Спартак  Рафаэла Джаваньёлі

Спартак

Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
71.43 МБ
этыя дваццаць дзён аблогі два разы прыходзіла сюды для ахвяраванняў адна дзяўчына, я думаю, грачанка з войска гладыятараў, добрапрыстойная і набожная дзяўчына і вельмі чароўная.
— А!.. — прамовіла Эўтыбіда, стараючыся захаваць сваё хваляванне. — Ты сказаў, што прыгожая дзяўчына прыходзіла з варожага лагера?
— Так, дзяўчына, якая носіць панцыр і на поясе меч і якую абодва разы суправаджала негрыцянка, як ты, але нямая, небарака.
Эўтыбіда сказала з вонкавай прастатою і дабрадушнасцю:
— Вось нават у ворагаў — мой пан кажа, што гэта нашы ворагі, — у ворагаў ёсць добрапрыстойнасць. Заўтра я зноў
прыйду сюды да досвітку, бо баюся я гладыятараў, і калі не здолею пераканаць гаспадара прыслаць дары непераможнаму Геркулесу Аліварыю, дык прынясу сюды сваю даніну.
Жрэц пахваліў яе за набожнасць, абяцаючы заступніцтва Геркулеса, а развітваючыся, паказаў сцежку, па якой лягчэй было спускацца і падымацца неўзаметкі.
Радасная, сыходзіла Эўтыбіда з гары. Яна знайшла саюзніка значна лепшага, чым магла спадзявацца. Прадажнасць і сквапнасць жраца былі відавочныя; яго лёгка можна было падкупіць і, магчыма, з яго дапамогаю знайсці які-небудзь таемны подступ да сцен. У кожным разе, калі ніякім іншым спосабам не ўдаецца знішчыць Спартака, яна ўчыніць яму страшэннае гора — заб’е яго сястру Мірзу.
Дзве начы падрад Эўтыбіда прыходзіла ў храм, прыносячы грошы і дары жрацу. Прызнаўшыся, што яна не эфіопка, a рымлянка з лагера Краса, яна сказала, што Крас шчодра ўзнагародзіць яго, калі ён пакажа месца ў гарадской сцяне, дзе лягчэй было б зрабіць напад.
Жрэц сказаў, што ведае сцежку, якая вядзе цераз абрывістыя і стромыя схілы да аднаго месца, дзе гарадскія сцены амаль разбураны і адтуль няцяжка ўварвацца ў горад.
Эўтыбіда абяцала яму дзесяць талантаў наперад і шчодрую ўзнагароду Краса пасля выканання задуманага.
На другую ноч, змыўшы з твара бронзавую афарбоўку, яна апранула свой ваенны касцюм, з’явілася ў храм Геркулеса і перадала дзесяць талантаў жрацу, які, аднак, не мог сказаць ёй нічога новага.
— А Мірза, сястра гладыятара, калі яна прыйдзе ў храм?
— Я дакладна не ведаю, — адказаў нерашуча жрэц, — напэўна, яна прыйдзе паслязаўтра, у дзень свята Геркулеса. Сястра фракійца сказала мне, што яна мае намер прынесці ахвяру багам, каб яны заступіліся за справу паўстаўшых рабоў і асабліва за яе брата.
— Юпітэр, ты справядлівы! Справядлівы і ты, Геркулес! Справядлівы ўсявышнія багі Алімпа! — узняўшы позірк да неба з выглядам жорсткай радасці, усклікнула грачанка. — Я адпомшчу, і помста мая будзе яшчэ больш жахлівая, чым да гэтага часу.
I яна, зняўшы з сябе залаты ланцуг, сярэбраны шлем, упрыгожаны каштоўнымі каменнямі меч, падала ўсё гэтае жрацу, які сквапным вокам ацэньваў вартасць дароў.
— Заўтра я прынясу яшчэ дзесяць талантаў неперамож-
наму Геркулесу, калі ты дапаможаш уначы двум маім рабам схапіць сястру гладыятара і адвесці яе ў лагер рымлян.
Эўтыбіда даведалася, што Мірза прыходзіць у храм на світанні.
Жрэц схаваў у зацішным месцы падарункі Эўтыбіды і пайшоў разам з ёю за рымскі вал.
...Марк Крас цяпер поўнасцю давяраў грачанцы, ён дазваляў ёй свабодна заходзіць і выходзіць з лагера адной ці ў суправаджэнні каго-небудзь па яе выбару.
Глыбокай ноччу, у перадсвітальны час, Эўтыбіда надзела стальны шлем, перакінула цераз плячо перавязь, на якой вісеў невялікі востры меч, і выйшла з лагера разам са жрацом, які не вельмі цвёрда стаяў на нагах з-за выпітага віна.
На адлегласці некалькі крокаў за Эўтыбідай і жрацом рухаліся два чалавекі вялізнага росту, узброеныя з ног да галавы. Гэта былі рабы Марка Краса.
Пакуль яны ідуць да храма Геркулеса Аліварыя, зазірнем на хвіліну ў Тэмесу. Там у Спартака ўжо тры дні стаяла напагатове флатылія, і ён чакаў толькі цёмнай ночы, каб перавезці пятнаццаць тысяч гладыятараў, якіх ён мог размясціць на тысячы суднаў, сабраных усімі спосабамі.
Як толькі зайшло бледнае сонца, якое ўвесь дзень хавалася за шэрымі і чорнымі хмарамі, Спартак, прадбачачы, што прыходзіць жаданая цёмная ноч, загадаў тром легіёнам пагрузіцца на судны. Граніку ён таксама загадаў пагрузіцца з імі разам і з надыходам ночы адпраўляцца ў дарогу.
Флатылія гладыятараў ціха адплыла з Тэмесы ў адкрытае мора.
Аднак той самы вецер, які згусціў хмары над Тэмесай, працягваў упарта дуць ад берагоў Афрыкі і, нягледзячы на ўсе намаганні мараплаўцаў, не даваў ім магчымасці павярнуць да берагоў Сіцыліі.
Без стомы працуючы вёсламі, гладыятары адплылі на многа міль, але на досвітку мора стала бурлівым, лютаваў вецер, і вялікая небяспека пагражала кволай флатыліі. Па парадзе маракоў і рыбакоў з Тэмесы, якія кіравалі многімі суднамі, а таксама гладыятараў, знаёмых з морам, Гранік падышоў да берага блізка ля Нікатэры. Адсюль яны вырашылі адправіцца ў бліжэйшыя горы. Гранік паслаў да Спартака лёгкае судна, каб уведаміць яго аб тым, што здарылася.
... Тым часам два рабы Краса разам з Эўтыбідай і жрацом прыбылі ў храм Геркулеса Аліварыя. Да паўночы яны заста-
валіся ў гаі, што знаходзіўся каля дарогі, якая вяла ад горада да храма. Вышэй гаю стаяў невялікі дом, дзе размяшчаўся аванпост гладыятараў. Нягледзячы на прынятыя вартавымі меры засцярогі, рабы Краса час ад часу чулі прыглушаныя ветрам галасы і крокі.
— Паслухай, Эрцыдан, — сказаў шэптам адзін раб другому, — трэба ўзяць гэтую маладую амазонку жывой.
— Мы так і зробім, Аскубар, — адказаў Эрцыдан, — калі Ўдасца.
— Я і кажу... калі зможам...
— Таму што, сказаць па праўдзе, калі яна акажа супраціўленне мячом ці кінжалам, я адолею яе двума ўдарамі; тым больш што, калі мы адсюль чуем гаворку гладыятараў, то і яны адразу пачуюць крык, які ўчыніць гэтая плакса.
— Вядома, пачуюць і з’явяцца сюды ў адну хвіліну. Тады мы загінулі, бо адлегласць да аванпаста гладыятараў усяго толькі два выстралы з лука, а да нашага лагера ў тысячу раз далей.
— Клянуся Юпітэрам, твая праўда! Гэта справа пачынае мяне непакоіць.
— А я аб гэтым думаю ўжо болып як час.
I яны змоўклі.
Раптам сярод шапацення лісця, вызванага ветрам, выразна пачуўся шум крокаў; непадалёку ад рабоў нехта ішоў сярод кустоў па гаі, дзе яны хаваліся.
— Хто ідзе? — прыглушаным голасам спытаў Аскубар, агаляючы меч.
— Маўчыце, — прамовіў жаночы голас, — гэта я, Эўтыбіда... He звяртайце ўвагі на тое, што робіцца за вашай спіной, назірайце за дарогай.
Яна пайшла ў зараснікі кустоў. Аскубар і Эрцыдан доўга маўчалі. Затым першы сказаў другому:
— Ведаеш, я лічу, што гэтая справа больш цяжкая, чым здавалася спачатку. I я думаю, як нам найлепш выбрацца з гэтай бяды.
— Ты і гавары, як гэта зрабіць?
— Калі маленькая амазонка падыдзе бліжэй, на адлегласць дванаццаці-пятнаццаці крокаў, мы выпусцім па ёй дзве стралы: адну ў сэрца, другую ў шыю. Запэўняю цябе, крычаць яна не будзе. Ну што ты аб гэтым скажаш?
— Малайчына, Аскубар, лепш не прыдумаеш.
— А той, другой, скажам, што яна спрабавала супраціўляцца.
— Добра прыдумана! Так і зробім!
I двое рабоў, насцярожыўшы слых і падрыхтаваўшы зброю, стаялі моўчкі і нерухома.
Між тым усхваляваная Эўтыбіда хадзіла па наваколлю, як быццам хацела паскорыць набліжэнне світанку, спадзеючыся, што Мірза выйдзе з горада і накіруецца ў храм. Час здаваўся ёй вечнасцю. Нарэшце, яна заўважыла, што хмары на ўсходзе пачалі набываць бледна-ружовы колер, і ўздыхнула з палёгкай.
Эўтыбіда паглядзела на дарогу, што вяла да доміка, дзе быў аванпост гладыятараў, і асцярожна пайшла ў той бок. Але яна яшчэ не зрабіла і двухсот крокаў, як прыглушаны, але грозны голас прымусіў яе спыніцца:
— Хто ідзе?
Гэта быў патруль гладыятараў. Эўтыбіда, нічога не адказваючы, паспрабавала хутка і бясшумна ўцячы ў гай. Патруль, не атрымаўшы адказу, кінуўся туды, дзе знікла Эўтыбіда. Скора ўцякачка і гладыятары наблізіліся да гаю, на мяжы якога стаялі ў засадзе рабы Краса. Тыя заўважылі маленькага воіна, які шпарка бег у іх бок.
— Гэта яна, — ледзь чутна сказаў Аскубар таварышу.
— Так... на ёй шлем... яна маленькая, гэта, напэўна, жанчына.
I яны адначасова спусцілі стрэлы, якія са свістам вылецелі і пракалолі — адна белую шыю, а другая, прабіўшы сярэбраны панцыр, грудзі Эўтыбіды.
Яна павалілася на дарогу з немым крыкам, заліўшы крывёю дарогу. Аб яе цела і спатыкнуліся гладыятары.
Між тым ужо зусім развіднелася, і гладыятары нахіліліся над целам. Яны знялі шлем і ўбачылі, што перад імі ляжыць жанчына.
Паглядзеўшы на яе твар, які пакрыўся смяротнай бледнасцю, яны ўсклікнулі ў адзін голас:
— Эўтыбіда!
Усе сабраліся вакол параненай.
— Калі яе паранілі, то нехта ж страляў у яе, — сказаў галоўны гладыятар. — Хай пяцьдзесят чалавек ідуць на пошукі забойцы.
Пяцьдзесят гладыятараў пабеглі ў бок храма Геркулеса Аліварыя. Астатнія, абступіўшы паміраючую, стаялі з хмур-
нымі тварамі і ў вялікім маўчанні пазіралі на агонію гэтай няшчаснай, якая нарабіла ім столькі бяды.
Куртызанка з пасінелым тварам і напаўзаплюшчанымі вачыма неспакойна круціла галавою, стагнала і сударгава разяўляла рот, нібы хочучы штосьці сказаць.
— Праклятая здрадніца! — усклікнуў суровым голасам цэнтурыён. — Што ты тут рабіла у гэты час? Хто цябе параніў? Я здагадваюся пра нейкі новы зладзейскі намер, ахвярай якога цябе зрабіў, магчыма, выпадак, а магчыма, само здрадніцтва, якое павярнулася супраць таго, хто яго задумаў.
Эўтыбіда застагнала і рукамі пачала адганяць гладыятараў.
— He! — закрычаў цэнтурыён. — Ты сваім здрадніцтвам загубіла сорак тысяч нашых братоў, і, напамінаючы табе пра твае злачынствы, узмацняючы твае пакуты, мы ўміласцівім іх неадпомшчаныя цені.
Галава Эўтыбіды апусцілася, і толькі цяжкія перарывістыя стогны паказвалі, што яна яшчэ жывая.
Гэтым часам пяцьдзесят гладыятараў, пасланых дагнаць забойцаў, вярнуліся, ведучы за сабою Эрцыдана. Ён паваліўся, паранены ў нагу, і быў узяты ў палон. Аскубару пашанцавала ўцячы.
Кападакіец расказаў усё, што было яму вядома. Тады гладыятары зразумелі, як усё адбылося.
— Што такое здарылася? — запытаўся жаночы голас.
Гэта была Мірза, узброеная, як воін. Яна ішла да храма Геркулеса.
— Стрэлы, якія гнюсная Эўтыбіда падрыхтавала для цябе, дзякуючы ўмяшанню Геркулеса дагналі яе самую, — адказаў цэнтурыён, даючы Мірзе дарогу.
Пачуўшы голас Мірзы, Эўтыбіда ўзняла галаву. Шырока адкрытыя яе вочы был