Спартак  Рафаэла Джаваньёлі

Спартак

Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
71.43 МБ
аючага і кінуўшы на яго раўнадушны позірк.
— А! Маланка Тора няхай аслепіць цябе! — закрычаў Энамай; прыўзняўшыся і сабраўшы рэшткі сілы, ён усклікнуў: — Цяпер я разумею... Подлая куртызанка... Спартак ні ў чым не вінаваты... Ты ўвасабленне злачынства... будзь праклятая!..
I ён паваліўся.
Эўтыбіда прамовіла, працягнуўшы маленькую запэцканую крывёю руку ў бок германца:
— У пекла!.. I як я ўбачыла цябе паміраючым у роспачы, так няхай дадуць мне вышэйшыя багі ўбачыць апошні ўздых Спартака...
Яна накіравалася ў бок, адкуль далятаў аддалены шум новай бітвы.
Раздзел XIX
БІТВА КАЛЯ МУТЫНА. МЕЦЯЖЫ. МАРК КРАС ДЗЕЙНІЧАЕ
Эўтыбіда, наблізіўшыся да месца бітвы паміж Спартаком і Геліем, хмурна пазірала на паступовы разгром консульскага войска і напружана думала, што ёй рабіць далей. Аглядваючыся вакол, яна ўбачыла белага каня з блакітным чапраком і зграбнай збруяй. Жывёла кідалася то туды, то сюды, спатыкаючыся аб трупы загінуўшых. 3 той прычыны, што ў Эўтыбіды сярод трох яе коней быў адзін таксама белы, яна вырашыла скарыстаць гэтага каня для сваіх каварных планаў. Шчоўкаючы языком і пальцамі, яна пачала вабіць яго, але высакародная жывёліна ў страху адбягала ўсё далей, пакуль не павалілася, спатыкнуўшыся аб труп.
Грачанка падбегла да каня і, схапіўшыся за повад, пачала гладзіць яго, пакуль ён не супакоіўся. Рымляне адступалі ў беспарадку да поля, дзе раніцою яны біліся з германцамі. Рады гладыятараў ўсё цясней змыкаліся вакол непрыяцеля. Нарэшце, пачаліся панічныя ўцёкі рымлян. Гладыятары праследавалі іх з лютасцю мсціўцаў.
Эўтыбіда, увесь час трымаючы за аброць белага каня, накіравалася да таго месца, дзе ляжаў ужо халодны і нерухомы Энамай. Тут яна спынілася і, дастаўшы маленькі меч, усадзіла ў грудзі няшчаснага каня. Калі параненая жывёліна сканала ў страшэнных канвульсіях, грачанка лягла каля яе на зямлю і падклала адну сваю нагу ёй пад шыю так, нібы і сядок і конь загінулі тут ад удару ворага: першая — цяжка параненая, другі — нежывы.
Тым часам войскі Гелія былі страшэнна разбіты: было забіта больш чатырнаццаці тысяч рымлян; сам консул, паранены, выратаваўся толькі дзякуючы шпаркасці свайго каня.
Радасць, якую даставіла гэтая бліскучая перамога гладыятарскім легіёнам, была засмучана пагібеллю германцаў, і Спартак загадаў, каб не свята перамогі, як пры шчаслівых падзеях, а глыбокага траура прытрымлівалася войска ў гэты дзень.
На другі дзень пасля гэтай падвойнай бітвы гладыятары
ўзяліся паліць трупы сваіх загінуўшых братоў: вакол поля бітвы было раскладзена шмат кастроў, на якіх сотнямі спальваліся целы забітых гладыятараў. Вакол кастра, які прызначаўся для трупа Энамая, сабраліся маўклівыя і засмучаныя камандзіры і ў карэ выстраіліся легіёны.
Цела храбрага германца, пакрытае дваццаццю сямю ранамі, абмылі і змазалі мазямі і духмянымі рэчывамі, загарнулі ў белы саван з танчэйшай ваўнянай матэрыі і, пакрыўшы кветкамі, паклалі на касцёр. Спартак у вялікім смутку сказаў прамову, якая перарывалася рыданнем. Ён уславіў храбрасць нябожчыка, яго надзвычайную мужнасць і самае сумленнае сэрца. Потым, узяўшы факел, першым падпаліў касцёр, які неўзабаве запалаў сярод воблакаў дыму тысяччу чырвоных языкоў.
Прах Энамая, сабраны ў матэрыю з нітак вогнетрывалага азбеста, быў перасыпаны ў невялікую бронзавую урну, якую Спартак ад таго дня захоўваў як самую дарагую для яго рэліквію.
3 дзесяці тысяч германцаў толькі пяцьдзесят сем было знойдзена на полі бітвы яшчэ жывымі, хоць і параненымі, і з іх толькі дзевяць засталіся жывыя, і сярод іх Эўтыбіда.
Вельмі захапляліся гладыятары храбрай грачанкай. Сам Спартак падарыў ёй грамадзянскі вянок і асабіста паднёс яго пад воплескі ўсіх легіёнаў.
Эўтыбіда прыняла гэты знак адрознення ў надзвычайнай усхваляванасці, якую, як ні старалася, не магла стрымаць. Гладыятары прыпісалі яе хваляванне скромнасці. У сапраўднасці гэта было толькі вынікам пакут злачыннага сумлення.
Атрымаўшы ўзнагароду «за самаахвярнасць і храбрасць», Эўтыбіда, якая яшчэ нават не паправілася ад раны, абвясціла, што яна хоча ісці з войскам і папрасіла як гонару, каб яе залічылі ў ардынарцы да Крыса.
Аднавіўшы сілы свайго войска, Спартак праз дваццаць пяць дзён пасля бітвы з Геліем зноў рушыў да ракі Падуса, цераз якую ён думаў перабрацца, каб трапіць у Галію.
За чатырнаццаць дзён ён дайшоў да Равены, дзе размясціўся лагерам за некалькі міль ад горада, каб скласці тры новыя легіёны з пятнаццаці тысяч рабоў і гладыятараў, якія збегліся да яго за гэты час.
Начальнікамі новых легіёнаў былі прызначаны вольнанароджаны гладыятар Кай Канікчый, гал Каст і фракіец Ідамей, які вызначыўся надзвычайнай храбрасцю ў апошніх двух бітвах.
3 войскам у семдзесят пяць тысяч чалавек Спартак распачаў паход у напрамку да Падуса.
Кай Касій, прэтар Галіі Цызальпійскай, даведаўшыся пра паражэнне консулаў Лентула і Гелія і пра грознае набліжэнне Спартака, паспешна сабраў дваццаць тысяч салдат і з гэтым войскам перабраўся цераз Падус каля П’ячэнцы, каб перашкодзіць далейшаму руху гладыятараў.
Тым часам апошнія за два пераходы дайшлі да Балонні і, як звычайна, паставілі лагер каля горада. Тут Спартак вырашыў затрымацца на некалькі дзён, пакуль не атрымае дакладных вестак пра становішча непрыяцельскага войска і пра намеры яго начальніка.
У вялізным лагеры гладыятараў ішла напружаная работа па навучанню ваеннаму строю няспынна прыбываючых новых барацьбітоў.
На вулічках, што аддзялілі адзін рад палатак ад другога, навучаліся ваеннаму строю пяць тысяч галаў, з якіх быў складзены за апошні час чатырнаццаты легіён, набраны ў сенонскай правінцыі.
Насупраць кожнага новага салдата стаяў ветэран, узброены драўляным мячом; ён вучыў навічка фехтаваць.
Чулася каманда:
— У пазіцыю!
— Шчыт угору!
— Ніжэй вастрыё мяча!
— Глядзі проста мне ў вочы!
— Вышэй галаву!
— Глядзі смела!
— Адбі шчытом удар у галаву!
— Хутчэй, дзеля Тараны! Што ў цябе ў руках, прасніца ці што замест мяча!
— Крок наперад!.. крок назад!.. Хутчэй, спрытней, дзеля Гезуса!
— У пазіцыю!
— Адбі ўдар вастрыём па галаве!
— Прыжок направа!
— Удар знізу!
— Паўпаварога налева!
— У пазіцыю!
— Скачок назад!
— Жвава! Наперад!.. Нападай на мяне!.. Наперад!..
Сярод гэтага дзелавога шуму ў палатцы начальніка пятага легіёна, гала Арвінія, адбываліся гарачыя спрэчкі.
— Урэшце, — крычаў адзін з субяседнікаў, Орзіль, начальнік адзінаццатага легіёна, які складаўся з нумідыйцаў і афрыканцаў, — мы не бараны, каб нас пастух гнаў такім чынам!..
— А без нас, — усклікнуў Кай Канікчый, начальнік трынаццатага легіёна, — чым бы ён быў?
— Простым чалавекам... нават менш, як чалавекам... быў бы пагарджаным і нікчэмным гладыятарам! — сказаў, злуючыся, Брэзавір.
— Я са сваімі афрыканцамі ў Галію не пайду, клянуся Ваалам! — сказаў Орзіль.
— Энамай казаў праўду! — закрычаў Каст, начальнік чатырнаццатага легіёна — тых пяці тысяч галаў, якія ў гэты момант вучыліся фехтаваць.
— Няшчасны Энамай! Ахвяра відавочнай здрады Спартака! — сказаў Анацый, самніт, які стаў камандаваць восьмым легіёнам пасля Рутылія.
— Ах! Клянуся ўсемагутнай сілай матэрыі! — усклікнуў у гневе магутным голасам эпірот Фесалоній, камандзір сёмага легіёна. — Спартак — здраднік? Ну, гэта ўжо занадта! Гэта занадта!
— Так, ён і разам з ім Крыс і Гранік прадаюць нас рымскаму сенату...
— Усе вы, што хочаце павесці нас на той бок Альпаў і далей ад Рыма, здраднікі!
— На Рым, на Рым мы хочам ісці!..
I сем ці восем галасоў адначасова і моцна крыкнулі:
— На Рым! На Рым!
— Я веру Спартаку, самаму высакароднаму і сумленнаму з усіх людзей, я веру Крысу і Граніку, і я з маім легіёнам, які мне давярае, пойдзем за імі, а не за вамі.
— I я, — сказаў Барторыкс.
— Ну і ідзіце з імі, а мы з нашымі сямю легіёнамі, — сказаў Кай Канікчый, — заўтра павернем зноў на Равену і рушым на Рым.
— О! Без Спартака вы зробіце вялікія і слаўныя подзвігі! — сказаў з іроніяй Барторыкс.
— Вас пасячэ на кавалкі першы прэтар, які сустрэнецца з вамі, — дадаў Фесалоній.
— I гэтыя людзі ўзяліся за зброю, каб заваяваць свабоду! — усклікнуў Кай Канікчый. — Яны зрабіліся рабамі чала-
века, падобнага да іх, калі толькі гэты абажаемы Спартак не ніжэй іх!
— Калі вы свабоду разумееце як беспарадак, мітусню, безначалле, дык такой свабоды мы не хочам! — закрычаў Фесалоній. — Мы аддаем перавагу дысцыпліне і парадку і будзем з тым, хто больш чым за два гады вайны паказаў сябе як мудры і доблесны правадыр.
Спрэчкі начальнікаў былі перарваны сігналам трывогі, які прагучаў у трэцім легіёне і ў кароткі час быў паўтораны ўсімі аркестрамі лагера.
Салдаты кінуліся да сваіх палатак і, узяўшы ў рукі зброю, выстраіліся ўзводамі, маніпуламі і кагортамі.
Новым сігналам быў перададзены загад аб тым, каб зняць і згарнуць палаткі.
I праз дзве гадзіны лагера не стала, і ўсе легіёны былі гатовы ў паход. Тады трэці сігнал склікаў начальнікаў легіёнаў да вярхоўнага правадыра для атрымання загадаў.
Усе начальнікі, прышпорыўшы сваіх коней, паспяшаліся да прэторыя, дзе Спартак сказаў ім, што прэтар Кай Касій ідзе супраць іх, што ён прыйдзе ў Мутыну ў гэты ж дзень увечары, што трэба неадкладна выступіць у паход, каб напасці на яго заўтра ж, раней, чым з ім злучацца іншыя атрады, перагарадзіўшы гладыятарам жаданую пераправу цераз Падус.
Калі Спартак скончыў сваю прамову, запанавала цішыня. Пасля некалькіх секунд хістання Кай Канікчый, утаропіўшы вочы ў зямлю і, відавочна, замяшаўшыся, прамовіў паціху:
— Мы, вядома, будзем змагацца супраць Касія, а што тычыцца Падуса, дык мы яго не пяройдзем.
— Як? Што ты сказаў?
— Ён сказаў, што мы не пойдзем за табою на той бок Падуса, — адказаў нумідыец Орзіль, дзёрзка пазіраючы на Спартака.
— Што сем легіёнаў, — сказаў Кай Канікчый, — не хочуць варочацца ў свае краіны, а хочуць ісці на Рым.
— О! — усклікнуў у гневе Спартак. — Зноў бунт?.. Хіба для вас мала, няшчасныя, прыкладу небаракі Энамая?
Толькі ледзь чутныя галасы наракання пачуліся ў адказ на яго словы.
— Клянуся ўсімі багамі, вы або вар’яты, або здраднікі!
Мяцежныя начальнікі маўчалі. Фракіец гаварыў далей:
— Зараз перад намі непрыяцель, і вы ўсе будзеце мне падпарадкавацца, пак