Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
левую руку да губ, нібы заткнуўшы сабе рот, ён, правёўшы правай некалькі разоў па лбу, адказаў:
— Я прыйшоў не спрачацца з табою, не зневажаць цябе і не выслухоўваць тваіх зняваг.
— А ці не здаецца табе, што твая прапанова заключыць мір з паўстаўшымі рабамі з’яўляецца зневажаннем вялічча рымскага народу? Толькі чалавек, што не радзіўся на Тыбры, не зразумее ўсёй знявагі, якая заключаецца ў такой прапанове... Ты, на тваё няшчасце, нарадзіўся не рымлянінам — а ты гэтага заслугоўваў бы, Спартак, клянуся табе! — і не можаш ацаніць ў дастатковай ступені ўсёй цяжкасці крыўды, якую ты мне зрабіў.
— А табе твой празмерны гонар лацінскай расы не дазваляе зразумець знявагу, якую ты наносіш не мне, не маім таварьппам па зброі, а прыродзе чалавечай і вышэйшым багам, калі ты глядзіш на ўсе народы на зямлі як на пагарджаныя расы, больш падобныя да жывёлы, чым да людзей.
I маўчанне зноў запанавала ў пакоі.
— Ты ўжо выбіўся з сілы і не здольны супраціўляцца далей, таму просіш міру. Добра, якія твае ўмовы?
— У мяне шэсцьдзесят тысяч людзей, і ты ведаеш і Рым ведае, што яны моцныя і мужныя... У Італіі мільёны і мільёны
рабоў стогнуць у вашых кайданах і заўсёды будуць папаўняць мае легіёны. Вайна цягнецца ўжо тры гады і будзе прадаўжацца яшчэ дзесяць і зможа ператварыцца ў полымя, якое спапяліць Рым. Я стаміўся, але не выбіўся з сілы.
— Ты забываешся, што супраць цябе ідуць Пампей і Лукул.
— Лукул таксама! — усклікнуў Спартак, пабляднеўшы ад гэтых слоў. — Багі! Які гонар робіць Рым гладыятарам. I вы, якія вымушаны паслаць супраць іх усе сілы дзяржавы, грэбуеце гаварыць з імі пра мір? — I, памаўчаўшы, дадаў: — Калі я забыўся на Лукула, дык ты забыўся, што калі Крас, Пампей і Лукул з трымастамі тысячамі людзей перамогуць мяне, то слава — калі ёсць слава ў перамозе над гладыятарам — будзе падзелена паміж Лукулам, Пампеем і Красам.
Рымлянін закусіў губы, таму што фракіец закрануў яго балючае месца, і, паспакайнеўшы крыху, запытаўся:
— Паслухаем умовы, якія ты прапануеш?
— Войска наша будзе распушчана. Рымскі сенат абяцае ўрачыста захаваць жыццё ўсіх маіх таварышаў па зброі. Усе тыя, якія былі раней гладыятарамі, і тыя, якія не былі імі, паступяць за гладыятараў у школы і цыркі Італіі. Я і тыя нямногія сярод маіх таварышаў, якія раней былі свабоднымі, і ўсе начальнікі, канчаючы цэнтурыёнамі, будуць лічыцца рудыярыямі.
— Лепш падзяліць гонар перамогі з Лукулам і Пампеем, чым прыняць такія ўмовы.
— Але калі ты згаджаешся на які-небудзь мір, дык якія будуць твае ўмовы?
— Ты і сто тваіх, па твайму выбару, адыдзеце свабоднымі. Астатнія здаюцца безумоўна. Сенат вырашыць іх лёс.
— А тыя... — пачаў Спартак, але Крас перапыніў яго.
— Або, калі ты стаміўся, дык адыдзі ад іх: атрымаеш свабоду, грамадзянства, чын квестара ў нашых войсках. Яны без твайго мудрага кіраўніцтва расстрояцца і за восем дзён будуць зусім разгромлены.
Чырванню ўзгарэўся твар Спартака, і ён адказаў голасам, які дрыжэў ад гневу:
— Збегчы? Здрадзіць? Чым такія ўмовы, дык лепш памерці з усімі маімі таварышамі на полі бітвы. — I, накіроўваючыся да выхаду, сказаў:
— Бывай, Марк Крас.
Але, дайшоўшы да парога, спыніўся і, павярнуўшыся да рымскага правадыра, запытаўся:
— Я ўбачу цябе ў першай бітве?
— Убачыш.
— Будзеш біцца са мною?
— Буду біцца з табою.
— Бывай, Крас.
— Бывай.
I Спартак выйшаў на двор вілы і галопам памчаўся да свайго лагера.
Праз некалькі дзён на світанні да яго прывялі рымскага дэкурыёна, якога разведка ўзяла ў палон. Гэта быў ганец ад Лукула; ён павінен быў паведаміць Красу, што войскі Лукула высадзіліся ў Брундызіуме і гатовы выступіць супраць гладыятараў.
Для Спартака знікла ўсякая надзея на выратаванне. Адзіным выхадам быў страшэнны бой і бадай ці магчымая перамога над Красам. Ён павёў войска насустрач Красу і ўвечары стаяў лагерам на левым беразе Брадануса. Рымляне стаялі на правым.
На працягу ночы Крас пераправіўся са сваім войскам на левы бераг ракі і размясціў свой лагер усяго за дзве мілі ад лагера гладыятараў.
Бралася на дзень, і чатыры рымскія кагорты былі заняты капаннем рова вакол свайго лагера. Гладыятары, якія збіралі ў лесе дровы, убачылі іх, кінулі сваю работу і смела іх атакавалі. Завязаўся бой, у які з абодвух бакоў уступалі ўсё новыя і новыя атрады.
Спартак у гэты час згортваў папірус, на якім ён напісаў пісьмо Валерыі; ён падаў яго аднаму з трох гладыятараў, якіх яна прыслала, і сказаў:
— Табе давяраю, вам траім давяраю гэтае пісьмо для вашай пані, якую вы так любіце...
— Мы любім таксама і цябе, — сказаў, перапыняючы яго, гладыятар, які атрымаў пісьмо.
— Дзякуй вам за гэта, добрыя браты, — адказаў Спартак і гаварыў далей: — Адасобленымі дарожкамі, глухімі сцежкамі, з надзвычайнай асцярогай ідзіце ўдзень і ўначы і дастаўце ёй гэтае пісьмо, і калі, на няшчасце, з адным з вас што-небудзь здарыцца, пісьмо возьме другі; зрабіце ўсё, каб пісьмо да яе трапіла. А цяпер ідзіце, і няхай багі сцерагуць вас у дарозе.
I ён накіраваўся да легіёнаў, якія гэтым часам ужо выстраіліся ў баявы парадак. Абыходзячы фронт, ён звярнуўся да салдат:
— Браты, гэтая бітва вырашыць усю вайну. 3 тылу ў нас Лукул, які ўжо высадзіўся ў Брундызіуме, з правага фланга нам пагражае Пампей, які знаходзіцца па дарозе ў Самніум, перад намі стаіць Крас. Сёння патрэбна або перамагчы, або загінуць. Неабходна знішчыць войска Краса для таго, каб пасля рынуцца на Пампея, або, калі нас перамогуць, памерці ўсім, як належыць людзям храбрым, якія мелі столькі перамог над рымлянамі. Наша справа святая і справядлівая і не загіне з намі. Шлях да перамогі вядзе па крыві: толькі дзякуючы самаадаіанасці і ахвярам перамагаюць вялікія ідэі. Мужная і пачэсная смерць лепш за ганебнае і брыдкае жыццё. Загінуўшы, мы пакінем нашым патомкам афарбаваную нашай крывёю спадчыну помсты і перамогі, сцяг свабоды і роўнасці. Браты! He адступайце ні на крок! Перамога або смерць!
Так сказаў ён. У гэты момант падвялі яго нумідыйскага каня, чорнага, як эбенавае дрэва, на якім ён ездзіў больш года і якога вельмі любіў. Спартак дастаў меч і ўсадзіў каню ў грудзі, усклікнуўшы:
— Сёння мне не патрэбен конь! Як пераможца я магу выбраць найлепшага сярод коней маіх ворагаў, а пераможанаму мне ўжо ніколі не спатрэбіцца конь.
Тады гладыятары зразумелі, што гэты бой будзе апошнім, і, гучна вітаючы правадыра, патрабавалі, каб ён падаў каманду ў атаку.
Тады, па знаку Спартака, трубы і букцыны гучна пратрубілі сігнал.
Як паток, што ўзбушаваўся ад дажджу і снегу, шалёна злятае з гор, выходзіць з берагоў і затапляе ваколіцы, усё пераварочваючы і руйнуючы ў сваім віры, так рынуліся на рымлян гладыятары.
Легіёны Краса ўздрыгануліся і пачалі адступаць перад гэтай непераможнай бурай удараў.
Спартак, заўважыўшы хістанне непрыяцеля, загадаў пратрубіць сігнал, пра які ўжо раней дамовіўся з Маміліем, і Мамілій, што знаходзіўся за спіною пяхоты са сваімі васьмю тысячамі коннікаў, пусціў іх галопам да левага крыла гладыятараў, аб’ехаў яго больш як на дзве стадыі наперад, пасля разгарнуў свае часці і, павярнуўшы іх направа, на ўсю сілу памчаўся на фланг рымлян.
Аднак Крас, які наглядаў за лініяй бою і падбадзёрваў няўстойлівыя легіёны, даў загад Квінту рушыць насустрач варожай конніцы; з надзвычайнай хуткасцю разгарнуліся дзе-
сяць з пятнаццаці тысяч рымскіх кавалерыстаў, і, калі Мамілій, дасягнуўшы правага фланга Краса, меркаваў захапіць іх знянацку, ён убачыў замест гэтага выдатныя сілы конніцы ворага, з якой павінен быў завязаць жорсткую бітву.
У той жа час Мумій з чатырма легіёнамі рынуўся ў абыход правага фланга гладыятараў. Гранік зараз жа вывеў два апошнія легіёны з рэзерва і напаў на Мумія, прыкрываючы фланг.
Але колькасная перавага аказалася ўсё ж рашаючай у гэтай страшнай барацьбе пяцідзесяці сямі тысяч супраць дзевяноста.
Крас уводзіў у бой усё новыя і новыя часці; абодва флангі гладыятараў былі абойдзены.
Дарэмнай была ўся стойкасць гладыятараў, усё майстэрства Спартака. Ужо не надзея на выратаванне, ужо не разлік на перамогу натхнялі цяпер паўстаўшых, а жаданне прадаць дорага жыццё, жаданне помсты, рашучасць людзей, якіх апанавала роспач.
Гранік, убачыўшы, што яго легіёны разбітыя, рынуўся ў самую гушчыню бітвы і, забіўшы сваім мячом трыбуна, двух дэканаў і восем або дзесяць салдат, увесь паранены, скрываўлены, быў прабіты дваццацю мячамі і памёр так жа доблесна, як і жыў.
Македанянін Эрастэн, начальнік дзесятага легіёна, пакрыты ранамі, паваліўся побач з Гранікам.
Прабіты дзесяццю стрэламі, загінуў доблесны начальнік гладыятарскай конніцы Мамілій.
Змрок ужо гусцеў над полем бітвы, а рымляне ўсё яшчэ былі вымушаны змагацца. Гладыятары біліся ўжо не як храбрэйшыя людзі, а як дзікія звяры.
Узышоў месяц, каб асвятліць сваімі бледнымі праменнямі гэтую жахлівую сцэну разні.
Больш трыццаці тысяч гладыятараў было забіта, і разам з імі на абшырнай раўніне ляжалі васемнаццаць тысяч рымлян. Бітва была ўжо скончана, і пятнаццаць або шаснаццаць тысяч гладыятараў групкамі і цэлымі маніпуламі, якія здолелі выбрацца з бою, змораныя і знясіленыя, накіроўваліся, рассыпаўшыся бязладна, да бліжэйшых узгоркаў.
Толькі ў адным месцы прадаўжаўся бой. Там тысяча гладыятараў, абступіўшы Спартака, змагалася з неаслабнай сілай.
Яшчэ раней Спартак загадаў адвесці далей ад бою Мірзу. Яе павялі, усю ў слязах, ледзь не сілком. Спартак не ха-
цеў бачыць ні смерці сястры, ні таго, каб яна бачыла яго пагібель.
— Крас, дзе ты?.. — крычаў Спартак час ад часу. — Ты абяцаў спаткацца са мною тварам у твар. Крас, дзе ты?
Мінулася яшчэ гадзіна. Спартак, шчыт якога быў прабіты дроцікамі на рэшата, бачыў, як падаюць два яго таварышы, апошнія, якія яшчэ трымаліся на нагах непадалёку ад яго, — Вісбальд і Арторыкс; Арторыкс, увесь паранены: усё ж прадаўжаў змагацца, але, прабіты стралою ў грудзі, паваліўся, нарэшце, на зямлю, крыкнуўшы з пяшчотай свайму сябру:
— Спартак!.. У Элізіуме... убачу цябе сярод...
Адзін супраць сямісот або васьмісот ворагаў, якія самкнуліся вакол яго, увесь паранены, сярод гары трупаў, размахваючы з маланкавай хуткасцю страшным мячом, Спартак паражаў, раніў, валіў усіх, хто спрабаваў напасці на яго. Нарэшце, дроцік, кінуты за дванаццаць крокаў, цяжка параніў яго ў левае бядро; ён упаў на калені і, падстаўляючы ворагам свой шчыт, нястомна наносіў мячом сакрушальныя ўдары, рыкаючы, як леў, падобны на Геркулеса, абкружанага цэнтаўрамі. Прабіты, нарэшце, некалькімі дроцікамі, пушчанымі яму ў спіну, ён паваліўся і прашаптаў адно толькі слова: «Валерыя!»
Рымляне, якія бачылі Спартака ад пачатку бітвы і да апошняга моманту, у м