Спартак  Рафаэла Джаваньёлі

Спартак

Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
71.43 МБ
 было толькі аднаго, а іменна Эўтыбіды. Яна мела вельмі шмат падстаў, каб не паказвацца Спартаку.
У сяброўскай гутарцы з аскомістым, але добрым віном хутка праляцеў час.
Была позняя ўжо ноч, калі Спартак выйшаў з палаткі германца.
Ледзь толькі фракіец развітаўся з Энамаем, Эўтыбіда, бледная, з распушчанымі валасамі, з’явілася з-за занавескі і, склаўшы рукі на грудзях, спынілася супраць кіраўніка германцаў.
— Ну што? — запыталася Эўтыбіда з жэстам абурэння, нянавісці і пагарды. — Значыць, Спартак зноў павядзе цябе.
куды надумае, як свайго каня, і зноў будзе карыстацца тваёю сілаю і храбрасцю, каб узвялічыцца самому?
— А! Зноў! — сказаў глухім і грозным голасам паўп’яны германец, люта зірнуўшы на дзяўчыну. — Калі ты спыніш свае подлыя паклёпы? Калі ты кінеш уліваць у маю кроў яд тваіх падазрэнняў? Ты болып злая, чым пракляты воўк Фенрыс, тройчы праклятая жанчына!
— Добра! Клянуся ўсімі багамі Алімпа! Цяпер, грубы і дзікі чалавек, дурны, пазбаўлены розуму, ты злуеш на мяне, якая кахае цябе, хоць павінна б была пагарджаць. Добрая навука для мяне!
— А навошта ты прымушаеш мяне ненавідзець Спартака, самага высакароднага, велікадушнага і самага разумнага з людзей?
— I я была ўведзена ў зман яго прытворнай дабрадзейнасцю і верыла, што ён не чалавек, а паўбог; і я доўгі час думала, што яго сэрца поўнае самых высакародных пачуццяў; але я мімаволі пераканалася, што Спартак — хлус і подлы прытворшчык і што адзін толькі агонь палае ў яго грудзях — агонь ганарлівасці!
— Эўтыбіда! — голасам, падобным да львінага рыку, зароў германец.
— Я не баюся тваіх пагроз! Лепш бы мне не верыць словам твайго кахання, тады б я магла ненавідзець цябе, а цяпер пагарджаю...
— Эўтыбіда! — Энамай усхапіўся ў шаленстве з грозна ўзнятымі кулакамі.
— Ну, што ж, смялей! — сказала яна, тупнуўшы нагою, фанабэрыстым тонам. — Ну, наперад, храбрэц, бі, душы сваімі звярынымі лапамі няшчасную дзяўчыну... Гэта дасць табе больш славы, чым забойства тваіх сапернікаў у цырку... Ну, смялей!
Энамай рынуўся да яе, але, падышоўшы, падняў угору рукі і, цяжка дыхаючы, сказаў:
— Ідзі адсюль... Ідзі, дзеля тваіх багоў... пакуль я не страціў яшчэ апошнюю кроплю розуму.
— I гэта ўсё, што ты можаш сказаць жанчыне, якая кахае цябе, адзінаму чалавеку на зямлі, хто цябе кахае? Гэта падзяка за ласкавыя клопаты, якімі я цябе акружаю? Гэта ўзнагарода за тое, што я думаю толькі пра цябе, пра тваю славу? Добра! Няхай будзе так... Але ж я не магла не думаць пра цябе? He магла я не трывожыцца за сваю славу? Павінна была я ісці
насустрач твайму дзікаму гневу, каб выратаваць цябе ад гнюсных інтрыг, якія задумваюць супраць цябе? Або лепш было даць табе загінуць? Тады б мне не давялося сёння перажыць гэтае гора, больш цяжкае, чым смерць... Ты зневажаеш мяне, ты, якога я так кахаю, які мне даражэй за жыццё... Ах! Гэтага я не заслужыла! — I яна пачала плакаць.
Каварная гульня грачанкі зусім збіла з панталыку небараку Энамая, злосць якога патроху сціхала. I калі Эўтыбіда, закрыўшы твар рукамі, накіравалася да выхаду, ён заступіў ёй дарогу.
— Даруй мне, Эўтыбіда, я не ведаю, што мне рабіць... He кідай мяне так, прашу цябе!
— Адыдзі, дзеля багоў, заступнікаў Афін! — сказала куртызанка, горда падымаючы галаву. — Дай мне спакой і дай мне ў другім месцы перажыць маю ганьбу, маё гора і ўспамін пра разбітае каханне.
— Ніколі! Я не дапушчу, каб ты так пайшла! Выслухай мяне! Прабач мне, Эўтыбіда, прабач, калі я цябе пакрыўдзіў. Гэта гаварыў не я, гэта гнеў, які апанаваў мяне...
— А для чаго мне трэба яшчэ выслухоўваць тваю лаянку? Дазволь мне пайсці, Энамай, каб не бачыць, як ты зноў кінешся на мяне, каб не памерці ад тваіх рук...
— Дык выслухай мяне, Эўтыбіда, або, клянуся свяшчэннай гіганцкай змяёю Мідгард, я перарэжу сабе горла зараз, пры табе.
I ён схапіў кінжал.
— Ах, не! Клянуся маланкамі Юпітэра! — усклікнула, прыкінуўшыся напалоханай, куртызанка, упрашальна працягваючы свае маленькія рукі да гіганта. — Тваё жыццё для мяне вельмі дарагое... мой каханы Энамай.
— О, Эўтыбіда! Прабач мяне за мой дурны гнеў!
— О, залатое сэрца, высакароднейшая душа! — сказала, прыкідваючыся расчуленай, Эўтыбіда, і ўвесь яе твар заззяў усмешкай. — Я таксама павінна прасіць прабачэння за гнеў, з якім я накінулася на цябе, давяла цябе да шаленства... I яна абвівала рукамі шыю гіганта, які паваліўся да яе ног. — Я вельмі кахаю цябе! Я не магла б жыць без цябе! Даруем адно аднаму і забудземся пра нашу сварку. Ці верыш ты, што я цябе кахаю?
— Я веру гэтаму, як веру ва ўсемагутную сілу Одына.
— У такім разе, клянуся залатымі стрэламі Дыяны, ці можаш ты думаць, што я не жадаю табе дабра?
— Але я ніколі ў гэтым не сумняваўся!
— А калі ты не сумняваўся, дык чаму ты не слухаеш маіх парад? Чаму ты больш верыш ілжываму сябру, які табе здраджвае, чым жанчыне, якая кахае цябе больш за самую сябе?
Энамай ўстаў і пачаў хадзіць узад-уперад па палатцы.
Эўтыбіда ціха размаўляла нібы сама з сабою.
— I можа, я папярэджваю яго з-за якой-небудзь карысці для сябе... тым, што я перасцерагаю яго ад сляпой даверлівасці, уласцівай яго адкрытаму характару; тым, што паказваю яму сетку, у якую чорнае здрадніцтва заблытвае яго і няшчасных гладыятараў?
— Але хто хоць раз падумаў пра гэтае? — сказаў Энамай, спыняючыся перад дзяўчынай.
— Ты! — усклікнула куртызанка.
— Я?!
— Так, ты. Адно з двух: або ты верыш, што я цябе кахаю і жадаю табе дабра, тады ты павінен верыць, што Спартак вам здраджвае, або ты верыш, што Спартак — сумленны чалавек, і тады ты павінен думаць, што я прытворшчыца і здраджваю табе.
— Дык не, не!.. — усклікнуў, амаль плачучы, няшчасны германец.
— Скажы мне, легкаверны чалавек, ці не сам Спартак сказаў пасля перамогі над Арэстам, што консул Варон Лукул з’яўляўся да яго з прапановай высокіх пасад у іспанскай арміі або прэфектуры ў Афрыцы, калі ён згодзіцца кінуць вас?
— Так, ён сказаў гэта, але ты ведаеш, як Спартак адказаў консулу...
— А ты, няшчасны дурны, ведаеш, чаму ён так адказаў?.. Таму што зробленыя яму прапановы не адпавядалі той паслузе, якой ад яго патрабавалі.
Энамай, панурыўшы галаву, зноў пачаў моўчкі хадзіць па палатцы.
— Таму што яму мала было чына квестара і пасады прэфекта...
Энамай маўчаў і хадзіў.
— Цяпер прапановы былі адноўлены, яму абяцалі ў два, у тры разы большую ўзнагароду, а ён вам пра гэта нічога не сказаў.
— А адкуль ты ведаеш? — запытаўся Энамай, спыняючыся перад Эўтыбідай.
— А Рутылій, які накіраваўся, нібы апулійскі землеўлас-
нік, у Рым, каб прапанаваць Катыліне камандаваць гладыятарскім войскам? Няўжо ты верыш, што ён паехаў толькі для гэтага?
— Так, веру...
— Гэта вы можаце верыць хітрэйшаму і каварнейшаму чалавеку, але я вельмі добра зразумела, што пасланец накіраваўся ў Рым, каб аднавіць перагаворы, пачатыя з самім консулам.
Энамай зноў пачаў хадзіць моўчкі.
— I калі б гэта было не так, дык чаму пасылаць Рутылія, іменна Рутылія, латыняніна і вольнанароджанага?
Энамай нічога не адказаў.
— I чаму пасля таямнічай смерці Рутылія, нікому з вас не кажучы ні слова, Спартак паслаў свайго вернага Арторыкса, пераапранутага фокуснікам? Чаму іменна Арторыкса? Чаму не другога? I чаму, ледзь толькі Арторыкс вярнуўся з Рыма, ён захацеў, каб вы вырашылі, што б ні было, пакінуць Італію і вярнуцца ў Фракію, у Галію, у Ілірыю і Германію?
Энамай спыніўся і пачаў глядзець нерухомым позіркам на адно з жалезных кольцаў, якім прымацоўвалі палотнішча палатак да крукоў, убітых у падлогу.
— Хіба ўсё гэта было правільна і сумленна? Як! Рым, які вычарпаў усе сілы, не можа больш знайсці легіёнаў для таго, каб аказаць супраціўленне пераможнаму Серторыю ў Іспаніі, пераможнаму Мітрыдату ў Азіі, а мы ў гэты страшны для Рыма момант, маючы семдзесят тысяч добра абучаных, выдатна ўзброеных чалавек, пераможцаў у многіх бітвах, замест таго, каб ісці на непрыяцельскі горад, уцякаем ад яго? Хіба гэта лагічна? Хіба натуральна?
Энамай ўсё яшчэ стаяў нерухома і толькі павольна ківаў галавою.
— Лентул, Гелій, дзве арміі... Выдуманыя Спартаком байкі, для таго каб апраўдаць, вытлумачыць якім-небудзь чынам гэтыя ганебныя і незразумелыя ўцёкі, каб схаваць ад вачэй падманутых людзей вельмі відавочнае здрадніцтва... Гелій... Лентул... іх арміі!.. — гаварыла далей, нібы разважаючы сама з сабою, дзяўчына. — Але чаму на разведку руху мяркуемага войска Лентула ён сёння асабіста накіраваўся з тысячай коннікаў і чаму для назірання за ўяўным войскам Гелія ён паслаў зноў Арторыкса? Чаму ён не паслаў каго-небудзь з вас?
— Твая праўда... на жаль... твая праўда, — прашаптаў ледзь чутна Энамай.
— О, клянуся ўсімі багамі нябесных сфер! — крыкнула Эўтыбіда. — Дык прачніся, нарэшце, ад страшнага здрадніцкага сну! Прачніся дзеля ўсіх багоў, адкрый вочы і зірні на край жахлівай прорвы, у якую гатова цябе скінуць рука нявернага сябра. I калі ты хочаш яшчэ іншых доказаў здрадніцтва і іншых прычын яго здрады, успомні, што ён шалёна кахае рымскую патрыцыянку, Валерыю Месалу, удаву Сулы, і дзеля свайго кахання ён прадае вас усіх рымскаму сенату, які ў падзяку дасць яму за жонку каханую ім жанчыну, а разам з ёю вілы і багацце, гонар і веліч...
— Праўда! Гэта праўда! — закрычаў Энамай, уражаны апошнім меркаваннем і канчаткова перакананы гэтымі страшнымі доказамі, якія відавочна сведчылі пра здрадніцтва фракійца. — Здрада Спартака відавочная... Няхай страшны брыдкі сабака Манігармор раздзірае вечна ў прорвах Ніфльгейма яго праклятае цела!
Эўтыбіда падышла яшчэ бліжэй і, аж задыхаючыся, усклікнула:
— Хутчэй! Чаго ты яшчэ чакаеш? Хіба ты хочаш, каб цябе з тваімі вернымі германцамі зацягнулі ў якую-небудзь горную цясніну, дзе вы мімаволі павінны будзеце ганебна здацца, не маючы магчымасці змагацца, а пасля каб вас раскрыжавалі або аддалі з’есці дзікім звярам на арэне цырка?
— Ну, не! Клянуся ўсімі маланкамі бога Тора! — люта ўсклікнуў германец і, схапіўшы складзеныя ў адным кутку палаткі вялізныя латы, надзеў іх. — He! Я не дазволю яму здрадзіць мне! Неадкладна я адыходжу са сваімі легіёнамі з лагера здрады.
— I заўтра ўсе астатнія рушаць за табою; з табою пойдуць галы, ілірыйцы і самніты, а з ім застануцца толькі фракійцы і грэкі; і ты станеш вярхоўным правадыром, і ты, ты адзін праславіш сябе за асаду і ўзяцце Рыма... Ідзі... Зрабі, каб твае нячутна ўсталі... Зрабі, каб нячутна абудзілі і гальскія легіёны. I слухайся парад той, якая цябе кахае!
А праз некалькі хвілін букцыны германскіх легіёнаў затрубілі збор, і мен