Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
ія Варынія, узятыя ў палон у часе бітвы пад Аквінам. Іх было шасцёра, усе вышэй сярэдняга росту, з доўгімі валасамі, унушальныя з выгляду. Паверх лат на іх былі плашчы з грубага цёмнага сукна, прымацаваныя спражкай на правым плячы і апушчаныя па калені; у левай руцэ кожны трымаў на плячы пучок прутоў, з верхняга канца якога тырчэла сякера. Яна змяшчалася ўнутры пучка толькі ў часе вайны. У правай руцэ кожнага быў прут — сімвал іх годнасці.
Урачыстыя крыкі пачуліся, калі з’явіліся рымскія ліктары.
Тады правадыр гладыятараў саскочыў з каня і з ліктарамі наперадзе, у суправаджэнні Крыса, Граніка і Энамая пачаў абыходзіць фронт двух германскіх легіёнаў, з якіх складаўся першы корпус, аглядаючы салдат і хвалячы іх за добры догляд зброі і за баявую выпраўку.
Ліктары ішлі з пакорлівым выглядам, схіліўшы галовы на
грудзі, з тварамі, то бледнымі ад ледзь стрымліваемага гневу, то чырвонымі ад сораму.
— Якая ганьба! Якая ганьба! — сказаў адзін з іх, якога звалі Атацылій, дрыжачым ледзь чутным голасам ішоўшаму побач таварышу.
— Лепш было памерці пад Аквінам, — адказаў той, — чым застацца жывым для такой ганьбы.
Ліктар, што так адказаў, быў стары больш за шэсцьдзесят год, худы, з сівымі валасамі, са строгім тварам, з рубцом на лбе, арліным носам, шэрымі жвавымі вачыма; адразу можна было заўважыць на гэтым твары выраз мужнай энергіі; імя яго было Семпліцыян.
Кожны раз калі ліктары падымалі позіркі, яны бачылі на ўсіх тварах радасць ад іх прыніжэння, усмешкі пераможцаў, якія высмейваюць пераможанага ворага.
— О заганьбаванае вялічча рымскага імені! — прашаптаў Атацылій, павярнуўшы да Семпліцыяна твар, заліты слязамі.
— О, багі, заступнікі Рыма, хутка выратуюць мяне ад такой пакуты! — адказаў глухім голасам стары Семпліцыян, на бурклівым і строгім твары якога былі відаць пакуты ад сораму, што ён перажываў.
На працягу трох гадзін Спартак абышоў фронт усіх легіёнаў, рассыпаючы па радах словы ўхвалы і падбадзёрвання, указанні адносна захавання строгай дысцыпліны — галоўнай умовы перамогі. Агляд закончыўся дэманстрацыяй атакі і цэраманіяльным маршам.
Пры пабудове новага лагера гладыятары паставілі для Спартака, без яго ведама, вартую палкаводца палатку. I ў гэты ўрачысты дзень быў наладжан у ёй абед для дзесяці начальнікаў легіёнаў, трох намеснікаў Спартака і начальніка кавалерыі. Пачастунак быў сціплым, каб не зрабіць непрыемнасці Спартаку, які на працягу ўсяго свайго жыцця быў умераны ў ядзе і вельмі стрымліваўся піць.
На банкеце панавала самая шчырая весялосць. Пад канец абеду ўстаў Рутылій, падняў высока чашу, поўную пеннага віна, і гучным голасам усклікнуў:
— За свабоду рабоў, за перамогу прыгнечаных, за здароўе непераможнага Спартака, нашага імператара!
Спартак у сваю чаргу падняў чашу:
— За Юпітэра добрага, найвялікшага вызваліцеля! За чыстую, беззаганную багіню свабоды, каб яна скіравала на нас
свае боскія вочы і дамагалася прыхільнасці да нас усіх багоў, што жывуць на Алімпе!
Усе падхапілі гэты тост і выпілі, хоць галы і германцы не верылі ні ў Юпітэра, ні ў іншых багоў, грэчаскіх і рымскіх. Таму Энамай чокнуўся, заклікаючы дапамагчы Одына, а Крыс заклікаў быць прыхільным Гезуса. Нарэшце, эпірот Фесалоній, які быў паслядоўнікам Эпікура і не верыў ні ў якіх багоў, сказаў:
— Я паважаю вашу веру, і я вам зайздрошчу, але не згодзен адносна яе з вамі. Багі — гэта прывіды, створаныя страхам народаў. Кожнага разу, калі на нас звальваецца няшчасце, выгадна верыць у звышнатуральную сілу, выгадна набірацца ў гэтай веры сілы духу і ўцяшэння! Але калі перакананы, што прырода стварае і руйнуе сама па сабе і што, ствараючы, яна карыстаецца ўсімі сваімі сіламі, не заўсёды нам вядомымі, часта таямнічымі і няўцямнымі, але заўсёды сіламі матэрыяльнымі, дык як можна верыць у так званых багоў? Таму дазвольце мне, сябры, уславіць нашу справу згодна маім думкам і перакананням: за адзінства душ, за смеласць сэрцаў, за моц мячоў у лагеры гладыятараў!
Усе далучыліся да тоста эпікурэйца, і зноў пачалася вясёлая і жвавая гутарка.
Калі банкет скончыўся і сябры Спартака развіталіся з ім, сонца ўжо хілілася да захаду.
Пасля адыходу гасцей Спартак выйшаў з палаткі, жадаючы агледзець лагер. Ён павольна ішоў па дарожцы, апанаваны сваімі думкамі. Размова ў адной з палатак прыцягнула яго ўвагу.
— Вядома, твая праўда, Семпліцыян, — гаварыў нехта на лацінскай мове. — Ганебны наш лёс, але хіба мы вінаваты ў гэтым няшчасці? Хіба не біліся мы храбра, не шкадуючы жыцця, каб выратаваць прэтара Варынія ад лютых удараў Спартака? Хіба не быў ты павалены на зямлю? Хіба не быў я паранены? Хіба не трапілі мы ў палон, пераможаныя большым па ліку непрыяцелем? Што мы маглі больш зрабіць? Калі вышэйшыя багі кінулі рымлян, калі багі да гэтага часу ахоўвалі слаўных рымскіх арлоў ад усялякіх небяспек толькі для таго, каб яны ганебна кінуліся наўцёкі ад подлага гладыятара, дык што маглі і што здолеем зрабіць мы, звычайныя смертныя?
— Ах, клянуся дванаццаццю багамі згоды, клянуся Юпітэрам найдобрым, найвялікшым вызваліцелем, клянуся Марсам,
які асабліва заступаецца за народ Квірына! — усклікнуў другі голас. — Ці думаў я калі-небудзь, што пражыву шэсцьдзесят два гады для таго, каб бачыць такую ганьбу? Пасля таго, калі на працягу дваццаці шасці год я ішоў наперадзе ўсіх консулаў, пачынаючы з Кая Марыя і канчаючы Луцыем Ліцыніем Лукулам і Маркам Аўрэліем Котай, якія займаюць гэтую пасаду ў гэтым годзе, дык няўжо, клянуся Геркулесам, я павінен ісці наперадзе пагарджанага гладыятара, якога бачыў сваімі вачыма на арэне цырка? He! Клянуся ўсімі багамі, гэта вельмі ганебна. Такой ганьбы я не магу вытрымаць.
У голасе старога ліктара было гэтулькі годнасці, такі высакародны гонар, што Спартак быў расчулены і зацікаўлены.
— Ну, добра... А што ты можаш зрабіць супраць волі багоў і рашэнняў варожага лёсу? Усё ж давядзецца табе, як і ўсім нам, падвергнуцца незаслужанаму сораму, — запярэчыў першы голас.
— He, клянуся ўсімі багамі неба і пекла, не, я не схілю гордай галавы рымляніна перад ганьбай; не, я не падпарадкуюся самаўпраўству несправядлівага лёсу і як рымлянін смерцю выратую сябе ад учынкаў, не вартых народжанага па жаданню багоў на берагах Тыбра.
У гэты ж момант Спартак пачуў крыкі жаласці і жаху.
Шпарка абышоўшы вакол палаткі, ён апынуўся ля ўваходу ў яе, дзе, зацікаўленыя крыкамі, ужо тоўпіліся гладыятары.
Гладыятары з пашанай расступіліся перад правадыром. Стары Семпліцыян ляжаў на кучы саломы з глыбокай ранай, якую ён зрабіў сабе пад левым саском.
Кроў цякла струменямі з раны, і строгі, спакойны твар старога ліктара пакрыўся прадсмяротнай бледнасцю.
— Што ты зрабіў, мужны стары? — запытаўся ў паміраючага Спартак. — Чаму ты не папрасіў вызваліць цябе ад хадзьбы з ліктарскімі знакамі наперадзе мяне, калі для цябе гэта было так цяжка? Храбрыя разумеюць храбрых, і я зразумеў бы цябе, і я...
— Рабы не могуць разумець вольных, — сказаў аслаблым голасам паміраючы.
— О, душа, якая нарадзілася вялікай і зрабілася нікчэмнай праз тваё выхаванне, заснаванае на гонары і забабонах! Хто ж устанавіў на зямлі дзве розныя пароды людзей, падзяліўшы іх на рабоў і свабодных? Хіба да пакарэння Фракіі я не быў свабодным, як ты, і хіба не зрабіўся ты рабом пасля бітвы каля Аквіна?
— Варвар! Ты не разумееш, што неўміручыя багі далі рымлянам уладу над усімі людзьмі... He засмучай маёй агоніі сваёй прысутнасцю...
I тут Семпліцыян абодвума рукамі адпіхнуў таварышаў, якія адарванымі ад тунік палоскамі стараліся перавязаць яго рану.
— Дарэмна! Удар быў дакладны... I каб ён быў няўдалы, дык заўтра я паўтарыў бы яго! Дарэмна...
Ён памёр.
— Вось стары дурань! — паціху прамовіў адзін гладыятар.
— Стары варты пашаны! — адказаў Спартак.
Раздзел XV
СПАРТАК ПЕРАМАГАЕ ЯШЧЭ АДНАГО ПРЭТАРА I АДОЛЬВАЕ ЦЯЖКІЯ СПАКУСЫ
Тым часам у Рыме пасля другога паражэння прэтара Публія Варынія зразумелі, нарэшце, што пяцьдзесят тысяч узброеных гладыятараў, якія зрабіліся поўнымі гаспадарамі Кампанскай правінцыі, з’яўляюцца грознай небяспекай.
Таму ў каміцыях гэтага года замест прэтара Публія Варынія быў абраны амаль пры аднадушным галасаванні народу і сената Кай Анфідый Арэст, патрыцый, вельмі спрактыкаваны ў вайсковай справе, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам за сваю мужнасць і праніклівасць.
Ён сабраў войска ў трыццаць тысяч байцоў і, калі настала чароўная італьянская вясна, выйшаў з Лацыума і па Апіевай дарозе прасунуўся да горада Фондзі. Там ён даведаўся, што Спартак выступіў насустрач і размясціўся лагерам у мясцовасці, дзе магла леіші за ўсё дзейнічаць яго кавалерыя, у якой было ўжо шэсць тысяч коннікаў.
Спартак размясціў свой лагер на адлегласці трох гадзін дарогі ад рымскага і чакаў, што непрыяцель пачне наступленне; але мінула больш як пятнаццаць дзён, а Арэст, не жадаючы трапіць у пастку, заставаўся ў сваім лагеры.
Тады Спартак задумаў план, варты вялікага палкаводца. Ноччу, зусім ціха, ён выйшаў з васьмю легіёнамі з лагера, пакінуўшы ў іх Энамая з яго двума легіёнамі і з кавалерыяй; усю ноч ён ішоў абыходным шляхам, зводзячы з сабою ўсіх, якія сустракаліся па дарозе, людзей: сялян, рыбакоў, жанчын, дзяцей, для таго, каб ні адна вестка пра яго рух не дайшла да непрыяцеля, і пад раніцу размясціў лагер у тыле рымлян.
Гладыятарскія стралкі падышлі амаль да самага частакола рымскага лагера, і Арэсту спатрэбіўся ўвесь яго аўтарытэт, каб стрымаць ад бою сваіх абураных легіянераў. Ен цвёрда вырашыў не распачынаць бітвы. Дарэмна прачакаўшы яшчэ восем дзён, Спартак вырашыў развіваць свой план далей. Аднойчы разведчыкі данеслі Анфідыю Арэсту, што на ўсход і на захад ад іх стаянкі з’явіліся яшчэ два гладыятарскія ла-
геры. Сапраўды, там умацаваліся Гранік і Крыс, кожны з двума легіёнамі.
Такім чынам правадыр гладыятараў зусім абкружыў Анфідыя Арэста і паставіў яго перад выбарам: або змагацца, або здацца праз некалькі дзён ад голаду.
I прэтар аказаўся сапраўды вымушаным напасці на адзін з лагераў гладыятараў, каб выйсці з гэтага кальца, прычым ніякай надзеі на перамогу ў яго не магло быць. На які б лагер ён ні напаў, дык менш як праз тры гадзіны падышла б дапамога з бліжэйшага, а пасля і з астатніх лагераў гладыятараў, і рымляне былі б абкружаны з усіх бакоў.
У такім цяжкім становішчы прэтар вырашыў звярнуцца да жрацоў, да якіх, на