Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
поўныя нянавісці і роспачы. Пакарэжыўшы губы, яна працягнула рукі да сястры Спартака, нібы жадаючы схапіць яе, кінулася наперад, а затым, застагнаўшы апошні раз, заплюшчыла вочы і ўдарылася мёртвай галавой аб ствол дрэва.
— Нарэшце, гэтым разам у пастку папаўся сам лавец! — усклікнуў цэнтурыён.
Раздзел XXII
АПОШНІЯ БІТВЫ. ПАРАЖЭННЕ КАЛЯ БРАДАНУСА. СМЕРЦЬ
У той час калі Эўтыбіда памірала на вачах Мірзы, прыйшло ў порт судзенца з данясеннем ад Граніка.
Калі Спартак даведаўся пра няўдачу Граніка, ён доўгі час думаў, як зрабіць далей. Нарэшце, ён сказаў Арторыксу:
— Добра. Пераправім туды, дзе знаходзіцца Гранік, па моры ўсё войска і там зноў пачнем ваенныя дзеянні.
Ён адаслаў лодку назад да Граніка з загадам, каб у наступную ноч флот вярнулі паражняком у Тэмезу.
На працягу васьмі начэй фракіец пераправіў усё войска, а ў той жа час чатыры яго легіёны рабілі вылазкі, каб адцягнуць увагу рымлян, якія думалі, што Спартак нават не мае намеру адысці з Тэмезы.
Як толькі флот, што адводзіў апошняй кавалерыю і самога Спартака, адплыў на некалькі міль ад берагу, тэмезінцы паспяшаліся паведаміць Красу пра тое, што здарылася.
Палкаводзец рымлян быў раз’юшаны. Ён вельмі праклінаў гараджан, якія пабаяліся паслаць да яго ганца, каб папярэдзіць пра ўцёкі гладыятараў.
Ён наклаў вялікі штраф на жыхароў Тэмезы ў пакаранне за баязлівасць і на другі ж дзень павёў войска даганяць Спартака.
А Спартак на світанні гэтага дня рушыў у кірунку да Рэгіума, заклікаючы па шляху рабоў да зброі. Тут, спыніўшыся на вузкім паўвостраве, ён заняў моцныя пазіцыі і на працягу трох сутак прымусіў гладыятараў працаваць над пабудовай рова і загароды лагера, так што, калі Крас прыбыў, ён адразу ўбачыў, што лагер гладыятараў непрыступны.
Тады Крас узяўся за тую каласальную, чыста рымскую пабудову, якая, калі б толькі пра яе не сведчылі Плутарх і рымскія гісторыкі, здавалася б зусім непраўдападобнай.
Крас па характару мясцовасці адразу зразумеў, што яму патрэбна рабіць: ён узяўся будаваць сцяну цераз перашыек, пазбаўляючы гэтым, з аднаго боку, ад бяздзейнасці сваіх сал-
дат, а з другога — непрыяцеля магчымасці атрымліваць прадукты. Грандыёзная і цяжкая была работа! За кароткі час ён выкапаў роў ад аднаго марскога берагу да другога даўжынёю на трыста стадый, шырынёю і глыбінёю на пятнаццаць футаў. На краю рова ён збудаваў на дзіва трывалую і высокую сцяну.
Пакуль сто тысяч рымлян працавалі над гэтай тытанічнай пабудовай, Спартак арганізаваў і навучыў ваеннай справе яшчэ два легіёны з адзінаццаці тысяч рабоў, якія збегліся да яго. У той жа час ён абдумваў, як уцячы з гэтай пасткі, абмануўшы ўсе надзеі Краса і зрабіўшы бескарыснай усю яго працу.
— Скажы, Спартак, — запытаўся ў яго на дванаццаты дзень Арторыкс, — хіба ты не бачыш, што мы ў пастцы?
— Ты думаеш?
— Калі я гляджу на сцяну, якую яны канчаюць будаваць, дык мне здаецца, што мы папаліся.
— I на Везувіі небарака Клодый Глабр думаў, што ён мяне злавіў у пастку.
— Але ж праз дзесяць дзён у нас ужо не будзе прадуктаў.
— У каго?
— У нас.
— Дзе?
— Тут.
— А!.. Але хто табе сказаў, мой любы Арторыкс, што праз дзесяць дзён мы яшчэ будзем тут?
Арторыкс змоўк, сканфузіўшыся, што надумаўся даваць парады гэтаму самаму прадбачліваму майстру вайны.
Спартак паляпаў яго па плячу.
— Ты добра зрабіў, што папярэдзіў мяне, Арторыкс, але не бойся, мы пакінем Краса ў дурнях з разяўленым ротам перад яго сцяною.
— Аднак, трэба прызнацца, што Крас — вопытны палкаводзец...
— Самы вопытны з усіх, якія змагаліся за гэтыя тры гады супраць нас, — адказаў Спартак і дадаў: — хоць ён нас яшчэ не перамог.
— I пакуль ты жывы, не пераможа.
— Я, Арторыкс, усяго толькі чалавек.
— He, ты — ідэя, ты — магутнасць, ты — сцяг. У табе ўвасоблена і жыве галоўная наша ідэя: паўстанне прыгнечаных, шчасце абяздоленых, свабода рабам. Ты пакараеш самых буйных. Ты ўсіх запальваеш вераю ў сябе. Пакуль ты жывы, яны будуць праходзіць па трыццаць міль за дзень, вытрым-
ліваць усякія нястачы, цярпець голад, змагацца, як ільвы. Калі ж, на няшчасце, ты загінеш, разам з табою загіне наш сцяг і праз дваццаць дзён вайна закончыцца поўным нашым знішчэннем... Няхай захаваюць цябе багі надоўга, каб мы дабіліся канчатковай перамогі.
Спартак, ківаючы сумна галавою, сказаў:
— He, Арторыкс, мы не зможам яе дабіцца, таму што з дзесяці мільёнаў рабоў, якія стогнуць у кайданах у Італіі, менш ста тысяч далучылася да нас, таму што наша ідэя не пранікла ў масы прыгнечаных і не запаліла іх сэрца, таму што тыранія Рыма яшчэ недастаткова паслабіла доўгую цярплівасць заваяваных народаў, таму што Рым яшчэ вельмі моцны, а мы вельмі слабыя... Вось чаму мы не можам перамагчы і не пераможам. Калі і была надзея на перамогу, дык яна была паза Італіяй, а тут мы павінны будзем загінуць. Але наша кроў, пралітая за святую справу, не загіне дарэмна. Яна дасць высакародны прыклад нашым унукам.
У гэты момант Спартаку сказалі, што тры тысячы прашчнікаў — далматаў і ілірыйцаў, — якія ўцяклі ад Краса, падышлі да варот лагера гладыятараў з просьбай прыняць іх у братэрскія рады.
Спартак падумаў крыху, накіраваўся да варот лагера і сказаў перабежчыкам:
— Пакідаць свае сцягі — справа, якая заслугоўвае ганьбавання і нявартая сапраўднага салдата; патураць дэзерцірам і прымаць у свае рады ўцекачоў з варожага лагера — гэта справа, не падыходзячая для сапраўднага палкаводца; гэтым ён дае шкодны прыклад для сваіх жа салдат, якія павінны былі б прыняць у сваё асяроддзе людзей, што здрадзілі свайму сцягу.
I ён ім адмовіў.
Праз сем дзён пасля гэтага здарэння, увечары, дэканы і цэнтурыёны паведамілі ад імя Спартака па палатках гладыятараў, каб усе, не чакаючы трубных сігналаў і захоўваючы поўную цішыню, падрыхтаваліся пакінуць лагер.
А тым часам кавалерысты, па загаду вярхоўнага правадыра, пабраўшы сякеры, накіраваліся ў суседнія лясы, каб насекчы ў вялізнай колькасці ствалоў і галля дрэў, якія яны даставілі ў лагер уначы на конях.
У гадзіну першага факела Спартак загадаў раскласці яркія агні ў сярэдзіне лагера, пасля, выкарыстаўшы завіруху, якая бушавала ўжо два дні, выступіў, у поўнай цемры, пад завыванні ветру, да таго месца выкапанага Красам рова, дзе яшчэ не
была збудавана сцяна; тут ён загадаў пакідаць у роў усе загатоўленыя ствалы і галлё. А зверху шэсць тысяч легіянераў паклалі на гэты матэрыял шэсць тысяч мяшкоў з зямлёю.
Запоўніўшы такім чынам вялікую частку рова, ён правёў цішком свае легіёны па гэтым мосце і няспынна пайшоў далей, не зважаючы на дождж і снег.
Сам Спартак са сваёю кавалерыяй схаваўся ў лесе паблізу варожага лагера і на другі дзень апоўдні рынуўся на два легіёны Краса, якія накіроўваліся па харчы, за паўгадзіны знішчыў больш чатырох тысяч рымлян, а пасля памчаўся да свайго войска.
— Клянуся ўсімі багамі пекла! — зароў Марк Крас, даведаўшыся пра гэтае здарэнне. — Гэта не чалавек! Хто ён? Калі я запіраю яго ў жалезным кальцы, ён уцякае; калі я разбіваю яго, ён збірае новыя войскі і нападае на мяне яшчэ больш моцным; калі я паведамляю ў сенат, што вайна набліжаецца да заканчэння, ён распальвае яе яшчэ болын. Гэта злы прывід. Гэта вампір, які прагне крыві. Гэта ваўкалак, які жывіцца разнёю і забойствам!
— He, гэта проста вялікі палкаводзец, — запярэчыў малады Катон, ардынарац Краса.
— Бадай што, твая праўда, смелы юнак. Праследаваць яго мы можам, але дагнаць яго нельга, бо ён пасоўваецца з хуткасцю харта або аленя... А калі ён цяпер, маючы восемдзесят тысяч салдат, рынецца на Рым? Ах, клянуся багамі!.. Якая нечаканая небяспека! Што рабіць, каб перашкодзіць яму? Што рабіць?
Усе начальнікі выказаліся за тое, каб Крас звярнуўся да сената, не тоячы, што вайна зрабілася больш упартай і грознай, як раней, што для хуткай ліквідацыі яе неабходна паслаць супраць гладыятара, апрача арміі Краса, таксама арміі Кнея Пампея, пераможцы ў іспанскай вайне, і Луцыя Ліцынія Лукула, які варочаўся ў Італію з Афрыкі. Толькі абкружыўшы гладыятара трыма арміямі па сто тысяч чалавек кожная, пад кіраўніцтвам самых славутых у рэспубліцы палкаводцаў, можна закончыць гэтую ганебную вайну.
Хоць Красу вельмі непрыемна было пісаць сенату, аднак ён накіраваў у Рым пасланне, складзенае ў гэтым сэнсе, і, зняўшыся з лагера, рушыў з усім войскам па слядах Спартака.
Між тым у гладыятарскім войску пачаліся рознагалоссі. Кай Канікчый, чалавек упарты і мяцежны па характару, узняў бунт, прыцягнуў на свой бок пяць легіёнаў, кажучы, што трэба
разбіць Краса, а пасля рушыць на Рым. Да іх далучыўся і Каст. Пакінуўшы гладыятарскі лагер, яны размясціліся асобна за дзесяць міль ад лагера Спартака.
Спартак паслаў да іх для перагавораў Граніка і Арторыкса, але мяцежнікі адказвалі, што іх месца вельмі выгаднае і што тут яны павінны чакаць прыходу Краса і завязаць з ім бітву.
Засмучаны бяссэнснай упартасцю гэтых легіёнаў, Спартак, аднак, не адважыўся пакінуць іх на верны разгром і, чакаючы іх, траціў час і ўсю тую адлегласць, на якую ён выперадзіў Краса.
Апошні пасоўваўся вельмі шпарка. Ён дагнаў на чацвёрты дзень Кая Канікчыя і Каста і зараз жа імкліва атакаваў іх. Гладыятары ўступілі ў бой з найвялікшай мужнасцю, але без хуткай дапамогі з боку Спартака былі б, безумоўна, пасечаны на кавалкі.
Калі фракіец з’явіўся, бітва стала бурнай і лютай, пакуль змагаўшыхся не падзяліла ноч, прычым ні той, ні другі бок не саступілі ні пядзі зямлі.
Але ў тую ж ноч Спартак, пераканаўшы непакорных ісці за ім, рушыў з лагера, праследуемы Красам, які праз восем дзён дагнаў гладыятараў і заняў пазіцыю з такім разлікам, каб зноў заперці Спартака на гары, дзе апошні паставіў свой лагер. Канікчый і Каст зноў аддзяліліся ад фракійца і размясцілі свае два легіёны за шэсць міль ад лагера Спартака.
Два дні правёў Крас, знаёмячыся з мясцовасцю і пазіцыямі непрыяцеля, а пасля ноччу паслаў адзін легіён у тыл Канікчыя і Каста з загадам напасці на апошніх толькі тады, калі Скрофа з трыма легіёнамі атакуе іх з фронту. Крас меркаваў пасекчы гэтыя дванаццаць тысяч гладыятараў на працягу адной гадзіны, раней чым Спартак прыйдзе да іх на дапамогу, а пасля завязаць бітву з самім Спартаком.
Лавій Мамерк, які камандаваў пасланым у засаду легіёнам, прывёў сваіх са