Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
чорныя думкі.
— Колькі гадзін ты ехала з вашага лагера?
— Менш двух гадзін.
— Ты імчалася на ўсю сілу?
— Можаш пераканацца па выгляду майго каня.
— Варочайся таксама на ўсю сілу.
Эўтыбіда, павярнуўшы каня, пусціла яго галопам у напрамку да Сіпонтума.
З’явіўшыся туды, яна перадала Крысу, што Спартак загадаў яму выступіць з Сіпонтума, накіравацца да гары Гаргана і пастарацца заняць там непрыступную пазіцыю.
Да дня заставалася яшчэ дзве гадзіны.
Крыс загадаў паціху сабраць палаткі, і раней, чым узышло сонца, яго войска ўжо было на дарозе да Гарганы.
Праз чатыры гадзіны яно дайшло да нізу гары. За ёю яно ўбачыла Адрыятычнае мора. Рыбацкія парусы бялеліся сярод хваль. У той час калі Крыс, які знаходзіўся на крайнім адгор’і Гарганскага горнага ланцуга каля самага мора, аддаў загад ставіць лагер, раптам пачуліся воклічы:
— Рымляне! Рымляне!
Гэта былі легіёны Краса, якія з’явіліся па ўказанню здрадніцы.
Крыс не разгубіўся ад гэтага нечаканага нападу, але са спакоем і цвёрдасцю доблеснага палкаводца расставіў у баявы парадак свае войскі, скарыстоўваючы няроўнасці зямлі. Чатыры легіёны ён разгарнуў адкрытым фронтам да непрыяцеля, і для таго каб мець як мага больш доўгую лінію фронта, працягнуў яе направа ад узгорка, на якім меркаваў зрабіць лагер і які ахоўвалі пяты і шосты легіёны, што стаялі тут у рэзерве, левы бок фронта ён працягнуў па абрывістых і непрыступных скалах, аб якія з ціхім рокатам разбіваліся марскія хвалі.
Неўзабаве шэсць рымскіх легіёнаў самкнутым строем рынуліся на гладыятараў.
Дзікія крыкі байцоў і аглушальны шум удараў мячоў і шчытоў парушалі адвечную цішыню пустэльнага ляснога месца, і рэха несла ад пячоры да пячоры, ад скалы да скалы гэтыя незвычайныя гукі.
3 той прычыны, што рымляне атакавалі суцэльным строем, левае крыло легіёнаў Крыса не было абкружана; дзякуючы гэтаму больш трох тысяч чалавек з чацвёртага легіёна стаялі тут бяздзейна, пасіўнымі гледачамі бою. Тады самніт Анацый, камандзір легіёна, сам паспяшаўся стаць на чале гэтых трох тысяч і, скамандаваўшы: «Паварот направа!», рынуўся з імі на правае крыло рымлян з такім напорам, што рымскі легіён, які складаў правы ад краю фланг, адразу зусім расстроіўся.
Тады квестар Скрофа загадаў начальніку рымскай кавалерыі, Кнею Квінту, ударыць з шасцю тысячамі коней па леваму флангу гладыятараў, які Анацый пакінуў без абароны.
Пачалося жахлівае збіванне.
Крас адначасова паслаў два легіёны і шэсць тысяч стралкоў ачапіць правы фланг Крыса.
Такім чынам, гладыятары, за спіною якіх прасціралася мора, былі абкружаны рымскімі легіёнамі, і, нягледзячы на
дзівосную храбрасць, трыццаць тысяч пад націскам васьмідзесяці тысяч ворагаў, не думаючы ратавацца, змагаючыся як ільвы, усе загінулі з гонарам у трохгадзінным баі.
Крыс, які змагаўся да канца з уласцівай для яго мужнасцю і да канца спадзяваўся на прыход Спартака, убачыў, што большая частка яго таварышаў загінула, спыніў каня — гэта быў трэці: два былі забіты пад ім, — паглядзеў у той бок, адкуль павінен быў прыйсці Спартак, і ўсклікнуў:
— О, Спартак! Ты не прыйдзеш у час, ні каб выратаваць нас, ні каб адпомсціць за нас! Ах! Што будзе з табою, калі ты ўбачыш такую дарэмную пагібель трыццаці тысяч тваіх самых доблесных таварышаў!
Буйныя слёзы цяклі па яго шчаках. Павярнуўілыся да сваіх ардынарцаў — сярод іх ад самага пачатку бою ўжо не было Эўтыбіды, — ён сказаў спакойным і гучным голасам:
— Браты! А цяпер час паміраць!
I, узняўшы меч, увесь чырвоны ад крыві забітых ім рымлян, ён прышпорыў каня і з сілаю рынуўся на маніпулу пешых ворагаў, якія абкружылі восем або дзесяць гладыятараў, якія, усе параненыя, яшчэ змагаліся. I, размахваючы мячом, закрычаў грымотным голасам:
— Эй, вы! Храбрыя рымляне! Вы смелыя, калі вас трое супраць аднаго! Трымайцеся! Я іду паміраць!
Чацвёра ардынарцаў разам з ім урэзаліся ў непрыяцельскія рады, пачалі валіць на зямлю, таптаць коньмі і забіваць рымлян мячамі. Легіянеры расстроіліся і пачалі адступаць. Але падыходзілі двое, чацвёра, дзесяцёра новых і змыкаліся вакол пяці гладыятараў.
Адзін за адным падалі ардынарцы Крыса, і, нарэшце, паваліўся ён сам. Падаючы, ён павярнуўся да рымляніна, які кальнуў яму ў спіну, пранізаў яго сваім мячом і паваліўся разам з ім.
Так закончыўся бой каля гары Гарганскай, у якім загінула дзесяць тысяч рымлян і былі пасечаны трыццаць тысяч гладыятараў.
Толькі каля васьмісот з апошніх, у большасці параненыя, былі ўзяты ў палон і, па загаду Краса, раскрыжаваны ўздоўж пройдзенай рымлянамі за мінулую ноч дарогі.
Пасля паўдня Крас загадаў трубіць збор, паліць трупы рымлян, а затым заняцца размяшчэннем лагера і ўмацаваннем яго шырокімі равамі.
Між тым Спартак у невымоўнай трывозе ўвесь дзень і ўсю
ноч чакаў ардынарцаў Крыса, якія павінны былі прыбыць з весткамі пра набліжэнне рымлян. I з той прычыны, што ніхто не з’яўляўся, ён досвіткам паслаў двух сваіх ардынарцаў, кожнага з сотняю кавалерыстаў, праз паўгадзіны аднаго за адным да Сіпонтума, сабраць весткі пра непрыяцеля і пра Крыса.
Першы ардынарац, прымчаўшыся ў Сіпонтум, знайшоў лагер Крыса пакінутым. У здзіўленні і нерашучасці спыніўся яго атрад, калі прамчаліся на цяжка дыхаючых конях два ардынарцы Крыса, пасланыя ім да Спартака як толькі з’явіліся рымляне.
Тады, распытаўшы адзін у аднаго, яны зразумелі здрадніцкі намер Эўтыбіды і тое жахлівае становішча, у якім апынуўся Крыс са сваімі легіёнамі. Ім заставалася зрабіць толькі адно: імчацца на ўсю сілу і паведаміць пра ўсё Спартаку.
— Клянуся багамі пекла! — прароў Спартак, пабляднеўшы, як мярцвяк, ад навіны пра подлую здраду, пра страшныя вынікі якой ён адразу зразумеў. — У паход, неадкладна ў паход да Сіпонтума!
Ён паклікаў Граніка і, сядаючы на каня, голасам, у якім чутны былі слёзы, сказаў яму:
— Даручаю табе весці фарсіраваным маршам восем легіёнаў. Няхай у кожнага салдата вырастуць крылы на нагах... Гэта дзень няшчасцяў для нас, і няхай у кожнага сэрца будзе цвярдзейшае за алмаз... Ляціце! Ляціце! Крыс гіне! Нашы браты паміраюць, збіваемыя па-зверску. Я іду на дапамогу наперад з кавалерыяй... Дзеля ўсяго для вас святога спяшайцеся, ляціце...
За паўтары гадзіны ён прыбыў туды на запараных і знясіленых конях і ўбачыў некалькі гладыятараў, акрываўленых і ледзь дыхаючых, якія цудам выратаваліся ад пабоішча каля Гарганскай гары. Яны сказалі яму:
— Мы разбіты! Мы знішчаны! Ад нашых шасці легіёнаў нічога не засталося.
— О, мае няшчасныя браты! Мой любімы Крыс!.. — Спартак голасна і нястрымна заплакаў.
Разгубленасць і трывога апанавалі ўсіх. Тады Мамілій, начальнік конніцы, дрыжачым ад слёз голасам сказаў:
— Будзь мужным у няшчасці, Спартак! Падумай пра тое, як выратаваць астатнія восем легіёнаў.
Спартак узняў мокры ад слёз твар.
— Трэба адступаць! — сказаў ён, нарэшце. — Пасля такой
кровапралітнай бітвы легіёны Краса не здолеюць рушыць ад Гарганскай гары раней чым праз восем-дзесяць гадзін; нам неабходна скарыстаць гэты час. — I, звяртаючыся да аднаго з ардынарцаў, дадаў: — Едзь да Граніка і перадай яму, каб ён спыніўся і чакаў нас.
Праз паўгадзіны адпачынку, дадзенага змучаным коням, ён павярнуўся са сваёй кавалерыяй насустрач васьмі легіёнам Граніка, якія спыніліся на паўдарозе.
Тут, паклікаўшы Граніка, ён загадаў яму ісці з усім войскам на поўдзень, унікаючы вялікай дарогі, праз палі і вінаграднікі, а сам з трымастамі коннікамі вырашыў накіравацца да гары Гарганскай, каб забраць цела Крыса.
Гранік спрабаваў адгаварыць Спартака ад гэтага намеру, паказваючы на небяспекі, у якія ён не мае права трапляць як правадыр і душа святой і цяжкай справы.
— Я не загіну і даганю вас — я ў гэтым упэўнены — праз тры дні ў Апенінах; але нават каб мне давялося загінуць, дык у цябе, храбры і доблесны Гранік, ёсць дастаткова вопыту, уплыву і празорлівасці, каб прадаўжаць энергічна і ўпарта вайну супраць нашых прыгнятальнікаў.
I, узяўшы з сабою атрад кавалерыі, ён абняў Граніка і Арторыкса і рушыў у дарогу.
Пад вечар Спартак дабраўся да ваколіцы Сіпонтума і загадаў людзям злезці з коней і весці іх за аброць. Яны ўвайшлі ў лес, які быў абапал дарогі. Трэба было мячамі працярэбліваць дарогу коням у гэтым першабытным лесе.
На адасобленай палянцы, абкружанай дубамі і ёлкамі, яны пераначавалі, захоўваючы цішыню і калеючы ад холаду. Як толькі праспявалі першыя пеўні, гладыятары пачулі гул крокаў пяхоты, тупат коней і галасы рымскага войска.
Калі сціх шум апошняй рымскай маніпулы, Спартак са сваімі кавалерыстамі выехаў з лесу і шпаркім галопам памчаўся на поле бітвы.
Сціснулася сэрца і пацямнела ў вачах, калі ён убачыў страшнае пабоішча, убачыў трыццаць тысяч трупаў. Яшчэ не патухлі гіганцкія агні, ад якіх узнімаўся дым і разыходзіўся пах гарэлага мяса, — на іх былі толькі што спалены тысячы трупаў рымскіх воінаў.
Тады, злезшы з каня і загадаўшы палове атраду ісці за ім, а астатнім чакаць ля коней, ён пачаў абыходзіць гэтае злавеснае поле. На кожным кроку ён бачыў бледныя, знявечаныя твары загінуўшых сяброў.
У адным месцы ён убачыў цела небаракі Фесалонія, жыццярадаснага і высакароднага эпікурэйца, пакрытае сотняю ран; яго рука яшчэ сціскала меч.
Ледзь пазнаў ён Брэзавіра, грудзі якога былі прабіты дзесяццю мячамі і чэрап зусім растаптаны капытамі коней. У другім месцы ён наткнуўся на труп храбрага і смелага Лівія Грандэнія, начальніка шостага легіёна, амаль пахаванага пад трупамі забітых ім ворагаў; далей ён убачыў труп самніта Анацыя, а яшчэ далей трапіўся яму жывы, хоць і ўвесь паранены Каст, гал, начальнік трэцяга легіёна, які слабым голасам клікаў на дапамогу. Яго паднялі, перавязалі, як маглі лепш, і абкружылі самым цёплым доглядам.
Праблукаўшы больш двух гадзін у вялікай роспачы, Спартак, нарэшце, знайшоў скрываўлены і пасечаны на кавалкі труп Крыса, у якога толькі твар застаўся некранутым і яшчэ захаваў горды і адважны выгляд.
Убачыўшы гэта, Спартак адчуў, як сэрца яго сціскаецца ад смутку і пяшчоты, і, упаўшы на зямлю, ён пачаў цалаваць твар сябра.
— Ахвярай чорнага здрадніцтва загінуў ты, родны мой Крыс! Загінуў ты без мяне, і я не змог прыйсці табе дапамагчы. I ты загінуў, не адпомшчаны. О, высакародны, любімы мой Крыс!
I ён прыціснуў да грудзей правую руку забітага.
— Тут клянуся і заклікаю