Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
аўважыў, што яна вельмі падобна да свайго брата?
— Як дзве палавінкі аднаго і таго ж арэха... I калі б Клодыя апранула мужчынскае адзенне, дык было б цяжка адрозніць брата ад сястры.
У гэты момант натоўп спыніўся, і Арторыкс мог убачыць непадалёку, каля адной з калон порціка храма Весты, жанчыну, на якую закахана паглядаў Касій. Ёй было каля дваццаці год; яна была высокага росту і надзвычай стройная. Густыя мяккія ярка-рыжыя валасы адцянялі яе твар, белы, як алебастр, ажыўлены дзёрзкім і смелым позіркам блакітных пабліскваючых вачэй.
— Так, Венера або Дыяна, як іх уяўляе легкаверны народ, не маглі б быць прыгажэйшымі, чым яна! — усклікнуў Касій.
— А ўсё-такі, — заўважыў Метробій, — я бачыў жанчыну больш прыгожую, чым Клодыя, — грачанку-куртызанку Эўтыбіду!..
— Эўтыбіда! — сказаў, уздрыгануўшыся ад гэтага імя, Лукрэцый. I дадаў з лёгкім уздыханнем: — Прыгожая дзяўчына Эўтыбіда! Дзе яна цяпер?
— Ты не паверыш, але факт, што яна ў лагеры гладыятараў!
— Аднак калі Эўтыбіда і знаходзіцца ў лагеры гэтых разбойнікаў, дык толькі для таго, каб прьімусіць аднаго з іх пакахаць яе: яна шалёна закахана ў Спартака...
— Клянуся Геркулесам, цяпер яна мае палюбоўніка, які варты яе!..
— Няпраўда, Спартак з пагардай не прыняў яе кахання.
— А ты ведаеш, — прадаўжаў Метробій, звяртаючыся да Лукрэцыя, — што красуня Эўтыбіда неаднаразова прапанавала мне прыехаць у лагер гладыятараў?..
— А чаго? — запытаўся здзіўлены Лукрэцый.
— Каб там п’янстваваць, — заўважыў Касій. — Але, здаецца, ты гэта так добра робіш у Рыме, што...
— Вось вы абодва смеяцеся, але і я пайшоў бы туды.
— Куды?
— У лагер Спартака. Я змяніў бы імя і адзенне і набыў бы яго прыхільнасць, разведаў бы яго планы і мерапрыемствы і таемна паведаміў бы пра ўсё консулам.
Абодва патрыцыі грымнулі гучным смехам.
Метробій пакрыўдзіўся.
— А, вы смеяцеся? Але хіба не я папярэдзіў консула Луцыя Ліцынія Лукула два гады таму назад пра блізкае паўстанне гладыятараў? Хіба не я выкрыў змову ў лесе багіні Фурыны?
«Добра, будзем ведаць», — падумаў Арторыкс, злавесна зірнуўшы на Метробія.
У гэты момант натоўп дайшоў да храма Сатурна, велічнага будынка, у якім захоўваліся законы і дзяржаўная казна. Тут таўханіна і цісканіна былі яшчэ большыя, рух натоўпу яшчэ больш павольны.
— Клянуся багамі, заступнікамі Рыма, — сказаў Касій, — тут можна задыхнуцца!
— I нават напэўна, клянуся плюшчавым вянком Вакха Дыяніса! — прастагнаў Метробій.
Нарэшце, паштурхаўшыся яшчэ чвэртку гадзіны, амаль прыдушаныя, Метробій, Лукрэцый і Касій, а за імі і Арторыкс прабраліся ў храм, дзе ўбачылі бронзавую статую бога Сатурна, паказанага з садовым нажом у руцэ, падрыхтаванага да зразання пладоў і абкружанага земляробчымі прыладамі ■— алегорыямі пастухоўства і палявых работ. Статуя была ўнутры напоўнена аліўкавым маслам — сімвалам багацця.
Каля ўвахода ў храм пачуліся яшчэ больш рэзкія крыкі ў гонар Сатурна.
— А гэта што за шум? — запытаўся Метробій.
Усе павярнулі галовы. Натоўп панурых худых суб’ектаў, кожны з якіх трымаў у руцэ жалезны ланцуг, нёс на руках гарадскога прэтара.
— А! Гэта злачынцы, якія сядзелі ў Мамертынскай турме. Яны, згодна звычаю, атрымалі памілаванне, — сказаў Лукрэцый.
— I прыйшлі сюды павесіць ланцуг, якім да гэтага часу былі скуты іх рукі, на алтар цудоўнага Сатурна, — растлумачыў Метробій.
— Зірніце, зірніце, вунь Катыліна! — паказаў у бок ахвярніка Касій.
Убачыўшы Катыліну, які, уважліва сузіраючы прыгожых весталак, стаяў каля ахвярніка, Арторыкс пачаў на ўсю сілу прабівацца праз натоўп, каб падысці да патрыцыя. Стаўшы, нарэшце, побач Луцыя Сергія, ён прашаптаў яму на вуха:
— Святло і свабода.
Катыліна ўздрыгануўся, імкліва павярнуўся, нахмурыўся і запытаўся строга, амаль грозна:
— Што гэта азначае?
— Ад Спартака, — прамовіў ціхім голасам Арторыкс. — Я прыйшоў з Апуліі да цябе, Катыліна, перагаварыць пра вельмі сур’ёзныя справы.
Патрыцый яшчэ раз шпарка зірнуў на маладога гала.
— Добра. Я цябе выслухаю. Ідзі за мною, пакуль не дабяромся да прытульнага месца! — I, пракладаючы дарогу моцнымі локцямі, Катыліна хутчэй за ўсіх дасягнуў выхаду і прабраўся ў порцік, што знаходзіўся перад храмам, а пасля на вуліцу. Менш як за паўгадзіны ён выбраўся з натоўпу і накіраваўся на скотны форум, да храма Геркулеса. Там у аддаленым і пустэльным кутку ён спыніўся і сказаў Арторыксу, які ішоў за ім следам:
— Я цябе слухаю.
Арторыкс пераказаў Катыліне прапанову Спартака, расказаў пра магутнасць гладыятарскіх легіёнаў, здолеў умела пацешыць гонар Катыліны, давёў, наколькі б узрасла сіла гэтых шасцідзесяці тысяч рабоў, выпрабаваных ужо ў многіх бітвах, калі б іх правадыром зрабіўся Луцый Сергій Катыліна, як за кароткі час падвоілася б іх колькасць, якім чынам, ідучы ад перамогі да перамогі, ён мог бы на працягу аднаго года апынуцца з пераможнымі сіламі каля варот Рыма.
Крывавым агнём запалалі вочы Катыліны.
Калі Арторыкс скончыў, ён, задыхаючыся, адрывіста адказаў:
— Спакуслівая твая прапанова, юнак, але я ад цябе не затаю, што мне, рымляніну і патрыцыю, унушае непераможную агіду думка стаць на чале войска рабоў... Няхай сабе і мужных, але ўсё ж рабоў і бунтаўшчыкоў. У кожным выпадку думка мець у сваім карыстанні такое моцнае войска, павесці яго асабіста да перамогі... мне, які народжаны для вялікіх спраў і які не меў ні разу выпадку зрабіць вялікія подзвігі, гэтая думка...
— He распаліць твайго мозга, не зацямніць твайго розуму да таго, каб забыцца, што ты рымлянін, што ты нарадзіўся патрыцыем і што калі патрэбна будзе скінуць алігархію, якая пануе над намі, дык патрэбна раздушыць яе рукамі свабодных грамадзян і рымскай зброяй, а не з дапамогай варвараў-рабоў.
Словы гэтыя сказаў патрыцый, якому было больпі як трыццаць год, высакароднага выгляду, з ганарыстым тварам, высокі ростам, што выйшаў у гэты момант з-за рогу храма.
— Лентул Сура! — усклікнуў уражаны Катыліна. — Ты тут?
— Так. Я западозрыў гэтага чалавека і пайшоў за табою; я прадвяшчаў табе не раз наканаванні лёсу, што тры Карнеліі будуць панаваць у Рыме. Карнелій Цына і Карнелій Сула ўжо былі ўладарамі, ты трэці, абраны лёсам; і я хачу перашкодзіць табе зрабіць сёння падманны крок, які, замест таго каб наблізіць да мэты, аддаліць цябе ад яе.
— Значыць, ты, Лентул, думаеш, што калі-небудзь яшчэ раз будзе такі спрыяльны выпадак? Ты думаеш, што пазней пад нашай камандай будзе войска, падобнае да войска гладыятараў?
— Я думаю, што, скарыстоўваючы іх, мы наклічам на сябе нянавісць рымскага народу і агіду ўсёй Італіі і па сутнасці будзем змагацца не на карысць рымскага плебса, не за інтарэсы пазбаўленых спадчыны, пазбаўленых правоў і даўжнікоў, але выключна на карысць варвараў, ворагаў рымскага народу. Калі дзякуючы ўплыву і падтрыманню нашых сяброў гэтыя варвары зробяцца гаспадарамі Рыма, дык ці думаеш ты, што яны будуць звязаны якімі-небудзь законамі або чым-небудзь стрыманы? Ці думаеш ты, што яны пакінуць нам уладу? Кожны рымлянін у іх вачах будзе ворагам, і яны ўцягнуць нас у разню і забойствы, якія мы з залішнім прастадушшам думаем накіраваць толькі на галовы алігархаў і іх сяброў.
Па меры таго як Лентул гаварыў, пал, якім спачатку быў ахоплены Катыліна, паступова згасаў, і, калі Сура скончыў сваю прамову, Сергій апусціў галаву з глыбокім уздыхам:
— Твая логіка рэжа начыста, як добра навостраны іспанскі клінок.
Арторыкс хацеў нешта сказаць Лентулу, але апошні з загадным жэстам звярнуўся да яго:
— А ты ідзі, вярніся да Спартака і скажы, што мы ў захапленні ад вашай мужнасці, але мы — рымляне перш за ўсё; і ўсе спрэчкі заціхаюць на Тыбры, калі агульнай радзіме пагражае небяспека. Скажы яму, каб ён выкарыстаў спрыяльныя абставіны, якія склаліся, і павёў вас за Альпы, кожнага ў сваю краіну. Далейшая вайна ў Італіі будзе для вас канцом. Ідзі, і няхай спрыяюць табе багі.
I з гэтымі словамі Лентул Сура, узяўшы пад ручку Катыліну, павёў яго ў кірунку да цэнтра горада.
Арторыкс доўга стаяў, пазіраючы на адыходзіўшых патрыцыяў. Нарэшце, Эндыміён пачаў скакаць і лізаць яму рукі; тады фалыпывы фокуснік павольна рушыў да бліжэйшых гарадскіх варот.
Ён быў так апанаваны сумнымі думкамі, што не заўважыў,
як за ім ужо доўгі час сочыць Метробій. Толькі калі Арторыкс выйшаў на плошчу, ён звярнуў увагу на міма, якога адразу пазнаў, і вельмі ўстрывожыўся, асцерагаючыся, што Метробій таксама пазнаў яго.
Ён прыбавіў кроку з надзеяй, што Метробій апынуўся тут выпадкова і што сярод густога натоўпу лёгка будзе ад яго схавацца.
Ля дзвярэй аднаго патрыцыянскага дома тоўпіліся шматлікія кліенты; кожны з іх трымаў у руцэ вялікую свечку. Свечкі, як было заведзена, яны прынеслі ў падарунак свайму патрону з прычыны сатурналій.
Змяшаўшыся з натоўпам кліентаў, Арторыкс увайшоў у дом. Вартаўніку, які запытаўся, чаго ён прыйшоў, ён растлумачыў, што з’явіўся да пана з прапановай даць прадстаўленне кліентам у падзяку за прынесеныя імі дары.
Вартаўнік прапусціў яго ў атрыум. Арторыкс, які ведаў, што дамы багатых рымлян пабудаваны ўсе на адзін лад, паглядзеў, ці ёсць па той бок атрыума другі выхад. Выхад сапраўды быў.
Тады ў святочнай мітусні, якая панавала ў доме, ён прайшоў неўзаметкі праз атрыум, пасля праз крытую галерэю; адсюль праз калідор прашмыгнуў у садок, перабег яго, дабраўся да выхаду за домам; тут другому вартаўніку ён сказаў, што даў прадстаўленне ў прысутнасці яго пана, спяшаецца па сваіх справах і, не маючы мажлівасці траціць час, просіць выпусціць яго ў гэтыя дзверы, бо галоўны ўваход увесь забіты людзьмі. Вартаўнік палічыў просьбу фокусніка ўважлівай, адчыніў дзверы і, развітаўшыся, выпусціў яго на вуліцу.
Неўзабаве пачало цямнець, і Арторыкс спяшаўся да ночы выйсці за гарадскія вароты. Хутка ён трапіў на доўгую вуліцу, якая цягнулася паўз левы бераг Тыбра і ўпіралася ў так званыя «трайныя вароты».
Аддаленая ад цэнтра горада гэтая вуліца была амаль бязлюдная, і цішыня, якая панавала на ёй, парушалася толькі плескам вады ў рэчцы.
Арторыкс прайшоў ужо каля трохсот крокаў, калі яму здалося, што за ім нехта шпарка ідзе. Ён спыніўся і прыслухаўся. Крокі набліжаліся. Ён дастаў кінжал з-пад курткі і, скарыстаўшы паварот вуліцы, схаваўся за тоўсты ствол аднаго з каменных дубоў, якія ўпрыгожвалі набярэжную.
Неўзабаве ён пачуў цяжкае дыханне і ўбачыў твар праходзіўшага чалавека.