы парадак.
Кней Фурый, падыходзячы да Казіміра, нечакана для самога сябе даведаўся