Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
куламі. Па вопратцы яго можна было палічыць за слугу або адпушчаніка багатай сям’і.
Гаспадар зноў пачаў балбатаць, пакуль, нарэшце, абодва падарожнікі не запатрабавалі, каб ён даў ім пад’есці.
— Умомант падам смажанага баранчыка, далікатнага, як трава, на якой пасвілася яго маці, і старога фармійскага, пахучага, як нектар Юпітэра. — I гаспадар пайшоў, нарэшце, паклапаціцца пра абед.
— Дзякаваць Юпітэру, — сказаў землеўласнік, — што ён пазбавіў нас ад нястрымнай балбатні гэтай прэфікі.
— Сапраўды, надакучлівы чалавек, — адказаў адпушчанік, і на гэтым размова спынілася.
У той час калі адпушчанік, відаць, быў апанаваны сваімі думкамі, апулійскі землеўласнік уважліва разглядаў яго.
Нарэшце, гаспадар прынёс абяцаную смажаніну з баранчыка.
Абодва падарожнікі ўзяліся за яго з вялікім апетытам, запіваючы яду выслаўленым фармійскім віном. Заспакоіўшы голад, апуліец звярнуўся да гаспадара з пытаннем:
— Дык табе падабаецца мой конь?
— Клянуся Геркулесам! Вядома, падабаецца. Гэта конь сапраўднай апулійскай пароды, стройны, шустры, з тонкімі нервовымі нагамі, з прыгожай выгнутай шыяй. У яго ўсе якасці гэтай пароды... Паверце, што я, будучы больш дваццаці год гаспадаром паштовай станцыі, разбіраюся ў конях, асабліва нашай апулійскай пароды...
— А ты даў бы на замену майго каня аднаго з тваіх дваццаці?
— 3 сарака, грамадзянін, з сарака, бо мая станцыя першакласная...
— Дык ці не дасі ты аднаго з сарака, са ста, з тысячы тваіх коней, якія ёсць ў стайнях?! — закрычаў узлаваны апуліец. — Няхай Эскулап пашле табе пухліну на язык.
— Ах, абмяняць вядомага мне каня на другога, які прыгожы, але якога я не ведаю!.. — запярэчыў, скрабучы ля вуха, гаспадар. — Гэтае мне не вельмі было б выгадна... Год пяць таму назад са мною здарылася якраз...
— Але я зусім не хачу аддаць табе майго каня, якога я не прамяняю на лепшага з тваіх. Я хачу пакінуць яго ў заклад... Ты мне дасі аднаго з тваіх коней, каб даехаць да першай станцыі, дзе я пакіну яго і вазьму другога, і так буду рабіць, пакуль не даеду... пакуль не прыеду, куды
мне трэба. Варочаючыся, я забяру свайго Аякса, так завуць майго гнядога.
— Гэта іншая справа, я на гэта згодзен. Ты знойдзеш свайго каня сытым, гладкім, здаровым. Я ведаю, як трэба даглядаць коней, не сумнявайся. А ты, відаць, вельмі спяшаешся і павінен ехаць далёка? Напэўна, у Беневентум?
— Магчыма, — сказаў, усміхаючыся, апуліец.
— Або, можа, нават у Капую?
— Можа, у Капую.
— I хто ведае, можа, ты спяшаешся даехаць да самага Рыма?
— Магчыма.
Абодва змоўклі.
— Выпі лепш з кубка дружбы, — сказаў, усміхаючыся, землеўласнік, прапануючы дабраку сваю чашу, поўную віна.
— За шчаслівае тваё падарожжа і за твой дабрабыт, — адказаў гаспадар, глынуў разы два-тры віна і пасля падаў чашу апулійцу.
Апошні не ўзяў яе і сказаў:
— Прапануй яе другому падарожніку ды выпі раней і за яго здароўе.
I, звяртаючыся да падарожніка, дадаў:
— Мне здаецца, што ты адпушчанік...
— Правільна, — пачціва адказаў той, — адпушчанік сям’і Манлія Гордага.
— Славуты і старадаўні род, — заўважыў гаспадар, — адзін з яго продкаў быў консулам, а другі...
— Я якраз еду ў Рым расказаць Ціту Манлію аб стратах, зробленых яго віле каля Брундызіума праходам паўстаўшых гладыятараў.
— Ах, гладыятары! — сказаў гаспадар паціху. — He кажы пра іх... дзеля Юпітэра Статара. Набраўся я страху два месяцы таму назад, калі яны прайшлі тут, накіроўваючыся у Брундызіум.
— Няхай будуць яны пракляты са сваім подлым правадыром! — усклікнуў апуліец, стукнуўшы кулаком па стале. Пасля запытаўся ў гаспадара: — I яны нарабілі табе шмат шкоды?
— Праўду кажучы, няшмат... I, калі хочаш ведаць, яны абыходзіліся са мною і маёю сям’ёю з пашанай... Яны ўзялі ў мяне сорак коней, але заплацілі за іх цудоўнымі залатымі манетамі.
— Хоць урэшце, — сказаў адпушчанік, перапыняючы гаспадара, — яны маглі звесці з сабою коней, не заплаціўшы табе ні граша.
— Вядома. Але трэба сказаць, што гэтая вайна ганебная для рымскіх грамадзян, — сказаў гаспадар. — Трэба было бачыць, як яны праходзілі тут. Якое агромністае войска! Яму не было канца. I якія стройныя легіёны! Каб не было ганебным параўноўваць нашых слаўных салдат з гэтымі разбойнікамі, то я сказаў бы, што іх легіёны нічым не адрозніваліся ад нашых.
— Скажы адкрыта, — перапыніў яго адпушчанік, — няхай сабе гэта ганебна, але ўсё ж Спартак — вялікі палкаводзец.
— Ах!.. Клянуся рымскімі багамі Згоды! — запярэчыў абурана апулійскі землеўласнік. — Як гэта! Гнюсны гладыятар разграбіў вілу твайго пана і дабрадзея, а ты, падлюга, адважваешся абараняць яго ўчынкі і пахваляць яго доблесць?..
— Няхай засцеражэ вялікі Юпітэр, каб ты так думаў, — адказаў пакорліва і пачціва адпушчанік. — Я зусім не так сказаў... Апрача таго, ведай, што гладыятарскія легіёны зусім не разграбілі нашай вілы...
— Дык чаму ты сказаў, што едзеш у Рым паведаміць Ціту Манлію Гордаму пра сур’ёзныя страты, якія яму зрабілі гладыятары?
— Але страты зроблены ўцёкамі пяцідзесяці рабоў. Яны ўсе былі вызвалены гладыятарамі, і ім прапанавалі ісці пад сцягамі паўстаўшых. I з шасцідзесяці толькі шэсць старых і калек засталіся са мною на віле, астатнія ўсе пайшлі ў лагер Спартака. Хіба ты думаеш, што гэта невялікая страта?.. Хто цяпер будзе працаваць, араць, сеяць? Хто будзе падразаць вінаграднікі, хто збярэ ўраджай?
— Да Эрэба Спартака і гладыятараў! — сказаў злосным і пагардлівым тонам землеўласнік. — Вып’ем за іх знішчэнне і за наш росквіт.
Потым ён заплаціў па рахунку і ўстаў, каб пайсці ў стайню выбраць сабе каня.
— Пачакай хвіліну, дарагі грамадзянін, — прамовіў гаспадар, — няхай ніколі не скажуць, што добры чалавек пабываў на станцыі Азеліёна і не ўзяў з сабою дошчачку гасціннасці.
I ён выйшаў з пакоя. Адпушчанік заўважыў:
— Здаецца, гаспадар сапраўды добры чалавек.
— Безумоўна, — адказаў апуліец і, падышоўшы да дзвярэй, якія вялі на вуліцу, стаў на парозе, заклаўшы рукі за спіну. Расставіўшы ногі і пагойдваючыся то на пальцах, то на пятах,
ён стаў напяваць песеньку ў гонар бога Пана, вельмі папулярнага сярод пастухоў і земляробаў.
У гэты час гаспадар напісаў на драўлянай дошчачцы сваё імя «Азеліён» і, разламаўшы яе напалам, даў апулійцу палавінку, на якой ад подпісу заставалася «ліён», кажучы яму:
— Гэтая палавінка дошчачкі дапаможа табе набыць прыхільнасць гаспадароў іншых паштовых станцый; паказвай яе і будзь упэўнен, што табе адразу дадуць самага лепшага каня.
— Шчыра дзякую табе за тваю ласку. Хоць ты і балбатун, але ведай, што Порцый Мутылій, грамадзянін Гнатыі, будзе заўсёды памятаць пра тваю дабрату і захавае да цябе шчырую дружбу.
— Порцый Мутылій, — сказаў Азеліён, — вельмі добра... Зараз я запішу тваё імя ў кнігу маіх успамінаў, каб не забыць яго... Столькі людзей праходзіць тут штодня!
У гэты момант прыбыў яшчэ адзін прыезджы, які, мяркуючы па адзенню, быў слугою. Ён павёў свайго каня ў стайню, дзе Порцый Мутылій глядзеў, як конюх сядлае выбранага ім каня.
Сказаўшы звычайнае «Salvete» (прывітанне) Порцыю і гаспадару, прыезджы паставіў свайго каня ў адно са стойлаў, па якія была падзелена стайня, да мармуровай кармушкі, размешчанай уздоўж сцяны, зняў з каня вуздэчку і збрую і паклаў перад ім мяшок з аўсом. Гэтым часам у стайню ўвайшоў адпушчанік Манілія Гордага. Ён агледзеў свайго каня і пачаў яго гладзіць, абмяняўшыся неўзаметкі для Порцыя Мутылія і гаспадара шпаркім позіркам з прыехаўшым.
Прыезджы, скончыўшы даглядаць каня, накіраваўся да выхаду і, праходзячы міма адпушчаніка, зрабіў выгляд, што толькі цяпер яго ўбачыў.
— А! Клянуся Кастарам! Лафрэній...
— Хто там? — сказаў той, павярнуўшыся. — Крэбрык! Ты тут? Адкуль прыехаў?..
— А ты куды едзеш? Я еду з Рыма ў Брундызіум.
— А я з Брундызіума ў Рым.
Порцый Мутылій пачаў крадкам сачыць за слугою і адпушчанікам. Тыя, заўважыўшы, што ён за імі сочыць і прыслухоўваецца да іх размовы, гаварылі далей шэптам. Але Порцый змог пачуць:
— Каля калодзежа...
Пасля слуга выйшаў са стайні, а адпушчанік усё яшчэ гла-
дзіў свайго каня. Порцый таксама выйшаў, напяваючы паціху словы песенькі гладыятараў:
Вораг спрытны, лоўкі
3 гэтай мышалоўкі Кату на спіну — скок!
Гаспадару, які трапіўся яму, ён сказаў:
— Пачакай мяне тут, я зараз вярнуся.
I пабег да калодзежа, які быў за станцыяй, схаваўся за круглай яго сцяною з боку агарода. Адпушчанік і новапрыезджы слуга падышлі да калодзежа з другога боку.
— Якія навіны? — запытаўся адпушчанік.
— Я даведаўся, — сказаў паціху слуга, — што мой брат Марбрык пайшоў у лагер да братоў, і я ўцёк з вілы пана, каб таксама накіравацца туды.
— А я, — сказаў Лафрэній, — еду ў Рым забраць майго сына, якога не хачу пакідаць у руках нашых прыгнятальнікаў; з ім я ўцяку ў лагер нашага доблеснага правадыра.
— Ну, бывай, каб толькі нас не заўважылі. Той апуліец паглядаў на нас насцярожанымі вачыма.
— Мне таксама здалося, што ён сачыў за намі. Бывай і жадаю ўдачы.
— Пастаянства...
— I перамога.
Порцый Мутылій чуў, што слуга і адпушчанік адыходзяць. Тады ён пакруціў галавою і, пасмейваючыся, вярнуўся на станцыю. Развітаўшыся яшчэ раз з гаспадаром, ён ускочыў на каня і рушыў у напрамку Барыума.
На другі дзень пад вечар апуліец Порцый Матылій, у якім лёгка было пазнаць Рутылія, начальніка гладыятараў, дагнаў паехаўшага наперад адпушчаніка, якога ён спаткаў на станцыі Азеліёна.
— Здароў, Лафрэній! — крыкнуў яму Рутылій.
— Хто гэта? — павярнуўся адпушчанік. Пазнаўшы Рутылія, ён сказаў з палёгкаю: — А, гэта ты, шаноўны грамадзянін! Няхай спрыяюць табе багі.
Рутылій надумаўся пажартаваць з гэтага няшчаснага адпушчаніка, які збіраўся разам з сынам уцячы ў лагер гладыятараў. Строгім голасам ён сказаў:
— Дык ты едзеш у Рым забраць свайго сына з дома тваіх паноў і дабрадзеяў, каб звесці яго ў лагер агіднага і гнюснага Спартака? Так? Я ўсё чуў. Каварны і няўдзячны слуга!
Я ў першым жа горадзе загадаю цябе арыштаваць, і ты на допыце павінен будзеш прызнацца ў сваім здрадніцтве...
Лафрэній спыніў каня. Рутылій зрабіў тое ж самае.
— Я ні ў чым не прызнаюся, — сказаў глухім голасам адпушчанік. — Я ведаю, як выратавацца.
— Ну, як? — запытаўся нібы здзіўлены Рутылій.
— Забіўшы даносчыка! — кры