Спартак  Рафаэла Джаваньёлі

Спартак

Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
71.43 МБ
гіёнаў цэнтра і левага крыла ў вялікім беспарадку і з вялізнымі стратамі. Толькі правае крыло, якім цвёрда кіраваў Гранік, адступіла, захоўваючы строй.
Каб затрымаць націск пераможцаў, Спартак асабіста павёў наперад кавалерыю і люта рынуўся на рымскія кагорты, якія, захапіўшыся праследаваннем, разарвалі свае рады. Яны вымушаны былі шпарка адступіць і пастроіцца кругамі, карэ, трохвугольнікамі, каб не быць пасечанымі нашчэнт гладыятарскай конніцай. Страты рымлян у выніку гэтай коннай атакі былі вялізныя.
Крас хацеў увесці ў бой сваю кавалерыю, але надышоўшая ноч прымусіла яго адмовіцца ад гэтага. Абодва бакі пратрубілі адбой і адступілі на свае стаянкі.
У гэтым баі рымляне страцілі пяць тысяч, а гладыятары восем тысяч чалавек і, апрача таго, тысячу дзвесце, якія трапілі ў палон да непрыяцеля.
Спартак, вярнуўшыся ў свой лагер, зараз жа з дапамогай усіх начальнікаў, трыбунаў і цэнтурыёнаў узяўся прыводзіць у парадак свае легіёны. Ён загадаў раскласці, як звычайна, агні і задоўга да поўначы паціху выступіў з лагера. Ён вырашыў перакінуцца на землю брутаў.
Яго нагнаў ганец Краса, які, адмовіўшыся раней ад абмену ста палонных рымлян на Эўтыбіду, цяпер прапанаваў абмяняць іх на тысячу дзвесце палонных гладыятараў.
Спартак на гэта згадзіўся.
Па дарозе разведчыкі Спартака наткнуліся на ўзброены атрад, які спачатку палічылі за рымлян, але гэта былі пяць тысяч рабоў, сабраных Каем Канікчыем. Ён вёў іх да Спартака.
Канікчый прысягаў, што будзе цяпер гэтак жа захоўваць дысцыпліну, як раней сваволіў.
Спартак па-братэрску прыняў самніта і яго салдат, якіх загадаў неадкладна ўзброіць і размеркаваў асобнымі групамі па дванаццаці легіёнах. Начальнікам аднаго з легіёнаў зноў быў прызначан Канікчый.
Праз пяць дзён пасля гэтага вярнуўся пасланы для абмену палонных Мамілій з тысяча двумастамі выратаванымі з рым-
скага палону. Спартак у прысутнасці ўсяго войска звярнуўся да іх з кароткай, але рэзкай прамовай. Ён сказаў, што не заўсёды знойдуцца ў лагеры сто юнакоў з рымскіх патрыцыянскіх сем’яў, якія сваім жыццём выратавалі гладыятараў, што даліся ўзяць жывымі, што без гэтай шчаслівай выпадковасці ўсе яны цяпер віселі б на дрэвах уздоўж дарогі і іх клявалі б крумкачы і каршуны апенінскіх лясоў. Таму калі немінуча смерць, лепш памерці ў баі, чым быць ганебна павешаным ворагам.
Крас між тым заняўся фарміраваннем новых часцей. Ён напісаў пісьмы ва ўсе муніцыпіі паўднёвых правінцый з патрабаваннем даць салдат; ён напамінаў пра шкоду, зробленую гладыятарамі Спартака, і даводзіў, якая будзе выгада ад поўнага знішчэння гэтых разбойнікаў.
У выніку Крас за пятнаццаць дзён склаў яшчэ чатыры легіёны, так што яго армія дасягала амаль ста тысяч чалавек.
Спартак у гэты час заняў прыморскі горад Тэмезу і пачаў перагаворы з кілікійскімі піратамі, якія грабілі берагі Тырэнскага мора. Ён прасіў іх перавезці яго войска ў Сіцылію, абяцаючы за гэтую паслугу трыццаць талантаў — гэта была ўся казна гладыятараў.
Але піраты, даўшы згоду і нават атрымаўшы ад Граніка, які вёў гэтыя перагаворы, дзесяць талантаў задатку, у ноч напярэдадні пасадкі гладыятараў, напэўна напалоханыя думкай пра помсту з боку рымлян, крадкам ўцяклі з Тэмезы, падвёўшы, такім чынам, Спартака, які на іх спадзяваўся.
У той час калі начальнікі гладыятараў пазіралі з свайго лагера на адыходзіўшыя парусы пірацкіх караблёў, разведчыкі прымчаліся ў лагер і паведамілі пра набліжэнне Марка Краса.
Гладыятары кінуліся да зброі і, выстраіўшыся ў баявую лінію, чакалі непрыяцеля. Раней чым рымскія легіёны пастроіліся для бітвы, першая лінія войска Спартака, складзеная з шасці легіёнаў, люта напала на рымлян.
У другой лініі фракіец размясціў чатыры легіёны, а па краях правага і левага крыла паставіў па чатыры тысячы кавалерыстаў.
Два легіёны заставаліся ў Тэмезе, куды Спартак у выпадку няўдачы вырашыў схавацца з усім сваім войскам.
Перш чым павесці войска ў бой, Спартак папярэдзіў начальнікаў шасці легіёнаў, з якіх складалася першая лінія, каб у выпадку адступлення яны далі сігнал букцынамі, а трыбуны, цэнтурыёны і дэканы на словах загадалі б салдатам адступаць за другую лінію праз прамежкі апошняй.
Некалькі гадзін прадаўжалася бітва без вынікаў, але ў гадзіну апоўдні Гранік, які камандаваў боем, даў загад да адступлення, каб унікнуць абхвату з флангаў. Адступленне адбылося вельмі шпарка і з самым нязначным расстройствам радоў праз прамежкі ў другой лініі. Першая лінія прайшла ў тыл, і рымскія легіёны апынуліся перад новай лініяй свежых войскаў, якія рынуліся на іх з мацнейшым націскам і прымусілі іх адступіць у вялікім непарадку і з цяжкімі стратамі.
Марк Крас быў вымушаны трубіць адбой, накіраваць іншыя восем легіёнаў і пачаць новую яшчэ больш упартую бітву.
Увёўшы яшчэ два легіёны, адзін — з правага фланга, а другі — з левага фланга, ён разлічваў абысці гладыятарскі фронт, але кавалерыя Спартака, выступіўшы з аднаго і другога бакоў, разбурыла намеры рымскага палкаводца.
Тым часам Гранік сабраў і зноў выстраіў у баявым парадку шэсць першых легіёнаў, і, калі Крас загадаў рушыць сваёй кавалерыі, Спартак мог адступіць у поўным парадку за першую лінію, якая аказалася зноў баяздольнай і прыняла націск рымскіх легіёнаў.
Такім чынам, змагаючыся і адступаючы двума лініямі, гладыятары адышлі к вечару пад сцены Тэмезы, і Марк Крас не мог мець ніякай карысці са сваёй колькаснай перавагі. Загадаўшы войскам пакінуць поле бітвы і спыніўшыся ў нізе гор, якія былі вакол Тэмезы, ён сказаў свайму квестару Скрофе:
— Пагарджаны гладыятар, подлы гладыятар, але трэба прызнацца, што ў гэтага распраклятага Спартака ёсць усе якасці вялікага палкаводца.
— Скажы адкрыта, — адказаў з болем у душы Скрофа, — што Спартак доблесны, мужны, праніклівы і, безумоўна, выдатны палкаводзец.
Бітва, якая цягнулася больш сямі гадзін, каштавала гладыятарам шасці тысяч, а рымлянам сямі тысяч забітых.
I ўсё ж такі Крас, з прычыны таго што Спартак адступіў і схаваўся ў Тэмезе, абвясціў сябе пераможцам і напісаў сенату, што ён спадзяецца закончыць вайну за дваццаць-трыццаць дзён, бо запёр гладыятараў і яны ўжо не здолеюць выратавацца.
Тым часам Спартак, які яшчэ раней акапаў сцены горада шырокімі равамі, прымаў усе меры да абароны. Але ўпотай ён абдумваў, як бы вырвацца з гэтых клешчаў.
Ён сурова забараніў жыхарам выходзіць з горада, вароты і сцены якога заўсёды ахоўваліся гладыятарамі.
Гэты загад напалохаў жыхароў Тэмезы, якія ўгледзелі ў ім прызнакі зацяжной аблогі, і гарадскія ўлады з’явіліся да Спартака з просьбай адысці з горада, сказаўшы, што яны гатовы забяспечыць яго зброяй, харчамі і вялікай сумай грошай.
Спартак адказаў, што ў іх ёсць толькі адзін спосаб пазбавіцца ад жахаў аблогі і голаду: сабраць усе вялікія і малыя рыбацкія баркі, лодкі і шлюпкі і даставіць іх як мага хутчэй на бераг, дзе стаялі лагерам кавалерыя і тры легіёны, прыслаць усіх майстроў, якія ўмеюць рабіць баркі і лодкі, даставіць увесь, які ёсць, будаўнічы матэрыял, каб пабудаваць флот для перавозкі войска ў Сіцылію.
Згода была дадзена, і неўзабаве на беразе мора сотні рабочых, разам з тысячамі гладыятараў, дружна ўзяліся за будаванне невялікіх, але шматлікіх суднаў.
У гэты час Крас, заняўшы найбольш важныя пазіцыі, каб перагарадзіць выхад непрыяцелю, накіраваў ганцоў у бліжэйшыя гарады з патрабаваннем забяспечыць яго неабходнымі асаднымі прыладамі, бо без таранаў, катапульт і баліст аблога зацягнулася б на доўгі час.
Тым часам Эўтыбіда самотна бадзялася па рымскаму лагеру з сэрцам, якое прагнула помсты, і, нарэшце, надумалася агледзець ваколіцы горада; яна хацела праведаць, ці няма якоганебудзь доступу да сцен і ці нельга паспрабаваць нечакана прабрацца ў горад.
Загадаўшы рабыням падрыхтаваць мазь каштанавага колеру, яна нацерла ёю рукі, твар і шыю; яна зрабілася непазнавальнай і вельмі нагадвала эфіопку. Апрануўшы адзенне рабыні і сабраўшы свае рыжыя косы пад шырокую цёмную павязку, якая да паловы закрыла лоб і вушы і якую яна завязала вузлом на патыліцы, яна аднойчы да відна выйшла з лагера са збанам у руцэ і накіравалася да ўзгорка, на версе якога ўздымаліся сцены Тэмезы, а на схіле была крыніца.
Фальшывая эфіопка, асцярожна прабіраючыся ў змроку, неўзабаве пачула ціхае шушуканне і лязгат зброі і зразумела, што каля крыніцы, відаць, стаяў атрад гладыятараў. Тады, павярнуўшы налева, яна ціха пайшла ўздоўж гары, каб азнаёміцца з мясцовасцю.
Прайшоўшы з паўмілі, Эўтыбіда заўважыла паміж цёмнай масы дрэў нейкі будынак, які знаходзіўся на значнай адлегласці ад гарадскіх сцен. Яна прыгледзелася і пераканалася, што гэта быў невялікі прыгожы храм дарычаскага стылю, прысвечаны Геркулесу.
Грачанка падышла да яго і зазірнула ў сярэдзіну. Храм здаваўся пустым, і яна, абышоўшы вакол яго, ужо хацела пайсці, калі раптам убачыла старога ў адзенні жраца, што стаяў каля ахвярніка, перад якім узвышалася выдатная мармуровая статуя Геркулеса з паліцай з аліўкавага дрэва, так званага Геркулеса Аліварыя.
Грачанка падышла да жраца, сказала яму на лацінскай наўмысля сапсаванай мове, што яна рабыня аднаго мясцовага землеўласніка і прыйшла набраць вады з крыніцы.
Жрэц узяўся правесці Эўтыбіду да крыніцы і дарогаю пачаў з ёю размову пра вынікі гэтай вайны, асабліва сумныя таму, што заняпала рэлігія. Цяпер, казаў ён, няўвага да багоў, насмешкі над жрацамі і эпікурэізм пашырыліся сярод большасці насельніцтва, і за такое бясчэсце зняважаныя багі накладаюць цяжкую і заслужаную кару; на думку добрага жраца, усе войны, пагромы, ад якіх пакутуе Італія на працягу апошніх трыццаці-сарака год, былі праяўленнем нябеснага гневу.
Асабліва наракаў стары на забарону выходзіць з Тэмезы: ніхто больш не прыходзіць прынесці ахвяры богу, ніхто, нават каб і хацеў, не мог аддаваць вызначаную дзесяціну і дары, і гэта больш за ўсё засмучала старога. Бо кожнае ахвяраванне Геркулесу заканчвалася пірушкай, а ахвяры і дары пераходзілі да жрацоў.
Жрэц тых часоў, як і свяшчэннік нашага часу, як і слугачы культу ўсіх эпох, усіх рэлігій, усіх народаў, прыслужнік двудушнасці і забабонаў меркаваў пра рэлігійны парыў дурных, атупелых і падманутых людзей па колькасці і якасці дароў, прынесеных у храм.
— Урэшце, — дадаў жрэц, — набожнасць яшчэ жыве ў сэрцах жанчын. I нават у