• Газеты, часопісы і г.д.
  • Спартак  Рафаэла Джаваньёлі

    Спартак

    Рафаэла Джаваньёлі

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 303с.
    Мінск 1997
    71.43 МБ
    кнуў Лафрэній. Узняўшы кароткую дубінку, ён прышпорыў каня і рынуўся да Рутылія. Той грымнуў гучным смехам.
    — Стой! Эй, браце!.. Пастаянства і...
    Лафрэній спыніў каня.
    — I?.. — запытаўся Рутылій, патрабуючы ў адказ астатнюю частку пароля.
    — I... перамога! — прамармытаў той, яшчэ не апамятаўшыся ад здзіўлення.
    Тады Рутылій працягнуў яму руку і, тройчы паціснуўшы ўказальным пальцам правай рукі далонь левай адпушчаніка, засведчыў, хто ён такі. Сам жа ён зусім супакоіўся адносна свайго таварыша па падарожжу, палічыўшы яго без хістанняў за члена Саюза прыгнечаных.
    Абодва коннікі паехалі побач.
    Між тым надышла ноч. Поцемкам уехалі яны ў лес; дарога, абведзеная шырокімі канавамі, падымалася ўгору. Раптам конь Лафрэнія, спалохаўшыся нечага, стаў надыбкі і, скочыўшы разы два-тры, паваліўся ў канаву.
    На крык Лафрэнія Рутылій спыніў каня, саскочыў і падбег да спадарожніка. Але не паспеў ён згледзець, у чым справа, як адчуў моцны ўдар у спіну. Рутылій паваліўся. Другі ўдар ён атрымаў у плячо.
    Тады Рутылій зразумеў, што трапіў у пастку, расстаўленую здрадніцкай хітрасцю, і, выхапіўшы з-пад тунікі кінжал, рынуўся на Лафрэнія:
    — А, паскудны здраднік! Ты пабаяўся напасці на мяне адкрыта.
    Ён ударыў Лафрэнія ў грудзі, але ў забойцы пад тунікай аказаўся палцыр. Адбылася кароткая і ўпартая барацьба паміж пакрытым ранамі Рутыліем і Лафрэніем.
    Пасля пачуўся глухі шум упаўшага цела і слабы голас прастагнаў:
    — О, подлы здраднік!..
    Лафрэній стаў на калені і прыклаў вуха, каб пераканацца,
    ці сапраўды Рутылій мёртвы; пасля, вышаўшы на дарогу, ён накіраваўся да каня Рутылія.
    — Клянуся Геркулесам! — усклікнуў ён раптам, адчуваючы, што траціць прытомнасць. — Што ж гэта такое?..
    I ён пахіснуўся.
    — Мне баліць тут... — прамармытаў ён слабеючым голасам, падняў правую руку да шыі, але зараз жа адняў яе, пакрытую гарачай крывёю.
    — О, клянуся багамі!.. Ён ударыў мяне якраз у адзінае месца, дзе не было панцыра.
    I, абліваючыся крывёю, ён упаў.
    I вось на пустэльнай дарозе, сярод начной цішыні, страшэнна намагаючыся падняцца, дарэмна спрабуючы крычаць аб дапамозе, чалавек, які назваўся Лафрэніем, а ў сапраўднасці быў слугою Эўтыбіды і сродкам яе помсты, памёр у пакутлівай агоніі. А за некалькі крокаў ад яго ў рове, увесь у ранах, ляжаў труп няшчаснага Рутылія.
    Раздзел XVII
    АРТОРЫКС-ФОКУСНІК
    На чатырнаццаты дзень да студзеньскіх календ 681 года рымляне святкавалі сатурналіі. Святкаванне павінна было прадаўжацца тры дні, на працягу якіх, па вельмі старадаўняму звычаю, давалася нешта падобнае на волю слугам і рабам, якія разам з сенатарамі, коннікамі і грамадзянамі абодвух полаў і рознага ўзросту сядзелі адкрыта за сталамі і ўсе тры дні пасвойму забаўляліся.
    3 трох мільёнаў жыхароў Рыма два з паловай мільёна было рабоў. Апрача таго, у дні сатурналій усе жыхары прыгарадных вёсак і суседніх гарадоў тысячамі збіраліся ў Рым. На перапоўненых натоўпамі вуліцах з усіх бакоў чуліся аглушальныя крыкі: «Jo bona Saturnalia!» («Няхай жывуць вясёлыя сатурналіі!»).
    На першы дзень сатурналій малады фокуснік разам з сабакам, з ручнымі драбінамі, некалькімі вяроўкамі і жалезнымі кольцамі на спіне, з маленькай малпай на левым плячы ўваходзіў у Рым праз Эсквілінскія вароты.
    Гэта быў Арторыкс, малады гал, любімы сябар Спартака і начальнік аднаго з гальскіх легіёнаў у гладыятарскай арміі.
    Нават да аддаленых крывых вулачак, якія знаходзіліся ля самай гарадской сцяны, даляталі крыкі святочных натоўпаў: «Jo bona Saturnalia!» («Няхай жывуць вясёлыя сатурналіі!»).
    Дайшоўшы да першай вялікай вуліцы, ён адразу ўбачыў стракаты святочны натоўп, наперадзе якога ішлі музыканты і цытрысты, яны шалёна танцавалі і распявалі на ўсё горла гімны ў гонар Сатурна.
    Фокуснік адышоўся ўбок, трымаючыся як мага бліжэй да сцяны, каб прапусціць гэтую чалавечую хвалю, у якой ангустыклава конніка змяшалася з шэрай тунікай пазбаўленага правоў і побач белай столы матроны відаць была чырвоная куртка раба. Ён стараўся не прыцягваць увагу тых людзей, але яго зараз жа заўважылі, пазналі ў ім фокусніка і пачалі крычаць, адышоўшы наперад, каб яны спыніліся.
    — Няхай жыве фокуснік! — крычалі вакол яго.
    — Дай нам прадстаўленне!
    — Ушануй Сатурна!
    — Паглядзім, што ўмее рабіць твая малпа!
    — Прымусь скакаць твайго сабаку!
    — Дайце яму вольнае месца!
    — Шырэй круг!
    Але замест таго, каб расступіцца і вызваліць месца, яны яшчэ больш тоўпіліся і націскалі адзін на аднаго, і Арторыкс быў так прыпёрты да сцяны, што не мог ужо нават паварушыцца.
    Адзін гладзіў сабаку, другі малпу, трэці кратаў драбіны, вяроўкі і жалезныя кольцы.
    Нехта крыкнуў:
    — Павядзем яго да курыі Карынскай!
    — Так, так, да курыі Карынскай! — закрычалі сотні галасоў.
    I, цягнучы за сабою фокусніка, натоўп накіраваўся да курыі Карынскай.
    Павялічваючыся ў дарозе, натоўп дабраўся да абшырнай плошчы, на якой стаяла трэцяя з трыццаці рымскіх курыяў, якую называлі Карынскай. Тут натоўп разліўся, нібы бурны паток, нарабіўшы нямала непрыемнасці тым, якія ўжо сядзелі за сталамі і былі заняты ядою і віном.
    Навіна, што тут на плошчы фокуснік дасць прадстаўленне, выклікала вялікую радасць. Усе пачалі прабірацца наперад, утвараючы круг, прыпадымаючыся на пальчыкі, станавіліся на лаўкі, на сталы, на ступенькі, узбіраліся на жалезныя краты акон у ніжніх паверхах суседніх дамоў. Хутка ўсе сціхлі ў вялікім маўчанні і ў нецярплівым чаканні, пазіраючы на Арторыкса, які пачаў рыхтавацца да прадстаўлення.
    Праз некалькі хвілін, расклаўшы на зямлі розныя прылады свайго рамяства, малады гал падышоў да аднаго ў натоўпе і падаў яму шарык са слановай косці.
    — Перадай па кругу.
    Пасля ён даў другі шарык нейкаму падвыпіўшаму рабу.
    — Пусці па руках.
    Пасля ён выйшаў на сярэдзіну вольнага месца і звярнуўся да свайго вялікага эпірскага сабакі чорна-белай масці, які сядзеў, павярнуўшы морду і зялёныя разумныя вочы да гаспадара.
    — Эндыміён!
    Сабака ўсхапіўся і замахаў хвастом, пазіраючы ў вочы фокусніка.
    — Ідзі пашукай белага шарыка...
    Сабака зараз жа кінуўся ў той бок, дзе белы шарык пераходзіў з рук у рукі.
    — He, знайдзі чырвоны шарык, — загадаў Арторыкс.
    I Эндыміён, хутка павярнуўшыся туды, дзе стаяў раб, які атрымаў чырвоны шарык, пачаў прабірацца да яго праміж ног гледачоў.
    Але Арторыкс падаў каманду:
    — Стой!
    Сабака ўмомант спыніўся.
    Пасля, звяртаючыся да натоўпа, фокуснік сказаў:
    — Тыя, у руках якіх знаходзяцца шарыкі, няхай не перадаюць іх далей: мой сабака пойдзе і забярэ іх.
    У натоўпе зацікаўлена і недаверліва зашапталіся. Усе напружана сачылі, як Арторыкс, скрыжаваўшы рукі, скамандаваў:
    — Ідзі і прынясі мне белы шарык!
    Эндыміён, прастаяўшы момант з паднятым угору носам, рашуча накіраваўся да таго месца, дзе знаходзіўся чалавек, што трымаў белы шарык, і, паклаўшы абедзве лапы на грудзі, здавалася, прасіў сваімі выразнымі вачыма аддаць яму шарык.
    Той — якога па парпуровай паласе, што ўпрыгожвала яго туніку, можна было прызнаць за патрыцыя — дастаў шарык з-пад тогі і падаў сабаку. Узяўшы шарык у рот, сабака пабег да гаспадара.
    Ухвальныя воклічы змяніліся аглушальнымі крыкамі і воплескамі, калі сабака гэтак жа лоўка адшукаў таго, хто трымаў чырвоны шарык.
    Тады Арторыкс рассунуў свае ручныя драбіны, паставіў і ўмацаваў іх на зямлі, дастаў вяроўку, надзеў на яе тры вялікія жалезныя кольцы, прывязаў адзін яе канец да верхняй часткі драбін, узяў другі канец у рукі і, адышоўшы крыху, стаў трымаць вяроўку нацягнутай на вышыні чатырох футаў ад зямлі. Пасля паставіў малпу на вяроўку і сказаў ёй:
    — Псіхея, пакажы слаўным сынам Квірын тваю спрытнасць і ўмельства.
    У той час калі малпа, стаўшы на заднія лапы, пайшла вельмі спрытна па вяроўцы, Арторыкс павярнуўся да сабакі, які ўважліва на яго пазіраў:
    — А ты, Эндыміён, пакажы славутым жыхарам горада Марса, як ты ўмееш узлазіць на ручныя драбіны.
    Пакуль малпа ішла па вяроўцы, сабака пачаў з вялікай цяжкасцю пераскокваць з адной ступенькі драбін на другую пад воплескі натоўпа; воплескі сталі шумнымі і агульнымі, калі малпа, дайшоўшы да першага жалезнага кальца, спусцілася на яго, зрабіла некалькі абаротаў, зноў ускочыла на вяроўку, дайшла да другога кальца, паўтарыла гэтыя ж фокусы і пайшла далей.
    За гэты час сабака дабраўся да верху драбін. Тады Арторыкс, звяртаючыся да яго, сказаў:
    — Цяпер, небарака Эндыміён, як жа ты адсюль злезеш?
    Сабака пазіраў на гаспадара, жвава махаючы хвастом.
    — Забрацца сюды, хоць не без цяжкасці, ты, вядома, забраўся, а вось я не ведаю, што ты зробіш, каб спусціцца?
    Сабака саскочыў на зямлю і, паглядаючы пераможна на натоўп, важна ўсеўся на задніх лапах. Аднадушныя воплескі сустрэлі гэты лёгкі спосаб вырашэння цяжкай задачы.
    У гэты час малпа, дайшоўшы да верхняй ступенькі драбін, таксама ўселася там пад шумныя воклічы гледачоў.
    — Дай мне твой капялюш, — сказаў Арторыксу адзін коннік, выйшаўшы з натоўпу, — я збяру грошы для цябе і для тваіх выдатных жывёлін.
    Арторыкс працягнуў капялюш конніку, які першы кінуў у яго сестэрцый і пайшоў наўкруга, збіраючы манеты.
    Дробныя манеты пасыпаліся з усіх бакоў.
    Фокуснік тым часам дастаў з-пад тунікі дзве маленькія ігральныя костачкі і драўляны кубак.
    — Цяпер згуляйце партыю ў косці, Псіхея і Эндыміён, і пакажыце гэтым высакародным і велікадушным гледачам, хто з вас спрытнейшы і іпчаслівейшы.
    Пад гучны смех гледачоў сабака і малпа, усеўшыся адзін насупраць аднаго, пачалі гульню.
    Эндыміён першы кінуў косці, моцна ўдарыўшы лапай па кубку, які паднёс яму гаспадар, і перакуліў яго так, што косці пакаціліся вельмі далёка, амаль да ног гледачоў; некаторыя нахіліліся, каб убачыць лік ачкоў, выкінутых Эндыміёнам, і многія адразу закрычалі, пляскаючы далонямі:
    — Венера! Венера! (Так называўся найбольшы лік ачкоў.) Малайчына Эндыміён!
    Сабака, здавалася, разумеў, што ён ударыў удала, і весела махаў хвастом.
    Арторыкс сабраў косці, паклаў іх зноў у кубачак і падаў яго Псіхеі.
    Малпа ўзяла кубачак сваёй лапкай, патрэсла і памахала ім і выкінула косці на зямлю.
    — Венера! У яе таксама Венера! — закрычалі гледачы. — Няхай жыве Псіхея, малайчына Псіхея!
    Тады звярок стаў на заднія лапкі і пярэднімі пачаў перадаваць пацалункі